Вы тут

Аблічбаваныя скаргі і пытанні дазволяць бачыць работу арганізацый са зваротамі грамадзян


Звароты грамадзян за апошнія пяць гадоў (а з часам, магчыма, і за дзесяцігоддзе) плануюць унесці ў Адзіную рэспубліканскую інфармацыйную сістэму ўліку і апрацоўкі зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб, якая распрацавана Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі. Апрабацыя гэтага рэсурсу — адна з навацый Закона аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, які ў Палаце прадстаўнікоў зараз рыхтуюць да другога чытання. Сёння ў інфармацыйнай сістэме зарэгістравана каля трох тысяч арганізацый, у якія, як сведчыць статыстыка, паступае да 90 % зваротаў. А парламентарыі, якія азнаёміліся з яе работай, упэўнены, што айчынны закон аб зваротах адзіны ў свеце падобнага кшталту, таму так важна, каб ён працаваў дасканала.


Дэ­пу­та­ты ўні­ка­юць, як функ­цы­я­нуе сіс­тэ­ма.

Каб ведаць настрой і хваляванні

Дадзены закон — важны дакумент, бо звароты грамадзян дазваляюць наладзіць канструктыўны дыялог паміж уладай і грамадскасцю па вырашэнні найбольш вострых і надзённых пытанняў. З часам у адзінай сістэме будзе знаходзіцца ўся перапіска дзяржорганаў і людзей, усе запыты і адказы, упэўнена Наталля ТАРАСЕНКА, член Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў:

— Змены, якія ўносяцца ў закон, вельмі актуальныя і своечасовыя. Яны пасадзейнічаюць таму, што сістэма работы са зваротамі грамадзян стане больш аптымальнай і зручнай як для службовых асоб і арганізацый, так і для людзей, якія да іх звяртаюцца, і зарэкамендуе сябе як добры спосаб стасункаў для вырашэння праблем. Дзякуючы ёй можна будзе прасачыць у тым ліку, каб не парушаліся азначаныя заканадаўча тэрміны адказаў людзям.

Айчыннае заканадаўства — адно з самых прагрэсіўных у свеце па рабоце са зваротамі грамадзян, аднак тэхналогіі з часам мяняюцца і, адпаведна, удасканальваецца заканадаўства, заўважыла намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Валянціна РАЖАНЕЦ:

— Мы імкнёмся закласці ў законе асновы эфектыўных стасункаў улад з грамадзянамі падчас вырашэння пытанняў людзей. Будзе створаны асабісты кабінет, у якім чалавек зможа лёгка і хутка паглядзець сваю перапіску з арганізацыямі і атрыманыя ад іх адказы. Поўную карціну — зварот чалавека і прынятыя па ім рашэнні — будуць бачыць і дзяржорганы. Магчыма, гэта дазволіць устараніць недахопы, якія раней не дазвалялі эфектыўна вырашыць пэўнае пытанне. Сістэма павінна дапамагчы зрабіць нашу агульную работу больш эфектыўнай. Звароты грамадзян — важны сегмент у рабоце дэпутацкага корпуса і дзяржорганаў, бо ён дазваляе даведацца пра настрой людзей і іх хваляванні.

Набор справаздач, партрэт грамадства і дадатковыя сэрвісы

Пэўна, ні адной краіне не ўдзяляецца столькі ўвагі рабоце са зваротамі грамадзян, як у Беларусі, лічыць Ганна РАБАВА, намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі. Яна абазначыла праблемы, якія відавочна існуюць у рабоце са зваротамі грамадзян і якія павінна вырашыць новая адзіная сістэма.

Найперш гэта разрозненая рэгістрацыя, бо кожная арганізацыя вядзе сваю базу зваротаў. Таму неабходна было стварыць цэнтралізаваную рэгістрацыю ўсіх зваротаў. Другі момант: спецыялісты паралельна рабілі аналітыку зваротаў па самых розных напрамках, і цяпер існуе шырокі набор справаздач, а таксама канструкцыі, якія дазволяць сфарміраваць справаздачу па існуючых даных націскам адной кнопкі, падзялілася яна:

— Фактычна мы ідзём да таго, каб пераставаць пісаць справаздачы ў вышэйстаячыя органы — яны ўваходзяць у сістэму зваротаў і ўсю карціну бачаць самі. Грамадзянам сістэма зручная тым, што яны ўваходзяць у асабісты кабінет і бачаць усю гісторыю сваіх зваротаў і адказаў, ім не трэба ўспамінаць, калі, каму і што яны пісалі. Пры гэтым грамадзяне, якія прывыклі падаваць заяву на паперы, змогуць працягваць рабіць гэта. Супрацоўнік па рабоце са зваротамі грамадзян пэўнай арганізацыі сам зарэгіструе дакумент у электроннай сістэме.

