Вы тут

У Белдзяржмузеі ВАВ адбыўся круглы стол на тэму генацыду беларускага народа


Тэмы падобных мерапрыемстваў, сустрэч дыктуе Год гістарычнай памяці, аб'яўлены кіраўніком дзяржавы, а таксама неабходнасць супрацьстаяць тым нападкам на нашу гісторыю, якія апошнім часам ажыццяўляюцца з боку знешніх палітычных сіл. Аднак пераканаць нашу гістарычную супольнасць, увогуле беларускі народ у альтэрнатыўнай «праўдзе» сёння наўрад ці ў каго атрымаецца. Мы гатовы супрацьстаяць тым, хто выступае за перапісванне гісторыі і фальсіфікацыю падзей, звязаных з перыядам Вялікай Айчыннай вайны. У нас ёсць сур'ёзны аргумент — кожны трэці беларус, страчаны ў гады фашысцкай акупацыі.


Грыф «сакрэтна» зняты

Нягледзячы на тое, што пасля заканчэння вайны прайшло ўжо нямала часу, у гэтым пытанні яшчэ шмат белых плям. Аб чым сведчаць і новыя факты, звязаныя са знішчэннем мірнага насельніцтва Беларусі, выяўленыя Генеральнай пракуратурай у ходзе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа. У сваю чаргу, за апошнія гады Нацыянальным архівам падрыхтаваны шэраг зборнікаў дакументаў, якія доўгі час былі засакрэчаны. Шырокі рэзананс ужо атрымала шасцітомнае выданне серыі «Без тэрміну даўнасці», у якім расказваецца аб злачынствах нацыстаў і іх памагатых у адносінах да мірнага насельніцтва Беларусі. Кожнай вобласці нашай краіны прысвечаны асобны том. Чатыры ўжо выйшлі, завяршаецца работа над апошнімі двума.

— У гэтых публікацыях мы не маглі абысці тэму Халакосту, — адзначыў вядучы навуковы супрацоўнік аддзела публікацый Нацыянальнага архіва Вячаслаў Селяменеў. — У савецкі час пры яе асвятленні пераважаў інтэрнацыяналізм. Цяпер мы, наадварот, кажучы аб ахвярах вайны, вельмі шмат увагі пачалі ўдзяляць нацыянальным момантам. Павінна быць разумная прапорцыя ў гэтых адносінах. Самае галоўнае — пацярпелі людзі. І сёння няправільна высвятляць, хто больш: беларусы ці яўрэі.

Навуковы супрацоўнік аддзела публікацый Нацыянальнага архіва Мар'яна Тумаш, якая працавала над зборнікамі серыі «Без тэрміну даўнасці. Беларусь: злачынствы нацыстаў і іх памагатых супраць мірнага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі БССР у гады Вялікай Айчыннай вайны», дастаткова працяглы час вывучае дукументы, звязаныя з Другой сусветнай вайной, і, здавалася, сутыкалася ўжо са многім, аднак, працуючы над гэтым праектам, зразумела, што да некаторых рэчаў немагчыма прывыкнуць.

 

— Зборнік унікальны тым, што дадаткі да яго па зваёй значнасці і нават па аб'ёме не саступаюць дакументальнай частцы, — заявіла архівіст. — Гэта інтэлектуальны прадукт, які ў многім дапамагае разабрацца ў саміх дакументах. Першы дадатак — спіс месцаў прымусовага ўтрымання грамадзянскага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі кожнай вобласці, другі — спіс месцаў масавага знішчэння яўрэяў на акупаванай тэрыторыі. У трэцім дадатку прыводзіцца пералік найбольш буйных карных аперацый на тэрыторыі канкрэтнага рэгіёна, у чацвёртым — спіс спаленых вёсак, знішчаных у гады Вялікай Айчыннай вайны. Работа працягваецца, яшчэ шмат белых плям, якія з часам можна будзе закрыць.

Паралельна Нацыянальны архіў заканчвае падрыхтоўку зборніка дакументаў «Трагедыя і памяць. Знішчэнне яўрэяў на тэрыторыі акупаванай Беларусі», у які ўвайшло 520 дакументаў. Большасць з іх вядомыя. У асноўным гэта акты Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі. Цікавыя дакументы архівісты атрымалі ў Цэнтральным архіве камітэта дзяржаўнай бяспекі — крымінальныя справы на замежных ваеннапалонных, якіх асудзілі ў пасляваенны перыяд за здзяйсненне ваенных злачынстваў і злачынстваў, якія яны здзейснілі ў лагерах.

Вячаслаў Селяменеў.

