Вы тут

Вільнюскі сіндром. Што адбываецца ў Літве?


Супрацоўнікі найбуйнейшага ў Прыбалтыцы завода па вытворчасці азотных угнаенняў Achema праводзяць бестэрміновую забастоўку. Старшыня Канфедэрацыі прафсаюзаў Літвы Інга Ругіненэ заявіла, што ў прыбалтыйскай рэспубліцы такіх маштабных акцый не было за ўсе гады незалежнасці. Канфлікт незадаволеных работнікаў і кіраўніцтва Achema можа натхніць на рашучыя дзеянні прадстаўнікоў іншых кампаній ці нават цэлых галін народнай гаспадаркі краіны, якія не задаволены станам спраў і бяздумнай палітыкай улад, заўважыў аналітычны партал RuBaltіc. Падстаў для нарастання пратэснай хвалі хапае. Куды ж рушыць Літва?


Пратэсная хваля

Страйк работнікаў завода Achema ў Ёнаве пачаўся на мінулым тыдні. Галоўнае патрабаванне да адміністрацыі — падпісанне калектыўнага дагавора, які павінен будзе абараніць работнікаў ад самавольства наймальніка. Забастоўшчыкі не задаволены змяненнем сістэмы аплаты працы. З дагаворам іх азнаёмілі напрыканцы студзеня, хаця ўвялі новую сістэму заднім днём з 1 студзеня. У выніку заробак многіх супрацоўнікаў памяншаецца больш чым на 100 еўра.

Пры гэтым, паводле даных прафсаюза, толькі за дзевяць месяцаў мінулага года чысты некансалідаваны прыбытак Achemа пасля аўдыту склаў звыш 58 мільёнаў еўра, што амаль на 65 працэнтаў больш, чым годам раней. У прафсаюзе сцвярджаюць, што кіраўніцтва кампаніі не ўпершыню звяртаецца да такой тактыкі. Спасылаючыся на складанасці, работнікам уразаюць заробак, а ў канцы года кіраўніцтва дзеліць паміж сабой мільённыя прыбыткі.

Страйк выклікаў пратэсную хвалю па ўсёй краіне: пікеты ў падтрымку рабочых, якія страйкуюць на заводзе азотных угнаенняў Achemа, прайшлі ў Вільнюсе і Клайпедзе. У Клайпедзе пікет салідарнасці адбудзецца каля офіса кампаніі марскіх грузаперавозак KLASCO (уваходзіць у групу прадпрыемстваў Achemа). У Вільнюсе ўдзельнікі акцыі выказвалі салідарнасць каля цэнтральнага офіса Achemа.

Ад педагогаў да фермераў

Пратэсная хваля ахапіла многія сферы. Achema — не адзіная літоўская кампанія, супрацоўнікі якой ужо аб'явілі забастоўку. Аналагічным чынам вырашылі дзейнічаць у прафсаюзе «Вільнюскага грамадскага транспарту». Ідэя забастоўкі абмяркоўвалася ў канцы верасня мінулага года, а ў кастрычніку яе афіцыйна падтрымалі 747 з 769 удзельнікаў галасавання (прыкладна 40 працэнтаў ад агульнай колькасці супрацоўнікаў прадпрыемства).

Праўда, кіраўніцтву «Вільнюскага грамадскага транспарту» ўдалося купіраваць гэтую пагрозу, звярнуўшыся ў суд. Падчас разгляду справы правядзенне забастоўкі забаронена. Ісцец даказвае, што з-за складанай сітуацыі з каранавірусам ні ў якім разе нельга дэстабілізаваць работу грамадскага транспарту ў сталіцы Літвы. Адказчык адстойвае сваё права баставаць для дасягнення заяўленых мэт: размова ідзе аб павышэнні заработнай платы на 10 працэнтаў і паляпшэнні ўмоў працы.

Сферы аховы здароўя і адукацыі для ўлад Літвы — крыніцы заўсёднага галаўнога болю. І ўрачы, і настаўнікі ў прыбалтыйскай рэспубліцы час ад часу заяўляюць аб сваіх правах. 2018 год у краіне азнаменаваўся маштабнай забастоўкай педагогаў, якая ахапіла 15 працэнтаў школ. Яе ўдзельнікі патрабавалі выдзеліць дадатковае фінансаванне на павышэнне сваіх заробкаў. На хвалі пратэстаў тагачасны кіраўнік урада Літвы Саўлюс Скверняліс адправіў у адстаўку міністра Юргіту Петраўскенэ (хоць і адмаўляў сувязь паміж гэтымі падзеямі).

Адметна, што патрабаванні настаўнікаў тады адкрыта падтрымлівала цяперашні прэм'ер-міністр Інгрыда Шыманітэ. Кіруючая партыя аграрыяў, наадварот, абвінавачвала сваіх апанентаў-кансерватараў у імкненні зарабіць палітычныя ачкі напярэдадні выбараў. Гэтым разам яны могуць памяняцца месцамі.

