Вы тут

Прэзідэнт: Гэта наша зямля, наша тэрыторыя. Мы тут працуем, вучымся і будзем далей вучыцца


Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка наведаў палігон Асіповіцкі, дзе праходзіць сумеснае аператыўнае вучэнне «Саюзная рашучасць — 2022». На палігоне галоўнакамандуючаму далажылі аб ходзе вучэнняў, размяшчэнні сумеснай групоўкі войскаў, манеўрах, праведзеных рознымі падраздзяленнямі ўзброеных сіл Беларусі і Расіі. Кіраўнік дзяржавы заслухаў даклады аб дзеяннях ракетных войскаў Беларусі і Расіі і стварэнні сумеснай групоўкі ракетных войскаў, у склад якой увайшлі рэактыўныя сістэмы залпавага агню «Паланэз» і расійскія аператыўна-тактычныя ракетныя комплексы «Іскандэр». Сумесная групоўка ракетных войскаў выканала электронны пуск ракет. На палігоне быў таксама разыграны тактычны эпізод з удзелам ракетных войскаў і артылерыі, авіяцыі Саюзнай дзяржавы, а таксама падраздзяленняў паветрана-дэсантных войскаў Узброеных Сіл Расіі.


Пасля азнаямлення з ходам вучэння Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанні беларускіх і замежных журналістаў. У прыватнасці, Прэзідэнт расказаў, што пятніцу і суботу будзе знаходзіцца з візітам у Расіі, дзе з расійскім калегам Уладзімірам Пуціным яны абмяркуюць далейшае размяшчэнне войскаў.

«Учора ў 13 гадзін мы пагаварылі з ім, абгаварылі план дзеянняў на пятніцу-суботу, таму што вучэнні ў нас працягнуцца і ў суботу. Якая будзе форма гэтых вучэнняў і дзе мы з Пуціным будзем прысутнічаць на вучэннях, праінфармуе расійскі бок», — расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што амерыканскае кіраўніцтва камандуе сваімі ваеннымі за тысячы кіламетраў, таму яму не зусім зразумелыя прэтэнзіі аб знаходжанні расійскіх Узброеных Сіл у Беларусі. «Прымем рашэнне — выведзем за суткі. Прымем рашэнне месяц — будуць стаяць месяц. Столькі, колькі трэба, будуць знаходзіцца тут Узброеныя Сілы. Гэта наша зямля, наша тэрыторыя. Мы тут працуем, вучымся і будзем далей вучыцца», — заявіў ён.

Да абароны гатовыя

Аляксандр Лукашэнка таксама адказаў на пытанне, ці трэба пакінуць у Беларусі пасля заканчэння вучэнняў частку расійскіх ваеннаслужачых. «Калі будзе сэнс патрымаць тут расійскія войскі, мы іх будзем трымаць столькі, колькі трэба. Яшчэ раз падкрэсліваю: гэта наша тэрыторыя і мы будзем прымаць рашэнне. Паралельна амерыканцы ў Польшчу перакідваюць тысячы сваіх вайскоўцаў, за тысячы кіламетраў. Яны дазвол у каго пытаюцца — у нас, у расіян? Не. Чаму мы ў кагосьці павінны пытацца? Колькі трэба, столькі і будуць тут стаяць войскі Беларусі і Расіі. Колькі нам трэба для таго, каб абараніць нашу тэрыторыю і паказаць усім, што мы да гэтай абароны гатовыя», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Прадстаўнікі замежных СМІ пацікавіліся ў Прэзідэнта, ці ёсць пагроза нападзення на Украіну з боку Беларусі. «Вы да гэтага часу верыце, што мы будзем адсюль нападаць на Украіну ці ў вас ужо, прабачце, па-народнаму скажу, гэты «бздык» прайшоў?» — задаў сустрэчнае пытанне Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу на тое, што афіцыйны пункт гледжання ўлад ЗША на вучэнні агульнавядомы, яго трансліруе шэраг заходніх СМІ. Але ў Беларусі і Расіі свая пазіцыя, якой яны і кіруюцца. «У нас ёсць беларуска-расійская дамова, у нас фактычна створана тут адзіная беларуска-расійская групоўка, гэта значыць, лічыце, адзіная армія. І вось гэта — наша афіцыйная пазіцыя. І вы, калі ласка, гэту пазіцыю ўлічвайце так, як мы ўлічваем вашу пазіцыю», — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што амерыканскія спецыялісты прысутнічаюць у многіх краінах, у тым ліку размешчаных далёка ад ЗША і блізка ад Беларусі і Расіі, напрыклад, у Польшчы, Украіне, Літве, Латвіі, Эстоніі.

«Што вам рабіць тут, за тысячы кіламетраў? Таму нас папракаць не трэба, у Канадзе і Мексіцы нашых Узброеных Сіл няма. Таму супакойцеся. Вы павінны прызнаць перад усёй сусветнай супольнасцю, калі ў вас ёсць сумленне, што вы прашляпілі, — вы вінавацілі Расію і Беларусь, што мы ўварвёмся ўчора ва Украіну. Не ўварваліся. Значыць, ваша разведка і мільярды долараў, якія вы траціце, нікчэмныя. Прызнайце хаця б гэта», — заявіў ён.

Па словах беларускага лідара, у самой Украіне, зразумеўшы, якімі эканамічнымі наступствамі пагражае ваенная істэрыя і нагнятанне абстаноўкі, сталі казаць, што вайны не будзе. «Гэта проста была клаўнада. І Захаду разам з кіраўніцтвам Украіны трэба прызнаць, што яны селі ў лужыну, мякка кажучы, зганьбіліся», — сказаў ён.

