Вы тут

Віктар Шніп: Крыху пра «ЛіМ» і сябе ў ім


«ЛіМ» чытаю з 1977 года. Напачатку набываў у газетных шапіках, а потым, калі ўпершыню надрукаваўся з вершамі ў штотыднёвіку (гэта было восенню 1978 года), стаў яго пастаянным падпісчыкам. Нават калі вучыўся ў Маскве ў Літінстытуце на ВЛК, выпісваў газету, каб ведаць усё, што адбываецца ў сучасным літаратурным жыцці. Працуючы ў «ЛіМе», выпісваў наш штотыднёвік і для сябе, і для мамы ў вёску Пугачы. Словам, у наступным годзе будзе 45 гадоў, як кожную пятніцу «ЛіМ» прыходзіць у маю паштовую скрынку.


Віншуючы штотыднёвік з юбілеем, хачу крыху згадаць тыя часы сваёй працы ў «ЛіМе» і стасункі з ім. У гэтым мне дапамогуць скарочаныя запісы з майго дзённікавага рамана.

7.01.1995. У сераду пазванілі з Міністэрства культуры і друку ад намесніка міністра Івана Карэнды і прапанавалі прыйсці пагаварыць пра газету «Культура», дзе мне даюць пасаду галоўнага рэдактара. Я напачатку разгубіўся, нават думаў адразу адмовіцца. Затым паехаў да дзвюх гадзін у міністэрства. Размова была з Іванам Карэндам. Далі запоўніць асабовы лісток для аддзела кадраў.

У чацвер патэлефанаваў з «Бярозкі» Алесь Бадак і перадаў ад свайго галоўнага рэдактара Вячаслава Адамчыка прапанову прыйсці да іх на працу загадчыкам аддзела літаратуры. У іх быў сход, і ўсе сыйшліся на маёй кандыдатуры. Другой кандыдатурай была Люда, але яны хочуць хлопца. У пятніцу прыйшоў з працы, і Люда мне паведаміла, што тэлефанаваў з «ЛіМа» Мікола Гіль і хоча пагаварыць са мной. Відаць, таксама прапануе працу. Шмат прапаноў. Не застацца б каля разбітага карыта. 

17.01.1995. У мінулы панядзелак хадзіў у «ЛіМ» — гаварыў з М. Гілём — прапануюць працу намесніка галоўнага рэдактара. Гэта амаль тое, што і ў «Нашым слове», але ж гэта «ЛіМ», якому ўжо за 60 гадоў. Пра ўсё перагаварыў з Б. П. Сёння пайшоў у «ЛіМ», каб усё вырашыць. М. Гіль падпісаў паперу на перавод. Я з «НС» не пайшоў бы, калі б... Праўда, у «лімаўцаў» свае праблемы, але гэта ўсё-ткі літаратурнае выданне, дзе працуюць, дзякуй богу, пісьменнікі. Заходзіў Анатоль Кляшчук. Рад, што буду я ў «ЛіМе». Пазней зайшоў Анатоль Сыс у шапцы Пазнякевіча з падбітым вокам. Самае галоўнае — прынёс для друку вершы, і калі я хацеў зірнуць на іх, ён закрычаў: «Шніпу не паказваць!» Адчуваецца, што Анатоль згубіў самаўпэўненасць. Хацеў сфатаграфавацца з падбітым вокам.

У «НС» прыйшоў са сваёй навіной — усё думаў, як сказаць Эрнэсту Ялугіну. Расказаў Мар’яну Віжу. Ён мяне падтрымаў і стаў прасіцца, каб я ўзяў яго з сабой. Пры выпадку паказаў Ялугіну просьбу Гіля перавесці мяне ў «ЛіМ». Ялугіну ледзь кепска не стала. Даведаліся нашы. Сталі дзівіцца і шкадаваць, што я пайду ад іх. Вечарам угаварыў Уладзіміра Панаду на сваё месца ў «НС». 

19.01.1995. На працы Ялугін спрабаваў мяне адгаварыць ад пераходу ў «ЛіМ». Нават званіў Нілу Гілевічу, які засмуціўся, даведаўшыся пра мой пераход. Ялугін паведаміў мне, што Гілевіч скажа Міколу Гілю, каб той не браў на працу Шніпа. Словам, Ялугін у разгубленасці: хто будзе ў яго працаваць? Я прапанаваў на сваё месца Уладзіміра Панаду. Ялугін пагадзіўся з гэтым. Я пазней патэлефанаваў Б. П. і расказаў пра свае справы. Даведаўся, што Гіль без папярэдняй размовы з Гілевічам не прапаноўваў бы мне пасаду ў «ЛіМе». Як там будзе далей? Бог пакажа. Але я настроіўся ісці ў «ЛіМ». 

