Вы тут

Самыя топавыя (дарагія і танныя) кватэры сталіцы і іншых буйных гарадоў краіны


Рынак нерухомасці ў мінулым годзе прынёс нямала сюрпрызаў і здзівіў нават вопытных экспертаў. За апошнія 10 гадоў ён стаў рэкордным па колькасці здзелак. А цяпер мы разбярэмся, у якіх раёнах Мінска, ды і ў іншых гарадах краіны ў 2021-м былі прададзеныя самыя дарагія (танныя) кватэры.


Інфармацыя аб самых дарагіх кватэрах, якія былі прададзеныя ў мінулым годзе, змяшчаецца ў аналітычных даных Нацыянальнага кадастравага агенцтва Дзяржкамітэта па маёмасці Беларусі. Мы выбралі тройку самых-самых.

Калі сталіца «кусаецца»

Як вядома, кошт жылля ў Мінску залежыць ад многіх фактараў, адзін з якіх — месцазнаходжанне. Такім чынам, кошт квадратнага метра кватэры вагаецца ад эканом-класа (1065 долараў) і дасягае ў некаторых раёнах класа «прэстыж» (1625 долараў). Мы ж прывыклі выкарыстоўваць сярэднюю цану квадратнага метра, якая сёння роўная 1300 доларам. Аднак у класе «прэстыж» існуе падклас, так званае супердарагое жыллё.

Заўважу, што мы выбіралі лепшую кватэру, зыходзячы з максімальных абсалютных сум продажу, а не з тых варыянтаў з максімальнай цаной квадратнага метра.

Такім чынам, самая дарагая кватэра 2021 года знаходзіцца ў доме на вуліцы Чэхава, 3. Гэта цагляны васьміпавярховік у раёне вуліцы Грыбаедава недалёка ад стэлы. Тут за пяціпакаёвую кватэру плошчай 231,6 квадратнага метра заплацілі 532,68 тысячы долараў (каля 2,3 тысячы долараў за метр). Жыллё знаходзіцца на чацвёртым паверсе. Кватэра прададзеная рэальнай сям’і, таму нічога больш мы пра яе казаць не будзем.

Другая па кошце кватэра мінулага года знаходзіцца ў доме «Ля Траецкага» на вуліцы Старажоўскай, 6. Гэтую 24-павярхоўку тут у 2012 годзе пабудавала кампанія «Трайпл», падкантрольная самага ўплывовага на той момант бізнесмэна Беларусі. Гэтая кватэра і па метражы і па колькасці пакояў больш першай. У выніку за шасціпакаёвую кватэру плошчай 249,5 квадратнага метра заплацілі 530 тысяч долараў (каля 2 124 долары за метр). Жыллё знаходзіцца на 19-м паверсе.

«Бронзу» ад пакупнікоў атрымала кватэра, якая знаходзіцца ў жыллёвым кааператыве на вуліцы Кісялёва, 17. Гэта маналітная васьміпавярхоўка, якую спачатку будаваў асуджаны за махлярства адзін бізнесмен, а потым дабудоўваў горад. Здалі яго ў канцы 2016 года. Тут за кватэру плошчай 165,7 квадратнага метра заплацілі 442,8 тысячы долараў (каля 2672 долараў за метр). Жыллё знаходзіцца на восьмым паверсе. Гэтая кватэра, па цане квадратнага метра, мабыць, будзе самая дарагая. Гэта і не дзіўна, бо яна прадавалася гатовая да засялення, а мэбля там шыкоўная.

У горадзе нават ёсць ТОП-20 танных кватэр

У якім раёне Мінска самыя недарагое жыллё? Правільна, самыя танныя кватэры, калі казаць аб адміністрацыйных раёнах, на паўднёвым усходзе — у Заводскім раёне. Калі разглядаць па мікрараёнах, то гэта Чыжоўка, Шабаны, а таксама Дражня, Навінкі і Курасоўшчына, дзе за квадратны метр аддаюць у сярэднім тысячу долараў.

Ёсць у Заводскім раёне адна зусім танная кватэра па вуліцы Ахоцкая. Плошча жылля дастатковая для аднапакаёвай — каля 40 метраў. Вось толькі ўмовы пражывання не зусім сталічныя. Кватэра ў блакіраваным жылым доме. Дом са шлакабету. Газ і вада — цэнтральныя, каналізацыя мясцовая. Бойлер. Ацяпленне — газавае (кацёл). Асобны ўваход, гараж, абгароджаная тэрыторыя прылеглага ўчастка. Цана аб’екта — да 28 тысяч долараў.

