Вы тут

Чаму жаночыя спаборніцтвы па фігурным катанні — галоўныя на Алімпіядзе


Фігурнае катанне сёння больш чым спорт. Сёння гэта асобная індустрыя са сваімі законамі, лідарамі і непрыемнасцямі. На Алімпійскіх гульнях у Пекіне фігурнае катанне зноў у цэнтры ўвагі. Але, на жаль, не толькі з-за яркіх праграм таленавітых спартсменаў. Ужо тыдзень працягваецца драматычны серыял вакол 15-гадовай расійскай фігурысткі Камілы Валіевай. 


Акт першы. Медалі не знайшлі герояў

На 8 лютага было запланаванае ўзнагароджанне пераможцаў і прызёраў каманднага турніру па фігурным катанні. Аднак цырымонію спачатку перанеслі, а потым і ўвогуле адмянілі. Прычыны былі нават самыя абсурдныя, кшталту наяўнасці марыхуаны ў аднаго з медалістаў. Але прычынай стала галоўная спартыўная праблема — допінг у аданаго з расійскіх спартсменаў. І тут пачынаецца самае цікавае.

У эпіцэнтры скандалу апынулася лепшая фігурыстка свету, лідар жаночага адзіночнага катання — 15-гадовая Каміла Валіева. Міжнароднае агенцтва тэсціравання (ІТА) паведаміла, што Каміла Валіева здала станоўчую допінг-пробу на чэмпіянаце Расіі 25 снежня 2021 года. У арганізме фігурысткі быў знойдзены трыметазідзін, аб якім 8 лютага паведаміла антыдопінгавая лабараторыя ў Стакгольме. Проста акрэслім даты: тэст здадзены 25 снежня, а яго станоўчы вынік быў абвешчаны толькі 8 лютага, калі спартсменка стала алімпійскай чэмпіёнкай. 

Згодна з Сусветным антыдопінгавым кодэксам у сілу ўзросту, Каміла адносіцца да «абароненых асоб». Гэты статус распаўсюджваецца на спартсменаў, якім няма 16 гадоў. Імя «абароненай асобы» не павінна раскрывацца. Як не павінны стаць дасягеннем грамадскасці і нюансы праблемы. Але многія сродкі масавай інфармацыі сталі актыўна асвятляць гэтую тэму на аснове неафіцыйнай інфармацыі. У сувязі з павышаным грамадскім інтарэсам ІТА вырашыла пацвердзіць, што справа датычыцца менавіта Камілы Валіевай. 
У міжнародных спартыўных арганізацый (WADA, ISU, МАК) не маюць дакладных інструкцый, якія санкцыі могуць прымяняцца да спартсменаў маладзейшых за 16 гадоў. Узрост Камілы — адзін з краевугольных камянёў у «справе Валіевай», як ужо назвалі гэту сітуацыю журналісты. Зафіксуем, дарослыя вопытныя людзі не распрацавалі інструкцыі і «спусцілі сабак» на 15-гадовую спартсменку. 

Акт другі. Калі допінг не допінг

У пробе Камілы Валіевай знойдзены трыметазідзін. Гэты прэпарат пазіцыянуецца як кардыяпратэктар, метаболік, антыгіпаксант — павышае абменныя энергетычныя працэсы ўнутры клеткі. Яго прызначаюць пацыентам з праблемамі з сэрцам, калі трэба павялічыць паступленне энергіі ў клетку. Дактары адзначаюць, што як допінг ён выклікакае сумненні. Тым больш у фігурным катанні. У гэтым відзе спорту ні адзін прэпарат не дапаможа спартсмену выконваць трайныя скачкі, кручэнні і тым больш не раскрые артыстызм і адчуванне свайго цела. Пра гэта казала і трэнер Камілы Валіевай, Этэры Тутберыдзе. Ды і ўтрыманне трыметазідзіну ў пробе Камілы вельмі маленькае. І яшчэ што важна, допінг-пробы, здадзеныя спартсменкай у алімпійскім Пекіне — чыстыя. 

Акт трэці. Невінаватая, але не апраўданая

Расійскае антыдопінгавае агнецтва (РУСАДА) наклала на Камілу Валіеву часове адхіленне. Але спартсменка змагла яго аспрэчыць, і адхіленне было знята. Каміла рыхтавалася да індывідуальнага выступлення, выходзіла на трэніроўкі. Але махавік ужо быў запушчаны. Справай Валіевай заняўся Спартыўны арбітражны суд (CAS). Спецыяльна для рашэння такіх пытанняў, яго выязная панэль заўсёды прысутнічае на Алімпіядах. 

Пасяджэнне Спартыўнага арбітражнага суда ў нядзелю, 13 лютага, працягвалася калі сямі гадзін. Арбітры вынеслі рашэнне на карысць Камілы Валіевай і дапусцілі яе да ўдзелу ў індывідуальнай частцы спаборніцтваў. Сваё рашэнне яны растлумачылі тым, што Каміла Валіева ў сілу ўзросту з’яўляецца «абароненай асобай». А ў антыдопінгавых правілах РУСАДА і Дысцыплінарнага камітэта нічога не сказана пра часовыя прыпыненні, якія накладаюцца на абароненых асоб. Затое ёсць пэўныя палажэнні і розныя стандарты даказвання, а таксама больш мяккія санкцыі для абароненых асоб. Таксама арбітры вырашылі, што дыскваліфікацыя Камілы з Алімпійскіх гульняў нанясе ёй непапраўную шкоду. Аднак гэта зусім не азначае кропку ў гэтай сітуацыі. Каміла Валіева застаецца суб’ектам разбіральніцтва пасля станоўчага тэсту. 

