Вы тут

«Мова і кніга ў сучасным беларускім грамадстве»


Напярэдадні Дня роднай мовы, які традыцыйна адзначаецца 21 лютага, прадстаўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі агучылі вынікі сацыялагічнага даследавання па тэме «Мова і кніга ў сучасным беларускім грамадстве».


Фота: pexels.com

— Мова і кніга з'яўляюцца традыцыйнымі сімваламі культуры. І мы як сацыёлагі не можам не цікавіцца лёсам і станам гэтых сімвалаў у розныя перыяды гісторыі. Што датычыцца кнігі і чытання, выбару беларускіх чытачоў, то мы вывучалі дадзенае пытанне ўжо не першы раз. Нядаўняе апытанне праводзілі сёлета на працягу студзеня-лютага з удзелам 900 рэспандэнтаў ад 18 гадоў і старэйшымі людзьмі з мэтай высветліць: хто і што сёння чытае, наколькі часта тое робіць і які фармат кнігі для гэтага выбірае, што ўплывае на выбар літаратуры, якая доля ў гэтым прыпадае на беларускамоўную літаратуру і айчынных аўтараў, — адзначыў намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Дзмітрый Бязнюк.

Апытанне праводзілі ў фармаце тэлефонных размоў па Мінску, абласных гарадах, раённых і сельскіх населеных пунктах. Напрыклад, у рэспандэнтаў цікавіліся, ці могуць яны свабодна размаўляць і чытаць па-беларуску, і на гэта 63, 8 % адказалі сцвярджальна. Прычым тут, як кажуць сацыёлагі, ёсць невялікая разбежка паміж людзьмі з сярэдняй і вышэйшай адукацыяй. Сярэднюю мае 52 % тых, хто даў станоўчы адказ, а вышэйшую — 68 %. Калі казаць пра чытанне на мове, то робяць гэта 51,2 % апытаных.

Штодзённае чытанне больш характэрнае для людзей сярэдняга і старэйшага ўзросту, чым для моладзі. А вось калі спыніцца на выбары беларускіх аўтараў для чытання, то ў лік найбольш запатрабаваных увайшлі (прычым пытанне было адкрытае, і рэспандэнты самі пісалі адказ): Якуб Колас (20,9 %), Іван Шамякін (16,8 %), Янка Купала (15,9 %), Васіль Быкаў (14,9 %), Уладзімір Караткевіч (13,4 %), Іван Мележ (8,2 %), Максім Багдановіч (3,8 %).

У сваю чаргу дырэктар філіяла «Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы» Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Іван Саверчанка акрэсліў сітуацыю з тым, што сёння робіцца на дзяржаўным узроўні і сіламі акадэмічных колаў для захавання і пашырэння беларускай мовы.

— У нашай краіне шмат робіцца і дзяржавай, і творчымі людзьмі, і акадэмічнымі супрацоўнікамі для развіцця беларускай мовы, для пашырэння яе ў грамадстве і сярод нашых суайчыннікаў за мяжой. Напрыклад, калі гаварыць пра сферу, дзе я працую, у акадэмічным інстытуце, то магу адзначыць, што беларуская літаратурная мова становіцца ўсё больш пашыранай. Яна карыстаецца павагай у навуковым асяроддзі. Мноства навуковых манаграфій, артыкулаў, часопісаў выходзяць на сучаснай беларускай мове. Вельмі цешыць і тое, што большасць твораў мастацкіх прозы, паэзіі, публіцыстыкі, драматургіі ў нашай краіне таксама друкуюцца па-беларуску. Дзяржава падтрымлівае нашы літаратурныя часопісы «Полымя», «Маладосць», «Роднае слова» і г. д. Словам, вельмі радасна ад таго, што прадстаўнікі не толькі гуманітарнай навукі (гісторыкі, культуролагі, філосафы) выступаюць у друку і выпускаюць свае манаграфіі на беларускай мове, але і вучоныя, што працуюць у галіне медыцыны, біялагічных, тэхнічных навук. Многія ў тым ліку і курсы свае ў ВНУ чытаюць на беларускай мове, — дзеліцца Іван Саверчанка. — Сёння беларуская мова становіцца і сярод славянскіх, і сярод еўрапейскіх народаў роўнай сярод роўных. І пачуваецца такой. Калі 20—30 гадоў мы марылі пра такі стан, то сёння гэта ўжо рэальнасць. І мы спакойна пра гэта гаворым. Але тое не значыць, што мы павінны змяншаць нашы намаганні і працу. Наадварот, мы павінны падтрымліваць і працягваць працаваць у гэтым кірунку. Бо толькі сістэмная дзейнасць у гэтым пытанні здольна забяспечыць устойлівае развіццё духоўнай і культурнай сферы.

Вучоны таксама агучыў прапанову, што ў Год гістарычнай памяці было б дарэчна выдаць беларускамоўную серыю навукова-папулярных кніг па гісторыі Беларусі. А таксама стварыць парталы, прысвечаныя беларускім класікам, партал з помнікамі беларускага пісьменства, дзе са зместам твораў маглі б пазнаёміцца не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсім свеце.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.