Вы тут

Трагедыя і боль вёскі Гаі


Гаі — вёска на паўночным ускрайку Магілёва. Адтуль нават можна ўбачыць дах чыгуначнага вакзала. Да вайны гэта быў невялічкі пасёлак, зараз на месцы старых дамоў будуюць катэджы магіляўчане. Тут вельмі прыгожа. Маляўнічыя ўзгоркі і равы, побач лес, рачулка і лагодная для сэрца цішыня. У гарачым 1941-м усё было па-іншаму. Тут рубяжы горада абараняў легендарны міліцэйскі батальён пад камандаваннем капітана Канстанціна Уладзімірава, у які ўваходзілі і зусім яшчэ зялёныя курсанты. Амаль усе яны паляглі на гэтай вышыні. Сёння яна абазначана вялікім мемарыяльным комплексам, нашчадкі берагуць памяць пра абаронцаў. Але ў нас не так шмат памятных месцаў, дзе пахаваны мірныя жыхары. Іх смерць часам была не менш жахлівай і пакутлівай. У вёсцы Гаі яшчэ жывуць сведкі тых нечалавечых акцый застрашвання і забойства сялян. Ад іх расповедаў мурашкі па спіне. Ім ужо далёка за восемдзясят, і яны спяшаюцца засведчыць перад нашчадкамі, як гэта страшна, калі ў дом грукаецца не віртуальная, а рэальная вайна.


Магілу Ядвігі Бардзілоўскай паставілі на ўлік як воінскае пахаванне.

Білі прыкладамі і гналі па вуліцы

З кнігі «Памяць» Магілёўскага раёна 1996 года выдання:

...Знішчэнне насельніцтва, населеных пунктаў разам з жыхарамі або часткай іх, тактыка «выпаленай зямлі» — усё гэта было характэрным у час гітлераўскай акупацыі на Магілёўшчыне. Толькі ў Магілёўскім раёне такі лёс спасціг 27 населеных пунктаў, з якіх 6 былі сцёртыя з паверхні зямлі цалкам да апошняй хаты. Гітлераўцамі было забіта 2499 мірных жыхароў, з іх больш за 700 спалена жывымі...

Жоўты дом Соф'і Вераксы стаіць на ўзгорку, на ім — зорка ветэрана. Муж яе, Іван Іосіфавіч, таксама ўраджэнец вёскі, юнаком збег у партызаны, ваяваў на фронце, быў цяжка паранены. Яго баявы шлях адзначаны ўзнагародамі. Шлюбам яны пабраліся ўжо ў мірны час. Калі пачалася вайна, Соф'і было ўсяго 13 гадоў. Яна ўспамінае, як разам з аднавяскоўцамі хавалася ў бліндажы, які яны зрабілі на некалькі сем'яў з бярвення наўпрост у рове. Немцы так «бамбілі горку, дзе заселі міліцыянеры», што, здавалася, хутка сатруць яе разам з вёскай ушчэнт. Паветра звінела ад свінцовага дажджу. А потым усё сціхла, і на вясковай вуліцы з'явіўся першы немец. Ён ішоў як гаспадар, з біклагай у руцэ. Людзі спачатку падумалі, што гэта бомба, баяліся пашавяліцца. Але ён нікога не крануў. Так пачалася акупацыя. Спачатку ўсё было дастаткова мірна, потым пайшлі аблавы.

Соф'я Іванаўна добра памятае той летні дзень 1942 года. Немцы прачэсвалі дамы ў пошуках зброі. Вёска непадалёк ад лесу, нехта данёс, што жыхары перадаюць патроны і ружжы партызанам. Гэтага дабра пасля баёў у акрузе было шмат. А жыхары яго збіралі.

Суразмоўніца лічыць, што толькі цуд выратаваў яе сям'ю. У іх доме таксама пабывалі фашысты, але не здагадаліся адкрыць чамадан, які стаяў пад ложкам. Там ляжаў тол.

