Вы тут

20-тысячны генетычны пашпарт выдадзены ў Рэспубліканскім цэнтры геномных біятэхналогій


За дакументам у Інстытут генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прыехала сям’я Карпінскіх з Ашмян. Пашпарт атрымаў глава сямейства Аляксей, але раней такія ж генетычныя пашпарты атрымалі яго жонка Насця і дачка Марыя. Больш таго, менавіта дзякуючы генетычнаму тэсціраванню ў іх сям’і і з’явілася маленькая прыгажуня. 


На фота: сям’я Карпінскіх: Насця, Марыя і Аляксей.

Паводле медыцынскай статыстыцы кожная пятая чаканая цяжарнасць завяршаецца ў жанчын спантанным абортам. Прычыны невыношвання цяжарнасці могуць быць самыя розныя. Але даволі часта здараецца, што ўрачы не могуць вызначыць, чаму жанчына штораз губляе яшчэ ненароджанае дзіця. І вось тут у справу ўступаюць генетыкі. 

Адной з галоўных прычын страты цяжарнасці з’яўляецца генетычная схільнасць да спадчыннай тромбафіліі, якая ніяк не праяўляецца да таго моманту, пакуль жанчына не зацяжарыць. Менавіта цяжарнасць і становіцца правакуючым фактарам. Таму нават пры планаванні мацярынства жанчына, якая праходзіць папярэднюю дыягностыку, чуе ад урача: «Усе паказчыкі ў вас у норме, можаце цяжарыць...» Аднак першая, другая і кожная чарговая спроба нарадзіць дзіця завяршаецца выкідышам або цяжарнасць замірае.

Увогуле цяжарнасць і нараджэнне дзіцяці — вельмі складаныя фізіялагічныя працэсы. Даказана, што носьбіцтва пэўных генаў можа змяняць працяканне біяхімічных працэсаў у арганізме маці і быць прычынай невыношвання цяжарнасці.

— Генетычнае тэсціраванне дазваляе выяўляць прычыны парушэння працякання цяжарнасці ў кожным канкрэтным выпадку, — тлумачыць галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук, доктар біялагічных навук, прафесар Ірма МАССЭ. — І калі ДНК-аналіз указвае на высокую рызыку ўтварэння тромбаў, гэта яшчэ не прысуд. З дапамогай тэрапеўтычнай карэкцыі, якую здольныя правесці ўрачы, цяжарнасць можна захаваць і нарадзіць здаровае дзіця.

У 2019 годзе і ў 2021 годзе супрацоўнікі лабараторыі праводзілі апытанне сярод жанчын, якія праходзілі ў іх даследаванне ў сувязі з невыношваннем цяжарнасці: высветлілася, што прыкладна 86 працэнтаў з іх сталі маці. 

Між іншым, гены, якія адказваюць за тромбафілію, вінаватыя таксама ў інфарктах і інсультах, хоць гэта можа праявіцца значна пазней, у больш сталым узросце. Але ведаючы пра пагрозу, можна яе папярэдзіць. Дарэчы, утварэнне тромбаў — адно з самых небяспечных наступстваў захворвання на каранавірус. У бягучым годзе ў Рэспубліканскім цэнтры геномных біятэхналогій збіраюцца ўкараніць ацэнку рызыкі трамбозаў і гіпертанічных крызаў. 

— Мы ўсе з вамі з’яўляемся носьбітамі ўнікальнай генетычнай інфармацыі, — падкрэслівае Ірма МАССЭ. — Генетычны пашпарт робіцца адзін раз у жыцці, паколькі генетычныя паказчыкі пасля нараджэння чалавека ўжо не змяняюцца. Гэта можа быць як невялікае даследаванне, скажам на адчувальнасць чалавека да медыцынскага прэпарату, так і поўнае. ДНК-тэсціраванне дазваляе ўстанавіць генетычныя фактары рызыкі развіцця сардэчна-сасудзістых захворванняў, атэрасклерозу, астэапарозу, дыябету, вянозных трамбозаў, рэўматоіднага артрыту і гэтак далей. Асабліва актуальная такая інфармацыя для людзей, сваякі якіх мелі ў анамнезе аналагічныя захворванні. Гэтыя веды дазваляюць ажыццявіць раннюю дыягностыку паталогій, карэктна вызначыць прагноз развіцця небяспечных ускладненняў і правільна выбраць метады прафілактыкі і лячэння

