Яшчэ адзін дзень Алімпійскіх гульняў не прынёс беларускім спартсменаў медалёў. Наперадзе яшчэ тры дні алімпійскіх стартаў, а значыць тры шанцы выправіць становішча.
Канькабежны спорт. Сёння былі разыграны медалі на дыстанцыі 1000 метраў у жанчын. Планавалася, што на старт выйдуць дзве беларускія спартсменкі — Ганна Ніфантава і Кацярына Слоева. Але Ганна Ніфантава на трэніроўцы атрымала траўму калена. У спаборніцтвах удзельнічала толькі Кацярына Слоева. У выніковым пратаколе яна заняла 21-е месца з 30 магчымых. Але сваім выступленнем спартсменка задаволеная.
«Нядрэнны час. 1 хвіліна 16,83 секунды гэта мой асабісты рэкорд на раўнінным катку. Так, ёсць яшчэ над чым папрацаваць у наступным сезоне. Спадзяюся, сканцэнтруюся на падрыхтоўцы менавіта на 1000 метраў і 1500 метраў. Асабліва гэта датычыцца тысячы: трэба дадаць у хуткасна-сілавых кампанентах. Канешне, камандную гонку таксама хачу бегаць. Выступаць на ўсіх дыстанцыях — гэта, можа быць, добра, але вельмі шмат сіл сыходзіць. Алімпіяда для мяне стала дэбютнай, і я вельмі задаволена, што змагла адабрацца і выступіць у Пекіне», — падзялілася Кацярына ў інтэрв’ю прэс-службе НАК Беларусі.
Перамогу на дыстанцыі 1000 метраў атрымала японка Міха Такагі. Яе вынік — 1 хв. 13,19 сек. — новы алімпійскі рэкорд. На другім месцы — Юта Лердам з Нідэрландаў і амерыканка Брытані Боу.
Фігурнае катанне. Адзіная прадстаўніца Беларусі ў жаночым адзіночным катанні Вікторыя Сафонава размясцілася на 13-м радку выніковага пратакола. За адвольную праграму яна атрымала 123,37 бала. Па суме дзвюх праграм Вікторыя набрала 184,83 бала.
«Шчаслівая, што была сярод удзельнікаў Алімпійскіх гульняў. Выступала на пазітыве і вельмі рада, што змагла адкатаць добра адвольную праграму і годна прадставіць Беларусь у фігурным катанні на галоўных стартах чатырохгоддзя», — падзялілася Вікторыя.
Алімпійскай чэмпіёнкай стала расіянка Ганна Шчарбакова, якая па суме дзвюх праграм мае 255,95 бала. Сярэбраны прызёр — расіянка Аляксандра Трусава (251,73), а бронза дасталася японцы Каоры Сакамота (233,13).
Яшчэ адна расіянка Каміла Валіева, якая ўсю алімпіяду была ў цэнтры скандалу, не справілася з нервамі і дапусціла шэраг памылак. У выніку 224,09 бала і чацвёртае месца.
Гарналыжны спорт. Прадстаўніца Швейцарыі Мішэль Гізін стала алімпійскай чэмпіёнкай у камбінацыі (хуткасны спуск+слалам). Гэта другое алімпійскае золата ў гэтай дысцыпліне ў кар’еры Мішэль. Другое месца сёння заняла яшчэ адна швейцарка Вендзі Хольдэнер, якая адстала ад пераможцы на 1,05 секунды. А бронзу вырвала італьянка Федэрыка Брыньёне (1,85).
Фрыстайл. Шведская спартсменка Сандра Неслунд перамагла ў дысцыпліне скі-кросс. Другое месца ў фінале заняла канадка Марыэль Томпсан. А бронзу вырвала немка Даніэла Маер.
Планы на пятніцу. Беларускія біятланісты зноў уступяць у барацьбу за алімпійскія медалі. Гэтым разам — у мас-стартце. Спаборніцтвы для Дзінары Алімбекавай і Ганны Солы пачнуцца ў 10.00 па беларускім часе. У 12.00 будзе выступаць Антон Смольскі. Для беларускіх біятланістаў гэта апошні шанец стаць прызёрамі Пекіна-2022.
Ігнат Галавацюк у канькабежным спорце выйдзе на дыстанцыю 1000 метраў. Пачатак — у 11.30.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота: БелТА
«Пакупнікам прапануюць прадукцыю ад розных вытворцаў».
Закуліссе адкрытага сэрца.
Век жыві — век вучыся.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.