Як заўважыў Вячаслаў Селяменеў, задача архівістаў — паказаць, хто знішчаў яўрэяў у Беларусі ў гады вайны. «У Германіі дагэтуль спрабуюць сцвярджаць, што вермахт не прыкладваў руку да злачынстваў, — удакладніў кандыдат гістарычных навук. — Маўляў, займаліся толькі ваеннымі дзеяннямі, а ў тых карных акцыях яны не прымалі ўдзелу. Дакументы, якія мы апублікавалі ў зборніку «Сведчаць каты», пацвярджаюць, што і вермахт быў актыўным удзельнікам знішчэння яўрэяў у Беларусі, акрамя карных органаў, паліцыі, паліцыі бяспекі СД, СС. Тут мы ўпершыню пачалі публікаваць дакументы былых нямецкіх ваеннаслужачых падраздзяленняў вермахта, карных органаў аб расстрэле яўрэяў у Беларусі. Іншая частка дакументаў па Халакосце датычыцца тэмы ўвекавечвання памяці яўрэяў. Ніколі дагэтуль яна ў такім ключы — менавіта публікацыя дакументаў — не разглядалася».

Валерый Надтачаеў (мадэратар круглага стала).

У той жа час Вячаслаў Селяменеў звярнуў увагу на тое, што, нягледзячы на даступнасць дакументаў па тэме Вялікай Айчыннай вайны, якія ўжо амаль поўнасцю рассакрэчаны, цікавасці да вывучэння праблематыкі ў навуковай супольнасці няма. «Фашысты спалілі ў Беларусі больш чым дзевяць тысяч вёсак, а дагэтуль няма ні аднаго спецыяльнага навуковага даследавання, — канстатаваў гісторык. — Нацысты правялі звыш 140 буйных карных аперацый — няма ні аднаго навуковага спецыяльнага даследавання. Па генацыдзе беларускага народа апошняя публікацыя датуецца 1984 годам. Генеральнай пракуратуры, якая расследуе справу аб генацыдзе беларускага народа, сёння патрэбны ўсе лічбы, а яны ў нас на ўзроўні 1969 года — тое, што ў свой час зрабіў Інстытут гісторыі партыі. Сёння ў нас з'явілася безліч новых крыніц, працы для даследчыкаў — непачаты край».

Генацыд — з першых дзён вайны

Гістарычная супольнасць аднагалосна сцвярджае: тое, што сёння выдаецца ў Нацыянальным архіве, — аснова для будучых навуковых прац.

— Улічваючы той факт, што сёння вядзецца следства па справе аб генацыдзе, гэтая тэма мае актуальнае значэнне, і да яе сапраўды неабходна павярнуцца зусім іншым бокам, не так, як гэта было раней, — адзначыў загадчык цэнтра ваеннай гісторыі і міждзяржаўных адносін Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Аляксей Літвін. — Ужо 30 гадоў мы знаходзімся ў зусім іншай сістэме каардынат, і тыя падыходы, якія, здавалася, ужо ўстанавіліся, па многіх параметрах разваліліся. І гэта датычыцца не толькі гісторыі Другой сусветнай вайны, але і ўсёй гісторыі Расіі і Беларусі. Яшчэ ў пачатку 90-х гадоў я казаў, што вядзецца атака па пэўных гістарычных квадратах.

Аляксей Літвін.

На думку доктара гістарычных навук, прафесара, у вывучэнні праблемы генацыду беларускага народа ў савецкай гістарыяграфіі быў абраны правільны кірунак. «Заслуга беларускай гістарыяграфіі, нашых вучоных у тым, што ў нас гэтая тэма пастаянна была ў полі зроку, — паведаміў Аляксей Літвін. — Да 1960-х гадоў у навуковым, шырокім плане, вядома, яна не даследавалася. Штуршком стала стварэнне мемарыяльнага комплексу ў Хатыні. Тады намаганнямі Інстытута гісторыі, Інстытута гісторыі партыі ЦК КПБ, перад якім была пастаўлена гэтая задача, раённых камітэтаў партыі, сельскіх Саветаў быў упершыню складзены спіс спаленых вёсак. Ён, вядома, няпоўны, і каб удасканаліць яго, сёння патрэбна дзяржаўная праграма».

Як лічыць загадчык цэнтра ваеннай гісторыі і міждзяржаўных адносін, вельмі важна глыбока ўсведамляць факт, што ажыццяўленне злачынных гітлераўскіх планаў генацыду ў адносінах да савецкіх людзей пачалося з першых дзён Вялікай Айчыннай вайны. «Гэта не было рэакцыяй на партызанскія дзеянні, — падкрэсліў гісторык. — Калі немцы акупавалі Польшчу, іншыя краіны, нічога падобнага не назіралася. Ажыццяўленне палітыкі генацыду ў адносінах да савецкага народа і спецыяльнымі органамі, і Вермахтам пачалося ўжо з першых дзён Вялікай Айчыннай вайны. Пад маркай ваенных і палітычных праціўнікаў расстрэльвалі і прадстаўнікоў яўрэйскага насельніцтва».

Вераніка КАНЮТА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.