«Неверагодна няўдала, што апавяшчэнне было атрымана са спазненнем, таму што гэта ўплывае не толькі на спартсмена, але і на арганізатараў Алімпіяды. Іншымі словамі, у нас бы не было гэтай справы і мы б не былі тут, калі б працэдура тэставання на допінг была выканана за тыдзень ці 10 дзён, як звычайна адбываецца на Алімпіядзе», — заявіў генсакратар Спартыўнага арбітражнага суда (CAS) Мэцью Рыб на прэс-канферэнцыі.

Пакуль у гэтай сітуацыі пытанняў больш, чым адказаў, як заўважыла Этэры Тутберыдзе. Не паспелі ўсе абрадавацца, што Каміла Валіева будзе ўдзельнічаць у спаборніцтвах, як зноў з’явілася дрэнная і незразумелая навіна. Міжнародны алімпійскі камітэт вырашыў, што калі Каміла стане прызёрам, цырымонія ўзнагароджання праводзіцца не будзе. «Мы цудоўна разумеем, што адчуваюць каманды, якія заваявалі серабро і бронзу. Прысудзіць медалі ў такой нявызначанай сітуацыі вельмі цяжка. Вельмі вялікая верагоднасць дапусціць памылку. Мы павінны разабрацца з сітуацыяй з нагоды ўдзелу Валіевай у асабістым турніры, а таксама дапамагчы іншым камандам атрымаць заслужаныя медалі. Трэба цяпер пачакаць», — сказаў член МАК Дэніс Освальд. Такое рашэнне, можа, і накіравана на тое, каб не дапусціць памылку, але назваць яго справядлівым цяжка. Па рашэнні Спартыўнага арбітражнага суда, Каміла Валіева можа ўдзельнічаць у спаборніцтвах разам з усімі. А значыць, яна нароўні з усімі можа атрымаць свой медаль, калі заробіць яго. Так, калі будзе даказана, што Каміла Валіева наўмысна прымала допінг, яе вынікі, пачынаючы з 25 снежня 2021 года, будуць ануляваныя. Сюды ж уключаюцца і перамога ў камандным турніры на Алімпійскіх гульнях, і верагодны медаль у індывідуальным выступленні. Але разбіральніцтва можа зацягнуцца на гады. І на сёння віна спартсменкі не даказаная!

Кульмінацыя

Атрымліваецца цікавая сітуацыя. Спачатку адны дарослыя людзі — спецыялісты — са спазненнем паведамілі пра станоўчую допінг-пробу. Затым высветлілася, што іншыя дарослыя спецыялісты не распрацавалі адпаведныя інструкцыі. Калі ёсць станоўчая допінг-проба, значыць, ёсць і недапрацоўкі трэнерскага і медыцынскага штабу спартсменкі. За памылкі дарослых адказвае 15-гадовя дзяўчынка. Можна, канешне, запярчэчыць, што калі яна ў 15 гадоў выступае на дарослым узроўні, то павінна быць падрыхтаваная да падобных праблем. Але ў спорце кожны выконвае сваю справу. Каміла са сваёй спраўляецца «на выдатна», што пацвярджаецца адзнакамі. А вось праца дарослых выклікае пытанні. 

«Справа Валіевай» паказвае свету адваротны бок спорту. Не той, дзе спартсмена ўсхваляюць, ім захапляюцца, а ён купаецца ў народнай любові. А той, дзе 15-гадовая дзяўчынка становіцца ахвярай палітычных ці іншых маніпуляцый, бюракратычнай недапрацоўкі, неўважлівасці і нават жорсткасці. Дзяўчынку, якой усяго 15 гадоў, зрабілі ва ўсім вінаватай. А яна проста робіць тое, што ўмее і да чаго мае талент — катаецца на каньках. І робіць гэта найлепшым чынам, адзнакі ў пратаколах таму пацверджанне. 

Нягледзячы на каласальны ціск, нервовае напружанне Каміла Валіева паказала свой байцоўскі характар і ўнікальны спартыўны талент. Паказала, як і належыць спартсменцы — на спаборніцтвах. Каміла Валіева стала першай у кароткай праграме сярод жанчын-адзіночніц. Яна амаль ідэальна выканала сваю праграму. І суддзі гэта ацанілі — за сваё выступленне Каміла атрымала 82,16 бала.

«Справа Валіевай» — гэта не проста спартыўная гісторыя. Гэта ўрок кожнаму. Майстар-клас, як трэба трымацца сваіх родных, сяброў, як быць уважлівым, калі на кон пастаўлена самае каштоўнае. Сітуацыя Камілы Валіевай вучыць адказваць за свае дзеянні і адстойваць тое, што сапраўды любіш. А сама Каміла Валіева навучыла ўсіх не здавацца, заўсёды заставацца байцом і ісці з горда паднятай галавой. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».