Вы тут

Што змянілася для беларусаў у карыстанні газавым абсталяваннем


Адзіны парадак праверкі стану дымаходаў і вентыляцыйных каналаў, перазаключэнне дагавораў, устаноўка дымавых сігналізатараў, узмацненне патрабаванняў да бяспекі. Гэтыя і іншыя змены ў сферы правіл карыстання газам змяніліся ў панядзелак, 21 лютага. Як гэта адаб'ецца на спажыўцах газу і абслуговых арганізацыях, расказалі эксперты газавай галіны.


Раз на дзесяцігоддзе і кожныя тры месяцы

Манапольны від дзейнасці ў газавай сферы ў Беларусі — толькі газазабеспячэнне. А вось абслугоўваць газаправоды і газавае абсталяванне могуць не толькі газавікі, але і абслуговыя арганізацыі — гэта новае паняцце, якое прапісалі ў новай рэдакцыі дакумента. Такім чынам, ім перадаецца частка функцый газавікоў, расказаў Уладзімір Русь, начальнік упраўлення сістэм газазабеспячэння «Белпаліўгаз».

З'явіліся ў дакуменце і іншыя новыя фармулёўкі. Раней было паняцце «сэрвісны цэнтр», спецыялісты якога абслугоўвалі газавыя катлы нароўні з газавікамі. Цяпер гэта абслуговыя арганізацыя (як і іншыя), якая спецыялізуецца не толькі на газавым абсталяванні, але і на газаправодах.

— У Правілах расшыфраваны тэрмін «спецыялізаваная арганізацыя» і абазначана, якія патрабаванні існуюць да тых, хто займаецца прачысткай дымавых і вентыляцыйных каналаў, — дадаў ён.

Раней тэхабслугоўванне газавага абсталявання праводзілася ў тэрміны, якія вызначаў завод-вытворца і па ведамасных дакументах газазабяспечвальных арганізацый («Белпаліўгаз»). Цяпер у рэгламент тэхабслугоўвання газаправодаў і газавага абсталявання ўнесены дакладныя тэрміны, калі і што трэба праводзіць, падзяліўся начальнік упраўлення:

— Узмоцнены патрабаванні да абавязковасці правядзення тэхабслугоўвання. Згодна з заканадаўствам, газазабяспечвальная арганізацыя можа спыніць падачу газу, калі існуе пагроза жыццю людзей. І ў новай рэдакцыі правіл неправядзенне тэхабслугоўвання прыроўнена да такой пагрозы. Пры адсутнасці актаў на праверку дымавых каналаў газ у спажыўцоў будуць адключаць, без лішніх размоў.

Сачыць за тэрмінам чарговай праверкі ўладальнік газавага абсталявання павінен сам. Аднак газавікі абяцаюць у пяцідзённы тэрмін нагадваць, што падышоў час тэхабслугоўвання. А таксама ўнікаць у сітуацыю, калі чалавек у водпуску ці бальніцы.

Спажывец абавязаны ажыццяўляць тэхабслугоўванне і кантраляваць яго тэрміны (вядома, праводзіць непасрэдна праверку будзе абслугоўвая арганізацыя. — «Зв.»), падкрэсліў Андрэй Вірачкін, першы намеснік генеральнага дырэктара Мінгаза:

— Уводны і ўнутраны газаправоды і газакарыстальнае абсталяванне з адключэннем ад газаразмеркавальнай сістэмы і выпрабаваннем яе на герметычнасць паветрам і адпаведнасць тэхнічнай дакументацыі, даследаванне працаздольнасці газазабяспечвальнага абсталявання правяраюцца не радзей, чым раз на дзесяць гадоў (гэта поўнае тэхнічнае абслугоўванне). Уводны і ўнутраны газаправоды шматкватэрных дамоў з тэрмінам эксплуатацыі больш як 20 гадоў трэба правяраць штогод. Кожны год правяраюцца і газавыя праточныя воданагравальнікі і ацяпляльнае абсталяванне (газавыя катлы). Пры гэтым глядзяць на тэхнічны стан рэгулятара ціску газу. Раз на тры месяцы правяраецца ўводны і ўнутраны газаправоды інтэрнатаў.

