Вы тут

Лялька як брэнд і «настаўнік» гісторыі


На Гомельшчыне на новай мове культурных зносін з турыстамі цяпер вучацца размаўляць жыхары Чачэрска. Гарадок на поўначы Гомельскай вобласці — амаль аднагодак Масквы, уваходзіць у папулярны турыстычны маршрут «Залатое кола Гомельшчыны». Вабяць турыстаў завітаць сюды — самы незвычайны будынак старажытнай ратушы ў Беларусі і ўнікальны помнік культуры і архітэктуры ў форме рымскага Пантэона — Спаса-Праабражэнская царква. Цяпер у Чачэрску знаёміць турыстаў з мясцовым каларытам імкнуцца праз народныя лялькі.


У раённым цэнтры рамёстваў, фальклору і этнаграфіі ў пачатку года першых наведвальнікаў прыняў «Музей беларускай лялькі». Ідэя яго стварэння нарадзілася з вялізнага жадання аднавіць чачэрскі народны строй, паказаць праз яго традыцыі раёна. За справу ўзяліся мясцовыя супрацоўнікі, майстрыхі народных мастацкіх рамёстваў. Пасля з'явілася ідэя ўвогуле праз вобразы лялек аднавіць выявы ўсіх беларускіх строяў. Сёння ў экспазіцыі больш за 100 прыгажунь ручной работы: лялькі-абярэгі, абрадавыя, а таксама мадэлі ў касцюмах народных строяў з розных рэгіёнаў Беларусі. Усе зробленыя сіламі супрацоўнікаў цэнтра. «Жывуць» лялькі ў пакоі, стылізаваным пад беларускую хату з печчу і покуццю.

Па словах дырэктара цэнтра Юліі Фенік, галоўная задача іх музея — перадаць, што лялька — гэта не проста выраб, а сусветны брэнд, які шануецца ва ўсіх кутках планеты. Адначасова гэта і агульны здабытак, і нешта патаемнае, з глыбінным сэнсам, які захоўвае асаблівасці пэўнай мясціны. Чачэрская экспазіцыя лялек стваралася на працягу года. Калекцыя, запэўніла кіраўнік цэнтра, будзе дапаўняцца:

— Гарнітуры народных строяў шылі па эскізах, якія прадстаўлены ў літаратуры. Лялек у народных вобразах стваралі шэсць майстроў раённага Цэнтра рамёстваў. Работа над адной лялькай у поўным народным строі займае каля месяца. Сёння нашы лялькі перадаюць 23 народныя строі розных рэгіёнаў Беларусі. Плануем зрабіць як мінімум яшчэ дзясятак лялек-мадэляў, — растлумачыла Юлія Фенік.

Асобную экспазіцыю ў музеі складаюць лялькі на абрадавую тэматыку. Адзін з сімвалічных экспанатаў — рукадзельнае дрэва жыцця з міні-лялькамі ў нацыянальных касцюмах. Побач увасабленне каляндарнага цыкла з абярэгамі. Тут і абаронца майстроў — лялька-дзесяціручка — адначасова і памагатая гаспадыні, якая паспявае ўсё зрабіць у хаце, пазаймацца дзецьмі, паклапаціцца па гаспадарцы.

— Беларускі касцюм вельмі разнастайны, прыгожы і сімвалічны, з асаблівым арнаментам, — тлумачыць майстар народных мастацкіх рамёстваў Святлана Латуціна.

Майстар упершыню прадставіла адноўлены гарнітур краснапольскага строю, да якога адносяць і Чачэршчыну, на выставах рамесніцкай творчасці абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Так да творчай дзейнасці чачэрскіх майстроў народных мастацкіх рамёстваў абудзіўся інтарэс — а з ім і матывацыя развівацца:

— У адноўленым гарнітуры краснапольскага строю прадстаўлялі сваю экспазіцыю лялек і на розных мерапрыемствах, фестывалях. Калі стваралі строй, лапці прыйшлося доўга шукаць, нейкія рэчы набывалі ў людзей, а вось фартух самі ткалі, кашуля таксама новая. Усё астатняе — аўтэнтычнае. Многае нам перадалі жыхары раёна, — падзялілася Святлана Латуціна.

Цікава распавядае чачэрская майстрыха і аб народным гарнітуры як своеасаблівым этнаграфічным пашпарце.

— Людзей з розных раёнаў можна было адрозніць па гарнітуры. Напрыклад, было два варыянты чачэрскага касцюма — гэта краснапольскі, чачэрскі строй XІX стагоддзя — святочны і штодзённы. Яны мелі свае адрозненні. Святочны — больш яркі, меў арнаменты, вышыўкі, дэкаратыўны каўнерык. Штодзённы прасцей. Прадугледжваліся і варыяцыі галаўных убораў. Для юнай дзяўчыны — вянок або абадок. Жанчыны насілі наміткі ці хусткі, што было прыкметай замужжа. Таксама вобраз складалі вышытая кашуля ці кашуля, спадніца і камізэлька, — тлумачыць Святлана Латуціна.

Кожны атрыбут, арнамент меў значэнне. Свая роля адводзілася фартуху.

— Ён быў з вышыўкай або вытканы ўзорамі. Сем'і аб'ядноўвалі не адно пакаленне жанчын. І ўсе займаліся касцюмамі, абшывалі сябе і мужчын. Вядома ж, дзяўчынак з ранняга ўзросту прывучалі да рамяства. І ў 13-14 гадоў малая стварала свой першы выраб — фартух. Па тым, як ён атрымаецца, ацэньвалася, наколькі ўмелая яна будзе надалей, — падкрэслівае захавальніца традыцый.

Між тым, канцэпцыю «Музея беларускай лялькі» чачэрскія майстрыхі бачаць куды шырэй, чым проста адлюстраванне рэалій жыцця папярэдніх пакаленняў жыхароў раёна і Беларусі ў цэлым.

— Мы імкнёмся расказаць моладзі аб традыцыях, растлумачыць глыбінныя сэнсы узораў, арнаментаў, асобных убораў народнага строю. Ставім для сябе задачу навучыць нашу моладзь рабіць лялькі ў народных строях, цікавіцца гісторыяй іх стварэння. Сёння ўпершыню, дзякуючы музею лялькі, мы арганізавалі ў раёне заняткі для школьнікаў. Дзеці могуць навучыцца рабіць ляльку, самастойна выткаць для яе народны ўбор, — адзначыла дырэктар цэнтра Юлія Фенік.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.