Вы тут

Анастасія Міхнавец: Зрабіла крок да мары — стаць салісткай опернага тэатра


Нягледзячы на тое, што наша суразмоўніца яшчэ толькі вучыцца на пятым курсе Акадэміі музыкі, ужо шмат чаго паспела дасягнуць. Падчас нядаўняй цырымоніі ўручэння прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» прайшоў вялікі канцэрт. У той дзень у гераіні матэрыялу адбыўся дэбют. Раней Анастасія Міхнавец прымала ўдзел у міжнародных музычных конкурсах, дзе атрымлівала розныя ўзнагароды, але менавіта на сцэне Палаца Рэспублікі маладая спявачка ўпершыню стаяла побач з народнымі артыстамі і опернымі выканаўцамі — людзьмі, на якіх арыентуюцца студэнты Акадэміі музыкі. «Чырвонка. Чырвоная змена» паразмаўляла з дзяўчынай аб уражаннях ад выступлення, уласных творчых планах і дзяцінстве, якое таксама было звязана з музыкай.


— Анастасія, распавядзіце, у якім узросце ёй зацікавіліся?

— Так склалася, што ў нашай сям'і ўсе так ці інакш мелі дачыненне да музыкі. Мая маці скончыла музычную школу па класу фартэпіяна, спявала ў хоры. Бацька і бабуля таксама выдатна спявалі. Увогуле, усе жанчыны ў нашай сям'і мелі прыгожыя, з добрай інтанацыяй і глыбокім тэмбрам, галасы. І, дзякуючы сямейнаму захапленню, музыкай зацікавілася і я. У нас дома стаяла старэнькае фартэпіяна «Беларусь», на якім я з маленькага ўзросту спрабавала нешта іграць — ставіла ноты перад сабой і старанна рабіла выгляд, што ўсё разумею (смяецца). Напэўна, гэта было маёй любімай забавай. Таму, калі надышоў час аддаваць мяне ў школу, мама адразу сказала, што мне трэба займацца музыкай з педагогам.

Мы абралі 102-ю музычную школу, якая знаходзіцца ў сталічнай Серабранцы. Цяпер гэта 17-я гімназія. Я правучылася там дзевяць гадоў як піяністка і хацела звязаць сваё жыццё менавіта з фартэпіяна і выкладаннем. У мяне добра атрымлівалася іграць, я брала ўдзел у рэспубліканскіх конкурсах, дзе заваёўвала прызавыя месцы.

— Ці быў у жыцці педагог, які паўплываў на ваш прафесійны лёс?

— У 9 класе я трапіла на ўрок да Валянціны Канстанцінаўны Садоўскай, былой салісткі нашага опернага тэатра. Выдатная жанчына, якая накіравала мяне ў гэту прафесію. Яе ініцыятывай і жаданнем было, каб я звязала жыццё з музыкай.

Вельмі хацела паступіць у кансерваторыю і ўжо ў 11 класе пайшла на праслухоўванне. Шчыра кажучы, я ім не спадабалася.

Педагогі параілі пайсці на падрыхтоўчае аддзяленне. Але мне не хацелася прапускаць год, таму вырашыла, што лепш паступлю ў музычны каледж. Так пачаліся гады карпатлівай работы з педагогам Вольгай Аляксандраўнай Косаравай. Мне вельмі пашанцавала — яна выхоўвае выдатных вакалістаў. У яе ёсць педагагічная інтуіцыя...

На трэцім курсе мы паехалі ў Калінінград на конкурс «Бурштынавы салавей» — гэта было складаным выпрабаваннем. Там выступалі спевакі з 16 краін свету, і ў сваёй узроставай катэгорыі я заняла трэцяе месца. Была невымоўна рада, таму што, слухаючы іншых выканаўцаў, зразумела, наколькі наш свет багаты на таленты. Да гэтага мне здавалася, што вакальны свет маленькі, дзе ўсе адно аднаго ведаюць. А высветлілася, што ёсць дзесяцігадовыя дзеці, якія цудоўна спяваюць. Вяртаючыся ў Мінск, зразумела, што трэба працаваць у тры-чатыры разы больш, чым раней. Пасля гэтага конкурсу мяне занеслі ў фонд таленавітай моладзі, і, скончыўшы чацвёрты курс, я паступіла ў Акадэмію музыкі без іспыту.

— Раскажыце, аб студэнцкім жыцці. Ці моцна адрозніваюцца студэнты Акадэміі ад моладзі, якая атрымлівае адукацыю ў іншых сферах?

