Вы тут

Індустрыяльнае сэрца Мінска — Заводскі раён


Прадукцыя прамысловых гігантаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Заводскага раёна сталіцы, добра ведаюць у многіх краінах свету. Але сёння гэтая муніцыпальная адзінка знакамітая і іншымі аб'ектамі. Напрыклад, жыхары раёна ганарацца тым, што на пляцоўцы «Чыжоўка-Арэна» адбыліся гульні чэмпіянату свету па хакеі. Ну, а чым яшчэ знакаміты Заводскі раён, карэспандэнту «Звязды» расказаў кіраўнік адміністрацыі раёна Сяргей Масляк.


— Сяргей Міхайлавіч, Заводскі раён па праве лічыцца індустрыяльным цэнтрам сталіцы. У той жа час ён з'яўляецца адным з найстарэйшых муніцыпальных утварэнняў Мінска. Якія, на ваш погляд, найбольш значныя вехі біяграфіі раёна можна вылучыць?

— У паўднёва-ўсходняй частцы ўскраіны Мінска, якая да 1923 года называлася Архіерэйскім гаем, або Чырвоным урочышчам, горад пачаў размяшчаць прамысловыя прадпрыемствы, а разам з імі раслі і жылыя кварталы. 17 сакавіка 1938 года, улічваючы значны рост насельніцтва г. Мінска прынята пастанова аб арганізацыі ў горадзе трох гарадскіх раёнаў: Сталінскага, Варашылаўскага і Кагановіцкага.

Найбольш інтэнсіўна Сталінскі раён пачаў развівацца з 1944 года. Пасля Вялікай Айчыннай вайны тут было вырашана стварыць прамысловы цэнтр сталіцы. У Мінску, які адраджаўся, быў узяты курс не столькі на аднаўленне даваенных прадпрыемстваў, колькі на стварэнне новых галін прамысловасці, значных не толькі для Беларусі, але і для ўсяго Савецкага Саюза. Першы аўтамабільны гігант у СССР — МАЗ — у канцы 40-х гадоў XX стагоддзя і стаў цэнтрам Сталінскага раёна.

2 лістапада 1961 года ўказам Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР Сталінскі раён быў перайменаваны ў Заводскі. Раён размешчаны ў паўднёва-ўсходняй частцы горада Мінска.

— Якую ролю ў эканоміцы горада, ды і краіны ў цэлым адыгрываюць флагманы беларускай індустрыі і іншыя прадпрыемствы, размешчаныя на тэрыторыі Заводскага раёна?

— Прамысловы комплекс раёна прадстаўлены 43 прамысловымі прадпрыемствамі, якімі штогод вырабляецца прадукцыі на суму больш за 2,9 млрд рублёў, што ў аб'ёмах Мінска складае 18,7 %.

Сёння раён з'яўляецца адным з найбуйнейшых не толькі ў Мінску, але і ў краіне па аб'ёмах прамысловай вытворчасці. У раёне размешчаны такія гіганты індустрыі, як ААТ «Мінскі аўтамабільны завод» — кіруючая кампанія холдынга «БЕЛАЎТАМАЗ», ААТ «Мінскі завод колавых цягачоў», ААТ «Мінскі падшыпнікавы завод», ТАА «Завод аўтамабільных прычэпаў і кузаваў «МАЗ-Купава», ААТ «Мінскжалезабетон», ААТ «Мінскдрэў», ААТ «Гармалзавод № 2», ААТ «МАЗ-МАН» і іншыя. Размешчана свабодная эканамічная зона плошчай 2791,5 га і 108 рэзідэнтаў.

Аўтамабілі грузавыя, цягачы седлавыя, пазадарожная аўтатэхніка, аўтобусы, падшыпнікі, прадукцыя дрэваапрацоўкі, медпрэпараты, жалезабетонныя вырабы, малако і малакапрадукты, машыны для ліцейнай вытворчасці, прычапная тэхніка, вытворчасць воданагравальных і ацяпляльных агрэгатаў, цепларэгулятараў, гандлёвага і халадзільнага абсталявання, паліграфічная прадукцыя, мэбля, натуральныя сокі — далёка не ўсе віды прадукцыі, якія выпускаюцца на прадпрыемствах Заводскага раёна.

Прадукцыя ўнікальная і не мае аналагаў не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Дзякуючы сваім тэхнічным характарыстыкам, якасці і высокай канкурэнтаздольнасці яна шырока вядомая ў краінах СНД і далёкага замежжа.

Так, напрыклад, СТАА «Гейм Стрым» з'яўляецца адным з вядучых распрацоўшчыкаў праграмнага забеспячэння інтэлектуальных сістэм у інтэрнэце.

Адным з лідараў айчыннай фарміндустрыі з'яўляецца УП «Мінскінтэркапс». Місія УП «Мінскінтэркапс» — забеспячэнне спажыўцоў эфектыўнымі, якаснымі і бяспечнымі лекавымі сродкамі, даступнымі для ўсіх пластоў насельніцтва. У 2017 годзе прадпрыемства было адзначана званнем «Найлепшы экспарцёр года» ў намінацыі «Вытворчасць тавараў, прызначаных для лячэння і рэабілітацыі».

Прадпрыемствы раёна падтрымліваюць знешнеэканамічныя сувязі са 109 краінамі свету. Толькі за 2021 год асвоена 20 новых рынкаў.