Пад канец года забастоўка рассмакталася, прафсаюз работнікаў сістэмы адукацыі Літвы заявіў аб частковым задавальненні іх патрабаванняў. Але менш як праз год настаўнікі зноў выступілі супраць праекта дзяржаўнага бюджэту. Увогуле, вопыт самаарганізацыі і правядзення забастоўкі ў іх ёсць. Як і падставы для незадаволенасці: сістэма адукацыі Літвы па-ранейшаму не можа пахваліцца высокімі заробкамі.

Пратэсты фермераў для прыбалтыйскіх рэспублік таксама сталі звыклай з'явай. Вытворцы аграрнай прадукцыі ў Літве, Латвіі і Эстоніі пацярпелі ад санкцыйнай вайны з Расіяй значна больш, чым работнікі іншых галін. Яркае «паказальнае выступленне» яны правялі ў 2019-м, калі выкацілі на вуліцы гарадоў калоны трактароў і цягачоў. Калі верыць арганізатарам акцыі, у ёй было задзейнічана да 3 тысяч адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі (людзей — яшчэ больш).

Літоўскіх фермераў абурае той факт, што іх калегі ў заходніх краінах атрымліваюць больш значныя прамыя выплаты з бюджэту ЕС. Гэтая дыспрапорцыя будзе захоўвацца яшчэ як мінімум некалькі гадоў. Мабыць, самы экстрэмальны сцэнарый аграрных пратэстаў мае ў планах блакаду важных аўтатранспартных артэрый Літвы. Пратэстоўцы ў Канадзе наглядна паказалі, як гэта працуе.

Зруйнаваны транзіт

Як бачым, сітуацыя даволі напружаная. Яна яшчэ больш дэстабілізуецца ў выніку дзеянняў улад, якія логіцы і здароваму сэнсу не паддаюцца, іх, напэўна, варта кваліфікаваць з пункту гледжання клінічнага «вільнюскага сіндрому». Справядліва днямі заўважыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з палітычным і дзяржаўным дзеячам Украіны Аляксандрам Марозам, што «ва ўлад Літвы даўно мазгоў няма!» Афіцыйны Вільнюс разбурае стабільнасць і бяспеку ў сваёй уласнай краіне. Пра гэта гаворыцца ў артыкуле дэпутата Сейма Літвы Міндоўга Пуйдакаса, апублікаваным на Delfі. «Мы ўсе бачым рост цэн на ежу, паліва, ацяпленне, электраэнергію і розныя паслугі. Ліберальна-кансерватыўны літоўскі ўрад Ландсбергіса вінаваціць у гэтым пандэмію. Факты паказваюць, што цяперашнія дзеянні кіраўнікоў у галіне знешняй палітыкі, эканомікі і кіравання фінансамі падштурхоўваюць нашу краіну да эканамічнага заняпаду. Так званая палітыка каштоўнасцяў, якая праводзіцца ўрадам Шыманітэ, ламаючы дзіды з Беларуссю і Кітаем, не толькі моцна ўдарыць па кішэнях літоўцаў, але і разбурыць шматгадовую эканамічную і сацыяльную стабільнасць і бяспеку нашай краіны», — заявіў Міндоўг Пуйдакас.

Як вядома, з 7 лютага Беларусь увяла забарону на чыгуначны транзіт з Літвы для групы тавараў. Аб гэтым паведаміў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз. Ён нагадаў, што Літва забараніла транзіт беларускіх тавараў праз свае парты. Беларускі бок неаднаразова прапаноўваў кансультацыі для ўрэгулявання пытанняў у прававым полі, але Літва не пайшла на дыялог. Паводле слоў прэс-сакратара, кіруючыся прынцыпамі добрасуседства і не жадаючы прычыняць урон «шматпакутнаму літоўскаму народу», Беларусь устрымлівалася ад рэзкіх мер у адказ у сувязі з «паслядоўнымі варожымі дзеяннямі безразважнага літоўскага кіраўніцтва».

«Беларусь не можа ігнараваць дадзеную гібрыдную атаку і вымушана, як папярэджвалася загадзя, пайсці на меры ў адказ. Намі прынята рашэнне аб забароне перавозак транзітам па сваёй тэрыторыі чыгуначным транспартам нафтапрадуктаў, хімічных і мінеральных угнаенняў, якія накіроўваюцца з Літвы, пагружаных на станцыях Літоўскіх чыгунак. Па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь такіх грузаў перавозіцца каля 1,5—1,6 мільёна тон на суму больш за $1 млрд штогод, — сказаў прэс-сакратар МЗС. — Прамыя страты Клайпедскага порта, Літоўскай чыгункі і іншых удзельнікаў літоўскага ланцужка паставак будуць яшчэ доўга падлічваць, але ўжо цяпер зразумела, што яны вылічаюцца сотнямі мільёнаў еўра. Шматмільённыя страты чакаюцца па судовых ісках, якія ўжо прад'яўлены Літве, і штрафных санкцыях. Беларусь пакідае за сабой права на далейшыя дзеянні эканамічнага характару, у тым ліку сумесна са сваімі партнёрамі, у выніку чаго транзітная інфраструктура Літвы можа пайсці ва утыль», — падкрэсліў Анатоль Глаз.

