Вы тут

«Парады доктара Гумена»: прафілактыка лепш, чым лячэнне


Больш за два гады на старонках газеты «Звязда» і ў сеткавым выданні zviazda.by доктар Гумен праводзіць медыцынскі лікбез і дае парады. І вось, нарэшце, пабачыла свет кніга, дзе пад адной вокладкай сабраныя самыя папулярныя інтэрв’ю доктара. Выхад кнігі — падзея знакавая для кожнага аўтара. Мы сустрэліся з доктарам, каб павіншаваць з гэтай нагодай, узяць аўтограф і пагутарыць не толькі пра медыцыну. 


— Доктар Гумен, я віншую вас з выхадам кнігі. Вы — навуковы супрацоўнік. Чалавек, які, перш за ўсё, валодае акадэмічнымі медыцынскімі ведамі. Але на старонках газеты «Звязда» вы расказваеце пра медыцыну папулярнай мовай. У чым ваша мэта?

— Я працую ўрачом больш за 20 гадоў. Маю зносіны з вялікай колькасцю розных людзей. Калі чалавек сутыкаецца з нейкай хваробай, то падчас кансультацыі я часта чую: «Доктар, калі б мне гэта сказалі 20 гадоў таму, можа быць зараз я бы пазбег гэтай праблемы!». На самой справе ёсць рэчы відавочныя. Напрыклад, усе ведаюць, што курэнне — гэта дрэнна, але ўсё роўна працягваюць курыць, разлічваючы на тое, што хвароба па прычыне курэння іх не кране. Ёсць людзі, якія хварэюць таму, што яны чагосьці не ведалі ці не разумелі элементарныя медыцынскія прынцыпы, якія павінны быць асновай жыцця. А калі мы ствараем такія кнігі, даём інфармацыю людзям, якія знаходзяцца далёка ад медыцынскай тэматыкі, у выніку мы атрымліваем меньшую колькасць сур’ёзных захворванняў. Гэта своеасаблівая прафілактыка: прафесійна аб здароўі на простай мове і для людзей без медыцынскай адукацыі.

— Не можа не ўражваць шырокая тэматыка вашых інтэрв’ю. Ад хваробы Альцгеймера да выбару лепшай пары года для пахудзення. Як вы самі патлумачыце такую рознабаковую зацікаўленнасць? 

— Доктар павінен глядзець на тую ці іншую хваробу шырока. У нашым арганізме ўсе працэсы ўзаемазвязаны, таму нельга здзіўляцца, што тэма, якая на першы погляд, не мае нічога агульнага з нейрахірургіяй, асвятляецца ўрачом дадзенай спецыялізацыі. Чым больш аб’ёмныя погляды, тым лепш! 

— Кніга называецца «Парады доктара Гумена». Наколькі вы лічыце свае парады самымі правільнымі?

— Даючы парады, мы зыходзім з таго ўзроўню медыцыны і навукі, які ёсць у свеце зараз. Навука не стаіць на месцы, яна не мае межаў. Медыцына таксама развіваецца, і кожны год адбываюцца новыя адкрыцці, з’яўляюцца новыя лекі, удасканальваюцца метады лячэння захворванняў. Наш арганізм — гэта такая карта, якую мы і сёння працягваем вывучаць. У кнізе мы паспрабавалі сабраць самую свежую, самую даставерную інфармацыю пра тое, як сучасная медыцына спраўляецца з тымі ці іншымі праблемамі. 

— Дзе вы чэрпаеце гэтую каштоўную інфармацыю?

— Перш за ўсё, гэта шматгадовы вопыт работы ўрачом. Акрамя гэтага, я прымаю ўдзел у шматлікіх канферэнцыях, вывучаю сучасныя медыцынскія даследаванні. Ёсць і яшчэ адзін напрамак маёй дзейнасці — гэта выкладанне ў Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Вядома, калі хочаш пастаянна папаўняць сябе новымі ведамі, пачні выкладаць. Гэтая дзейнасць моцна трымае мяне ў тонусе, таму што пытанні ў курсантаў падчас заняткаў могуць быць розныя. 

— Наколькі вы самі выконваеце парады, якія даеце ў кнізе?

— Калі анколаг аперыруеце рак лёгкага, а пасля аперацыі сам курыць, каб зняць стрэс, як мінімум пацыенту няма з каго браць прыклад. Канешне, урач павінен весці здаровы лад жыцця. Але, калі жыць па правілам, то становіцца сумна. Самае галоўнае — не перабольшваць. Не пераходзіць мяжу. Калі падчас сустрэчы Новага года вы адкрываеце шампанскае, выпіваеце келіх, а потым спажываеце ежу с высокім утрыманнем халестэрына, адзін раз не страшна. Але, калі гэта адбываецца пастаянна, рэсурсы арганізма паступова зношваюцца, ён перастае супраціўляцца такому сістэматычнаму стрэсу і пачынае хварэць. 

— Больш за два гады вы даеце парады людзям, як захаваць здароўе. І вось зараз я трымаю ў руках кнігу з вялікай колькасцю карыснай інфармацыі. Што для вас больш важна ў гэтай дзейнасці: працэс ці вынік?

— Мне здаецца, іх немагчыма падзяліць. Павінна быць і тое, і тое. Калі ты прыпыняешся, ты падаеш, пакуль ты рухаешся, ты ідзеш. Калі ты ідзеш, ты дасягаеш мэты. Жыццё развіваецца, мэты змяняюцца. Тое, што мы сёння праводзім прафілактыку захворванняў, вельмі важная мэта. Мы за тое, каб людзі менш хварэлі. 

— Наколькі вы згодны з думкай, што здароўе чалавека ў яго руках?

— Хацеў бы пагадзіцца, але на самой справе гэта не зусім так. Ёсць пэўныя фактары, якія ўплываюць на здароўе чалавека і, на жаль, не залежаць ад яго. Гэта геаграфічнае становішча краіны, у якой ён жыве, генетыка, тое, як праходзілі роды. Акрамя гэтых фактараў, ёсць сам чалавек і яго намаганні ў справе захавання здароўя. Было б вельмі цудоўна, каб людзі прытрымліваліся здаровага ладу жыцця. Бо здаровыя людзі — гэта здаровая краіна, здаровая краіна — гэта здаровая эканоміка. Чым менш людзі будуць хварэць, тым менш грошай будзе выдаткоўвацца на ахову здароўя. Чым менш клопату дастаўляе чалавеку здароўе, тым больш у яго часу для таго, каб жыць паўнацэнна і займацца самаразвіццём. 

— У чым вы бачыце сваю місію?

— Калі чалавек выбірае прафесію ўрача, гэта тое, што звязана са здароўем чалавека. А гэта самае каштоўнае, што ёсць у нашым жыцці. Кожны доктар нясе вялікую адказасць за сваю працу. Асноўнае ў нашай дзейнасці — гэта дапамога людзям!

— Ці будзе працяг супрацоўніцтва са «Звяздой», нягледзячы на выхад кнігі?

— Працяг безумоўна будзе. Навука развіваецца, новая інфармацыя ў сферы медыцыны з’яўляецца. Мы трымаем руку на пульсе і пра самае важнае абавязкова раскажам нашаму чытачу. 

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».