Вы тут

Маршрут запрашае. Куды паехаць у Год гістарычнай памяці?


З 2021 года ва ўсіх рэгіёнах краіны распачаты пілотныя праекты, накіраваныя на тое, каб прыцягнуць увагу да мясцін, якія раней турысты не адорвалі ўвагай. Ствараюцца новыя кластары, у абслугоўванне туріндустрыі ўцягваюцца разнастайныя ініцыятывы, нараджаюцца адметныя праекты і маршруты. З самымі цікавымі мы і пазнаёмім сёння сваіх чытачоў.


Валошкі падкажуць

Сёлета Віцебшчына збіраецца ўражваць гасцей самым-самым. Ці ведалі вы, што тут знаходзіцца адзіная ў Беларусі пячора, адзіныя вадаспад і плывучы востраў, самыя вялікія арэлі? Наша «паўночная губерня» прэтэндуе на званне самай фестывальнай вобласці, а яшчэ яна ўвайшла ў еўрапейскую сетку кулінарных аб'ектаў, таму тут чакаюць гасцей на майстар- класы, дзе можна павучыцца гатаваць аўтэнтычныя стравы.

А яшчэ Віцебшчына ператворыцца ў «Васільковы край». Менавіта так называецца пілотны праект, у які будзе ўцягнута 12 раёнаў вобласці з найбольш прывабным турпатэнцыялам.

Распрацоўваецца мабільны дадатак, на кавярнях, прыпынках, помніках будуць размяшчацца падказкі — валошкі, падарожнікам трэба толькі сканаваць QR-код, каб атрымаць інфармацыю пра аб'екты і маршруты. Таксама на прыпынках можна будзе азнаёміцца з картамі, дзе пазначаны найбліжэйшыя мясціны, помнікі, храмы. Такая навігацыя больш разлічана на індывідуальных турыстаў. Нават людзі, што будуць проста ехаць на адпачынак на азёры, змогуць на сваім шляху адкрываць дадатковыя звесткі пра рэгіён.

Распрацаваны ў вобласці і пазл-магніт, які можна сабраць, калі пакалясіць па ўсіх 12 раёнах «Васільковага краю» — у кожным з іх у інфармацыйна-турыстычных цэнтрах, музеях можна бясплатна атрымліваць дэталі. Таксама раёны такія ж пазлы распрацоўваюць па сваіх праграмах.

Падрастае змена

На Год гістарычнай памяці Магілёўшчына рыхтуе вялікую колькасць патрыятычных маршрутаў, да справы актыўна падключаюцца мясцовыя ўпраўленні адукацыі. У вобласці праведзены конкурсы, дзе школьнікі падзяліліся сваімі ідэямі арганізацыі падарожжаў па Прыдняпроўі. Ідэі прааналізаваны, скампанаваны і пакладзены ў маршруты, якія сапраўды вартыя таго, каб школы туды выправілі сваіх навучэнцаў. «Усходні рубеж», «Партызанскімі сцежкамі», «Абарона Магілёва» — самі назвы падказваюць, якую інфармацыю атрымаюць дзеці падчас такіх ваяжаў. Маршруты насычаны інтэрактывам, напрыклад, на ўзноўленым партызанскім лагеры дзяцей сустракаюць акцёры і з дапамогай інсцэніровак знаёмяць з рэальнымі гістарычнымі фактамі і партызанскімі аперацыямі.

Чыгірынскае вадасховішча.

У планах — арганізацыя падарожжа на цягніку Перамогі па дарозе Магілёў — Брэст з брэндзіраваннем вагонаў, падключэннем творчых калектываў. Па дарозе дзеці будуць спяваць песні ваенных гадоў, паўдзельнічаюць у мітынгу на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці. Таксама Магілёўшчына будзе чакаць юных гасцей з іншых куткоў Беларусі на Буйніцкім полі. Да іх далучацца мясцовыя школьнікі, і разам яны згадаюць гістарычныя падзеі, якія тут адбываліся.

У некаторых праграмах будуць задзейнічаны школьнікі, якія возьмуць на сябе часткі маршруту і самастойна правядуць экскурсіі для равеснікаў.