Астатнія варыянты прададзеных топавых кватэр падобныя адзін на аднаго, як браты- блізняты. Аднапакаёвыя кватэры па вуліцы Убарэвіча, Кіжаватава, Лермантава, Сяліцкага і іншыя, былі прададзеныя ў межах 40 тысяч долараў. Жыллё мае плошчу ад 33 да 40 квадратных метраў. Ёсць у топах і двухпакаёвыя кватэры з плошчай да 44 «квадратаў», прадаваліся яны за 45 тысяч долараў.

Трох — і чатырохпакаёвыя кватэры ў не зусім ліквідных раёнах прадаваліся ў мінулым годзе (падобнае прадаюцца і цяпер) па цане «квадрата» ўжо ніжэй тысячы долараў. Напрыклад, трохпакаёвая кватэра на Убарэвіча з рацыянальнай планіроўкай, дзе вокны выходзяць на розныя бакі дома. Стан кватэры звычайны. Шклопакеты, корпусная кухня, уваходныя металічная дзверы, дамафон. Ёсць склеп. Гэтае жыллё агульнай плошчай 62 квадратныя метры было прададзена за 59 тысяч долараў.

Рэгіёны рванулі за сталіцай

Сёння ў рэгіёнах сітуацыя вельмі суадносная з Мінскам. Там колькасць здзелак з кватэрамі за год прыкметна перавысіла ўзровень 2020 года ва ўсіх буйных гарадах краіны. Істотней за ўсё продажы ў 2021 годзе выраслі ў Віцебску (+36 %), Полацку (+31 %), Магілёве (+25 %) і Мазыры (+25 %). Адзіным буйным горадам, які скончыў год нават горш, чым крызісны 2020, стаў Салігорск. Тут колькасць здзелак было ніжэй, чым у мінулым годзе на 11 %.

Сярэднія цэны квадратнага метра выраслі за год практычна ва ўсіх буйных гарадах Беларусі. Мацней за ўсё — у Пінску (+10 %), Наваполацку (+8 %) і Мазыры (+8 %). Зніжэнне адзначалася толькі ў 4 з 17 гарадоў: Салігорску (-8 %), Бабруйску ( −2 %), Віцебску (-1 %) і Брэсце (-1 %).

Жыллё ў горадзе над Бугам цяпер даражэе

Паводле даных Нацыянальнага кадастравага агенцтва, цана квадратнага метра ў кватэрах практычна ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі ў два разы ніжэй, чым у сталіцы. Прычым самае дарагое жыллё застаецца ў Брэсце, а адносна танную нерухомасць можна купіць у Віцебску.

Па выніках 2021 года квадратны метр у Брэсце каштаваў 710 долараў. Пасля падзення коштаў у 2020 годзе, калі «квадрат» патаннеў з 740 да 700 долараў, у мінулым годзе намецілася тэндэнцыя да росту. Павялічылася і колькасць здзелак па куплі-продажы кватэр. Па годзе іх было здзейснена на 20 % больш. Абарот на рынку шматкватэрнай нерухомасці Брэста за паўгоддзе 2021 года склаў 28,7 мільёнаў долараў, калі 92 % нерухомасці было прададзена на другасным рынку, 8 % — на першасным.

Самыя дарагія кватэры Брэста (па даных НКА):

  • за 104,5 тысяч долараў была прададзеная трохпакаёвая кватэра на вуліцы Халтурына (плошча 143,5 квадратных метра);
  • амаль 85 тысяч долараў аддалі за трохпакаёвую кватэру па вуліцы Гогаля (плошча 67,6 квадратных метраў);
  • па гэтай жа вуліцы была прададзеная трэцяя па цане шматпакаёвых кватэра за 83,9 тысячы долараў.

Заўважу, што супердарагія кватэры на другасным рынку прадаюцца не толькі ў беларускай сталіцы, але і за яе межамі. Напрыклад, на некаторыя жылыя аб’екты цэны дасягаюць чвэрці мільёна долараў, зрэшты, не ўсе з іх з’яўляюцца эксклюзівам.

Напрыклад, у пошуку пакупніка знаходзіцца цяпер пяціпакаёвая кватэра ў цэнтры горада з «індывідуальным дызайнерскім рашэннем». З мінулага года самае дарагое жыллё ў горадзе над Бугам прадаецца за 634 477 рублёў або 249 тысяч долараў. Гэта кватэра на першым паверсе цаглянай васьміпавярхоўкі 2002 года пабудовы, у цэнтры горада, на вуліцы Энгельса. Паведамляецца, што цокаль дома высокі, а бонусам ідзе ціхі спакойны двор і развітая інфраструктура — харчовая крама, аптэка, школа, дзіцячы садок, паліклініка, рынак, басейн, спартыўны комплекс і парк.