22.01.1995. У пятніцу хадзіў у Міністэрства культуры і друку да І. Карэнды. Сустрэў мяне ён без настрою, бо я прагаварыўся, што мне прапанавана быць галоўным рэдактарам у «Культуры». Амаль гадзіну размаўляў з Карэндам. Напачатку ён быў злосны, што ўсё так атрымалася: «У мяне на „Культуру“ кандыдатур няма!» Гэта ён паўтарыў разоў дзесяць. Казаў, што трэба галоўны рэдактар у «Спадчыну», намеснік у «Роднае слова», дрэнныя справы з «Беларускай мінуўшчынай» і хапае вольных месцаў у самім міністэрстве. Мой лёс вырашыцца ў аўторак пасля размовы Карэнды з Бутэвічам: ці «Культура», ці «ЛіМ»? «ЛіМ» для мяне як паэта бліжэй — як ні як, а выданне пісьменніцкае, і калектыў пісьменніцкі, і, здаецца, нядрэнны. 

31.01.1995. Учора быў першы дзень працы ў «ЛіМе». Усё прайшло нармальна. Якраз бачыўся з Р. Барадуліным, які павіншаваў мяне з новай працай праз крысо кажуха. Зайшоў М. Замскі і паклікаў да тэлефона. Званіў Барадулін. Ён аддаў вершы для свайго юбілею і ў адным прапусціў два радкі. Я запісаў і перадаў М. Гілю. 

1.02.1995. Трэці дзень на працы. Крыху стаў уваходзіць у курс спраў. У «ЛіМа» свае праблемы, але не такія, як у «НС». Зноў бачыў Галубовіча і Федарэнку. Зазірнуў да Цвіркі ў «Полымя» і ў «Беларусь». 

29.03.1995. У панядзелак Алесь Асташонак правёў увесь дзень у «ЛіМе»: «А мне няма куды ісці, як толькі ў „ЛіМ“». Пад канец працоўнага дня па Алеся прыйшла жонка. 

У пятніцу адзначылі мае 35. Заходзілі ў «ЛіМ» павіншаваць мяне Алесь Пісьмянкоў з Анатолем Зэкавым. Тэлефанавала Эдзі Агняцвет: «Не вытрымала і патэлефанавала вам. Мне вельмі спадабаліся вашы вершы ў „ЛіМе“. Я цяпер перакладаю французскую паэзію, і вашы вершы вельмі блізкія да яе. Але яны вашы...»

20.08.1995. У пятніцу хадзіў на пасяджэнне аргкамітэта па правядзенні свята Дня беларускай пісьменнасці і друку. «ЛіМ» будзе ўдзельнічаць у свяце. 

2.01.1996. Выхадны дзень. 30 снежня ў «ЛіМе» святкавалі 30-годдзе працы ў газеце Міхася Замскага. Напачатку ўсё было культурна, а тут раптам прыйшоў Анатоль Сыс і прывёў з сабой Пятра Васючэнку. І пачалося! (...) За святочным сталом, як тры асілкі, сядзелі тры лімаўскія рэдактары — цяперашні Мікола Гіль, былыя Алесь Жук і Анатоль Вярцінскі. Сыс надумаўся чытаць вершы. Ніхто не слухаў. Сыс, пазлаваўшыся, заявіў, звяртаючыся да Вярцінскага: «Анатоль, ты застанешся ў літаратуры!» Усе прыціхлі. Вярцінскі прыслухаўся. Сыс працягнуў: «Застанешся толькі таму, што я табе верш прысвяціў!» Анатоль Ільіч тут жа галаву апусціў. 

15.02.1996. Люда збіраецца перайсці на працу ў «ЛіМ». Учора да нас у рэдакцыю прыходзіў Мятліцкі. Пасля аперацыі ходзіць з кавенькай, але па-ранейшаму жартуе. 

21.05.1996. Нядаўна ў «ЛіМе» быў не вельмі прыемны артыкул пра Мікалая Яроменку. Здавалася, што народны артыст павінен раззлавацца і даць нейкі адлуп (можа, яшчэ і будзе), а ён сустрэўся з нашай Жанай Лашкевіч і хораша пагаварыў, нават абяцаў адказаць для «ЛіМа» на пару пытанняў. Што ж, разумны, відаць, чалавек. Іншы б накінуўся і на Лашкевіч, і на «ЛіМ» і выліў бы ў адказ пару вёдзер бруду. 

23.08.1996. У панядзелак усім «ЛіМам» святкавалі 50-годдзе Алеся Марціновіча. Хапала і людзей, і было паўнютка на стале. Мы з Людмілай прыйшлі з дзецьмі, бо няма з кім дома пакінуць. Спачатку думалі пабыць крыху, але потым прасядзелі да канца. Не абышлося без Анатоля Сыса... 