Адкрыццём для турыстаў на Магілёўшчыне можа стаць Чыгірынскае вадасховішча, менавіта з ім звязаны пілотны праект, які зараз актыўна развіваецца ў вобласці, тут плануецца стварыць эколага-турыстычны кластар «Чыгірынка».

Прапанова для мінчан і не толькі

Прыродны і культурны патэнцыял Міншчыны сапраўды ўражвае. У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў уключана 680 аб'ектаў вобласці, створана адпаведная інфраструктура: больш за 120 гасцініц і аналагічных сродкаў размяшчэння, 148 санаторна- курортных, аздараўленчых арганізацый, 31 паляўнічы комплекс, больш за 2 тысячы аб'ектаў грамадскага харчавання (з іх каля 200 — прыдарожны сэрвіс), больш за тысячу аграсядзіб, 24 музеі. Як паведаміў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінскаблвыканкама Уладзімір Губарэвіч, у вобласці ўдзяляецца вялікая ўвага развіццю турыстычнай галіны: толькі за апошнія пяць гадоў адкрыўся 301 аб'ект харчавання; распрацавана 477 турысцкіх і 560 экскурсійных маршрутаў, 90 зялёных. З мэтай прыцягнення турыстаў мадэрнізуюцца маршруты і экскурсіі. Распрацоўваюцца інклюзіўныя праграмы, праекты для школьнікаў.

Музей народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Строчыцы.

Натуральна, такая багатая інфраструктура і суседства са сталіцай паспрыялі зараджэнню і хуткай раскрутцы пілотнага праекта «Прысталічча». Ствараецца кластар, у які ўваходзяць аб'екты рознай формы ўласнасці. Да распрацоўкі эканамічнай мадэлі падключыліся Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, спартыўна-тэхнічнае таварыства ДАСААФ, гаспадары аграсядзіб. Ужо створаны лагатып і банеры з інфармацыяй пра турпатэнцыял «Прысталічча», якія будуць устанаўлівацца на Мінскай кальцавой. Літаральна пад бокам, у Мінскім раёне, для гасцей сталіцы будуць праводзіцца майстар-класы, экскурсіі, фестывалі, святы.

У госці да Белай чаплі

Прыпяцкае Палессе, бясспрэчна, — адзін з самых цікавых, але пакуль яшчэ недастаткова раскручаных рэгіёнаў Брэстчыны. Ён уключае Лунінецкі, Драгічынскі, Іванаўскі раёны і горад Пінск — і ўсюды турыстаў гатовы ўражваць гісторыяй, самабытнай культурай, традыцыямі. Стварэнне сістэмы маршрутаў і інфармацыйнай структуры, якія дазволяць у гэты рэгіён прыцягнуць турыстаў, і стала мэтай абласнога пілотнага праекта. Начальнік аддзела турызму ўпраўлення спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама Алена Космач паведаміла, што ў вобласці плануецца стварыць турыстычныя інфармацыйныя цэнтры на базе краязнаўчых музеяў, асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый, цэнтраў турызму і краязнаўства. У Пінскім раёне ўжо пачалася работа па стварэнні турыстычнага кластара «Белая чапля», распрацоўваецца сайт і мабільныя дадаткі для падарожнікаў.

Інтэрнэт у дапамогу

Сучасныя тэхналогіі могуць зрабіць пазнавальнымі не толькі ў Беларусі, нават у свеце, і невялікія гарады Беларусі. Так, у Кобрыне была створана турыстычная платформа, якая не проста знаёміць з гісторыка-культурнай спадчынай і пазнавальным патэнцыялам горада і раёна, але і аўтаматычна выбудоўвае графікі і паказвае, якія аб'екты найбольш зацікавілі гасцей, з якіх краін сюды зазіралі наведвальнікі і колькі часу патрэбна на тое, каб паспець паглядзець пэўныя мясціны.