Сёння нам ёсць чым ганарыцца — працаўнікі раёна на працягу некалькіх гадоў выконваюць прагнозныя паказчыкі. Забяспечаны рост заработнай платы, тэмп росту — 112,2 працэнта.

— Як сёння ў раёне развіваецца сацыяльная сфера? Наколькі інтэнсіўна ідзе будаўніцтва жылля?

— У Заводскім раёне створаны ўсе неабходныя ўмовы для аховы здароўя, прафілактыкі захворванняў, прапаганды здаровага ладу жыцця. Для аказання медыцынскай дапамогі ў раёне функцыянуе сем паліклінік (чатыры дарослыя, тры дзіцячыя), адна стаматалагічная паліклініка, падстанцыя хуткай медыцынскай дапамогі, тры бальніцы, два дыспансеры і хоспіс.

У 2016 годзе ў 5-й гарадской клінічнай бальніцы ўведзены ў строй новы сучасны радзільны дом, самы вялікі ў Мінску, у якім створаны камфортныя ўмовы знаходжання для маці і нованароджаных. У 2017 годзе 10-я гарадская клінічная бальніца аснашчана магнітна-рэзанансным тамографам экспертнага класа.

У сістэму адукацыі раёна таксама ўваходзяць 68 дашкольных устаноў, 27 агульнаадукацыйных школ, спецыяльная агульнаадукацыйная школа для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, тры гімназіі, адна пачатковая школа, дапаможная школа-інтэрнат.

За мінулы перыяд 2021 года на тэрыторыі раёна ўведзена ў эксплуатацыю 98 146 квадратных метраў жылля, што складае 111 % ад даведзенага задання па ўводзе жылля (10 шматкватэрных жылых дамоў, або 1508 кватэр, і індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва).

— Людзям патрэбна не толькі праца, але і належны адпачынак. Дзе і як у Заводскім раёне можна з карысцю правесці вольны час?

— Вольны час навучэнцы, жыхары і госці раёна могуць правесці ў трох пазашкольных установах адукацыі: Палац дзяцей і моладзі «Золак», Палац дзяцей і моладзі «Арыён», Фізкультурна-спартыўны цэнтр дзяцей і моладзі.

Вялікая ўвага ў Заводскім раёне ўдзяляецца развіццю спорту і фізічнай культуры. На тэрыторыі раёна размяшчаецца больш за 380 розных спартыўных збудаванняў, тры стадыёны, два стралковыя ціры, 82 спартыўныя залы, пяць плавальных басейнаў, 175 спартыўных пляцовак, мабільны каток і іншыя аб'екты. З 2019 года функцыянуе басейн «Волат» у мікрараёне Шабаны. 7 лістапада 2013 года адбылося афіцыйнае адкрыццё шматфункцыянальнага культурна-спартыўнага і забаўляльнага комплексу «Чыжоўка-Арэна».

Тэрыторыя раёна з кожным годам папаўняецца рознымі спартыўнымі аб'ектамі. Так, напрыклад, 10 верасня 2021 го-
да да Дня горада Мінска была ўведзена ў эксплуатацыю зона адпачынку «Спёка», што ўключае спартыўныя пляцоўкі: міні-футбольную, валейбольную, пляцоўку для стрытбола, гімнастычны комплекс.

Сёння Заводскі раён — гэта яшчэ і месца адпачынку гараджан і гасцей сталіцы.

Асаблівы гонар — першы і адзіны ў Мінску заапарк, гісторыя якога пачынаецца з МАЗа. Ён з'яўляецца ўнікальным музеем жывой прыроды, домам для больш чым дзвюх тысяч прадстаўнікоў жывёльнага свету. Калекцыя налічвае больш як 450 відаў экзатычных жывёл і рэдкіх прадстаўнікой фаўны Беларусі.

У 2022 годзе плануецца прадоўжыць добраўпарадкаванне ўздоўж вуліцы Карзюкі ў напрамку Ленінскага раёна г. Мінска з мэтай злучэння і закальцоўкі ўсяго прагулачнага маршруту вакол Чыжоўскага вадасховішча. Калі першая частка зоны адпачынку «Спёка» была напоўнена элементамі для актыўнага правядзення часу, то другая будзе мець характар прагулачнай зоны з экалагічным ухілам. Тут з'явіцца пляцоўка для назірання за птушкамі, інфармацыйныя стэнды аб флоры і фаўне Чыжоўскага вадасховішча, месцы для рыбнай лоўлі.

У Парку 900-годдзя горада Мінска размешчана лыжаролерная траса працягласцю 2,2 км. Працягласць заснежанай трасы — каля 2 км, таксама маюцца падзелы для круга на 700 м і 1300 км. На тэрыторыі Заводскага раёна размешчаны і функцыянуюць чатыры штучна створаныя горкі.

Слаўнае мінулае і сучаснасць раёна — залог яго наступнага дынамічнага развіцця. Сёння Заводскі раён па праве з'яўляецца сапраўдным лакаматывам развіцця, падмуркам удасканалення, мостам сяброўства, палітрай натхнення, кірмашом адкрыццяў!

Сяргей РУЧАНАЎ

Фота з архіва адміністрацыі Заводскага раёна Мінска

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.