Вы тут

Спартыўныя сэрцы саграваюць зімовую Алімпіяду


У вялікім спорце прынцып «галоўнае не перамога, а ўдзел» гучыць як своеасаблівы здзек. Лагічна, што спартсмены працуюць на мяжы чалавечых магчымасцяў, ахвяруюць асабістым жыццём, сціраюць далоні ў кроў зусім не дзеля турыстычнай паездкі ў алімпійскую сталіцу. Але ёсць людзі, для якіх выступленне на Алімпійскіх гульнях — ужо перамога і вялікі поспех. Для гэтага яны пераадольваюць геаграфічныя межы, хваробы, недавер блізкіх і стэрэтапы. Асабліва гэта відаць на зімовых алімпіядах, дзе з кожным разам становіцца ўсё больш прадстаўнікоў краін, якія не ведаюць пра зіму. Гульні ў Пекіне выключэннем не сталі.


Насуперак усяму 

Сярэдняя тэмпература на працягу года ў Пуэрта-рыка вагаецца ад +22 да 29 градусаў. Лыжы і іншыя зімовыя спартыўныя прылады большасць насельніцтва ўжывую ніколі не бачылі. Але бачылі па тэлебачанні. Спартсмены гэтай паўднёвай краіны ўдзельнічалі ў пяці зімовых Алімпійскіх гульнях, прадстаўляючы краіну ў розныя гады ў біятлоне, горных лыжах, фрыстайле, бабслеі. Зімовыя Гульні ў Пекіне сталі шостымі ў спартыўнай гісторыі Пуэрта-Рыка. 

Прадстаўніку гэтай краіны ў алімпійскім Пекіне Уільяму Флаэрці 17 гадоў, ён выступае ў гарналыжным спорце. На шляху да Алімпіяды ён прайшоў столькі, колькі іншы чалавек не праходзіць за ўсё жыццё. Калі Уільяму было тры гады, урачы паставілі яму страшны дыягназ. Настолькі страшны, что дактары сказалі бацькам «Маліцеся, каб гэта быў рак» — расказвала маці спартсмена Энні ў інтэрв’ю. У хлопчыка дыягнаставалі гемафагацытарны лімфагістыяцытоз. Гэта рэдкае захворванне, пры якім імунная сістэма «злуецца» на араганізм і пачынае забіваць унутраныя органы. У хлопчыка пацярпелі печань і касцяны мозг. Урачы давалі яму 10 працэнтаў шанцу на выжыванне. Лячэнне складалася з вялікіх доз антыбіётыкаў, стэроідаў і хіміятэрапіі. Ад перадазіроўкі лекаў у Уільма адмовілі ныркі, справа ледзь не дайшла да трансплантацыі. Шанцам на выздараўленне стала перасадка коснага мозгу, донарам стаў родны брат хлочыка Чарльз. 

Працэс рэабілітацыі быў не менш складаным, чым лячэнне і заняло некалькі гадоў. Але хвароба цалкам не адступіла, з’явіліся скаліёз, праблемы з кішэчнікам і дабраякасныя пухліны. Імунная сістэма Уільяма працуе толькі на трэць сваіх магчымасцяў. Таму нават звычайная прастуда для яго вельмі небяспечная. 

Калі хлопчыку было шэсць гадоў, сям’я пераехала ў Пуэрта-Рыка. Прыйшлося прывыкаць да новай культуры і быту. Бацькі разумелі, што для якаснай рэабілітацыі патрэбная фізічная актыўнасць. Так Уільям разам з братам Чарльзам сталі катацца на лыжах. Чарльз прадстаўляў Пуэрта-Рыка на Алімпійскіх гульнях у 2018 годзе. Тады ж марай аб Гульнях загарэўся і Уільям. 

