Вы тут

Агляд часопіса: Студзеньскі «Нёман»


Наклады літаратурна-мастацкіх часопісаў сёння невысокія. У «Нёмана», які выходзіць на рускай мове, напрыклад, — 660 экзэмпляраў. І таму, відавочна, ёсць чытачы і ў нашай «Звязды», якія яшчэ да нядаўняга часу цікавіліся і «Нёманам», а зараз па розных прычынах не з’яўляюцца падпісчыкамі часопіса. Мо ў такім разе, калі даведаюцца пра яго змест, зазірнуць у адну з бібліятэк, пашукаюць студзеньскі «Нёман»..?


У першым, студзеньскім, нумары выдання па традыцыі самым прадстаўнічым з’яўляецца раздзел мастацкі, які знаёміць з прозай і паэзіяй сучасных беларускіх пісьменнікаў. Адкрывае «Нёман» падборка навэл Георгія Марчука, якому, нагадваем, у сёлетнім студзені споўнілася 75 гадоў. Далей ідуць вершы Анатоля Аўруціна. Падборка завяршаецца надзіва сімпатычным і шчымлівым вершам «Бабушка». Сяргей Трахімёнак знаёміць чытача з кінараманам «Принцип слабого звена». У перакладзе з беларускай мовы, здзейсненым Лізаветай Палеес, друкуюцца вершы лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міхася Башлакова. Паэт пільна ўзіраецца ў сённяшні час: «На забытом заросшем погосте,/ Где акация в буйном цвету,/ Я блуждаю непрошеным гостем,/ Раздвигая рукой лебеду...» Не пакідаюць раўнадушным і кароткія апавяданні Вікторыі Сінюк, аб’яднаныя ў падборку агульнай назвай — «Мелодыя санаціны». Яшчэ часопіс прапаноўвае знаёмства з вершамі Сяргея Неўгеня. 

У першым нумары «Нёмана» — два новых праекты. Адзін — «Малады перакладчык». Разам з Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэтам рэдакцыя часопіса збірае вакол сябе сілы маладых перакладчыкаў з розных моў і прапануе ўвазе іх творчыя спробы пераўвасабленняў на рускую мову мастацкіх тэкстаў, напісаных на іншых мовах. Пераклады здзейснены з мовы арыгінала. А другі праект --- аўтарская рубрыка публіцысткі Юліі Андрэевай «Другое дыханне». І першая публікацыя ў ёй з назвай красамоўнай: «Людзі і кавід». 
Напрыканцы нумара — артыкулы кітайскага аспіранта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта Цзі Хэхэ «Беларуская ідэнтычнасць: Уладзіміра Кігн-Дзедлаў і літаратурных герояў»; Кірыла Ладуцькі «Барыс Забораў: паміж мінулым і будучыняй»; рэцэнзія Віталя Сіненкі на кнігу Н. Саветнай «Затаенное слово» («Нельга забыць»), развагі Інэсы Марозавай «Паэтычныя сэнсы Уладзіміра Мазго» пра новую кнігу таленавітага творцы «Знічкі вечнасці». 

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.