Агульная плошча жылля — 182,4 «квадрата», жылая — 127, кухня — больш за 12 метраў. У пакоях шматузроўневыя нацяжныя столі, іх вышыня 2,75 метра. Адзначаецца, што ў кватэры ўсталяваныя польскія шклопакеты, з панарамных вокнаў па розных баках адкрываецца від на наваколле. На ўваходзе ў кватэру ўсталяваны металічныя дзверы, міжпакаёвыя — з масіву ясеню. Тры пакоі ізаляваныя, вылучаныя зоны для гасцявой і сталовай, ёсць дзве зашклёныя лоджыі і два санвузлы. Купляй і жыві. Былі б грошы.

У Віцебску — самае даступнае жыллё, але не ўсё…

Цана квадратнага метра ў кватэрах гэтага горада ў мінулым годзе ледзь знізілася і склала 540 долараў, але ў той жа час рынак нерухомасці дэманструе ажыўленне. Віцебск стаў лідарам па колькасці здзелак куплі-продажу сярод абласных цэнтраў. Абарот за паўгоддзе 2021 года склаў 28,1 мільёнаў долараў, а па выніках года можа стаць рэкордным з 2017 года.

Як і ў Брэсце, у Віцебску дамінуе другасны рынак: на першасным было здзейснена ўсяго 18 % здзелак ад агульнай колькасці.

Сярод самых дарагіх кватэр Віцебска адна з іх плошчай больш за 151 «квадрата» па вуліцы Калініна была прададзеная за 100 тысяч долараў. Другое месца заняла трохпакаёвая кватэра плошчай 89,8 квадратнага метра, па вуліцы Чарняхоўскага. Пакупнік заплаціў за яе 94,7 тысячы долараў. Замыкае тройку лідэраў чатырохпакаёвая кватэра па вуліцы Шрадэра. Гэта жыллё плошчай 121 квадратны метр прададзена за 89,3 тысячы долараў.

Цяпер у пошуках пакупніка дарагая кватэра кшталту «а раптам?» За 573 323 рублёў або 225 тысяч долараў прадаецца пяціпакаёвая кватэра ў гістарычным цэнтры Віцебска — на вуліцы Камісара Крылова, у двухпавярховым цагляным будынку 1890 года пабудовы, які прадстаўляе гістарычную каштоўнасць. Жыллё размешчана на другім паверсе. Яго агульная плошча — 100 «квадратаў», жылая — 80, ёсць дзесяціметровая кухня. Вышыня столяў 3,3 метра, ёсць два санвузлы, а вось балкона ў кватэры няма. Падлога драўляная, а аздабленне толькі будаўнічае. Дадаткова ёсць мэбля. Адзначаецца, што побач з домам — рака, храмы, тэатр, рэстараны і кафэ, парк, кінатэатр, супермаркет і ГЦ.

Новыя кватэры Гродна

У адрозненне ад астатніх абласных цэнтраў, дзе на першасным рынку здзяйсняецца ў межах 10 % здзелак, у Гродне доля першаснага рынку нерухомасці складае 24 %. Па цане квадратнага метра ў кватэрах Гродна хоць і саступае Брэсту, але прыкметна пераўзыходзіць астатнія абласныя цэнтры — 630 долараў. Такая цана трымаецца ўжо досыць доўга — з сярэдзіны 2020 года.

Гэты рэгіён далёка не з танных, але ўсё ж у мінулым годзе тут не рэгістраваліся апартаменты, кошт у якіх большы чым за 100 тысяч. А лідарам продажаў стала трохпакаёвая кватэра на вуліцы Дзяржынскага (плошча — 74,8 квадратнага метра), якую прадалі за 89,2 тысячы долараў. Другое месца заняла чатырохпакаёвая кватэра на праспекце Янкі Купалы, (плошча — 112,6 квадратнага метра) і коштам 82,6 тысячы долараў. Замыкае тройку трохпакаёвая кватэра па вуліцы Паўднёвая з плошчай 67 квадратных метры. Жыллё прададзена за 77,6 тысяч долараў. Мы разгледзелі кватэры, што ўжо прададзеныя. Там, дзе яшчэ прадаюцца, усё нашмат цікавей.

Рэкорд па цане сярод прадаваемых кватэр у абласных цэнтрах належыць менавіта Гродна. За 738 949 рублёў або 290 тысяч долараў тут прадаецца трохузроўневая пяціпакаёвая кватэра ў гістарычным цэнтры на вуліцы Карла Маркса. Да галоўнай плошчы горада — усяго сто метраў. Жыллё размешчана ў цагляным доме 1876 года пабудовы.

