Вы тут

Клубніцы ў шакаладзе, ці «Салодкі» бізнес для дваіх


Тэма пра тое, як знайсці прыбытковую справу, мабыць, будзе актуальнай заўсёды. Ксенія Шчасная і Арцём Быкоўскі вырашылі для сябе гэтае пытанне. Больш за тры гады пара займаецца стварэннем і продажам падарункавых дэсертаў. За гэты час маладыя людзі адкрылі дзве майстэрні: адна з іх знаходзіцца ў Мінску, другая — у Гродне. Акрамя гэтага, у сталіцы хутка адкрыецца іх кандытарская. Мы пагаварылі з дзяўчынай аб іх сумесным «салодкім» бізнесе.


Працаваць Ксенія з Арцёмам пачалі падчас вучобы ва ўніверсітэце. Пара ў той час актыўна займалася пошукам варыянтаў заробку. Тады з'явілася ідэя пачаць продаж кветак анлайн, але з-за неспрактыкаванасці маладых людзей не абышлося без памылак. Адначасова з гэтым Арцём заўсёды шукаў магчымасць дадаткова падзарабіць: падпрацоўваў грузчыкам, раздаваў улёткі, паліваў газоны і гэтак далей.

Нягледзячы на тое, што па адукацыі Ксенія маркетолаг-эканаміст у сферы ІT, а Арцём — інжынер-будаўнік, сваё прызванне пара знайшла ў стварэнні яркіх і прыгожых дэсертаў. Першым і галоўным іх таварам сталі клубніцы ў шакаладзе.

— Ідэя адкрыць сваю майстэрню ўзнікла тры гады таму абсалютна выпадкова, — дзеліцца Ксенія. — Мы ўбачылі, як такі дэсерт робяць у Маскве, і вырашылі паспрабаваць увасобіць тое ж самае.

Ні ў адным бізнесе не абыходзіцца без цяжкасцяў. Але яны дапамагаюць удасканальвацца і станавіцца мацнейшым. Па словах Ксеніі, галоўнай складанасцю для іх з Арцёмам стаў падбор персаналу, бо гэта тыя людзі, з якімі трэба працаваць у далейшым. Да пытання пара падышла сур'ёзна. Крытэрыяў пры адборы было шмат, галоўнымі сталі адказнасць, акуратнасць, ветлівасць. Ад кандытараў дадаткова патрабавалася творчая загартоўка, ад менеджараў — уменне працаваць у сферы продажаў.

На пытанне аб тым, што з'яўляецца галоўным у гэтай справе, Ксенія адказала лаканічна — «любоў». І сапраўды, без належнага стаўлення да працы не атрымаецца дамагчыся добрага выніку.

Акаўнт майстэрні ў Іnstagram змяшчае больш за шэсцьсот публікацый, і вялікая колькасць з іх — фатаграфіі гатовых дэсертаў. Асартымент прадукцыі прыйдзецца па душы кожнаму: шакаладныя пліткі, трайфлы, капкейкі і медыянты з рознымі смакамі і напаўненнямі, свежыя фрукты і ягады ў шакаладзе, эфектны «Напалеон» і многае іншае. Салодкія кампазіцыі нярэдна ўпрыгожваюць жывыя ружы. Яркія колеры, арыгінальны дызайн, прэзентабельны выгляд — абавязковыя складнікі кожнага вырабу. У такой справе сапраўды не абысціся без натхнення!

— Наша каманда складаецца з творчых людзей, таму варыянты новых дэсертаў з'яўляюцца па-рознаму: хтосьці малюе эскізы, некаторыя імправізуюць падчас выканання кампазіцый, а мне, напрыклад, аднойчы ідэя прыйшла ў сне. Калекцыя «Матылькі» ўзнікла пасля таго, як прысніліся гэтыя ярка-блакітныя стварэнні, — прызнаецца Ксенія.

Штодня ў майстэрнях выконваецца ад дзесяці заказаў. У залежнасці ад віду дэсерту на яго выраб патрабуецца ад 15 хвілін да 1,5 гадзіны. Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца падарункавыя букеты з клубніцамі ў шакаладзе.

У адным з пастоў Іnstagram-акаўнта майстэрні падпісчыкам прапануецца купіць слоічак «Варэнне Дабра» і такім чынам паўдзельнічаць у дабрачыннасці.

— У нас заставалася шмат ягад, якія псаваліся, з-за чаго даводзілася іх выкідваць. Таму мы вырашылі перапрацоўваць невялікія па памерах клубніцы, што не падыходзілі для выканання заказаў, і рабіць з іх варэнне. Так прыйшла ідэя запусціць дабрачынную акцыю, і ўсе атрыманыя грошы накіроўваць у фонд дапамогі тым, хто мае ў гэтым патрэбу: дзецям, хворым на рак, пажылым, жывёлам.

Для акцыі было выраблена 30 кілаграмаў дэсерту. Аб'ём аднаго слоічка складае 300 грамаў, а яго цана — 15 рублёў.

Нядаўна Ксенія з Арцёмам паведамілі падпісчыкам нечаканую навіну: маладыя людзі пераехалі ў Маскву. Зараз у гісторыях акаўнта можна бачыць, як пара пачынае развіваць сваю «салодкую» справу ў сталіцы Расіі.

Акрамя вядзення бізнесу, пара любіць хадзіць у трэнажорную залу, і змена месца жыхарства ніяк не адбілася на гэтым занятку.

Лізавета МАЛЬЧУК, студэнтка ІІІ курса факультэта журналістыкі БДУ

Фота з архіва герояў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як «Звязда» ў 90-ыя гады вяртала з небыцця імёны герояў ВАВ і адстойвала гонар партызанаў

Як «Звязда» ў 90-ыя гады вяртала з небыцця імёны герояў ВАВ і адстойвала гонар партызанаў

Таццяна Падаляк на працягу 20-гадовай работы ў «Звяздзе» ажыццявіла нямала патрыятычных праектаў.

Калейдаскоп

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

У 2022 годзе адзначаецца 1030-годдзе Полацкай епархіі.