За два гады, што дзейнічае праект, створаны інтэрактыўныя карты і аўдыягіды, віртуальны тур, адсканаваны архіўныя дакументы. Для паляпшэння старых фатаграфій, якія дрэнна захаваліся, была распрацавана свая нейронная сетка, якая паляпшае здымкі і дазваляе чорна-белыя кадры пераводзіць у колер. На помніках у горадзе размешчаны QR-коды, што дазваляюць атрымаць цікавыя звесткі. Кіраўнік турыстычнага праекта «Пазнай Кобрын» настаўнік матэматыкі сярэдняй школы №6 Віктар Лагвіновіч заўважыў, што вялікая ўвага аддавалася стварэнню якасных фота і відэаматэрыялаў. Ён упэўнены, што толькі якасныя малюнкі прыцягваюць прыехаць паглядзець пэўныя мясціны. Таксама вяртаецца памяць пра знакамітых выхадцаў з Кобрыншчыны, як вынік — прыязджалі нават групы турыстаў, якіх цікавіць спадчына пэўных вучоных. У гэтым годзе запланавана міжнародная анлайн-канферэнцыя (пандэмія не дазваляе наладзіць сустрэчу ўжывую), якая збярэ вядомых матэматыкаў з усяго свету.

На сёння гэты самы маштабны праект у Беларусі, прысвечаны асобнаму рэгіёну — з колькасцю наведвальнікаў 4 тысячы ў дзень! Дзякуючы сацыяльным сеткам (паўмільёна падпісчыкаў) аўдыторыя праекта ў разы перавышае колькасць жыхароў Кобрына. На базе навігацыйнага турыстычнага партала можна рабіць інтэрнэт-прадукты, прысвечаныя іншым рэгіёнам.

Імпульс патрыятызму

На Гомельшчыне вялікая ўвага ўдзяляецца выхаванню дзяцей і моладзі. Менавіта на гэту катэгорыю распрацоўваюцца разнастайныя маршруты, аб'яднаныя пілотным праектам «Патрыятычны імпульс». У яго межах праведзена і рэканструкцыя партызанскай крынічкі — месца, дзе ў гады вайны базіраваўся партызанскі атрад. У суботніках па добраўпарадкаванні мясцін памяці і славы былі задзейнічаны сотні чалавек.

У праграме для дзяцей і моладзі — наведванне мемарыялаў Гомеля, алеі герояў, дзе па QR-кодах выводзяцца звесткі і фатаграфіі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, мемарыяла Ала, дзе былі забіты 1758 чалавек, мясцін баёў за Днепр. Тут асобную праграму ладзіць Лоеўскі музей.

Помнік на месцы былога канцлагера Азарычы.

Развіваецца маршрут «Па дарозе памяці і смутку», які знаёміць з трагедыяй канцлагера Азарычы. Плануецца, што на маршруце будзе зроблена маркіроўка. Каб звесткі пра жахлівыя падзеі маглі атрымліваць не толькі арганізаваныя групы турыстаў, але і тыя, хто наведвае гэтыя мясціны самастойна. Па перыметры лагера плануецца ўзвесці вартавыя вежы, каб узнавіць атмасферу кутка, дзе гінулі жанчыны, дзеці і старыя.

Ва ўсіх абласцях краіны надаецца вялікае значэнне навігацыі турыстаў, якія з-за пандэміі вырашаюць падарожнічаць толькі з самымі блізкімі. Сярод абласцей, якія ўжо вельмі шмат зрабілі для таго, каб забяспечыць турыста неабходнай інфармацыяй, — Гродзенская. Актыўна ствараюцца інфармацыйныя цэнтры, пункты, усталёўваюцца знакі, ствараюцца мабільныя гіды і дадаткі, якія дазволяць турыстам атрымаць інфармацыю пра аб'екты размяшчэння і харчавання. Гэта паспрыяла таму, што колькасць сем'яў і спантанных падарожнікаў, якія наведваюць рэгіён, стала павялічвацца.

Унёсак у раскрыццё турыстычнага патэнцыялу краіны і выхаванне падрастаючага пакалення павінны зрабіць і школьныя падарожжы. Як паведаміла дырэктар дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Ірына Варановіч, падпісана пастанова аб субсідзіраванні паездак для старэйшых школьнікаў.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Спорт

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Пра сваё спартыўнае мінулае і цяперашняе наш герой расказаў «Звяздзе».

Культура

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Наша размова ішла пра ўспрыманне спадчыны Песняра і падыходы да яе захавання.