Вы тут

Што нельга рабіць пасля разводу


«Сяброўка падала заяву на развод з мужам. Рассталіся яны не ворагамі. Але і не сябрамі, як бы ёй хацелася. Іх агульнаму сыну — 5 гадоў, ён застаўся жыць з мамай. Апошняя робіць усё магчымае, каб хлопчык як мага часцей кантактаваў з татам, тым больш што ў іх цудоўныя адносіны. Больш за тое, сяброўка хоча, каб яны хоць зрэдку, але бавілі час утраіх, таму сама ініцыіруе розныя сумесныя мерапрыемствы. У прыватнасці, купіла білеты ў філармонію, прапанавала былому мужу, які прывёў сына з прагулкі, разам зайсці ў піцэрыю... Я вельмі перажываю за сяброўку. Скажыце, ці правільна яна робіць? І як правільна развадзіцца, каб не траўміраваць дзяцей?»

Кацярына М., г Мінск.


Фота: pixabay.com

На пытанне адказвае дзіцячы псіхолаг Людміла ГУБСКАЯ:

«Ваша сяброўка заняла пазіцыю ахвяры: «я буду цярпець дзеля дзіцяці». Не разумею, навошта ёй гэта? Тым больш яе сыну ад гэтага не будзе ніякай карысці. Ён жа бачыць і адчувае, што паміж бацькамі не самыя добрыя адносіны.

Ёсць некалькі правілаў для пары, якая развялася. Вы больш не муж і жонка, але па-ранейшаму мама і тата, таму размаўляйце толькі на тэмы, якія датычацца выключна вашага дзіцяці. Гэта дапаможа наладзіць экалагічныя зносіны і пазбегнуць канфліктаў.

Акрамя таго, раю не тлумачыць дзіцяці, пакуль не вырасце, гадоў да 15, прычыны вашага разводу. Тым самым вы засцеражаце малое ад імкнення прыняць чыйсьці бок. Проста скажыце, што «мы, дарослыя людзі, прынялі такое рашэнне — не жыць разам». «Тата будзе жыць асобна, але ён вельмі цябе любіць, і вы будзеце бачыцца». Растлумачце дзіцяці, што яно тут ні пры чым. Абавязкова прагаварыце гэты момант, бо ў перыяд дзіцячага эгацэнтрызму, 4-7 гадоў, усе падзеі падаюцца дзіцяці звязанымі з ім, таму яно можа адчуць сябе вінаватым у вашым разводзе. У 15 гадоў можна растлумачыць, чаму вы развяліся, але толькі ў тым выпадку, калі падлетак запытаецца. Некаторыя, падрастаючы, кажуць: «А я не хачу нічога ведаць. Чаму гэта мяне навучыць?»

Не скардзіцеся дзіцяці адзін на аднаго. Не ўцягвайце яго ў свае зносіны. Дзеці не павінны адчуваць сваю адказнасць за адносіны паміж дарослымі. Гэта датычыцца любой сям'і, нават той, якая жыве ў гармоніі. Калі мама з татам пасварыліся і нехта імкнецца, каб дзіця прыняло яго бок, гэта таксама праблема. Адносіны паміж бацькамі не павінны ўплываць на дзяцей. Гэта вашы дарослыя адносіны».

Запісала Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.