Дарэчы, ад генетыкі залежаць і спартыўныя дасягненні чалавека. У Рэспубліканскім цэнтры геномных біятэхналогій выяўляюць так званыя гены спартыўнай паспяховасці. Прычым тэст можна рабіць літаральна з першых дзён жыцця дзіцяці. Акрамя таго, генетыкі могуць вызначыць, спрынтарам вырасце малы або стаерам, для якіх відаў спорту ён падыходзіць — сілавых, як, напрыклад, штанга або спрынт, або відаў, дзе, акрамя хуткасці, патрэбна цягавітасць — марафон, футбол, лыжныя гонкі і гэтак далей. Гэта дапамагае і бацькам, і трэнерам зразумець, якіх вынікаў дзіця зможа дасягнуць у будучыні. Лепш ведаць загадзя, у які від спорту аддаць дзіця, каб не марнаваць дарэмна час і сілы. Калі генетыкай спартыўныя дасягненні ў чалавеку не запраграмаваныя, то нават кругласутачныя трэніроўкі не прынясуць жаданага выніку. Больш за тое, яны могуць скончыцца і траўмамі, і іншымі сур’ёзнымі праблемамі са здароўем. Да таго ж спортам можна займацца і проста для здароўя, не прэтэндуючы на высокія вынікі і не знясільваючы свой арганізм шматгадзіннымі нагрузкамі. 

Дзякуючы генетычным тэсціраванні можна даведацца таксама і пра наяўнасць неспрыяльных для заняткаў спортам генаў. Ёсць, напрыклад, ген, уладальнікам якога ні ў якім разе нельга займацца відамі спорту з высокай рызыкай атрымання траўмы галавы, напрыклад боксам.

Спектр паслуг, што аказваюцца у Рэспубліканскім цэнтры геномных біятэхналогій, пастаянна пашыраецца. У 2018-2019 гадах асвоены і паспяхова аказваюцца паслугі па вызначэнні сваяцтва, непераноснасці лактозы і глютэна. А ў бягучым годзе навукоўцы плануюць укараніць генетычнае тэсціраванне на стрэсаўстойлівасць. 

— У рамках саюзнай праграмы «ДНК-ідэнтыфікацыя» мы вывучалі генетычныя механізмы псіхаэмацыйнага стану чалавека, — расказала Ірма Массэ. — Дзеці нараджаюцца на свет флегматыкамі або халерыкамі, і нават асяроддзе, у якім яны выхоўваюцца, не можа моцна паўплываць на псіхатып — гены адыгрываюць вялікую ролю ў гэтым. Бывае і схільнасць да дэпрэсіўных, трывожных станаў, панічнага сіндрому. Мы можам вызначаць адпаведныя гены і псіхаэмацыйны тып чалавека. Да таго ж ёсць экстрэмальныя прафесіі, дзе наяўнасць мужнасці павінна быць прапісана ў анкеце, дзе патрабуецца імгненная рэакцыя на сітуацыю, якая рэзка змянілася, устойлівасць да каласальных псіхаэмацыянальных нагрузак, таму даследаванні на стрэсаўстойлівасць будуць асабліва карысныя пры прыёме на працу ў падраздзяленні МНС, МУС і іншыя ведамствы. Стрэсаўстойлівасць важная таксама для авіядыспетчараў, лётчыкаў, пажарнікаў. Гэта самая апошняя наша распрацоўка, і мы спадзяёмся, што яна будзе запатрабаваная.…

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».