Вы тут

Наталля Качанава: Важна захаванне пераемнасці пакаленняў, традыцый, суверэнітэту і незалежнасці краіны


Спікер верхняй палаты парламента сустрэлася з пераможцамі творчага конкурсу для старшакласнікаў «Ведай сваю Канстытуцыю». 


У ім бралі ўдзел навучэнцы 9-11 класаў школ Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці і Маскоўскага раёна абласнога цэнтра. З ініцыятывай яго правядзення выступіў член Савета Рэспублікі, галоўны ўрач Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы Аляксандр Карпіцкі. У прыватнасці, на конкурс былі прадстаўлены 41 эсэ ад 23 устаноў адукацыі Брэстчыны. Пераможцамі сталі 13 работ у такіх намінацыях як «Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь і яе месца ў маім жыцці»; «Канстытуцыя — аснова непахіснасці правоў чалавека»; «Правы і свабоды — найвышэйшая каштоўнасць»; «Закон галоўны, Закон важны — Канстытуцыя краіны» і іншых. 

Вітаючы пераможцаў у Савеце Рэспублікі яго спікер асабліва падкрэсліла: 

— Наша дзяржава — прававая, мы жывем па законах, таму вельмі важна, каб Асноўны Закон нашай краіны быў накіраваны на тое, каб захаваць пераемнасць пакаленняў, тых асноўных традыцый, якія былі і ёсць у нашай краіне, захаваць яе суверэнітэт і незалежнасць, і дакладна вызначыць узаемаадносіны асобы і дзяржавы, асобы і грамадства. 

Наталля Качанава выказала ўдзячнасць школьнікам за іх грамадзянскую пазіцыю і разуменне тых працэсаў, якія адбываюцца ў грамадстве: 

— Вы — выпускнікі, але ўсё роўна дастаткова маладыя, каб быць глыбока пагружанымі ў палітыку. Але разам з тым вы выказалі свае прапановы і бачанне, і гэта вельмі для нас важна, — адзначыла Старшыня Савета Рэспублікі. 

Таксама яна падзякавала педагогам за тое, што яны прывіваюць маладым людзям пачуццё патрыятызму, любові да роднага краю, падштурхоўваюць іх думаць і аналізаваць падзеі, якія адбываюцца ў краіне і ў свеце.
Адзначым, што па традыцыі сустрэча прайшла ў фармаце адкрытага дыялогу: то-бок без купюр і закрытых тэм для абмеркавання. 

Напачатку Наталля Качанава расказала аб дзейнасці палаты тэрытарыяльнага прадстаўніцтва — Савета Рэспублікі, функцыях яго членаў, рабоце над законапраектамі і функцыянаванні экспертнага савета пры Савеце Рэспублікі, а пасля адказала на пытанні гасцей. Маладых людзей цікавалі нюансы правядзення цэнтралізаванага тэставання з улікам зменаў і дапаўненняў у Асноўны Закон, арганізацыі вучэбнага працэсу ў школах і гімназіях, фарміравання профільных класаў і складзе школьнай праграмы. 

Трэба сказаць, многія з узнятых пытанняў спікер верхняй палаты, як кажуць, узяла на аловак і паабяцала ў бліжэйшы час вывучыць іх змест больш дэталёва разам з профільным міністэрствам. 

У гутарцы з журналістамі Наталля Качанава звярнула ўвагу на тое, конкурс быў прысвечаны дастаткова няпростай для старшакласнікаў тэме — «Ведай сваю Канстытуцыю», але маладыя людзі справіліся з ёй на выдатна. 

Даючы ацэнку сустрэчы, спікер звярнула ўвагу на яе пазітыўнасць і добры настрой.

— Але самае галоўнае — што ў маладых людзей было дастаткова шмат пытанняў, якія, сапраўды, спатрэбяцца ў нашай рабоце, — кажа яна і тлумачыць: у гэтым і заключаецца зваротная сувязь паміж парламентарыямі і маладымі людзьмі, якія заканчваюць школу, абіраюць будучую прафесію і плануюць сваё далейшае жыццё. 

Акрамя таго яна запэўніла, што ўзнятыя сёння пытанні ідуць ад жыцця, абсалютна правільныя і патрабуюць урэгулявання.

Вольга АНУФРЫЕВА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.