Вы тут

Хатняя энцыклапедыя


Ну які падарунак для мужчыны самы лепшы? Універсальных рэцэптаў, вядома ж, не існуе. Але досвед падказвае: найлепшы падарунак — сытны і смачны. Нездарма ж кажуць, што шлях да сэрца мужчыны ляжыць праз страўнік!


Баявая закуска

Спатрэбіцца: слаёнае цеста — 1 пачак, фасоля кансерваваная — 200 г, таматы вяленыя — 50 г, агурок салёны — 100 г, кроп (для ўпрыгожвання), кунжут (для пасыпкі), яйка (для абмазвання), алей. Соль і перац — на смак.

Са слоенага цеста спячы тарталеткі. Цеста размарозіць, парэзаць у выглядзе зорак, у сярэдзіну ўставіць шклянкі ці формачкі для кексаў, прамазаць узбітым яйкам і пасыпаць кунжутам. Выпякаць 15 хвілін.

Для начынкі фасолю расцерці пры дапамозе відэльца. Дадаць парэзаныя дробна вяленыя памідоры і агурок, пасаліць і паперчыць, заправіць алеем.

Пакласці на тарталеткі і ўпрыгожыць галінкамі кропу.

Пірог «Зорка»

Каб яго прыгатаваць, давядзецца пастарацца. Але вынік парадуе. Можна зрабіць менш працаёмкі варыянт — выкарыстаць якую-небудзь адну, найбольш упадабаную, начынку замест пяці розных.

Спатрэбіцца: рыс — 1 шклянка, курынае філе — 250 г,
грыбы белыя сушаныя — 50 г або шампіньёны — 0,3 кг, капуста свежая — 0,5 кг, свініна — 250 г, морква — 1 шт., яйка — 3 шт., перац салодкі — 0,5 шт., 1 пачак дражджавога слоёнага цеста, пятрушка, кроп, алей, соль, соус соевы.

На лісце шчыльнай паперы намаляваць вялікую пяціканцовую зорку. Выразаць яе нажніцамі. Цеста раскачаць у 2 тонкія пласты. Пакласці на адзін пласт шаблон зоркі, выразаць нажом. Гэтак жа зрабіць з другім пластом цеста.

Разагрэць духоўку да 200 °С. Бляху накрыць лістом пергаменту. Пакласці на бляху адну зорку з цеста. Вылажыць на кожны прамень зоркі розныя начынкі, якія неабходна загадзя прыгатаваць. Накрыць другой зоркай, зашчыпаць краі. Прамазаць узбітым жаўтком. На кожным прамені зрабіць падоўжныя прарэзы даўжынёй 5—6 см. Выпякаць 10 хвілін. Затым паменшыць тэмпературу духоўкі да 180 °С і пячы яшчэ 10 хвілін.

Капусная начынка. Капусту нашаткаваць вельмі тонкай саломкай. Яйкі зварыць укрутую і ачысціць ад шкарлупіны. Разагрэць у патэльні 1,5 ст. л. алею, памешваючы, абсмажыць капусту 5 хвілін. Пералажыць капусту ў міску, дадаць дробна нарэзаныя яйкі. Пасаліць, паперчыць, змяшаць.

Грыбная начынка. Сухія грыбы прамыць, вылажыць ў міску, заліць кіпенем і пакінуць на 15 хвілін. Адкінуць грыбы на друшляк, яшчэ раз прамыць. Нарэзаць тонкімі паўкольцамі цыбуліну. Разагрэць у патэльні 1 ст. л. алею, абсмажыць грыбы 5 хвілін. Дадаць цыбулю і смажыць яшчэ 4 хвіліны, пасаліць, паперчыць. Калі замест сухіх грыбоў выкарыстоўваюцца шампіньёны, то спачатку абсмажваем цыбулю і дадаем да яе нарэзаныя грыбы, адразу солім, перчым і гатуем 5 хвілін.

Начынка з курыцы. Курынае філе прапусціць праз мясарубку. Нарэзаць невялікімі кубікамі палову цыбуліны. Кроп здрабніць. Курыны фарш абсмажыць з 1 ст. л. алею памешваючы 3 хвіліны. Дадаць нарэзаную цыбулю, гатаваць яшчэ 5 хвілін. Дадаць кроп, пасаліць і паперчыць на смак.

Начынка з рысу. Рыс старанна прамыць. Вылажыць у рондаль, уліць вады, каб яна была вышэй за рыс на 1 см, дадаць трохі солі. Варыць на слабым агні 15-20 хвілін да гатоўнасці рысу. Моркву надзерці на буйной тарцы і абсмажыць у невялікай колькасці алею. Зялёную цыбулю здрабніць. У міску з рысам дадаць моркву, цыбулю. Пасаліць, паперчыць на смак, змяшаць.

Начынка са свініны. Са свініны прыгатаваць фарш. Цыбулю і перац нарэзаць дробнымі кубікамі. Пятрушку здрабніць. Фарш абсмажыць з 1 ст. л. алею, увесь час памешваючы і разбіваючы лапаткай камякі, 5 хвілін. Дадаць цыбулю і перац, гатаваць 5 хвілін. Дадаць пятрушку, уліць соевы соус на смак, перамяшаць і зняць з агню.

Печыва «Пагоны»

Спатрэбіцца: цукар — 1 шклянка, ванільны цукар —
1 ч. л., яйкі — 2 шт., горкі шакалад — 200 г, масла —
150 г, мука — 0,5 шклянкі, крыху солі. Для крэму: малако згушчанае з цукрам — 100 мл, масла — 100 г.

Шакалад паламаць на невялікія кавалачкі, скласці ў вогнетрывалую міску і змясціць на рондаль падыходзячага дыяметра з кіпячай вадой. Дадаць масла. Размешваць калатоўкай, пакуль шакалад не растопіцца, а сумесь не стане абсалютна аднастайнай.

Дадаць у шакалад ванільны цукар, убіць па адным, пастаянна мяшаючы, яйкі.

У міску прасеяць муку з соллю, дадаць цукар. Усыпаць сумесь у шакалад, акуратна перамяшаць. Бляху прамазаць маслам і пакласці паперу для выпечкі. Уліць атрыманае цеста. Выпякаць у разагрэтай да 180 °С духоўцы 30 хвілін. Даць поўнасцю астыць.

Прыгатаваць крэм. Масла ўзбіць міксерам. Працягваючы ўзбіваць, уліць згушчанае малако. Паставіць у халадзільнік на 15 хвілін.

Астылы пласт цеста разрэзаць на кавалачкі памерам з вайсковыя пагоны. З аднаго канца кожнага кавалачка закругліць ражкі.

Крэм пералажыць у кандытарскі мяшок з тонкай насадкай. На палову шакаладных «пагонаў» нанесці крэмам знакі адрознення. Пакінутыя кавалачкі раўнамерна прамазаць крэмам, злажыць пагоны па 2 і паставіць у халадзільнік на 30 хвілін.

Якое ж свята без каўбасы?

Але і яе можна падаць незвычайна і прыгожа.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».