Вы тут

Дзе браць любоў да творчасці, месца і жыцця, ведае кераміст з Любчы


У лютым дарогі ў рэгіёне — як у казцы пра Марозка — заснежанныя і скрыпучыя. Таму гарадскі пасёлак у Навагрудскім раёне пад незвычайнай назвай Любча сустрэў мяне шэранню на дрэвах і дзіцячым звонкім рогатам ды гоманам. З гары, на якой стаіць аднаіменны замак, каталіся дзеці, а я накіроўвалася ў двухпавярховік непадалек — там мяне чакала кераміст Вольга Жарнасек.


У Любчы любіцца

Я вырашыла, што менавіта гэтая незвычайная жанчына зможа распавеці пра месца, у якім жыве, найбольш дасканала. Важна было адчуць і зразумець магію Любчы, куды амаль дзясятак гадоў таму прыехала ўпершыню мая гераіня з Міншчыны. Тут яна сустрэла свайго будучага мужа, у іх нарадзілася сям’я і Вольга змагла па-сапраўднаму рэалізавацца як майстрыха. Гэта, да слова, адразу ж пацвярджае самую знакамітую чутку пра мястэчка — у Любчы нараджаецца каханне.

— Быў у гісторыі мястэчка перыяд, калі сюды на аднаўленне замку прыязджалі не проста арганізаванныя групы, а хутчэй аматары-адзіночкі ці з сябрамі. Моладзь клікала адно аднаго на летнікі і з’язджалася на гістарычны аб’ект на ўвесь сезон. Так некалі сябар паклікаў мяне. Да слова, менавіта падчас валанцёрства на замку я пазнаёмілася са сваім будучым мужам, — распавядае Вольга.

Майстар заўважае, што ў нейкім сэнсе зайздросціць сваім дзецям, бо яны вырастуць у такім прыгожым месцы з багатай і значнай гісторыяй. І пакуль мы знаёмімся на кухні, малыя сын і дачка гераіні мірна адпачываюць па пакоях, амаль ні разу нас не патурбаваўшы.

Вольга заўважае, што не адразу пераехала ў Любчу, хоць праз час у іх з будучым мужам завязаліся больш сур’ёзныя адносіны і трэба было ўладкоўваць сям’ю.

— Мой муж стала пражываў у Любчы, таму адразу ў нас былі простыя спатканні падчас якіх я прыязджала ў мястэчка па магчымасці. Пасля таго як мы ажаніліся, стала ў пасёлак я пераехала не адразу, бо па сваім складзе я гарадскі чалавек, хоць і чыстая гаражанка толькі ў першым пакаленні. Спачатку было цяжка адаптавацца да Любчы, бо тут няма інтэнсіўнага руху, розных цікавых імпрэзаў і сустрэчаў. Таму я доўга прывыкала, — успамінае Вольга.

Праз нейкі час ў Любчы з’явілася прыдатнае для ўсёй сям’і жыллё, сын пайшоў у школу і ўсё ўладкавалася, а мая гераіня пачала больш актыўна выяўляць свае інтарэсы ў кераміцы.

Посуд з беларускай душой

Рашэнне займацца керамікай ў Любчы на прафесійным узроўні да Вольгі Жарнасек прыйшло не адразу, нягледзячы на тое, што ляпіла з гліны яна яшчэ ў час адпрацоўкі на Магілёўшчыне. Пасля заканчэння ўніверсітэта маладую журналістку направілі ў Асіповічы, дзе яна пазнаёмілася з ганчарамі са школы мастацтваў. Там Вольга два гады рэгулярна прыходзіла на ўрокі ганчарства да народнага майстра Дзмітрыя Паляшчука.

— На той час я разумела, што ўмела нядрэнна маляваць, але скульптурай ніколі не займалася. Увогуле, да 23 гадоў я не трымала гліны ў руках. Але гэта настолькі чароўны матэрыял, што далей не магла яго выпусціць з рук.

І толькі праз пэўны час занятак керамікай пачаў прыносіць прыбытак. Сёння Вольга рэкламуе і распавядае пра свае вырабы ў інтэрнэт-прасторы, у прыватнасці ў сацыяльных сетках. За яе акаўнтамі можна сачыць на Facebook і ў Іnstagram (@liaplionka_by), там жа напісаць майстру і замовіць на свой густ ці ідэю ручны выраб. Адразу ж Вольга папярэджвае, што калі кераміка заказваецца як падарунак, то трэба ўлічваць тэрмін яе стварэння. На гэта, у залежнасці ад складанасці вырабу, можа пайсці каля месяца.

Сёння асаблівай папулярнасцю ў кераміста карыстаюцца кубкі. Пры тым, заказы бываюць самыя розныя як па форме, так і па стылю — з раслінным дэкорам, ці арнаментам, каляровыя ці натуральнага глінянага колеру, піялы ці з ручкай. У апошні час сярод кліентаў попыт займелі незвычайныя кубкі з аб’ёмнымі фігуркамі ў сярэдзіне. Такія работы, прызнаецца майстар, напэўна, былі самым складаным заказам за мінулы год.

