Вы тут

Алімпійскі дзённік. Перажыць непрыемнасці і рухацца далей


Да закрыцця Алімійскіх гульняў ў Пекіне застаецца ўсё менш часу. А медальныя поспехі беларусаў пакідаюць жадаць лепшага, хоць шанцы ёсць. Праўда, сёння чаканні зноў не апраўдаліся. Але і рукі апускаць пакуль не варта.


Біятлон. Мікіта Лабастаў, Дзмітрый Лазоўскі, Максім Варабей і Антон Смольскі выступілі ў эстафетнай гонцы 4×7,5 км, дзе занялі восьмае месца. Перамагла каманда Нарвегіі, серабро ў зборнай Францыі, бронзу заваявалі расіяне.

Мікіта Лабастаў, які выступаў на першым этапе, двойчы прамахнуўся, страляючы лежачы. На стойцы выкарыстаў адзін дадатковы патрон і фінішаваў другім. За ім па дыстанцыі пайшоў Дзмітрый Лазоўскі, які быў дакладны на лежні, а страляючы стоячы, выкарыстаў два запасныя патроны. Ён завяршыў свой этап на трэцяй пазіцыі, адправіўшы на трасу Максіма Вераб’я. Стральбу лежачы ён выканаў бездакорна, а вось на стойцы зарабіў два штрафныя кругі і дзявятым перадаў эстафету Антону Смольскаму. Лідар беларускай каманды здолеў узняцца толькі на адну пазіцыю. Выніковы час беларусаў — 1 гадзіна 59 хвілін 00 сек.

«Гонка пакінула дваякае ўражанне. Мы вельмі добра глядзеліся на першых двух этапах і першую палову трэцяга этапу, дзе Максім Варабей правёў лежню чыста і пайшоў у групе лідараў. Пасля яго стральбы стоячы наша выступленне пайшло па незапланаваным сцэнарыі. Мы, вядома, вельмі перажывалі за другую стральбу Максіма, але ён не справіўся і быў вымушаны зайсці на два штрафныя кругі, што адкінула нашу каманду на восьмую пазіцыю. Усе засмучаныя, але гэта біятлон, гэта спорт. Трэба перажыць усе гэтыя моманты і рухацца далей. Спартсменаў трэба берагчы, яны самі вельмі хвалююцца. І калі нагнятаць, то да росту вынікаў гэта сапраўды не прывядзе. Хлопцы выявілі сябе нядрэнна, імкнуліся, і я дзякую ім за гэта», — сказаў старэйшы трэнер каманды Андрэй Падзін у інтэрв’ю прэс-службе НАК Беларусі.

У сераду на старт эстафеты 4×6 км выйдуць жанчыны. На першым этапе выступіць Ірына Лешчанка, у яе эстафету прыме яшчэ адна алімпійская чэмпіёнка ОІ-2018 Дзінара Алімбекава, услед за ёй на лыжню пойдзе Алена Кручынкіна, а фінішаваць будзе Ганна Сола.

Фрыстайл. Ганне Гуськовай уручылі сярэбраны медаль, які яна заваявала ўчора ў спаборніцтвах па лыжнай акрабатыцы. «Цяпер у мяне ў руках тое, дзеля чаго мы трэніруемся доўгія гады, — алімпійскі медаль. І так рада зноў адчуць пачуцці, якія адчувала чатыры гады таму, гэта проста не растлумачыць словамі, гэта проста космас. Хачу падзякаваць усім, хто за мяне перажываў, хварэў і падтрымліваў», — сказала Ганна Гуськова. Цяпер беларуская спартсменка адна з нямногіх фрыстайлістак у свеце, у каго ёсць медалі з дзвюх алімпіяд. Дарэчы, серабро Пекіна, як і золата Пхенчхана яна прысвяціла бацьку, які ўжо пайшоў з жыцця.

А ў мужчын сёння прайшла кваліфікацыя ў спаборніцтвах па лыжнай акрабатыцы. У фінал прайшоў толькі Станіслаў Гладчанка. У сваёй найлепшай спробе ён атрымаў 115,49 бала і заняў 12-е месца. Астатнія беларускія фрыстайлісты Максім Гусцік і Павел Дзік у фінал не прайшлі. Яшчэ адзін прадстаўнік Беларусі Макар Мітрафанаў на трэніроўцы пашкодзіў звязкі левай рукі і не змог выйсці на старт. Алімпійскія медалі ў гэтым відзе праграмы будуць разыграныя заўтра.

Фігурнае катанне. Вікторыя Сафонава прадставіла сваю кароткую праграму падчас алімпійскіх спаборніцтваў у жаночым адзіночным катанні. Суддзі ацанілі яе выступленне на 61,46 бала. Гэты вынік дае Вікторыі пропуск у наступную частку турніру. З адвольнай праграмай Вікторыя выступіць 17 лютага.

Канькабежны спорт. Марына Зуева, Яўгенія Вараб’ёва і Кацярына Слоева занялі 7-е месца ў жаночым камандным турніры. Дзяўчаты паказалі вынік 3 хв. 01,19 сек., апярэдзіўшы саперніц з Польшчы роўна на дзве секунды. Чэмпіёнкамі сталі канадскія спартсменкі, якія ўстанавілі новы алімпійскі рэкорд — 2 хв. 53,44 сек. Серабро ў каманды Японіі, бронза — у актыве зборнай Нідэрландаў.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».