Вы тут

Міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў наведаў Веткаўшчыну


Працоўны візіт ва ўсходні рэгіён Гомельскай вобласці кіраўнік ведамства скарыстаў для правядзення прамой тэлефоннай лініі і прыёму грамадзян-жыхароў райцэнтра. Аднак праблемных пытанняў ад веткаўцаў да міністра так і не паступіла. Уладзімір Пярцоў скарыстаўся магчымасцю бліжэй азнаёміцца, як у раёне вядзецца работа са зваротамі грамадзян, і правёў сустрэчу з журналістамі Веткаўшчыны.


Міністр інфармацыі падзяліўся сваімі назіраннямі за практыкай выязных сустрэч і прыёмаў на тэрыторыі раёнаў. Так, адсутнасць патоку зваротаў — паказчык таго, што мясцовая ўлада адклікаецца на праблемы, якія хвалююць людзей. Дзе ўлада размаўляе з жыхарамі, там людзям няма неабходнасці ісці на больш высокі ўзровень, выказаў сваё меркаванне Уладзімір Пярцоў:

— Калі ж на месцах ёсць дыстанцыя, там і звароты па любых пытаннях — ад добраўпарадкавання двара да элементарных дробных камунальных тэм. Людзі проста не могуць дастукацца. І такім чынам скардзяцца і на адпіскі, і на адгаворкі, і на фармалізм. Часам з боку нейкая праблема выглядае малазначнай, але для канкрэтнага чалавека гэта рэальная складанасць у жыцці. Твар у твар, лічу, — самы дзейсны метад вырашэння сацыяльных і бытавых праблем, — падзяліўся міністр.

Што датычыцца Веткаўскага раёна, то сёння тут актыўна ўкараняюць практыку штомесячнай выязной працы ўсіх службаў раёна ў сельскія населеныя пункты.

Як адзначыла намеснік старшыні Веткаўскага райвыканкама Наталля Дарашэвіч, праводзяцца сустрэчы па самых розных пытаннях, прыёмы грамадзян вядзе кіраўніцтва райвыканкама, з дакладам па кожным напрамку работы выступаюць прадстаўнікі адказных службаў.

Праблемныя тэмы, вядома, бяруцца на кантроль, да поўнага вырашэння.

Уладзімір Пярцоў звярнуў увагу, што значную ролю ў зняцці сацыяльнай напружанасці сярод людзей адыгрываюць рэгіянальныя сродкі масавай інфармацыі. Прэса павінна рэагаваць і пісаць пра спадзяванні і праблемы, якія хвалююць жыхароў раёна.

Калі размаўляць з людзьмі, растлумачваць ім тую ці іншую складаную сітуацыю, то, сутыкнуўшыся з фэйкавай, правакацыйнай інфармацыяй, яны ўжо змогуць супаставіць факты, прааналізаваць і зрабіць правільныя высновы. У гэтым і праяўляецца мудрасць народа, падкрэсліў Уладзімір Пярцоў.

Актуальныя тэмы і перспектывы работы ў сучаснай інфармацыйнай прасторы з першых вуснаў ад кіраўніка ведамства пачулі, а пасля і абмеркавалі журналісты Веткаўшчыны. Магчымасцю атрымаць адказы на хвалюючыя пытанні скарысталіся супрацоўнікі рэдакцыі газеты «Голас Веткаўшчыны». Міністр акрэсліў актуальныя задачы, якія стаяць перад беларускімі СМІ, закрануў пытанні якаснай журналісцкай работы ў сацыяльных сетках, падрыхтоўкі маладых кадраў у рэдакцыях і цікавасць да грунтоўных аналітычных матэрыялаў. Кіраўнік ведамства распавёў, што пасля рэферэндуму галіну чакае трансфармацыя, не выключана стварэнне медыяхолдынгаў і ўзбуйненне рэгіянальных СМІ. 

Між тым удзельнікі сустрэчы дзяліліся і асабістымі водгукамі на ключавыя аспекты Паслання Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. Закранулі пытанні барацьбы з пандэміяй COVID-19 у Беларусі, праблемы прымянення заходніх санкцыі і вядзення інфармацыйных войнаў. 

Уладзімір Пярцоў звярнуў увагу на тое, як на этапе дыскусійных пляцовак, дыялогаў ў працоўных калектывах, са спікерамі, абмеркавання ў сацыяльных сетках абмяркоўваліся прапанаваныя змяненні і дапаўненні ў Асноўны Закон Беларусі.

Міністр звярнуў увагу, што да падзеяў 2020 года ў беларускім грамадстве быў даволі нізкі ўзровень палітызацыі. Цяпер людзі, перажыўшы шок ад дзеянняў дэструктыўных элементаў у 2020 годзе, не могуць быць па-за палітыкай і актыўна абмяркоўваюць усе нюансы і тэмы. У Год гістарычнай памяці асаблівая задача данесці да моладзі: беларусы — нашчадкі пераможцаў, подзвіг савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне ніколі і ніхто не можа абясцэніць. 

— І журналістам, і ідэолагам трэба зрабіць каласальны аб’ём працы, каб дастукацца да кожнага маладога чалавека, расказаць, што было і што магло б быць, што б нас чакала. Таму што па той бок нашы апаненты робяць усё, каб знівеліраваць, знішчыць ролю Вялікай Перамогі. Яны хочуць гэта вынішчыць любой цаной. Гэта іх галоўная ідэалагічная, інфармацыйная задача, якую нельга дапусціць, — зазначыў Уладзімір Пярцоў.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.