Лагічна, што базы для гарналыжнага спорту ў Пуэрта-Рыка не было. Бацька хлопчыкаў сам пабудаваў усю інфраструктуру для падрыхтоўкі і стварыў лыжную федэрацыю Пуэрт-Рыка. Мэтанакіравана да Алімпійскіх гульняў Уільям рыхтуецца ў трэніровачным лагеры Маўнт Худ у ЗША. Жыццё на дзве краіны і спартыўны графік не перашкаджае яму вучыцца ў школе і рыхтавацца да паступлення ў коледж. У планах спартсмена — кар’ера ў SpaceX, NASA або Boeing — Уілу падабаецца аэракасмічная інжынерыя.

Свае алімпійскія шанцы Уільям Флаэрці ацэньвае аб’ектыўна. «Я ведаю, што мне не свецяць медалі, але я ўжо сем гадоў трэніруюся, і калі не гатовы цяпер, то калі наогул буду?», — адзначаў Уільям у інтэрв’ю. 

Гісторыя Уільяма Флаэрці — зусім не пра спартыўныя перамогі. Яна пра самую галоўную перамогу — над лёсам і над абставінамі. 

Гарачыя зімовыя эмоцыі

Цырымонія адкрыцця Алімпійскіх гульняў у Пекіне была насычаная яркімі момантамі. А самым яркім спартсменам на гэтай цырымоніі стаў Натан Крамптан, прадстаўнік Амерыканскага Самаа. Сцяг сваёй краіны ён нёс у нацыянальным касцюме і з адкрытым торсам. А выступае незвычайны спартсмен у скелетоне. 

Нарадзіўся Натан у Кеніі, дзе правёў дзяцінства, затым сям’я пераехала ў Аўстралію, затым — у ЗША. Крамптан вучыўся ў прэстыжным Прынстанскім універсітэце, дзе актыўна займаўся спортам. Яго марай быў удзел у Алімпійскіх гульнях, для гэтага ён стаў займацца скелетонам і нават уваходзіў у зборную ЗША па гэтым відзе спорту. З-за канфлікту з кіраўнікамі, Натан выбіраў іншую краіну, за якую мог бы выступаць. Алімпійскі камітэт Амерыканскага Самаа яму дапамог. 

Для адбору ў Пекін яму хапіла 26-га месца ў рэйтынгу Федэрацыі скелетона і бабслея ў перадалімпійскім сезоне. Для Амерыканскага Самаа Алімпіяда 2022 — першая зімовая алімпіяда з 1994 года. 

Натан Крамптан стане першым атлетам у гісторыі, які за год выступіць на дзвюх алімпіядах. Мінулым летам ён выступаў у Токіа — бег 100 метраў. «Гэта вялікі гонар — адабрацца на зімовыя Алімпійскія гульні. На іх я буду прадстаўляць не толькі Амерыканскае Самаа, але і цэлы ціхаакіянскі рэгіён, які рэдка ўдзельнічае ў зімовых Алімпіядах», — кажа Крамптан. 

Не чэмпіён, але першы

Алімпійскія гульні ў Пекіне сталі першымі зімовымі гульнямі для Саўдаўскай Аравіі. На галоўных стартах краіну прадстаўляе гарналыжнік Файік Абдзі. На лыжах ён катаецца з чатырох гадоў, навучыла мама. Файік удасканальваў сваё лыжнае майстэрства ў Аўстрыі, Францыі, Італіі, Швейцарыі, Швецыі. 

Саўдаўская Аравія — краіна пустынная і належных умоў для гарналыжнага спорту не мае. Але для свайго спартсмена забяспечыла ўсе ўмовы. Дапамагла нават прырода. У студзені 2022 года на гары Джабаль-эль-Лаўз выпаў густы снег, дзе і трэніраваліся лыжнікі. За права паехаць у Пекін Файік Абдзі спаборнічаў са сваім калегам Салманам Аль-Хавейш. Па сістэме квот Саўдаўская Аравія магла адправіць на Гульні толькі аднаго спартсмена. Выбар паў на карысць Файіка. Няважна, якім будзе яго выступленне, сваю спартыўную гісторыю ён ужо зрабіў. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.