Вы тут

Старыя рэліквіі: дыханне блакаднага Ленінграда


У гэтай паштоўкі, якая намалявана ад рукі, не надрукаваная, і па ўсіх законах «жанра» не з’яўляецца знакам паштовай аплаты, — свой ваенны лёс. Да мяне яна патрапіла ад калекцыянера Алега Аляксандравіча Судлянкова. Паштоўка датавана 15 лютага 1943 года... 


Блакада Ленінграда ў Вялікую Айчынную вайну, як вядома, доўжылася з 8 верасня 1941 па 27 студзеня 1944 гг. 18 студзеня 1943 года было прарвана блакадное кальцо. Усяго «век» блакады — 872 дні... Пра пакуты, гібель людзей, увесь драматызм падзей у горадзе на Няве ў ваенны час напісана велізарная бібліятэка. Да стварэння яе прычыніўся — супольна з класікам рускай літаратуры, пісьменнікам-франтавіком Даніілам Граніным — і наш беларус пісьменнік-гуманіст Алесь Адамовіч. Іх «Блакадная кніга» — вечны помнік блакадзе і ленінградцам-блакаднікам!.. 

На першай старонцы паштоўкі: «ПОЧТОВАЯ КАРТОЧКА. CARTE POSTALE» Ніжэй: «Куда...» І ад рукі — вялікімі літарамі: «Ленинград». Яшчэ ніжэй: «Кому...» Ізноў ад рукі: «Петроградская Сторона Гатчинская ул., д. 7, кв. 10, Андрею Ивановичу Таран». Зусім унізе адным радком: «Д. И. Митрохин Каз ССР Алма-Ата Просп. Фурманова 115 кв. 12». 

На другім баку — тэкст: «15-II- 1943

Дарагі Андрэй Іванавіч, атрымаў Вашу паштоўку ад 18-га студзеня. Гэты радасны, слаўны дзень ніколі не забудзецца, як светлы прарыў у нашу прыгожую будучыню; я ў думках быў з Вамі. Рады і таму, што мае лісты даходзяць і Вы на іх мне адразу ж адказваеце. 

Я ўпэўнены, што цяпер у Вас ўсё пойдзе лепш і лепш. І Вы зможаце адпачыць і супакоіцца ад ўсяго горкага перажытога. Як здароўе Марыі Мікітаўны, ці добра яна пераносіць зіму? Шлю М.М. самыя сяброўскія пажаданні. Тут стаіць суровая зіма. Паліва няма, электрычнасць выключана, паравое ацяпленне — не дзейнічае. Але мы стараемся пры ўсіх пакутах не губляць бадзёрасці. Спадзяёмся дажыць да цёплых дзён і ўзяцца за працу. Моцна цісну Вашу руку. Д. Мітрохін». 

Слоў няшмат. Але і гэтай кароткай паштоўкай многае сказана. Праз дзесяцігоддзі пасля пакутлівых выпрабаванняў кошт гэтых слоў становіцца яшчэ болей зразумелы... 

Крыху — пра таварышаў па ліставанні... З Казахстана, з эвакуацыі, свайму таварышу па супольнай працы ў выяўленчым мастацтве пісаў Дзмітрый Іванавіч Мітрохін (1883 — 1973), графік, ілюстратар кніг, майстра станкавай гравюры, афорта, літаграфіі. Яшчэ ў 1908 годзе да ўдзелу ў выстаўцы «Свет мастацтва» ён быў запрошаны славутымі Аляксандрам Бенуа і Канстанцінам Сомавым. У 1932 — 1939 гг. Мітрохін узначальваў графічную секцыю Ленінградскага Саюза мастакоў. У 1941 годзе Мітрохін (а было яму 58 гадоў) уступіў у народнае апалчэнне. У 1942 годзе мастак быў эвакуіраваны ў Алма-Ату. З 1944 года Дзмітрый Іванавіч жыў ужо ў Маскве. Мітрохін праілюстраваў мноства кніг і часопісаў самых розных выдавецтваў. Сярод іх — творы Марыны Цвятаевай, Эдгара По, Віктора Гюго, Арыстафана, Анры Барбюса... Пра мастака яшчэ ў 1921 годзе выйшла кніга Усевалада Воінава «Кніжныя знакі Дз.І. Мітрохіна». 

Інфармацыі пра мастака-жывапісца Андрэя Іванавіча Тарана (1886 — 1967) не так і шмат. Закончыў у 1906 годзе Пензенскае мастацкае вучылішча. У 1909 — 1912 гг. займаўся ў прыватнай акадэміі ў Парыжы. У 1911 — 1914 гг. у Парыжы працягваў авалодваць майстэрствам мастака наш Марк Шагал. Мо дзе і перасякаліся Шагал і Таран?.. У 1921 годзе Таран — загадчык Музея культуры жывапісу ў Петраградзе, прафесар манументальнай майстэрні Мастацка-дэкаратыўнага інстытута ў Петраградзе. У 1923 — 1940 — прафесар Кіеўскага мастацкага інстытута. У 1940 годзе вярнуўся ў Ленінград. 

Два таленавітыя, сталага веку чалавекі, дзве асобы, якія, пэўна, і ў вайну захоўвалі сваё дадзенае Богам мастацкае прадвызначэнне... Ім было няпроста яшчэ і па прычыне таго, што ў нечым талент павінен, абавязаны быў праяўляцца... І шчасце, што ў іх яшчэ была і магчымасць дзяліцца паміж сабой думкамі, суперажываць адзін аднаму. Пра што і сведчыць старая, рукамі зробленая паштоўка. У ёй — дыханне эвакуцыйнай Алма-Аты, якая дала прытулак і нашым беларусам (дзіцячаму пісьменніку Янку Маўру), і жыхарам блакаднага Ленінграда... 

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.