Агульная плошча кватэры з трохметровымі столямі — амаль 148 «квадратаў», жылая — крыху больш за 89, кухня — амаль 16 метраў. Ёсць тры санвузлы, балкон, вялікі склеп. Адзначаецца, што ў кватэры зроблены арыгінальны рамонт, на падлозе выкладзены дубовы паркет, ёсць мэбля і ўбудаваная тэхніка, два кандыцыянеры. На кожным паверсе —відэадамафон. З кватэры ёсць асобны выхад ва ўласны акультураны двор, абнесены плотам ад галоўных вуліц горада, маецца свая паркоўка.

У Магілёве ажывіўся рынак нерухомасці

Цана квадратнага метра ў Магілёве не змяняўся з пачатку 2021 года і складае 570 долараў, а вось аб’ём продажаў жылля вырас за год амаль на 25 %.

Першай кватэрай года сталі трохпакаёвыя апартаменты па вуліцы Якубоўскага (плошча — 86,1 квадратнага метра). Яе прадалі за 86,6 тысячы долараў. Значна саступае ёй у цане кватэра па вуліцы Левая Дубравенка (плошча — 96,3 «квадрата»), якая пайшла за 68,5 тысячы долараў. Замыкае тройку кватэра па вуліцы Якубоўскага, з плошчай 84 квадратныя метры — прададзеная за 65,7 тысячы долараў.

Гэта так, кветачкі, бо не прададзеная кватэра з трыма лоджыямі. Такім чынам, у цэнтры Магілёва, на праспекце Міру за 345 600 рублёў або 135 тысяч долараў прадаюць чатырохпакаёвую кватэру агульнай плошчай 146,4 квадратнага метра. Нерухомасць знаходзіцца на сёмым паверсе цаглянага дзесяціпавярховага дома. Жылыя пакоі займаюць крыху больш за 76 «квадратаў», кухня вялікая — амаль 15 метраў. Ёсць тры зашклёныя лоджыі. Санвузел у кватэры сумешчаны. У кватэры ўстаноўлены шклопакеты, металічныя ўваходныя дзверы, на падлозе — ламінат. У санвузлах імпартная сантэхніка, выкладзеная сучасная плітка.

У Гомелі каціруецца другаснае жыллё

А вось цана квадратнага метра ў гомельскіх кватэрах на 10 долараў вышэй, чым у віцебскіх — 550. І гэта цана ў другім па насельніцтве горадзе Беларусі практычна не мяняецца апошнія чатыры гады. Дарэчы, Гомелю належыць антырэкорд па колькасці здзелак на першасным рынку — іх усяго 5 %.

Фіналісты дарагіх кватэр Гомеля не дацягваюць нават да 80 тысяч «зялёных». А лідарам стала трохпакаёвая кватэра па вуліцы Барадзіна (плошча — 68,2 квадратнага метра) за 72,3 тысячы долараў. За 69,9 тысячы долараў была прададзеная шматпакаёвая кватэра па вуліцы Артылерыйская, (плошча — 87 квадратнага метра). Ледзь танней, за 68,8 тысячы долараў была прададзеная трохпакаёвая кватэра па вуліцы Пенязькова.

Ёсць у Гомелі нерухомасць і даражэйшая. У перспектыве. Чатырохпакаёвая кватэра прадаецца ў комплексе «Сонечны» за 637 025 рублёў або 250 тысяч долараў.

Адзначым: аб’ект знаходзіцца практычна на ўскраіне горада. Жыллё размешчана на чацвёртым і пятым паверхах дзевяціпавярховага цаглянага дома 1996-га года пабудовы. У пад’ездзе знаходзіцца консьерж. Агульная плошча кватэры — 141,7 «квадратаў», жылая — 85, кухня — больш за 10 метраў. Вышыня столяў звычайная — два з паловай метры. Ёсць дзве зашклёныя лоджыі з аздабленнем вагонкай, два санвузлы.

Да ведама

Абсалютна ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі самымі папулярнымі з’яўляюцца двухпакаёвыя кватэры. У агульным аб’ёме здзелак іх доля складае ад 39 % (Гродна, Брэст) да 43 % (Гомель). На другім месцы па папулярнасці — аднапакаёвыя кватэры (34 % ад агульнага ліку здзелак у Гродне і Віцебску, 38 % — у Магілёве). У той жа час у Мінску найбольш папулярныя менавіта аднапакаёвыя кватэры (50 % здзелак), а двухпакаёвыя займаюць другое месца (31 %).

Сяргей КУРКАЧ

Фота: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Спорт

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Пра сваё спартыўнае мінулае і цяперашняе наш герой расказаў «Звяздзе».

Культура

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Наша размова ішла пра ўспрыманне спадчыны Песняра і падыходы да яе захавання.