— Усе ў пасёлку рыхтаваліся да таго, што нашы вернуцца, ва ўсіх былі зброя і патроны, — кажа яна. — Па начах прыходзілі партызаны, немцы абыходзілі вёску днём. Мы ўвесь час жылі ў страху.

А вось Ядвізе Бардзілоўскай не пашчасціла. Немцы знайшлі ў яе шмат зброі і кулямёт. Жанчыну схапілі, пачалі пытаць, сыпалі пясок у рот. А потым пагналі па вуліцы і ўвесь час білі прыкладамі па галаве, плячах, нагах.

Свед­ка зла­чын­стваў у га­ды ня­мец­кай аку­па­цыі Бра­ні­слаў ДА­ШКЕ­ВІЧ з жон­кай Ра­і­сай ЗНО­САК.

— Гэта было вельмі жахліва, — успамінае Соф'я Іванаўна. — Немцы прымусілі, каб мы стаялі ўздоўж вуліцы і глядзелі на гэта. Жанчына ледзь перастаўляла ногі, падала знясіленая, яе падымалі і гналі прыкладамі зноў. Потым з найбліжэйшага бярэзніку раздаліся стрэлы.

Ядвігу Бардзілоўскую ў пасёлку лічылі сапраўднай шляхцянкай: бойкая, самавітая, дзелавая. Муж ваяваў на фронце, а яна жыла з двума дзецьмі і маці. Потым да іх далучыўся яе брат, які падчас баёў атрымаў калецтва. Яшчэ да аблавы ён збег з дому, дзеці таксама адсутнічалі. Старую маці немцы не кранулі, затое на яе вачах здзекаваліся з дачкі.

Ядвігу Бардзілоўскую там, у беразняку, і пахавалі. Гэта магіла ёсць і цяпер. Летась яе паставілі на ўлік як воінскае пахаванне. Сціплая агароджа, бярозка з раздвоеным ствалом замест крыжа, штучныя кветкі і шыльда з яе прозвішчам і датамі жыцця — 1902-1942. Самастойна мы гэта месца дакладна не знайшлі б. Дачы амаль цалкам узялі яго ў кола. Дзякуй Раісе Зносак, жонцы яшчэ аднаго сведкі тых часоў — Браніслава Дашкевіча. Яна нам яго і паказала.

Снарады хаваў у хляву

З кнігі «Памяць»:

«Нацысцкае камандаванне заклікала салдат і афіцэраў праяўляць неабходную жорсткасць да насельніцтва. 13 мая 1941 года фельдмаршал Кейтэль падпісаў дырэктыву «Аб ваеннай падсуднасці ў раёне «Барбароса» і аб асобных паўнамоцтвах войск». У ёй гаварылася, што ўзброеныя сілы Германіі вызваляюцца ад усякай адказнасці за любыя злачынствы на акупіраванай тэрыторыі».

Браніслаў Дашкевіч на год старэйшы за Соф'ю Вераксу. Былы настаўнік, шмат цікавага ведае з гісторыі сваёй вёскі. І, што вельмі прыемна, наш падпісчык. З газетай сябруе шосты дзясятак гадоў, яна і зараз у яго на стале. Падчас вайны таксама збіраў зброю для партызан. Нават прыдумаў цэлы план, каб рабіць гэта непрыкметна для іншых. Чапляў на доўгі провад і паціху цягнуў за сабой. Хаваў у хляву пад страхой. Падчас адной з аблаў таксама ледзь не стаў ахвярай. Немец ужо глядзеў у бок гэтага хлява, але не стаў пэцкаць свае боты ў каровіным гноі.

— Расстраляць тады маглі за дробязь, — успамінае ён. — Знайшлі зброю — значыць, партызан. А я шмат зброі перадаў партызанам праз Храмянкова, ён быў наш сувязны з партызанскім атрадам. Зброю браў на месцы былых баёў, лазіў па акопах. Нават хаваў байцоў, бо яны ляжалі там, дзе загінулі. Некалькі гадоў таму дапамагаў пошукавікам шукаць абаронцаў.

