Вы тут

«Хачу застацца ў прафесіі!» З якімі думкамі жыве і працуе малады заатэхнік у вёсцы


У сельскагаспадарчых ВНУ гарачая пара. Менавіта зараз сотні хлопцаў і дзяўчат вызначаюцца са сваім першым працоўным месцам. У лютым мінулага года сярод выпускнікоў быў і наш герой. Статус студэнта Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Сямён Гаянкоў адразу змяніў на пасаду галоўнага заатэхніка ААТ «Прывольны агра» Слаўгарадскага раёна. Пра матывацыю, выбар і першы прафесійны вопыт маладога спецыяліста чытайце ў нашым матэрыяле.


Ну, рагулі дык рагулі...

Сямён згадвае, як усё адбывалася, і прызнаецца, што, у адрозненне ад сваіх таварышаў, быў спакойны.

— Пры размеркаванні ўлічваўся сярэдні бал усіх сесій за чатыры з паловай гады навучання, таксама ацэньваўся ўдзел у спартыўным і культурным жыцці ВНУ. Я заўсёды быў актыўны: займаўся футболам, баскетболам, валейболам, флорболам, гандболам, настольным і вялікім тэнісам... У акадэміі для гэтага ствараліся ўсе ўмовы, у вольны час без праблем можна было займацца ў секцыях тым, што больш падабаецца. Ды і вучобу ніколі не закідваў. Таму ведаў, што змагу сам выбіраць месца працы.

Са шматлікіх варыянтаў Сямён найбольш упадабаў ААТ «Прывольны агра» Слаўгарадскага раёна. Гэтая гаспадарка прапаноўвала добрыя ўмовы працы, таксама важную ролю мела яе геаграфічнае размяшчэнне.

— Мая родная вёска знаходзіцца ў Рагачоўскім раёне, бацькі жывуць адны. Таму хацелася мець магчымасць хаця б зрэдку наведваць іх. Таксама адметным было тое, што ў гаспадарцы для маладога спецыяліста прадугледжвалася асобнае жыллё. У наш час гэта вельмі актуальна, таму гэты варыянт адразу зацікавіў.

Але і без складанасцяў не абышлося. Адукацыю наш герой атрымліваў па спецыяльнасці «Інжынер-тэхнолаг (птушкагадоўля)», а вось працаваць давялося крыху ў іншай галіне.

— Яшчэ на другім курсе нам паведамілі, што заявак на маладых спецыялістаў з птушкагадоўчых фабрык няма, таму хутчэй за ўсё давядзецца працаваць у звычайных гаспадарках... Я гэта ўспрыняў спакойна, у навучанні пачаў больш увагі ўдзяляць асаблівасцям работы з буйной рагатай жывёлай. У любым выпадку гэта прафесія мне падабаецца.

Лагічна, што ўзнікае пытанне: чым жа прывабіла маладога хлопца праца заатэхніка? Сёння моладзь збольшага імкнецца збегчы з вёскі, таму ў сучасных рэаліях гісторыя Сямёна выглядае не зусім звычайна.

— У маёй сям'і ўсе звязаны з сельскай гаспадаркай: тата — інжынер, брат — ветурач. А мама, як і я, заатэхнік. Гэта ў пэўнай меры паўплывала на выбар прафесіі. І жывёл я люблю.

Хутка мы ў гэтым упэўніліся. Цяжка апісаць словамі пяшчоту, з якой хлопец ставіцца да сваіх «падапечных» — каровак і цялят. І яны адказваюць яму тым жа.

Досвед лішнім не бывае

Першае працоўнае месца задае настрой усёй прафесійнай дзейнасці. Часам здараецца, што пасля няўдалага вопыту маладыя людзі расчароўваюцца ва ўласным выбары. Таму для дзяўчат і хлопцаў вельмі важнай з'яўляецца адаптацыя ў новым калектыве і ўвогуле ў нестандартных абставінах. Для Сямёна працоўныя будні пачаліся з прызначэння на пасаду галоўнага заатэхніка, а значыць, дапускаць памылкі было нельга.

