Вы тут

У «Народнай асвеце» выйшла кніга кітайскіх народных казак «Жоўты бусел»


«Жоўты бусел» — так называецца кніга кітайскіх народных казак, якая пабачыла свет у выдавецтве «Народная асвета». Разам аб’яднаны наступныя творы: «Жоўты бусел», «Залатая ракавіна», «Дзед і махляр», «Калі зямля становіцца золатам», «Заечы хвост», «Браты Лю», «Чырвоная лілея», «Залаты ключ», «Дзяўчына-паўлін», «Жанчына-лісіца», «Хто багацейшы?» , Чарадзейная пуга«, «Кавалак золата». Пераклаў на беларускую мову і апрацаваў творы кітайскага фальклору вядомы беларускі пісьменнік і перакладчык Міхась Пазнякоў. 


Трынаццаць казак — трынаццаць зваротаў да мудрасці старажытнага народа Паднябеснай. Кітайскія казкі, як і беларускія, служаць грунтам, крыніцай ведаў пра народ, нацыю. Найбольшае месца сярод казачных твораў кітайцаў займаюць чароўныя казкі. Сярод іх — і «Чырвоная лілея». Пра жаніцьбу на чараўніцы, дзяўчыне, якая ўражвала незвычайнай прыгажосцю. «...Надышло свята Сярэдзіны Восені. У гэты вечар за акном ярка свяціў месяц, а пакой асвятляўся чырвоным святлом лямпы. Дулінь, як звычайна, плёў кошык. Раптам лямпа ярка ўспыхнула, і ў ёй расцвіла вялікая чырвоная кветка лілеі. З кветкі выскачыла прыгожая дзяўчына ў белай сукенцы і звонка заспявала: 

Лілея чырвоным палае агнём,

Ноччу зрабілася светла, як днём. 

Працуеш, юнак, ты і ўдзень, і ўначы,

І фея гатова табе памагчы!

Дзяўчына засмяялася, а белай кветкі лілеі як і не было!..»

Ёсць кітайскія казкі пра выпрабаванне, якое ладзяць бацькі дочак у сваім царстве для жаніхоў. У іншых казках ідэалізуецца малодшы брат. Падобныя фальклорныя творы ёсць і ў славянскіх народаў — рускіх, беларусаў, украінцаў... 

У зборніку, які ўклаў, сабраў Міхась Пазнякоў, вылучаецца знакамітая кітайская казка «Браты Лю». «Даўным-даўно жыла на беразе мора адна добрая жанчына. У яе было пяць сыноў, пяць братоў Лю: Лю-першы, Лю-другі, Лю-трэці, Лю-чацвёрты і Лю-пяты. Яны былі такія падобныя, што ніхто не мог адрозніць аднаго ад другога. Нават маці іх часам блытала. Але ў кожнага з братоў была свая асаблівасць. Старэйшы брат, Лю-першы, мог выпіць цэлае мора, а потым выпусціць яго назад. Лю-другі не баяўся агню. Лю-трэці мог выцягваць свае ногі на любую даўжыню. У Лю-чацвёртага цела было мацнейшае за самае трывалае жалеза. А самы малодшы, Лю-пяты, разумеў мову птушак і звяроў...» 

Некаторыя казкі падаюцца шматпланавымі драматычнымі творамі. Кітайскія казкі ўражваюць яркімі краскамі ў характарыстыцы герояў фальклорных твораў. І гэтыя краскі, колеры ў адлюстраванні людзей і ўчынкаў акрэсліў не толькі перакладчык, але і заўважыла, рэльефна вымалевала мастачка кнігі Лізавета Пастушэнка. Узяўшы жоўты колер за аснову стылістычнага рашэння ў афармленні кнігі, графік зборніка «Жоўты бусел» да партрэтаў герояў фальклорных твораў, правяла бусла ад першай да апошняй старонкі кнігі, ён прысутнічае і ў аднайменнай з назвай выдання казцы, і ў іншых творах. Малюнкі таленавітага творцы дапаўняюць падзеі, што адбываюцца ў чароўных царствах, пашыраюць фальклорныя фантазіі. Падаецца, што ў сваіх рашэннях мастачка цэментуе, яднае ў цэласную карціну розныя казачныя творы. Цікавымі падаюцца і рашэнні кніжнага графіка ў выкананні авантытула. 

Наклад кнігі «Жоўты бусел», выдадзенай па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь у серыі «Замежная класіка — дзецям», — 700 экземпляраў. Будзем спадзявацца, што зборнік хутка разыдзецца — і выдавецтву «Народная асвета» давядзецца друкаваць яшчэ і дадатковы тыраж. 

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.