Цана авантурызму

Цана авантурызму Літвы — звыш 10 працэнтаў ВУП, заявіў у эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё рэктар Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіраўнікоў і спецыялістаў прамысловасці «Кадры прамысловасці» Георгій Грыц, каментуючы, як забарона чыгуначнага транзіту з Літвы для групы тавараў паўплывае на эканоміку краіны-суседкі. «Натуральна, у Беларусі няма выхаду да мора, але яна транзітная дзяржава і праз яе праходзіць два калідоры — усход — захад і поўдзень — поўнач, гэта значыць, вельмі значныя для эканомікі Літвы. Таму ў прынцыпе нічога нечаканага няма, што санкцыі прыменены менавіта да грузавога транзіту, які ідзе з Літвы», — сказаў Георгій Грыц.

Пры гэтым эксперт падкрэсліў, што гэта толькі пачатак гісторыі. «Давайце згадаем і страты літоўскіх кампаній ад забароны транзіту беларускіх калійных угнаенняў, нафтапрадуктаў. Яны таксама ацэньваюцца ў межах гэтай сумы. Давайце згадаем і страты ад недружалюбнай палітыкі Літвы ў адносінах да КНР. Незалежныя эканамісты ацэньваюць толькі гэтыя страты амаль у $5 млрд. Такім чынам, набягае каля $7-8 млрд прамых страт. Ёсць яшчэ і ўскосныя выдаткі: стварэнне працоўных месцаў, палітычны імідж, які, мусіць, яшчэ ў разы павялічыць гэтую страту, — растлумачыў ён. — Давайце яшчэ больш расшыфруем. Сёння, на жаль, такая палітыка прыводзіць і да гарачай канфрантацыі. Як правіла, гэта ацэньваецца ў памерах ваеннага бюджэту той ці іншай краіны. Гэта прыкладна $2 млрд. Я ўжо не кажу аб сацыяльных выдатках».

Масавыя скарачэнні на Літоўскай чыгунцы і ў Клайпедскім порце ў выніку спынення беларускага транзіту могуць справакаваць грамадскія хваляванні і як вынік сістэмны крызіс у краіне, адзначыў Sputnіk аналітык Аляксандр Насовіч. «Ужо зараз ЛЧ аб'явіла аб звальненні 300 чалавек, але ў далейшым адлік можа пайсці на тысячы. А ў выпадку Клайпеды, калі страта ўсіх беларускіх грузаў прывядзе да банкруцтва Клайпедскага порта, рахунак можа пайсці на дзясяткі тысяч», — адзначае Насовіч.

Лідар найбуйнейшай апазіцыйнай партыі «Саюз сялян і зялёных Літвы» Рамунас Карбаўскіс заявіў выданню Vakaro Zіnіos, што знешняя палітыка Літвы фарміруецца з падачы «ястрабаў» у Кангрэсе ЗША. Вільнюс выкарыстоўваецца гэтымі коламі як падпальшчык вайны, а «імідж Літвы знішчаны». Паводле ацэнкі Рамунаса Карбаўскіса, палітычны курс краіны рэзка адмоўна адбіўся на інвестыцыйным клімаце.»На бізнес-форумах ужо гучаць выказванні аб тым, што ўкладваць сродкі ў Літве не варта», — сказаў Рамунас Карбаўскіс.

У МЗС Беларусі выказалі шкадаванне, што сур'ёзныя выдаткі панясе шматтысячны калектыў Літоўскай чыгункі, прадстаўнікі бізнесу і простыя літоўцы. «Гісторыя паказала, што Беларусь заўсёды была і будзе на вашым баку, і палітыканам-марыянеткам не ўдасца разарваць спрэс нашы нашыя культурныя, гістарычныя і дзелавыя сувязі. У бягучай сітуацыі вы можаце разлічваць на наша разуменне, аднак усе скаргі неабходна адрасаваць палітычнай эліце, якая ўтрымлівае сёння ўладу ў Літве. Беларускі бок захоўвае адкрытасць да дыялогу і заўсёды гатова выслухаць прапановы афіцыйнага Вільнюса па вырашэнні ўсіх пытанняў у прававым полі», — падкрэслілі ў ведамстве.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Без штампа ў пашпарце: падводныя камяні «свабоднага» шлюбу

Без штампа ў пашпарце: падводныя камяні «свабоднага» шлюбу

Жанчыны ўступаюць у першы шлюб у 26,3 года, мужчыны — 28,6.

Калейдаскоп

Дзмітрый Рабаў: У ліпені чакаем ідэальнае беларускае лета!

Дзмітрый Рабаў: У ліпені чакаем ідэальнае беларускае лета!

У ліпені, як і належыць экватару года, прагназуецца самы цёплы перыяд сезона.