— Адразу, прызнаюся шчыра, было страшна без вопыту прымаць на сябе такую адказнасць. Але паступова ўцягнуўся, здаецца, спраўляюся. Галоўнай цяжкасцю была работа з вялікім калектывам. Да кожнага чалавека трэба знайсці падыход, каб ён цябе пачуў, зразумеў і якасна выконваў свае абавязкі.

Для таго каб кіраваць людзьмі, трэба мець аўтарытэт. Тым больш гэта важна для маладога спецыяліста. Займець павагу вопытных, часта старэйшых па ўзросце цяжка, для гэтага трэба шчыра і аддана працаваць. Так, каб ніхто не змог засумнявацца ў тваім прафесіяналізме. Сямён Гаянкоў гэтага правіла прытрымліваецца дакладна: працуе літаральна ад цямна да цямна.

— Мой працоўны дзень пачынаецца ў пяць гадзін раніцы. Першай справай аглядаю сваю гаспадарку: замацаваныя за мною малочна-таварныя комплексы і фермы. Затым агульная планёрка, пасля яе кантралюю раздачу кармоў, каб усе кароўкі былі сытыя. Таксама займаюся лячэннем жывёл. У абед невялікі перапынак. І пасля зноў паўтараецца ранішні сцэнарый. Працоўны дзень у мяне ненармаваны, ды і гаспадарка вялікая, таму часам даводзіцца вяртацца дамоў у восем ці дзевяць гадзін вечара.

Гэта толькі схематычнае апісанне, насамрэч жыццё кожны дзень падкідвае безліч загадак, якія маладому спецыялісту даводзіцца разгадваць.

Можа падацца, што вясковае жыццё нашага героя ў пэўнай меры сумнае. Але гэта не так. Ён знаходзіць, як бавіць вольны час. Адзіны мінус: у вёсцы не хапае моладзі.

— Люблю пагуляць з кампаніяй у валейбол ці футбол, летам магу павудзіць рыбу, калі дазваляе час. Канешне, моладзі мала. Маладыя людзі ў асноўным імкнуцца ў горад, але ж сельская гаспадарка корміць усю краіну! Калі праца належным чынам аплачваецца і ёсць дзе жыць, можна спакойна працаваць!

З такой думкай цяжка не пагадзіцца. Сучасныя студэнты як агню баяцца размеркавання. Найперш пужае перспектыва трапіць на адпрацоўку за межы Мінска ці абласнога горада. Але ж за МКАДам жыццё не спыняецца. У раёнах, у невялікіх вёсках таксама жывуць людзі, якія працуюць. Магчыма, праца іх незаўважная для жыхароў тлумных шматпавярховікаў. Але ж такія маладыя людзі, як Сямён, на сваім вопыце даказваюць, што моладзь у вёсцы запатрабаваная.

Пра тое, якой ён бачыць сваю будучыню, Сямён шчыра кажа: «Хачу застацца ў прафесіі». І гэтыя словы надзвычай важкія.

Напрыканцы мы запыталі ў нашага героя, якія парады ён можа даць студэнтам, што ў хуткім часе прыйдуць на сваё першае працоўнае месца.

— Не трэба баяцца! У жыцці трэба прайсці ўсё. І чым больш цяжкасцяў ты зведаеш сёння, тым лепш будзе заўтра. Калі выбраў прафесію, трэба ёй адпавядаць, рабіць сваю справу належным чынам. Галоўнае — упартасць, цярплівасць і жаданне. І ўсё атрымаецца!

...Сонца даўно апусцілася за гарызонт. А па вясковай вуліцы шпаркай хадою крочыць малады чалавек — галоўны заатэхнік ААТ «Прывольны агра» Сямён Гаянкоў. Сёння яго чакае адпачынак. А заўтра будзе новы дзень, са сваімі выклікамі і праблемамі. Спадзяёмся, Сямён з імі справіцца.

Алёна Кухарава, студэнтка ІІІ курса факультэта журналістыкі БДУ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.