Вы тут

Прэзідэнт: Гэта першы крок да перамен


Пасля нарады Прэзідэнт сустрэўся з беларускімі журналістамі. У Прэзідэнта планавалася падрабязная размова з айчыннымі СМІ, але з-за парадку дня яна прайшла ў сціслым фармаце. Тым не менш Аляксандр Лукашэнка адзначыў:  вялікую сустрэчу правядуць, але крыху пазней.


Пра шляхі вырашэння канфлікту на Украіне

Па словах Прэзідэнта, гэта павінна быць рашэнне трох славянскіх краін. «Я як Прэзідэнт узважваю, што лепей зараз спыніцца, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Зразумела мною было сказана: давайце, спыніце ўсякую вайнушку. Асабліва з намі. З намі чаго ваяваць? Мы для ўкраінцаў рабілі ўсё. Нават на шкоду сабе».

Прэзідэнт акцэнтуе, што Украіне неабходна прыняць патрабаванні Расіі, якія ў тым ліку датычацца і нашых інтарэсаў. «Калі Украіна стане ачагом НАТА і будзе накіравана супраць Расіі, то трэніравацца будуць на нас. Атрымаецца — тады перанясуць і на Расію. Калі будзе неабходна нейкую ракету запусціць, перад усім на Мінск яе накіруюць, а потым ужо і на Маскву», — акцэнтуе Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт тлумачыць: калі разбураць ці знішчаць Расію, адразу страчана будзе і Беларусь. Таму захаваць Расію — жыццёва важна для нашых інтарэсаў і эканамічных у тым ліку.

«Трэба разумець, якую палітыку мне прыходзіцца ажыццяўляць і па якім лязу нажа сёння прайсці. Тым не менш, кіраўніцтва Расіі ніколі не ставіла перада мной пытанне ўдзельнічаць у нейкіх аперацыях, у тым ліку і ўкраінскай», — заявіў ён.

Каб прыкрыць паўднёвы кірунак, на нарадзе абмеркавалі, якую яшчэ зброю мае набыць Беларусі. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, пажадана закупіць у Расіі «Іскандэры» і С-400 «Трыумф».

«Гэта такая зброя, ад якой нашы праціўнікі становяцца больш цвярозымі. Мы сёння-заўтра перагаворым з Прэзідэнтам Расіі, каб падмацавацца нам на заходнім кірунку. Україна-Украінай, але рухаюцца ў Польшчы і Літве: разгортваюць брыгады, самалёты, верталёты і іншае», — дадаў Прэзідэнт.

Журналісты пыталіся і пра нарошчванне ваеннай прысутнасці НАТА каля заходніх граніц Беларусі і планаў у адказ з боку нашай краіны. «Важная не тая тысяча, якую амерыканцы да польска-беларускай мяжы перакінулі. Што такое тысяча? Мы з імі разбярэмся за дзве-тры гадзіны, справа не ў гэтым. Важна тое, што мы сутыкнемся з Амерыкай. Калі толькі застрэлім хоць аднаго амерыканскага салдата , сутыкнемся з імі. І тады пачнецца канфлікт не з тысячай салдат, а з тэхналагічнай у ваенных адносінах машынай, магутнай дзяржавай. У гэтым небяспека», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Прызнанне ДНР і ЛНР

Па словах Прэзідэнта, неабходна дакладна разумець вынікі такога кроку Беларусі. Але гэта, тым не менш, не з’яўляецца праблемай для нашай краіны.

«Пытанне стаіць на парадку дня. У бліжэйшыя часы мы прымем гэтае рашэнне. Зробім так, як лепш і Расіі, і Беларусі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Пра нацыяналізм

Як успомніў Прэзідэнт, у 1990 гады у нашай краіне бушаваў нацыяналізм. Спыніць яго дапамог толькі рэферэндум. «Калі б не спынілі нацыяналістычны ўгар, то ў нас прыкладна тое ж і было (што на Украіне. — „Зв.“), — мяркуе Прэзідэнт. — Таму нам Гасподзь дапамог і мы спынілі яго ў 90-х. А яны пайшлі тым шляхам».

У кантэксце размовы Аляксандр Лукашэнка нагадаў гісторыю пра заснаванне ЕўраЗЭС. Яшчэ тады ён з Уладзімірам Пуціным абмяркоўваў, што Украіна ніколі не ўвойдзе ў гэта аб’яднанне. «Тады Кучма быў Прэзідэнтам. Быццам бы наш, савецкі. А ў той жа час і сам недацягнуў. Гэта нацыяналістычнае крыло было настолькі моцным, што ён пабаяўся ісці супраць Рады», — адзначыў Кіраўнік краіны.

Рэферэндум адбудзецца пры любых умовах

Прэзідэнт Беларусі, адказваючы на адно з пытанняў, адзначыў, што беларусы павінны прыйсці на рэферэндум, інакш гэта стане ганьбай для краіны.

«Мы, наадварот, павінны прыйсці. Гэта не мой рэферэндум і не мая Канстытуцыя. Мне, як Прэзідэнту, і гэта была б нармальная Канстытуцыя, —сказаў кіраўнік дзяржавы. — Гэта першы крок да перамен. Мы ўсё гэта прапішам і далей паціху, на працягу года-двух адбудуем. Гэта будзе зусім іншая, як журналісты гавораць, палітычная мазаіка, палітычная карта Беларусі, зусім іншая, і стрымліваючыя фактары для цяперашняга Прэзідэнта і асабліва — будучыні».

Што да крытыкі праекта абноўленай Канстытуцыі, якую выказваюць апазіцыйныя колы, то было адзначана, што яны не падтрымліваюць любыя рашэнні ўлады. «Для іх усё, што гаворыць Лукашэнка, — гэта ўсё роўна супраць, нават калі ён правільна гаворыць», — заявіў Прэзідэнт.

Таксама ён акцэнтаваў, што нягледзячы на апошнія падзеі ў яго не ўзнікала думак, каб адмяняць або перанесці рэферэндум. Пры гэтым, па словах кіраўніка краіны, яўка грамадзян ужо склала каля 15 %.

«Таму ніякай ніколі думкі не было ў мяне і размовы наогул не было аб тым, каб адмяняць або пераносіць рэферэндум, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — А навошта? Што змянілася? У краіне ж нічога не змянілася».

Мінская лыжня

Прэзідэнт плануе 26 лютага прыняць удзел у «Мінскай лыжні», якая пройдзе ў «Раўбічах». «У суботу я хачу паглядзець рэзерв. Правалілі Алімпіяду, вось я хачу паглядзець, каго трэнеры пакажуць, наш бліжэйшы рэзерв — хто ў Італіі (на наступнай Алімпіядзе. — „Зв.“) будзе па горах поўзаць. Гэта ж ганьба: грошы трацім, а выніку жадаемага няма», — сказаў кіраўнік краіны.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».