«Мэта адна — мір на Данбасе»

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што аб канфлікце ў паўднёва-ўсходняй частцы Украіны можна было б даўно забыцца, калі б таго хацела кіраўніцтва гэтай краіны. Ён падкрэсліў, што кажа пра гэта не як сведка, а як уцягнуты чалавек. «Калі б хацелі, усё б зрабілі. Што мы можам зрабіць? Ёсць Прэзідэнт Пуцін, ёсць Прэзідэнт Зяленскі. Усё, што яны захочуць, мы зробім. Мэта адна — мір на Данбасе, каб больш не гінулі людзі і не баяліся глядзець у неба. Мы гатовы зрабіць усё. Ад гэтага нікуды не падзецца», — заявіў беларускі лідар.

Журналісты пацікавіліся гатоўнасцю беларускага боку прызнаць ДНР і ЛНР. Некалькі дзён таму ў Дзяржаўную думу Расіі быў унесены праект звароту ніжняй палаты парламента да Прэзідэнта Уладзіміра Пуціна аб неабходнасці прызнання Расіяй самаабвешчаных ДНР і ЛНР. «Мы дамовімся з Пуціным, як нам зрабіць, каб было лепш для Расіі і для Беларусі. Але гэта будзе сумеснае рашэнне», — адказаў Аляксандр Лукашэнка. Таксама Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь акажа Расіі падтрымку, калі яна вырашыць прыйсці на дапамогу самаабвешачным рэспублікам. Таксама беларускі бок будзе гатовы падзяліцца апошнім кавалкам хлеба з пакутнікамі на Данбасе, з чарнігаўцамі і іншымі, каму будзе патрэбная дапамога.

«Наша армія знаходзіцца на вастрыі»

Адказваючы на пытанне журналіста аб верагоднасці стварэння расійскіх ваенных баз на тэрыторыі Беларусі, Прэзідэнт падкрэсліў: ён неаднаразова заяўляў аб адсутнасці такой неабходнасці. І падкрэсліў, што справа не толькі ў «не хочам ці баімся». З ваеннага пункту гледжання, гэтыя базы тут не патрэбны. Падчас вучэнняў было прадэманстравана, як літаральна за 10—12 дзён з Далёкага Усходу перакінулі вялізную колькасць войскаў і тэхнікі ў Беларусь. Акрамя таго, у рамках дагавора аб Саюзнай дзяржаве ёсць сумесная групоўка войскаў, у аснове якой — беларуская армія, гэта 65 тысяч чалавек, плюс можна мабілізаваць 200 тысяч чалавек і дадаць тэрытарыяльныя войскі, тады ў агульнай колькасці атрымаецца каля паўмільёна. «Заходнія часці Расійскай Федэрацыі нас падтрымаюць тут — гэта суткі — двое. Навошта тут траціць мільярды долараў і ствараць дадатковыя базы?» — задаў пытанне Прэзідэнт.

Ствараць базы Ваенна-паветраных сіл — гэта, на думку Аляксандра Лукашэнкі, увогуле поўнае глупства. «Перамяшчаць самалёты, верталёты і іншае і ставіць іх пад прыцэл да граніцы Саюзнай дзяржавы? Няма неабходнасці», — растлумачыў ён. Тое ж датычыцца і ракетных войскаў — яны, як і патрабуецца, сканцэнтраваны на тэрыторыі як Расіі, так і Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што паміж беларускім і расійскім бакамі дасягнутыя дамоўленасці аб стварэнні некалькіх навучальных цэнтраў для асваення сучаснай зброі. «Наша армія знаходзіцца на вастрыі, яна павінна валодаць самай сучаснай зброяй. Мы або яе будзем купляць, або расіяне нам будуць пастаўляць нешта за свой кошт, таму што армія агульная», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ужо створаны тры навучальныя цэнтры. У планах — стварэнне навучальнага цэнтра, дзе беларускія вайскоўцы пры дапамозе расійскіх калег будуць асвойваць «Іскандэры». Таксама ён дадаў, што Беларусь зацікаўлена, каб у Калінінградзе ці Мурманску рыхтавалі сваіх маракоў, якія потым будуць служыць у сумесных часцях.

У размове з журналістамі Прэзідэнт заявіў, што ядзерная зброя будзе размешчана ў Беларусі толькі ў выпадку пагроз з боку Захаду. «У выпадку неабходнасці, калі такія бязглуздыя, дурныя крокі зробяць нашы праціўнікі і сапернікі, мы размесцім не толькі ядзерную зброю, але яшчэ і звыш'ядзерную, перспектыўную, для таго каб абараніць сваю тэрыторыю», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу, што калі для Беларусі не будзе зыходзіць ніякіх пагроз з боку недружалюбных краін, то ядзерная зброя тут «100 гадоў не патрэбна».

Журналісты таксама пацікавіліся ўмовамі, пры якіх Аляксандр Лукашэнка гатовы пакінуць пасаду Прэзідэнта. «Калі калектыўны Захад, перш за ўсё амерыканцы, здымуць Беларусь з мушкі прыцэла і не стануць пераварочваць у нас тут усялякімі спосабамі, як было ў 2020 годзе, усё будзе законна, акуратна і будзе раней, чым вы хочаце ці яны хочуць», — адказаў беларускі лідар. Але, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, калі Захад працягне па-ранейшаму атакаваць Беларусь, ён будзе «вечным Прэзідэнтам».

Паводле прэс-службы Прэзідэнта

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».