Вы тут

Лукашэнка: Мы не пахіснёмся перад нейкімі складанасцямі, цяжкасцямі і праблемамі


Аб чым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін гаварылі на сённішніх перагаворах у Крамлі.


Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін адзначыў, што сустрэчы двух лідараў праходзяць рэгулярна, але сёлета гэта першая вочная сустрэча і добрая магчымасць, каб зверыць гадзіннікі па многіх пазіцыях.

«Нам трэба, вельмі важна цяпер у пачатку года, настроіцца такім чынам, каб супрацьстаяць усякаму эканамічнаму ціску. Як супраць нас, так і супраць вас. Нам складаней з гэтымі санкцыямі. Таму я хацеў бы і Вас праінфармаваць па гэтым пытанні», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што галоўнае — не зніжаць тэмпы супрацоўніцтва, якія былі набраны ў мінулым годзе: «Як вы правільна сказалі, развіццё эканомікі ўжо сведчыць аб тым, што нічога ў іх (апанентаў у свеце. — Зв.) не атрымаецца. Задушыць яны ніяк нас не змогуць. Думаю, мы дамовімся аб тым, каб надаць большую тут дынаміку».

У цэлым кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што эканоміка як у Беларусі, так і ў Расіі ў мінулым годзе нядрэнна развівалася, але, вядома, адчуваюцца інфляцыйныя выклікі. «Калі б не гэтыя знешнія фактары, перш за ўсё інфляцыйныя, якія падкідваюць з боку... Ад іх нікуды не падзецца. Я бачу, і ў Расіі, і ў Беларусі мы стараемся, наколькі гэта магчыма ў рынкавых умовах, супрацьдзейнічаць інфляцыі. Гэта не так проста», — адзначыў беларускі лідар.

Гаворачы аб ваенна-палітычным спектры пытанняў, Прэзідэнт адзначыў: «Ён сёння сіламі нашых заходніх партнёраў выйшаў на лідзіруючыя пазіцыі. Нам даводзіцца рэагаваць і ў плане нашых вучэнняў ваенных, і дыпламатыі. Думаю, і тут таксама ў іх наўрад ці нешта атрымаецца. Яны першы раўнд вельмі моцна прайгралі. Сёння ўжо, гляджу, выходзяць на другі раўнд. Палохаючы ўвесь свет, што заўтра мы нападзём на Украіну, акружым, знішчым і гэтак далей. Хоць і ў планах ніколі ў нас, колькі мы ні абмяркоўвалі гэтыя пытанні, не было. Але вучыць людзей ваяваць мы будзем (гаворка аб правядзенні вучэнняў і вайсковай падрыхтоўцы. — Зв.), нікуды ад гэтага не дзенешся».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што напярэдадні наведаў беларуска-расійскія вучэнні «Саюзная рашучасць — 2022» — паглядзеў і расійскія, і беларускія падраздзяленні. «Шмат было замежнікаў, журналістаў. Вельмі ўражліва. Як казалі, заўтра, калі ўсё будзе нармальна, мы пабудзем з вамі на цікавым мерапрыемстве. Паўдзельнічаем у гэтых мерапрыемствах. Гэта таксама наша жыццё, людзей нашых — беларусаў і расіян», — сказаў ён.

Сілай зламаць Беларусь не атрымаецца

Ужо па выніках сустрэчы ў Маскве лідары краін далі высокую ацэнку вучэнням «Саюзная рашучасць — 2022», актыўная фаза якіх працягнецца ў Беларусі да 20 лютага. «Павінен канстатаваць, што гэтыя вучэнні маюць выключна абарончы характар і нікому не пагражаюць», — сказаў Уладзімір Пуцін.

Сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Расіі прайшла на фоне беспрэцэдэнтнага нагнятання ваенна-палітычнай напружанасці ў свеце, заявіў журналістам Аляксандр Лукашэнка. «Улічваючы вастрыню сітуацыі, сёння мы з Прэзідэнтам шмат увагі ўдзялілі менавіта гэтай праблематыцы і абмеркавалі нашы магчымыя сумесныя дзеянні як адказ на агрэсіўныя паводзіны заходніх партнёраў, — сказаў беларускі лідар. — Яшчэ раз хачу падкрэсліць: ніхто не хоча не проста вайны, але нават абвастрэння сітуацыі, нейкіх канфліктаў. Нам гэта не трэба — ні расіянам, ні беларусам».