Соф'я была партызанскай сувязной

На жаль, дзе пахаваная сувязная партызанскага атрада Соф'я Андрэева і яе маці Марфа, невядома. Пра гэтых жанчын шмат чаго расказала Вольга Яўсеева, якой на час вайны было ўсяго 9 гадоў. Яшчэ падчас абарончых баёў дом, дзе яна жыла, а таксама дамы Бардзілоўскай і Окала-Кулак, якія стаялі побач, згарэлі ад снараду, які трапіў у іх. Людзі перасяліліся ў іншыя будынкі.

Жыхары вёскі Гаі кажуць, што іх чакаў лёс жыхароў Хатыні. І толькі дзякуючы савецкім агентам, якія інкогніта працавалі ў немцаў, бяду атрымалася адвесці. І Соф'я Веракса, і Вольга Яўсеева з удзячнасцю ўспаміналі агентаў з прозвішчамі Батура і Храмянкоў, казалі, што яны карысталіся ў немцаў аўтарытэтам і гэта дазволіла пазбегнуць бяды. На жаль, адзінкавыя ахвяры здараліся.

— Соф'ю немцы схапілі падчас адной з аблаў, — расказвае Вольга Рыгораўна. — Яна збірала для партызан зброю, а калі даведалася, што немцы ў вёсцы, склала патроны ў вядро і панесла іх у раку Дубравенку. Немцы звярнулі на гэта ўвагу і схапілі яе. Яе трох сясцёр і пляменнікаў паспелі папярэдзіць, яны збеглі з дому. А вось маці была старая ўжо і засталася. Немцы абшукалі дом, знайшлі іншую зброю і скрыню толу за печкай. Старую жанчыну схапілі і таксама забралі ў гестапа. Больш іх жывымі ніхто не бачыў.

Вольга Яўсеева расказвае, што Соф'я вельмі актыўна супрацоўнічала з партызанамі. Яе не выратавала нават тое, што яна была цяжарная.

 Соф'я ВЕ­РАК­СА ўспа­мі­нае тра­гіч­ныя па­дзеі вай­ны.

На такіх прыкладах выхоўваецца патрыятызм

Дзякуй Мікалаю Талстых, члену грамадскага аб'яднання «Беларускае добраахвотнае грамадства аховы помнікаў гісторыі і культуры», які ахвяраваў сваім часам і на асабістым аўто арганізаваў паездку ў вёску Гаі. Прызнаецца, што для яго такія сустрэчы вельмі важныя.

— Ніводны сучасны гісторык не можа так праўдзіва і непрадузята расказаць пра канкрэтныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны, як відавочцы, — кажа ён. — На жаль, з кожным годам іх становіцца ўсё менш. Таму вельмі важна, пакуль ёсць яшчэ магчымасць, як можна больш сабраць, захаваць і ўвекавечыць для нашчадкаў тыя факты, якія яны могуць данесці.

Навуковы супрацоўнік музея гісторыі Магілёва член абласной камісіі па генацыдзе Пётр Хаванскі перакананы, што сустрэчы дзяцей з такімі вось людзьмі, сведкамі ваеннага ліхалецця, як нішто іншае выхоўвае любоў і павагу да радзімы. Ён асабіста арганізоўвае паездкі для школьнікаў, якія задзейнічаны ў пошукавым руху.

— Наш доўг — не забыць імёны забітых мірных грамадзян, — кажа ён. — Вёска Гаі дагэтуль захоўвае памяць пра Ядвігу Бардзілоўскую, а таксама маці і дачку Марфу і Соф'ю Андрэевых. Пахаванне Бардзілоўскай мы паставілі на ўлік, а вось пытанне па апошніх адкрытае. Вельмі хацелася б і іх увекавечыць. Гэта трагедыя і боль вёскі Гаі. Жанчыны падтрымлівалі сувязь з партызанамі, дапамагалі ім, былі звязнымі. Памяць пра іх не павінна быць страчана. Хацелася б, каб іх прозвішчы трапілі на мемарыяльную пліту.

Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара

Вёска Гаі, Магілёўскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?