Вы тут

Перасоўны медыцынскі комплекс пачаў работу ў Брэсцкім раёне


Медыкі, якія жыццё прысвяцілі рабоце ў сельскай мясцовасці, такое маглі дапусціць хіба толькі ў самых смелых марах. Не раз даводзілася гутарыць са сталымі дактарамі альбо фельчарамі, якія згадвалі, што ў час іх маладосці ў выпадку пільнай патрэбы наведаць хворага па месцы яго жыхарства галоўным транспартам нярэдка станавіўся асабісты веласіпед. Цяпер амбулаторыі ў большасці маюць у распараджэнні машыну, адну на ўвесь частак, на якой доктар выязджае па выкліку альбо на прафілактычны агляд на ФАП.


Цяпер тэхнічнае аснашчэнне сельскай медыцыны ўдасканальваецца, у сувязі з чым можна гаварыць, што галіна выходзіць на новы ўзровень. Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама Таццяна Гапонік, у канцы мінулага года аблвыканкам выдзеліў дадатковыя бюджэтныя сродкі для закупкі трох сучасных медыцынскіх перасоўных комплексаў. Яны пастаўлены ў Баранавіцкі, Пінскі і Брэсцкі раёны для паляпшэння якасці медыцынскіх паслуг і, галоўнае, іх даступнасці жыхарам нават самых аддаленых вёсак. На такой машыне цяпер медыцынская брыгада перыядычна накіроўваецца ў глыбінку.

Перасоўны медыцынскі комплекс з'яўляецца амбулаторна-паліклінічным, ён прадугледжаны для правядзення прафілактычных медыцынскіх аглядаў, дыспансерызацыі насельніцтва, а таксама планавай медыцынскай дапамогі. Медработнікі тут праводзяць розныя медыцынскія ўмяшанні, дыягностыку, лабараторныя даследаванні, а яшчэ робяць прышчэпкі, праводзяць тлумачальную і асветніцкую работу.

Некаторыя населеныя пункты размешчаны даволі далёка ад амбулаторый, і шэраг людзей, асабліва пажылых, слабых, адзінокіх не могуць своечасова дабрацца да доктара, каб хоць раз на год прайсці кваліфікаваны медыцынскі агляд. Асобныя ж сельскія жыхары прызнаваліся медыкам, што проста баяліся падчас пандэміі лішні раз падвяргаць сябе рызыцы і не пайшлі на прыём да ўрача. А тут спецыялісты прыязджаюць на месца жыхарства.

У ліку першых адрасоў выезду перасоўнага медыцынскага комплексу ў Брэсцкім раёне была вёска Малыя Зводы. Названы населены пункт уваходзіць у зону абслугоўвання Лышчыцкай участковай бальніцы. Яе загадчыца Таццяна Кулеш вельмі высока ацэньвае магчымасці новай медыцынскай машыны:

— Унутры машыны размяшчаецца некалькі міні-кабінетаў, дзе можа прымаць пацыентаў урач агульнай практыкі альбо вузкі спецыяліст, ёсць магчымасць зрабіць электракардыяграму, правесці забор крыві на аналізы, а таксама пацыенткі могуць прайсці агляд акушэра-гінеколага. Гэтым разам у Малых Зводах вяскоўцаў прымаў урач агульнай практыкі Дзмітрый Шумак. На прыём прыйшлі 20 чалавек розных узростаў, усе яны пасля агляду атрымалі рэкамендацыі па лячэнні і прафілактыцы. Здаць аналізы змаглі 17 чалавек, адзінаццаць жанчын былі агледжаны акушэркай Раісай Пашкевіч.

— Такія выезды мы рыхтуем загадзя, — працягвала Таццяна Сцяпанаўна. — Аб прыездзе медыкаў людзі ведалі за тыдзень, іх праінфармавалі сельвыканкам і стараста вёскі. Чакаць прыёму яны маглі ў клубе, цяпер надвор'е не спрыяе таму, каб доўгі час знаходзіцца на вуліцы. Далей будзем вырашаць гэтае пытанне разам з мясцовай уладай. Ёсць вёскі, дзе не засталося ніводнай грамадскай установы. Там, можа, напрыклад, старасты арганізуюць месцы для чакання ў некага дома.

— Паводле папярэдняй інфармацыі, мы зможам карыстацца гэтым комплексам прыкладна раз на месяц. Хацелася б, вядома, каб там з'явіўся апарат УГД і іншыя прыстасаванні для дыягностыкі. З часам спадзяёмся арганізаваць выезды ўрачоў вузкіх спецыялістаў. Нашым, асабліва пажылым, пацыентам не лішні агляд неўролага, хірурга альбо спецыяліста іншага профілю. Думаю, што гэта неўзабаве стане магчыма. А пакуль людзі былі задаволеныя работай мабільнай брыгады, мы чулі ў свой адрас толькі словы падзякі, — падсумавала доктар Кулеш.

Добрыя водгукі атрымалі і медыкі Цюхініцкай сельскай амбулаторыі, якія выязджалі ў вёску Ставішча. Тут пацыентаў прымаў урач агульнай практыкі Сяргей Красевіч, яму дапамагалі медсястра Валянціна Вакульчык і лабарант Алена Казлоўская. Некаторыя пацыенты пажадалі здаць тэст на ковід, і такая паслуга была аказана. Асабліва актыўна ішлі на прыём пажылыя пенсіянеры. Некаму трэба было памераць ціск, зрабіць кардыяграму, іншыя хацелі даведацца ўзровень цукру ў крыві. І ўсё гэта аказалася магчымым ажыццявіць побач з домам, без наведвання медыцынскай установы.

Паводле слоў галоўнага ўрача Брэсцкай гарадской бальніцы № 2 Яўгена Капыльца, з дапамогай такіх медыцынскіх комплексаў стане магчыма зрабіць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу больш даступнай для жыхароў аддаленых вёсак. Стаіць задача максімальна ахапіць дыспансерызацыяй насельніцтва раёна. Таму перасоўная амбулаторыя будзе курсіраваць па графіку ў розныя населеныя пункты.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота абласнога ўпраўлення аховы здароўя

Брэсцкі раён

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».