База адзінай сістэмы стане вельмі важнай, мяркуе Генадзь ДАВЫДЗЬКА, старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў:

— Па зваротах грамадзян бачныя прыхільнасці людзей, па базе можна будзе зрабіць палітычны ці сацыяльны зрэз і стварыць партрэт грамадства, працаваць з грамадскім меркаваннем.

Сістэма зваротаў — самастойная платформа, якая забяспечвае інфармацыйнае ўзаемадзеянне заяўнікаў і дзяржорганаў і прадпрыемстваў, а таксама інфармацыйныя сувязі паміж дзяржорганамі, кантрольныя функцыі і мае шэраг сэрвісных функцый, ахарактарызавала сістэму ўліку і апрацоўкі зваротаў Алена СВІРЫД, супрацоўніца Інстытута прыкладных праграмных сістэм:

— Летась сістэма зваротаў была дапрацавана з пункту гледжання дызайну. У платформе закладзены шэраг сэрвісаў і магчымасцяў. Вялікая ўвага ўдзелена стварэнню даведніка-класіфікатара: у нас выкарыстоўваецца 26 даведнікаў і класіфікатараў. Мы можам настройваць асабісты кантэнт сістэмы зваротаў, а ў раздзеле «Дапамога» можна звярнуцца да адміністратара. Існуе таксама сэрвіс «Паведамленне», з дапамогай якога можна даведацца, што прыйшло новае паведамленне, функцыя СМС-апавяшчэння і іншыя карысныя магчымасці.

На­тал­ля ТА­РА­СЕН­КА.

Як падаць зварот

Магчымасць самастойнай рэгістрацыі карыстальнікаў пакуль заблакіравана, арганізацыі ў сістэму ўносіць знешні адміністратар. На рэсурсе выкарыстоўваецца дакладная ідэнтыфікацыя карыстальнікаў і прадпрыемстваў, якія прывязаны да УНП. Увайсці ў сістэму грамадзянін можа, выкарыстоўваючы сваю ІD-картку. Або прыйсці на пошту і з дапамогай аператара зарэгістравацца ў нацыянальнай паштовай электроннай сістэме і аўтаматычна стаць і яе карыстальнікам, і сістэмы зваротаў. Тут ёсць дастаткова падрабязная інструкцыя, якая ўтрымлівае копіі экрана і форму рэгістрацыі з палямі і іх апісаннем. Так што ніякіх цяжкасцяў падчас рэгістрацыі ў чалавека не ўзнікне, патлумачыла спецыяліст.

— Для дзяржорганаў, якія працуюць з сістэмай зваротаў, мы распрацавалі шмат відэаматэрыялаў (відэаінструкцыі з пакрокавымі дзеяннямі ў рэжыме рэальнага часу з субцітрамі), якія можам прадставіць па запыце арганізацый для азнаямлення з сістэмай. Яна, дарэчы, прадстаўлена на рускай і беларускай мовах.

У сістэме амаль немагчыма стварыць ананімны зварот або сказіць даныя пра сябе. Калі грамадзянін ідэнтыфікуецца праз Адзіную сістэму ідэнтыфікацыі фізічных і юрыдычных асоб ці нацыянальную паштовую электронную сістэму, ён дазваляе сістэме бачыць звесткі пра сябе. Калі ж ён рэгіструецца непасрэдна ў сістэме зваротаў, то выкарыстоўвае выдадзеныя яму сістэмай логін і пароль. Акрамя таго, прадугледжана пацвярджэнне грамадзянінам свайго нумара тэлефона, па якім, калі ён захоча сказіць свае даныя, можна будзе вызначыць рэальныя рэквізіты заяўніка.

Зварот з'явіцца ў сістэме не толькі тады, калі чалавек сфарміруе яго са свайго асабістага кабінета ў сістэме зваротаў ці паштовага аддзялення. Рэгістрацыйную кантрольную картку звароту ў сістэме сфарміруе і ўпаўнаважаны супрацоўнік дзяржоргана ці арганізацыі, куды зварот быў накіраваны іншым спосабам. Напрыклад, пісьмовым паштовым адпраўленнем або ў вуснай форме падчас асабістага прыёму. Усе дакументы, якія чалавек дашле разам са сваім зваротам, таксама будуць захоўвацца ў сістэме. А перапіска заяўніка з арганізацыямі будзе не толькі бачная яму і дзяржорганам, але і мець пэўны статус: завершана яна ці на якой стадыі працэсу разгляду знаходзіцца. Такі падыход робіць прыняцце рашэння празрыстым і ўплывае на яго якасць, сцвярджаюць спецыялісты.

Ірына СІДАРОК, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.