За спажыўцамі, дарэчы, захаваўся абавязак мяняць газавае абсталяванне са скончаным тэрмінам службы. Згодна з новымі правіламі, рабіць гэта могуць (без змены месцазнаходжання абсталявання, яго магутнасці і сістэмы дымавыдалення), як газавікі, так і абслугоўвая арганізацыя, у якой дагавор са спажыўцом на тэхабслугоўванне ці рамонт, дадаў спецыяліст.

Дымавыдаленне і сігналізатары

Патрабаванні да сістэм дымавыдалення ў новых правілах таксама ўзмацніліся. Цяпер абанент газу можа самастойна правяраць сваю сістэму толькі тады, калі ён мае кацёл з закрытай камерай спальвання і кааксіяльным выхадам. Усе астатнія дымавыя каналы можа правяраць толькі спецыялізаваная арганізацыя, падкрэсліў Уладзімір Русь.

Сігналізатарамі загазаванасці і выяўлення чаднага газу абавязкова неабходна абсталёўваць памяшканні, дзе зманціравана ацяпляльнае і воданагравальнае абсталяванне, удакладніў Сяргей Курашэвіч, першы намеснік генеральнага дырэктара «Мінскаблгаза»:

— Абсталяванне манціруецца проста і дазваляе своечасова выявіць уцечку газу або наяўнасць чаднага газу. Дзякуючы гукавому і светлавому сігналу чалавек зможа своечасова выключыць абсталяванне і звярнуцца ў газазабяспечвальную арганізацыю.

Ён параіў спажыўцам уважліва правяраць, ці сапраўды да іх прыйшоў газавік (у іх ёсць спецыяльная форма і адпаведныя дакументы), каб не быць ашуканымі і не набыць няякасны сігналізатар.

Дымавыя і вентыляцыйныя каналы жылля таксама неабходна правяраць. Пры гэтым існуе першасная і паўторная праверкі іх тэхстану, якія ажыццяўляюцца па заяўным прынцыпе, расказала Алена Абабурка, вядучы інжынер упраўлення сістэм газазабеспячэння «Белпаліўгаз»:

— У шматкватэрным жыллі за гэта адказная арганізацыя, а ў аднакватэрных блакіраваных дамах — спажыўцы. Першасная праверка праводзіцца толькі спецыялізаванай арганізацыяй. А вось паўторныя могуць выконваць або спецыялізаваныя арганізацыі, або самі спажыўцы, калі ў іх жыллі вытрыманы пэўныя ўмовы (блакіраваны або аднакватэрны дом, у якім устаноўлена ацяпляльнае і воданагравальнае абсталяванне, якое выкарыстоўвае газ і мае закрытую камеру згарання і кааксіяльны дымаход). Такія ўласнікі могуць прайсці навучанне ў арганізацыях адукацыі і атрымаць пасведчанне аб праве на самастойную праверку дымавых і вентканалаў. Інфармацыю аб праверцы яны будуць адлюстроўваць у адпаведных журналах, якія будуць весці.

Грамадзяне, якія цяпер маюць такія пасведчанні па праверцы каналаў, аднак іх газавае абсталяванне не адпавядае патрабаванням новых правіл (не мае закрытай камеры згарання і кааксіяльнага дымаходу), у сёлетні ацяпляльны сезон яшчэ змогуць здзяйсняць праверку. Аднак налета яны ўжо мусяць звярнуцца для праверкі ў спецыялізаваную арганізацыю. Пра гэта ім дадаткова паведаміць у газазабяспечвальная арганізацыя, засяродзіла ўвагу спецыяліст.

