Вы тут

На паражэннях вучацца, а поспехамі натхняюцца. Падводзім вынікі Алімпійскіх гульняў


У чашы Нацыянальнага алімпійскага стадыёна ў Пекіне патух алімпійскі агонь. ХХХІІ зімовыя Алімпійскія гульні афіцыйна сталі гісторыяй. Цяпер трэба гэта асэнсаваць, прааналізаваць, зрабіць вывады і рухацца далей. Беларускаму спорту неабходна зрабіць дэталёвую работу над памылкамі. У актыве нашых спартсменаў толькі два сярэбраныя медалі. Упершыню з Алімпіяды ў Турыне 2006 года беларусы не заваявалі «золата». Што ж, спорт — гэта не толькі перамогі...


Антон Смольскі.

Лідарам медальнага заліку на цяперашніх Гульнях стала каманда Нарвегіі. Спартсмены гэтай краіны заваявалі 37 медалёў, сярод якіх 16 залатых. На другім месцы ў медальным заліку — Германія з 27 узнагародамі, з якіх 12 — залатыя. А замыкае тройку лідараў Кітай: гаспадары алімпіяды сабралі 15 медалёў, з іх 9 — найвышэйшай пробы. Два беларускія медалі дазволілі нашым спартсменам размясціцца толькі на 24-й пазіцыі. І хоць колькасці медалёў гэтым разам радавацца не прайшлося, вельмі парадавала іх якасць.

Залатое «серабро»

«Серабро» Антона Смольскага ў біятлоннай індывідуальнай гонцы — першы алімпійскі медаль для мужчынскай зборнай Беларусі з 2010 года. Тады на Гульнях у Ванкуверы Сяргей Новікаў таксама стаў другім у індывідуальнай гонцы, падзяліўшы «серабро» з легендарным Уле-Эйнарам Б'ёрндаленам. Дзякуючы намаганням Антона Смольскага, беларускія біятланісты не парушылі сваю традыцыю з кожнай Алімпіяды вяртацца з медалём. Праўда, усе прывыклі, што ўзнагароды збіраюць жанчыны. А вось гэтай традыцыі ў Пекіне прыйшлося спыніцца, прычым за крок да п'едэстала.

Дзінара Алімбекава ў індывідуальнай гонцы стала толькі пятай. Яна ўпэўнена прайшла гонку ў 15 кіламетраў, але дапусціла адзіны промах на апошнім агнявым рубяжы. Гэта каштавала ёй 31,7 секунды адставання ад лідара і прынесла толькі пятае месца. Адзіны недакладны выстрал каштаваў Дзінары медаля і ў спрынтарскай гонцы на 7,5 кіламетра, дзе яна заняла толькі 15-е месца.

Зусім блізка быў медаль і для Ганны Солы ў гонцы пераследу. Але ў выніку — так званы драўляны медаль, чацвёртае месца. Два промахі на стральбе лежачы, адзін промах пры стральбе стоячы не перашкодзілі біятланістцы весці барацьбу за «бронзу». Але ў спартыўнага лёсу былі свае планы.

У 2018 годзе на Алімпійскіх гульнях у Пхёнчхане беларускія біятланісткі сенсацыйна заваявалі «золата» ў эстафеце. Палова таго залатога саставу — Дар'я Домрачава і Надзея Скардзіна — спартыўную кар'еру скончыла. Але ж засталіся Дзінара Алімбекава і Ірына Лешчанка. Вядома, аматары чакалі ад іх паўтарэння той гучнай перамогі. Але дзве алімпійскія чэмпіёнкі ў складзе сваёй эстафетнай каманды разам з Ганнай Солай і Аленай Кручынкінай фінішавалі на 13-й пазіцыі. У змешанай эстафеце Дзінара Алімбекава, Ганна Сола, Мікіта Лабастаў і Антон Смольскі занялі шостае месца выніковага пратакола. На гэтай Алімпіядзе беларусы не былі героямі біятлонных спаборніцтваў.

Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што на біятлоннай трасе ў Чжанцзякоў беларусы змагаліся не толькі з сапернікамі, але і з надвор'ем, якое правярала на трываласць вялікім марозам і моцным ветрам. І гэта ў дадатак да ўмоў высакагор'я. «У такіх экстрэмальных умовах Алімпіяда праходзіла першы раз. Ніколі не было ні такіх маразоў, ні такой вышыні, ні такой ветравой абстаноўкі. Складанасці пераследвалі не толькі нашу каманду, але і ўсіх астатніх. Нехта падрыхтаваны больш, нехта — менш. У цэлым, вядома, гледачы, кіраўніцтва, самі спартсмены і мы, трэнеры, чакалі, што выступленне будзе больш эфектнае. Але ўзнагароды не заслугоўваюць, а заваёўваюць ва ўпартай барацьбе. І нават пры складаных умовах надвор'я мы маглі разлічваць на медалі. Нельга нікога абвінаваціць у недапрацоўцы. Усе стараліся. У функцыянальным плане да Алімпійскіх гульняў падышлі добра, а вось якасць стральбы пакідала жадаць лепшага», — адзначыў Алег Рыжанкоў, старшы трэнер жаночай каманды. Акрамя таго, у біятланістаў не было магчымасці загадзя праверыць трасу і пазнаёміцца з умовамі. Праз эпідэміялагічныя абмежаванні тэставыя спаборніцтвы ў Кітаі не праводзіліся. «Няхай тут я і зарабіў самую галоўную і цяжкую ўзнагароду ў жыцці, Чжанцзякоў пакідаю з палёгкай. Тут вельмі цяжка і фізічна, і псіхалагічна. Месца незвычайнае», — адзначаў Антон Смольскі.

Пасля Алімпійскіх гульняў беларускія біятланісты адправіліся не на адпачынак, а на збор у Аўстрыю. Ужо 3 сакавіка ў фінскім Кантыялахці стартуе чарговы этап Кубка свету. Нагадаем, што ў агульным заліку Кубка свету Дзінара Алімбекава займае 2-е месца, а Антон Смольскі — 10-е.

Ганна Гуськова.

Традыцыйна з медалямі з Алімпіяды вяртаюцца і беларускія фрыстайлісты. Пекін гэтую традыцыю, на шчасце, не парушыў. Алімпійская чэмпіёнка 2018 года Ганна Гуськова сёлета заваявала «серабро» ў спаборніцтвах па лыжнай акрабатыцы. Не многім фрыстайлістам у свеце ўдаецца заваёўваць медалі на дзвюх алімпіядах запар. У гісторыі беларускага фрыстайла такое ўдавалася толькі Аляксею Грышыну. Да «бронзы» Солт-Лейк-Сіці 2002 года ён дадаў «золата» Ванкувера-2010. «Рашэнне выконваць такі складаны скачок мы прынялі ўжо на схіле, калі пасля другой спробы я зразумела, што трэба ісці ва-банк. Была ўпэўнена ў сваіх сілах, праўда, скачок было вельмі складана зрабіць, бо ў мяне ён быў толькі ў галаве», — дзялілася Ганна адразу пасля выступлення. Як падкрэсліў старшы трэнер нацыянальнай каманды Міхаіл Курловіч, гэты медаль яшчэ даражэйшы ад таго, што спартсмены выступалі на невядомым схіле, не ведаючы надвор'я.

Не так паспяхова склалася Алімпіяда для мужчын. У фінал змог прабіцца толькі Станіслаў Гладчанка. Але адзнакі 116,29 бала за найлепшую спробу не хапіла, каб увайсці у шасцёрку ўдзельнікаў суперфіналу. На думку Міхаіла Курловіча, скачкі і прызямленне, якія паказаў Станіслаў Гладчанка, заслугоўвалі больш высокай адзнакі. Найлепшых вынікаў чакалі ад вопытнага Максіма Гусціка. Дэбютаваць на Гульнях мог бы Макар Мітрафанаў, але ўмяшлася траўма, атрыманая на трэніроўцы. Першая Алімпіяда камяком атрымалася і для Паўла Дзіка. Гульні ў Пекіне сталі першымі для Анастасіі Андрыянавай і Ганны Дзяругі, прычым Анастасія змагла прабіцца ў фінал. Як падкрэсліў Міхаіл Курловіч, беларускую каманду чакае змена пакаленняў. Некаторыя хлопцы-юніёры ўжо выйшлі на трайныя сальта. Наперадзе — вельмі цікавыя чатыры гады.

А ў Ганны Гуськовай і іншых членаў нацыянальнай каманды наперадзе яшчэ два этапы Кубка свету.

Гісторыя ствараецца на лёдзе

Канстанцін Мілюкоў.