— Выляпіць іх было не так цяжка, як правільна высушыць і абпаліць. Пры тым важна выбраць патрэбную форму фігуркі, каб яна была і прыгожай, і бяспечнай, і практычнай, — дзеліцца сакрэтамі Вольга. — Справа ў тым, што мелкія гліняныя дэталькі могуць аказацца вельмі крохкімі. Таму, каб які-небудзь хвасток кошкі не трапіў у рот разам з цукарам і кавай, важна зрабіць яго як мага больш злітым з формай кубка. Маім дзецям такія рэчы неймаверна спадабаліся.

Заказчыку майстар раіць не каўбатаць лыжкай у такім посудзе на ўсю моч, бо схаваныя на дне коцікі, птушачкі ці пінгвінычкі могуць знікнуць назаўсёды.

Уражваюць у наборы Вольгі кубкі з раслінным дэкорам ці арнаментам. Як правіла, для апрацоўкі выкарыстоўваецца ў сярэдзіне паліванне, а звонку — малачэнне і вашчэнне. Таму рэчы маюць выгляд натуральнага посуду з беларускай душой. Красуюцца на такіх сподачках і арнамент «вужыкі», і чорныя лілеі, і яркія чырвоныя макі.

Дарэчы, менавіта чорна-белая кераміка з матывамі ўзораў з графіту з Любчанскага замка ўразіла мяне настолькі, што я стала некалькі месяцаў уважліва назіраць у сацыяльных сетках за работамі майстра па кераміцы. У інтэрнэце можна пабачыць вельмі шмат розных работ з гліны, але менавіта гэтыя натхнялі кожны раз і ставілі перада мной відавочнае пытанне: у чым сакрэт прывабнасці гэтай керамікі?

За яго разгадкай я і паехала ў Любчу. І, здаецца, зразумела, што важную ролю ў гэтай гісторыі займае... гісторыя. Менавіта цікаўнасць да краю, спадчыны і культурных традыцый ляжаць у аснове амаль усіх духоўных парываў Вольгі Жарнасек. Праз гэта і нараджаюцца непаўторныя керамічныя вырабы.

Уласныя персанажы

У апошні час з рук майстра зыходзяць прыгожыя гліняныя беларусы ў абагульненых народных строях. Кераміст заўважае, што адзінаццаць гадоў пошукаў, няспыннай працы з глінай, вывучэння роднай гісторыі і культуры далі плён.

— Беларускі дудар і шляхціц — два знакавыя вобразы, якія пераследуюць мяне амаль столькі часу, колькі працую з глінай. Ведала, што абавязкова выляплю іх, бо гэтага вымагае нашая культура. Яе трэба сілкаваць менавіта гэтымі роднымі і годнымі вобразамі, каб беларусы маглі даведацца, кім былі іх продкі і як яны выглядалі, — заўважае майстар. — Шторазу прыязджаючы ва Украіну і спатыкаючы паўсюль выявы казакоў і кабзароў, я думала: «Як жа нам бракуе такіх уласных персанажаў!»

І вось яны паўстаюць амаль жывыя. Вольга Жарнасек з’яўляецца аўтарам сувенірных скульптурак для Іўеўскага музея нацыянальных культур.

— Менавіта тут можна падрабязна даведацца пра жыццё кожнага з прадстаўнікоў розных народаў і канфесій, якія здаўна насялялі гэты край — беларусы, татары і яўрэі, хрысціяне, мусульмане і юдзеі. Стварала іх з вялікай любоўю па заказе гэтай установы, — кажа Вольга.

На сайце ўстановы (https://ivye-museum.by) пазначана, што «гэта не гістарычная рэканструкцыя, а зборныя вобразы іўеўскага татарына, яўрэя, беларуса. Знешні выгляд і атрыбутыка сувеніраў узгоднены з лідарамі грамадскіх і духоўных аб’яднанняў».

Майстар заўважае, што ніколі не ставілся да керамікі як да хобі ці аматарскай справы. Лепку з гліны яна называе паўнавартаснай працай і ўсе мінусы такой занятасці ператварае ў плюсы. Вольга дзеліцца, што для яе работа дома з’яўляецца ідэальным варыянтам, бо менавіта тут яна адчувае максімальны камфорт — з працай і дзецьмі.

— З майго акна бачны Любчанскі замак, тут птушкі спяваюць з ранку да ночы і ўлетку, і ўзімку. Нават аддаленнасць ад вялікага горада з часам становіцца плюсам — усе заказы на кераміку можна атрымліваць праз Інтэрнэт. Я не залежу ад транспарту ці фестываляў, я працую па заказе і ўсё раблю ўласнаручна. Таму такія рэчы напоўненыя цеплынёй, — кажа майстар.

Ну, а адчуць гэта можна толькі праз дотык.

Аліса СКІБА

Фота аўтара і з уласнага архіва Вольгі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».