Дагавор пакетам ці паасобку

Формы «газавых» дагавораў таксама значна змяніліся. Новыя дакументы са спажыўцамі газавікі плануюць перазаключыць на працягу найбліжэйшых двух гадоў. Акрамя таго, дагаворы падзялілі па відах у залежнасці ад паслуг: на газазабеспячэнне, а таксама тэхабслугоўванне і рамонт газазабяспечвальнага абсталявання і ўводных ці ўнутраных газаправодаў, паведаміла Алена Абабурка:

— У новай рэдакцыі правіл заключыць дагавор на газазабеспячэнне можна толькі пасля таго, як спажывец заключыць дагавор на тэхабслугоўванне і рамонт абсталявання. Дагавор уступае ў сілу з моманту фактычнага падключэння да газаразмеркавальнай сістэмы, а не з часу падпісання дакумента.

Прадугледжана тыпавая форма дагавора на тэхабслугоўванне ўводнага і ўнутранага газаправодаў пры газазабеспячэнні шматкватэрнага жылля праз газаразмеркавальную сістэму. Ён заключаецца паміж абслуговай арганізацыяй і ўпаўнаважанай асобай па кіраванні агульным домаўладаннем або арганізацыяй, якая эксплуатуе жылфонд, або таварыствам уласнікаў. Такім чынам, існуе тры віды дагавораў, падкрэсліла яна.

— Права не толькі забяспечваць газам, але і абслугоўваць спажыўца маюць у тым ліку і газавікі. А чалавек сам вырашае, з кім яму заключыць дагавор. Абанент можа выбраць сабе арганізацыю для абслугоўвання асобна і газавага лічыльніка, і пліты, і катла. Аднак гэта, пэўна, найгоршы варыянт, — лічыць Уладзімір Русь. — Складанасць у тым, што такіх дагавораў будзе некалькі, аднак спажыўцы, хутчэй, захочуць комплексную паслугу, каб прыйшоў адзін спецыяліст і абслужыў усё абсталяванне згодна з тэрмінамі (газаправод, кацёл, лічыльнік). Калі з'явяцца арганізацыі, якія будуць спецыялізавацца толькі на адным відзе абсталявання (гарантыйным і паслягарантыйным), гэта створыць канкурэнцыю на рынку газавых паслуг і гэта нармальна. Аднак павінен быць нагляд за такімі кампаніямі, бо вопыту ў іх будзе значна менш, чым у газавікоў.

Мінэнерга з часам плануе стварыць пісьмо з тлумачэннямі да правіл, у тым ліку і па патрабаваннях да абслуговых арганізацый.


Варта ведаць

Газавікам перыядычна неабходна павышаць свае кампетэнцыі, бо пастаянна з'яўляюцца новыя матэрыялы і вырабы. Прынамсі, адных толькі катлоў існуе 140 марак.

Аварыйныя заяўкі выконваюцца бясплатна, а рамонтныя — за грошы.

Падчас паверкі (бясплатнай) газавых лічыльнікаў раз на дзесяць гадоў абаненту ўсталёўваюць падменную прыладу. Калі лічыльнік неабходна рамантаваць — за гэта плаціць чалавек.

Згодна з межамі падзелу балансавай прыналежнасці, падводзячы газаправод (да крана, які адключае падачу газа на дом), — зона адказнасці газазабяспечвальных арганізацый. Уводны і ўнутраны газаправоды ў шматкватэрным доме — калектыўная адказнасць і ўласнасць. Частка газаправоду ў кватэры пасля крана на опуску перад газавымі прыладамі — клопат і адказнасць жыхара.

Газавікі могуць не толькі замяняць абсталяванне, але і правесці яго дыягностыку і працягнуць тэрмін службы, калі яно ў добрым тэхнічным стане. Аднак запчасткі да абсталявання выпускаюць толькі на працягу дзесяці гадоў.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якія меры прымаюцца, каб не дапусціць трагедый на чыгунцы?

Якія меры прымаюцца, каб не дапусціць трагедый на чыгунцы?

Карэспандэнты «Звязды» адправіліся ў рэйд разам з супрацоўнікамі МУС.

Грамадства

Як не заблукаць у лесе і што рабіць, калі гэта адбылося?

Як не заблукаць у лесе і што рабіць, калі гэта адбылося?

Каб «ціхае паляванне» не стала пошукавай аперацыяй.