Спаборніцтвы па фігурным катанні на Алімпійскіх гульнях у Пекіне сталі сапраўды гістарычнымі. Увесь свет будзе доўга памятаць, як зламалі галоўную фаварытку Гульняў Камілу Валіеву, якую ўсе Гульні суправаджаў допінгавы скандал. Гісторыя несправядлівая і вельмі крыўдная. На гэтых Гульнях двухразовы алімпійскі чэмпіён, непераможны Юдзуру Ханю стаў толькі чацвёртым. А Ганна Шчарбакова, як і французскія танцоры Габрыэла Пападакіс і Гіём Сізерон, сенсацыйна заваявалі залатыя медалі. Алімпійскія гульні ў Пекіне сталі вельмі знакавымі для сусветнага фігурнага катання. І для беларускага таксама. Упершыню з 2002 года ў алімпійскіх стартах удзельнічалі і беларускія фігурысты. Адзіная прадстаўніца Беларусі ў жаночым адзіночным катанні Вікторыя Сафонава размясцілася на 13-м радку выніковага пратакола. Па суме дзвюх праграм Вікторыя набрала 184,83 бала. А Канстанцін Мілюкоў з сумай 222,2 бала заняў 20-ю пазіцыю ў выніковым пратаколе. Новая алімпійская старонка пачалася зусім нядрэнна.

А наперадзе, у сакавіку, чэмпіянат свету.

Ігнат Галавацюк.

І пра беларускіх канькабежцаў. Найлепшым вынікам Марыны Зуевай стала сёмае месца ў масстарце, на такой жа пазіцыі яна размясцілася па выніках каманднай гонкі пераследу. У іншых відах індывідуальнай праграмы яна была 23-й, 16-й і 9-й. Максімум Ігната Галавацюка на гэтых гульнях — шостае месца на дыстанцыі 1000 метраў, да бронзавага медаля яму не хапіла ўсяго 0,15 секунды. Ёсць шанец узяць рэванш на чэмпіянаце свету і ў фінале Кубка свету.

Галоўны сапернік не шкадуе

На жаль, пакуль хэдлайнерам Алімпійскіх гульняў застаецца... каранавірус. Арганізатары Алімпіяды прынялі ўзмоцненыя меры бяспекі для прадухілення рызык заражэння COVІD-19. Гульні праходзілі ў так званых ахоўных пузырах — на спецыяльных тэрыторыях, агароджаных ад кантактаў з навакольным асяроддзем. Але каранавірус усё роўна быў галоўным сапернікам алімпійцаў. Перамог ён і беларусаў. Перш чым выйсці на старт, беларускія лыжнікі Анастасія Кірылава, Ганна Каралёва і Аляксандр Воранаў здалі тэсты, якія аказаліся станоўчымі. «Некаторым тут прыйшлося заплаціць дастаткова высокую цану. Асобныя спартсмены былі ізаляваны. Гэта самае цяжкае выпрабаванне — прысутнічаць на Гульнях, бачыць, як вашы апаненты спаборнічаюць, а вы знаходзіцеся ў ізаляцыі і не з'яўляецеся часткай Гульняў, хаця многія гады працавалі дзеля гэтага моманту. Гэта сур'ёзнае псіхалагічнае выпрабаванне для спартсменаў», — адзначыў прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах на прэс-канферэнцыі.

Алімпійскія гульні не заканчваюца цырымоніяй закрыцця, яны не згасаюць разам з алімпійскім агнём. Гэта самая важная праверка і самы важны спартыўны экзамен. Цяпер прыйшоў час падводзіць вынікі чатырохгадовай работы і, безумоўна, ставіць мэты і строіць планы на наступны цыкл.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Новыя тэхналогіі супраць раку. Анколагі расказалі, як лечаць пацыентаў, якія раней лічыліся неперспектыўнымі

Новыя тэхналогіі супраць раку. Анколагі расказалі, як лечаць пацыентаў, якія раней лічыліся неперспектыўнымі

Вядучыя анколагі расказалі пра новыя метады лячэння, якія яшчэ нядаўна былі недаступныя, а сёння выратоўваюць жыцці пацыентам.

Грамадства

Як жывуць і каго чакаюць у госці жыхары адрэзанай вадой Палянаўкі

Як жывуць і каго чакаюць у госці жыхары адрэзанай вадой Палянаўкі

Працягваем сачыць за развіццём паводкавай сітуацыі.

Калейдаскоп

100 гадоў Леаніду Шчамялёву. Як добра вы ведаеце жыццё і творчасць мастака? Тэст

100 гадоў Леаніду Шчамялёву. Як добра вы ведаеце жыццё і творчасць мастака? Тэст

Леанід Дзмітрыевіч стаў сапраўдным класікам беларускага жывапісу.