Вы тут

Таццяна Рунец: Будучыня краіны — у нашых руках


Чаму так важна стаць датычным да фарміравання агульных правілаў жыцця ў дзяржаве, растлумачыла старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, член Канстытуцыйнай камісіі Таццяна Рунец.


Фота: БелТА

Суразмоўніца адзначыла, што праект змяненняў і дапаўненняў у Асноўны Закон краіны выклікаў жывую цікавасць у грамадзян. Напрыклад, толькі ў рамках работы грамадскай прыёмнай пры Савеце Рэспублікі паступіла больш за 500 розных прапаноў. 

— Гэта сур’ёзная лічба, улічваючы, што ў цэлым па рэспубліцы ў рамках грамадскіх абмеркаванняў было сабрана больш за 10 тысяч прапаноў, — звяртае ўвагу сенатар. 

Яна з задавальненнем адзначае, што ў працэс будаўніцтва дзяржавы актыўна ўключылася і маладое пакаленне беларусаў. 

— Прычым, яно не толькі бачыць сябе ў будучыні нашай краіны, але і гатова ўзяць на сябе адказнасць за лёс Беларусі, — пераканана суразмоўніца.

Таццяна Рунец акцэнтуе ўвагу на адной важнай дэталі: на сустрэчах з маладымі людзьмі, у якіх яна прымала ўдзел, неаднаразова гучалі прапановы прапісаць у Канстытуцыі паняцце «патрыятызму». Яна пераканана: гэта сведчыць аб тым, што юнаму пакаленню беларусаў важна адчуваць сваю датычнасць да фарміравання палітычнага курсу краіны, паўнавартаснага здаровага грамадства, важна прымаць удзел у заканатворчасці. 

— У любым выпадку, калі ёсць запыт на падобную «опцыю», то значыць, у будучыні кіраваць у краіне будуць невыпадковыя людзі і стаўленікі заходняй цывілізацыі, а сапраўдныя патрыёты Беларусі, якія выраслі на прыкладзе сапраўдных нацыянальных герояў, якія прысвяцілі свае жыцці беззапаветнаму служэнню краіне і яе народу, — упэўнена сенатар.

У гэтай сувязі яна ўзгадала важную асаблівасць такіх сустрэч: маладыя людзі адзначалі такую навацыю, як магчымасць балатавацца на вышэйшую дзяржаўную пасаду краіны асоб, якія не маюць грамадзянства іншых дзяржаў і якіх-небудзь прэферэнцый ад іх.

Асабліва яна адзначае той факт, што ў праекце змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь захаваны сацыяльны вектар. 

— Тым самым дзяржава падкрэслівае свой абавязак па прадстаўленню гарантый насельніцтву ў сферах аховы здароўя, адукацыі, жыллёвай палітыкі, — тлумачыць суразмоўніца і ў якасці прыкладу прыводзіць некалькі красамоўных лічбаў.

Так, бюджэтныя выдаткі ў сферы аховы здароўя запланаваны ў памеры 8,4 мільярда рублёў, што ў параўнанні з 2019 годам вышэй на амаль тры мільярды рублёў. Пры гэтым на медыкаменты і вырабы медыцынскага прызначэння будзе накіравана 1,9 мільярда рублёў, у тым ліку на 4 мільёны доз вакцын — 240 мільёнаў рублёў. 

Дарэчы, у разліку на аднаго жыхара дзяржава штогод траціць толькі на медыкаменты больш за 200 рублёў.

Далей старшыня профільнай камісіі Савета Рэспублікі звяртае ўвагу на клопат дзяржавы ў адносінах дэмаграфічнай бяспекі. На не так даўно заканадаўча замацаваную магчымасць правядзення адной бясплатнай працэдуры ЭКА прадугледжана з бюджэту амаль 11 мільёнаў рублёў (рост у два разы), на другую і наступныя працэдуры ЭКА ёсць магчымасць атрымання льготных крэдытаў.

Паводле яе слоў, не менш будзе выдаткавана сёлета і на адукацыю — 8,6 мільярдаў рублёў. 

— Тут і рост заробкаў настаўнікаў, і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, — кажа Таццяна Рунец. — Мяркую, нават гэтых лічбаў цалкам дастаткова, каб наглядна прадэманстраваць намаганні, якія робяцца на ўзроўні дзяржавы, па захаванні сваіх асноўных прынцыпаў сацыяльнай арыентаванасці і справядлівасці.

Менавіта таму яна лічыць важным замацаванне ў Канстытуцыі правоў на бясплатную адукацыю, медыцынскае абслугоўванне, пенсійнае забеспячэнне, садзейнічанне развіццю асобы, маладзёжную палітыку і іншыя не менш важныя напрамкі развіцця і функцыянавання дзяржавы.

Сенатар пераканана: новы Асноўны Закон не проста адпавядае духу часу — ён апярэджвае яго. 

— Змены і дапаўненні Канстытуцыі адпавядаюць сапраўдным прынцыпам народаўладдзя і пашыраюць магчымасці кожнага грамадзяніна краіны прымаць удзел у жыцці нашай Радзімы, — адзначае суразмоўніца. — Таму так важна разуменне кожным удзельнікам выбарчага працэсу таго пастулату, што будучыня нашай дзяржавы знаходзіцца ў нашых руках і залежыць толькі ад нас. Заклікаю кожнага скарыстацца сваім правам і прыйсці 27 лютага на выбарчыя ўчасткі, каб аддаць свой голас за нашу з вамі будучыню, за прыгожую і любімую Беларусь!

Вольга АНУФРЫЕВА

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.