«Мы не хочам вайны, але калі камусьці няймецца, то адказ будзе зусім асіметрычным. Напэўна, усе ў свеце гэта разумеюць. І ў гэтым напрамку, абараняючы бяспеку сваіх народаў і свае дзяржавы, мы будзем дзейнічаць адэкватна», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

«Уладзімір Уладзіміравіч заўважыў, я абсалютна з ім згодны: нас спрабуюць разарваць, развесці, і не толькі Расію і Беларусь, але ўсе тыя дзяржавы, якія настроены на яднанне. Гэта таксама не той шлях, нічога не атрымаецца. Казахстан — таму сведчанне. Мы гэта цэнім», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Шанцы гэтых людзей сілай зламаць Беларусь нікчэмныя. І ўсё далей і далей яны будуць больш нікчэмныя. Нічога ў іх не атрымаецца», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што абвінавачанні беларускіх улад у дыктатуры і ціску на крытыкуючых уладу — усяго толькі нагода націснуць на дзяржаву. «Гэта казка. Нікога ніхто не цкуе, не прыцясняе. Мы проста адэкватна рэагуем на тых, каго яны падштурхоўваюць да дзяржаўнага перавароту ў Беларусі», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Беларусь будзе будаваць свой порт пад Санкт-Пецярбургам

Аб гэтым па выніках перагавораў заявіў Аляксандр Лукашэнка. «Я ўдзячны Уладзіміру Уладзіміравічу за тое, што ён непасрэдна аддаў каманды, як я папрасіў. Нам патрэбны порт. У парушэнне міжнародных пагадненняў нам закрылі тыя дарогі і шляхі, парты, дзе мы працавалі. А гэта нельга: калі дзяржава не мае выхаду да мора, ніхто не мае права закрыць гэты шлях, калі ты маеш выхад да мора. Гэта парушэнне. Прэзідэнт Расіі аддаў распараджэнне (я яго папрасіў, каб дапамаглі нам расіяне: не было цяганіны, бюракратыі; справа не ў грашах, грошы на гэта ёсць), каб мы пад Піцерам маглі пабудаваць свой порт і перавальваць мільёны тон грузаў там, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Пры мне былі аддадзены распараджэнні, каб неадкладна гэтае будаўніцтва пачалося».

«І мы будзем грузіць на працягу года-паўтара (не ведаю, колькі: пасол займаўся гэтым пытаннем) там гэтыя мільёны тон грузаў. Але калі мы ўжо сыдзем з Украіны, Літвы, якая на 30 % фарміравала свой бюджэт за кошт нашага транзіту, мы туды не вернемся. Таму мы вытрымаем», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт перакананы, што Захад і ў далейшым будзе ўсяляк спрабаваць ціснуць на Беларусь і Расію, шукаць нагоду для развязвання эканамічнай вайны. «Якая б ні была сітуацыя, санкцыі — гэта і момант магчымасцяў. І галоўнае — гэта імпартазамяшчэнне. Мы ўсё роўна выйдзем з гэтай сітуацыі нават па самых адчувальных для нас, беларусаў і, перш за ўсё, расіян, самых сучасных і сур’ёзных тэхналогіях. Мы ўмеем рабіць усё», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.-

«Мы, вядома, ужо навучыліся супрацьстаяць гэтым санкцыям, умацаваліся. Мы гэта канстатавалі, тавараабарот паміж намі аб гэтым сведчыць. Але, тым не менш, мы вымушаны вельмі шмат увагі ўдзяляць процідзеянню санкцыйнаму ціску, і мы аб гэтым сёння вельмі шмат казалі, — сказаў беларускі лідар. — Таму што гэта эканамічны бандытызм, спроба навязаць нам эканамічную вайну, а яна ўжо развязана супраць нас, яна нам дорага каштуе».

«Дарэчы, не менш, а то і значна больш пацерпяць тыя, хто ў санкцыйнай вайне палез на перадавую», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Рэферэндум правядзём годна

«Натуральна, я праінфармаваў Прэзідэнта Расіі аб тым, як Беларусь рыхтуецца да найважнейшай палітычнай падзеі — канстытуцыйнага рэферэндуму. Мы правядзём яго годна ў адпаведнасці з інтарэсамі беларускага народа, і гэта не будзе ніяк супярэчыць адносінам з нашай брацкай Расіяй», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Захад актыўна спрабуе рукамі нашых „збеглых“ калі не дэстабілізаваць, то хаця б расхістаць сітуацыю ў краіне. Там, праўда, даўно ўжо ніхто не цешыць сябе ілюзіямі паўтору жніўня 2020 года», — дадаў ён.

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што сумеснымі намаганнямі Беларусь і Расія здолеюць пераадолець самыя складаныя сітуацыі, супрацьстаяць любым выклікам і пагрозам, пабудаваць агульную будучыню. «І няхай нават ніхто не разлічвае, што мы пахіснёмся перад нейкімі складанасцямі, цяжкасцямі і праблемамі», — канстатаваў беларускі лідар.

Размова двух лідараў працягнулася ў нефармальнай абстаноўцы. Заўтра Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка паўдзельнічаюць у мерапрыемствах па ваенным супрацоўніцтве.

Паводле БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».