— На працягу пяці гадоў навучання я не перастаю здзіўляцца той творчай атмасферы, якая пануе ў акадэміі. Такога, канешне, няма ні ў адной ВНУ. Людзі, звязаныя з музыкай, — вельмі цікавы, спецыфічны калектыў. Так, канкурэнцыя прысутнічае, але нас аб'ядноўваюць канцэрты і спектаклі, якія мы сумесна арганізоўваем. Да пятага курса становіцца зразумела, хто сваё жыццё з музыкай звяжа, а хто — не. Нехта сыходзіць, усведамляючы, што далёкі ад мастацтва. Гэта сур'ёзная фізічная і маральная праца: складана выхаваць сябе ў атмасферы канкурэнцыі і пры гэтым застацца чалавекам, які разумее і чуе іншых.

— Якія ўражанні засталіся ад выступлення на канцэрце, прысвечанага ўручэнню прэміі Прэзідэнта?

— Напэўна, гэта быў адзін з самых прыгожых і запамінальных канцэртаў, дзе я прымала ўдзел. Пачынаючы ад задумкі і пастаноўкі — наколькі гэта было маштабна, напоўнена цікавай музыкай. Пераважала класіка — чаму я, як акадэмічная спявачка, была вельмі рада. Але і эстрада паказала сябе цудоўна. Гэта было сапраўднае свята музыкі для ўсіх. Хачу адзначыць і пераемнасць пакаленняў, таму што дзеткі, якія пакуль толькі вучацца ў музычных школах, выступалі разам з народнымі артыстамі.

Для мяне сапраўдным святам і прафесійнай перамогай было і тое, што я стаяла на адной сцэне з Уладзімірам Громавым і Анастасіяй Масквіной. Гэта менавіта тыя выканаўцы, спектакль якіх я ўбачыла, калі ўпершыню прыйшла ў Оперны тэатр.

Разумеючы ўзровень адказнасці, я адчувала творчае хваляванне. Спявала найскладанейшую арыю для сапрана, майго голасу. У ёй задзейнічаны асаблівыя прыёмы алегата і апартамента. Трэба было праспяваць так, каб арыя не выглядала вульгарна. Гэта свайго роду сусветны оперны хіт, і, канешне, калі выконваеш такую вядомую партыю, да цябе прыслухоўваюцца больш уважліва. Трэба было прадэманстраваць майстэрства. У любым выпадку, няма мяжы дасканаласці, але на сёння я лічу, што ў поўнай меры адолела пастаўленую задачу.

— Пасля канцэрту пра вас загаварылі яшчэ больш, называюць узыходзячай «зоркай». Ці з'явілася пачуццё, што зараз вы ў большай ступені адказныя перад слухачом?

— Я атрымала вялікую колькасць прыемных водгукаў. Мне пісалі, тэлефанавалі, на оперным балі да мяне падыходзілі людзі з пажаданнямі. Гэта самая галоўная ўзнагарода і каштоўнасць для артыста — водгук публікі, для якой працуеш. Вядома, адчула большую адказнасць. Цяпер не маю права паніжаць планку. Як студэнтка зрабіла высновы, над чым яшчэ трэба папрацаваць і на што звярнуць увагу.

Я зрабіла вялікі крок да сваёй мары — стаць салісткай нашага опернага тэатра, які вельмі люблю. Дзеля гэтага і пачала займацца спевамі. Вельмі хачу радаваць людзей сваёй творчасцю.

— Анастасія, што вас натхняе?

— У першаю чаргу мая сям'я. Яна падтрымае, разумее, недзе паўшчувае — артыста фарміруе не толькі творчая дзейнасць, але і асяроддзе, у якім ён знаходзіцца. Мне ў гэтым плане вельмі пашанцавала, бо ўсе вельмі зацікаўлены ў тым, каб я стала прафесіяналам. Мой муж далёкі ад музыкі, але да таго, як сышла ў дэкрэт, мы часта наведвалі оперныя спектаклі.

Мяне натхняе і мой педагог, які бязмежна ў мяне верыць. У любой сітуацыі яна падтрымае добрым словам — гэта мая творчая апора.

— Калі ласка, падзяліцеся сваімі творчымі планамі...

— Як і ў кожнага студэнта Акадэміі музыкі, які выпускаецца ў гэтым годзе, творчы план у мяне складаецца з аднаго пункта — паспяхова размеркавацца. Але я шчыра веру ў тое, што рана ці позна траплю ў наш оперны тэатр.

— Што вы пажадалі б маладым выканаўцам, якія знаходзяцца ў пачатку творчага шляху, але мараць выступаць на вялікай сцэне?

— У першую чаргу — упэўненасці, ніколі не сумнявацца ва ўласных сілах, бачыць канчатковую мэту. І ніколі не здраджваць сваёй мары, што б ні здаралася. Станаўленне артыста — вельмі складаны працэс. Падчас яго з'яўляецца шмат пытанняў, на якія не заўсёды атрымліваецца знайсці адказ. Таму нельга адчайвацца, трэба сур'ёзна займацца і верыць, што ўся праца, пакладзеная на алтар мастацтва, дасць свой плён.

Арына КАРПОВІЧ

Фота дадзены гераіняй

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».