Вы тут

Алімпійскі дзённік. Ганна Гуськова: «Гульні аказаліся выдатнымі»


Развітвацца з Алімпійскімі Гульнямі, канешне, сумна, але як радасна сустракаць алімпійскіх медалістаў дома. У Мінск прыляцела сярэбраны прызёр алімпіяды, фрыстайлістка Ганна Гуськова. У VIP-зале аэрапорта яе сустракалі прадстаўнікі НАК Беларусі, міністэрства спорту і турызму, родныя, аматары і, канешне, журналісты, з якімі Ганна падзялілася сваімі ўражаннямі.


«Змешаныя пачуцці, і прыемныя, і нечаканыя, быццам у космасе знаходжуся. Вельмі задаволена, што Алімпіяда завяршылася для мяне добра, таму зараз са спакойнай душой можна некалькі дзён адпачыць і ўсвядоміць усё тое, што адбылося ў Пекіне. Так, на спаборніцтвах было складана, але Гульні ў цэлым аказаліся выдатнымі, схіл — проста шыкоўны, ды і наогул усё было класна», — расказала Ганна.

Удзельнікаў алімпіяды на трываласць правярала і кітайская надвор’е. Як падкрэсліла Ганна Гуськова, было вар’яцка холадна, але дапамагаў адрэналін, які пастаянна прысутнічаў у крыві. Не абышлося, канешне, і без дадатковых аксесуараў: грэлак для рук і ног, якія таксама ратавалі ад марозу. Надвор’е нават унесла карэктывы ў расклад спаборніцтваў. Кваліфікацыя і фінал жаночых спаборніцтваў па лыжнай акрабатыцы прайшлі ў адзін дзень з розніцай у некалькі гадзін.

 

«Паўторна настроіцца на кваліфікацыю было нескладана, трэба проста не завастраць на такія рэчы ўвагі. Да таго ж усіх нас вельмі падтрымлівалі трэнеры, але самую галоўную ўстаноўку я дала сама сабе. На каранавірусныя абмежаванні і адсутнасць гледачоў я таксама ўвагі не звяртала, была цалкам сканцэнтравана на спаборніцтвах. Тым не менш падтрымка ўсё роўна вельмі моцна адчувалася, вялікі дзякуй усім, хто перажываў і хварэў», — падзялілася сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў.

На гэтых Гульнях быў правераны новы фармат правядзення кваліфікацыі, замест аднаго скачка спартсмены выконвалі два. Ганна Гуськова знайшла новы фармат зручным і цікавым, паколькі ён дае яшчэ адзін шанц прайсці далей. Спартсменка мяркуе, што дзякуючы гэтаму, яна і прайшла ў шасцёрку найлепшых.

«За маёй спіной былі ўжо дзве Алімпіяды, пасля першай я разумела, што зрабіла не так, і на двух наступных ужо свядома ішла да сваёй мэты. Было выдатна пайсці ва-банк, ані не шкадую, што прыняла такое рашэнне», — успамінае Ганна свой вырашальны скачок. У Пекін алімпійская чэмпіёнка 2018 году ехала, вядома, за золатам. Але, у лёсу былі свае планы. «Серабро для мяне — гэта таксама перамога. Я вельмі рада за абедзвюх дзяўчынак, якія стаялі на п’дэстале гонару разам са мной, у прыватнасці за Сю Меньтао, якая доўга ішла да гэтага золата. Вырашаць было не нам, але я ўсё роўна вельмі задаволеная сваім вынікам», — дзеліцца Ганна.

Доўга адпачываць на лаўрах Ганна Гуськова не плануе. Наперадзе — два Кубку свету. Цяпер яна збіраецца максімальна абмежаваць канкты, хочацца яшчэ заваяваць медалі да канца сезону.

А вось пра настпную Алімпіяду Ганна кажа менш упэўнена: «Пабачым. Думаю, што буду ўдзельнічаць. Але пакуль не магу сказаць дакладна».

А тым часам у Пекіне беларускія канькабежцы працягваюць свае выступленні. Марына Зуева заняла 7-е месца ў фінале алімпійскага мас-старту.

Фінальны забег беларуская спартсменка пачала нядрэнна і здолела зарабіць 4 заліковыя балы. Аднак потым Зуева збавіла абароты і ў выніковым пратаколе апынулася на 7-й пазіцыі сярод 17 удзельніц вырашальнага забегу.

Чэмпіёнскі тытул заваявала нідэрландская канькабежка Ірэн Схаўтэн, серабро выйграла канадская спартсменка Івані Блондэн, бронзавай медалісткай стала італьянка Франчэска Лалабрыджыда.

У мужчынскім забегу з масавым стартам Ігнат Галавацюк у паўфінале заняў 13-е месца і не ўвайшоў у лік 16 удзельнікаў фіналу.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.