Вы тут

Лісковіч: Выклікае гонар цвёрдасць людзей у падтрымцы таго, што робіцца ў краіне


Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці правёў прыём грамадзян па асабістых пытаннях.


Да старшыні профільнай камісіі запісаліся на прыём 10 чалавек. У кожнага з іх — сваё набалелае пытанне, за дапамогай у вырашэнні якога яны завіталі ў Савет Рэспублікі. Шматдзетную маці хваляваў механізм налічэння ёй дапамогі, узнімаліся і пытанні пенсіннага забеспячэння. Адзін са зваротаў быў звязаны з незадаволенасцю дзеяннямі суседа і такія ўзаемаадносіны перараслі ў сапраўдную спрэчку. Адна з заяўніц агучыла зварот, звязаны з налічэннем пенсіі сужэнцу, які працаваў пры ліквідацыі наступстваў на Чарнобыльскай атамнай станцыі. 

У цэлым, як нагадаў Віктар ЛІсковіч у гутарцы з журналістамі, прыёмы грамадзян у Савеце Рэспублікі праводзяцца на рэгулярнай аснове. Толькі праз профільную камісію летась «прайшло» больш за 900 зваротаў. 

— Гэта звароты, якія былі адрасаваны непасрэдна да старшыні камісіі, так і членаў нашай профільнай камісіі, — расказаў ён. — Пытанні вельмі розныя, датычацца не толькі профілю камісіі, але і ў цэлым жыццядзейнасці нашых людзей. У прыватнасці, розных выплат, пенсіённага забеспячэння, адукацыйнага працэсу, аховы здароўя і цэлы шэраг іншых — таго, што сёння хвалюе нашых людзей.

Ён адзначыў, што да сенатараў, якія працуюць у рэгіёнах, адрасуюцца таксама звароты, звязаныя з вызначэннем межаў зямельных участкаў, якасцю пітной вады, будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і гэтак далей. 

— Ніводны зварот не застаецца без увагі, — падкрэсліў Віктар Лісковіч. — Мы ўважліва разглядаем іх і ў залежнасці ад профілю звароту накіроўваем яго ў тое ведамства, у чыёй кампетэнцыі ён знаходзіцца. Самыя значныя застаюцца на кантролі Савета Рэспублікі. 

На бягучым прыёме сенатар вылучыў адзін са зваротаў, паколькі адрозніваўся ад усіх астатніх. Мінчанін Алег Аркадзевіч калекцыянуе музычныя інструменты і старыя кнігі. Трохпакаёўка мужчыны ўжо пачала нагадваць музей, таму ён вырашыў перадаць на адказнае захаванне свае экспанаты ў Нацыянальны гістарычны музей з магчымасцю іх экспанавання на бязвыплатнай аснове. 

Дарэчы, у бліжэйшы час павінна адкрыцца выстава ў адным з яго філіялаў — музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі. Калекцыянер прасіў старшыню профільнай камісіі пасадзейнічаць у тым, каб як мага больш маладых людзей — школьнікаў, навучэнцаў і студэнтаў музычных спецыяльнасцяў — маглі пазнаёміцца з гэтай калекцыяй, якая складаецца больш з чым 80 музычных інструментаў, сярод якіх ёсць рэдкія і ўнікальныя экземпляры. Канешне ж, абсалютна бясплатна. 

— Дзецям трэба знаёміцца з такімі рэчамі, — перакананы Віктар Лісковіч. — Мы падтрымліваем такіх людзей — мецэнатаў, якія даюць магчымасць убачыць іх экспанаты ўсім ахвотным. Гэта наша гісторыя і выхаванне нашай моладзі. Канешне ж, мы такія праекты будзем падтрымліваць. 

Сенатар падкрэслівае: сёння самае галоўнае — выхоўваць сапраўднага грамадзяніна і патрыёта сваёй краіны на тым, чым валодаем самі, а ў прыватных руках гэта знаходзіцца ці ў дзяржаўных фондах, напэўна, ўжо другаснае пытанне. 

— Самае галоўнае, каб гэта работа прыносіла карысць, — акцэнтуе ўвагу старшыня профільнай камісіі. — Сёння мы шмат робім для таго, каб у краіне быў мір і парадак, і я магу смела сказаць, штодзённа ёсць званкі ад неабыякавых грамадзян, якія суперажываюць за тое, што адбываецца ў нашай краіне, рыхтуюцца да рэферэндуму, гатовы прыйсці на яго і падтрымліваюць палітыку дзяржавы, пазіцыю нашага Прэзідэнта ў адносінах да захавання міру і стабільнасці ў Беларусі. 

Ён адзначае, што на сустрэчах у працоўных калектывах, іншых мерапрыемствах з насельніцтвам такія словы гучаць пастаянна.

— І гэта выклікае гонар за нашых людзей, у якіх ёсць свая пазіцыя, упэўненасць у заўтрашнім дні і цвёрдасць у падтрымцы таго, што адбываецца і робіцца ў нашай краіне, — рэзюмаваў Віктар Лісковіч. 

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.