28.02.1998. Апошні дзень зімы. Снегу няма. Градусаў пяць цяпла. Субота. У сераду ў «ЛіМ» прыходзіў мастак Мікола Цудзік: «Я прыйшоў да Рыгора Барадуліна». Я ў адказ: «У нас Барадулін не працуе!» — «Я прынёс свае вершы. Я Цудзік! Хачу ў вас зрабіць невялікую выставу!» Я запрасіў Міколу і яго менеджара (так прадставіўся наш другі госць) да сябе ў прыёмную. Хлопцы прыйшлі з карцінамі, якія тут жа ў прыёмнай пачалі расстаўляць. Атрымалася невялікая выстава. Карціны можна было набыць за нядорага. 

15.09.1998. Пачало халадаць. Мікола Сымонавіч прынёс навіну, што ў нас будзе галоўным рэдактарам Алесь Пісьмянкоў. 

19.09.1998. Учора даведаліся, што дакладна ў нас будзе Алесь Пісьмянкоў. Хацеў Мікола Мятліцкі, за якога прасіў сам Іван Шамякін. Але... 

4.11.1998. Серада. Нам у СП будуць прызначаць новага галоўнага рэдактара. «Лімаўцаў» ніхто не запрашаў. Будзе А. Пісьмянкоў, калі нічога не ўтворыцца. 

28.12.1998. З 1 студзеня ў нас Алесь Пісьмянкоў. 

18.03.1999. У нас у «ЛіМе» паціху ўсё наладжваецца. Пісьмянкоў прывык да нас, а мы да яго. Сяджу ў адным кабінеце з Паўлам Вераб’ёвым. Прыходзілі балгары, якія складаюць беларускую анталогію. Былі з імі Гілевіч і Вярцінскі. Сфатаграфаваліся. 

21.05.1999. Святкавалі выхад 4000-га нумара «ЛіМа». Збіраліся ехаць усёй рэдакцыяй у «Іслач», але скончылася тым, што нашы гаручыя прыпасы засталіся замкнутымі ў сейфе, а наша Наташа з ключом некуды з’ехала. Святкавалі ў рэдакцыі. Прыйшлі Н. Гілевіч, А. Вярцінскі, Х. Жычка, Н. Гальпяровіч і У. Мачульскі. Пазней далучыліся Л. Галубовіч, А. Варановіч, Ю. Свірка, А. Клышка, В. Грышановіч і яшчэ сёй-той. 

23.10.2010. Часта ўспамінаю Алеся Пісьмянкова, з якім некалькі гадоў працаваў у «ЛіМе». Ён галоўным рэдактарам, а я адным з яго намеснікаў. З Алесем было хораша працаваць, бо ён да ўсіх супрацоўнікаў адносіўся як да родных. Стараўся не крыўдзіць нікога, перажываў за ўсіх і ўсё і часам залішне. Землякі ж для яго былі як святыя. Памятаю, у рэдакцыю прыходзіць Леанід Левановіч. Праз хвілін пяць Пісьмянкоў кліча мяне ў кабінет: «Трэба паставіць у гэты нумар апавяданне Леаніда Кірэевіча, якое ён прынёс два тыдні назад!» — «Мы ж у мінулым нумары апавяданне тое надрукавалі!» — адказаў я і прынёс Левановічу і Пісьмянкову па газеце... 

9.09.2011. На пачатку 80-х гадоў у «ЛіМе» ў аддзеле крытыкі працаваў Анатоль Сідарэвіч, і я, як і многія з майго пакалення, дзякуючы яму, стаў пісаць рэцэнзіі. Крытыкуючы па заказе, я не адразу зразумеў, што займаюся не тым, чым трэба. І хоць я супрацоўнічаў з «ЛіМам» гады два, але за гэты час паспеў пакрыўдзіць некалькі добрых паэтаў. І сёння мне сорамна за тое, што я быў «крытыкам». 

22.07.2012. Учора з Людмілай Рублеўскай і сябрамі «Літаратурнага прадмесця», якім яна кіруе, ездзіў да Аксаны Спрынчан на Лысую гару, дзе мы распачалі святкаванне 10-годдзя стварэння суполкі. Суполка ўзнікла ў кастрычніку 2002 года пры штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», дзе я працаваў галоўным рэдактарам. На той час дырэктарам холдынга «ЛіМ» была Таіса Бондар. Маю ідэю яна падтрымала, і пасля абвесткі ў газеце на першае пасяджэнне прыйшлі Аксана Спрынчан і Наталля Дзянісава. На другі раз ужо было некалькі чалавек, а праз некалькі месяцаў у самым большым пакоі «ЛіМа» ўсе не змясціліся (было чалавек трыццаць), хто прыйшоў на пасяджэнне «Літаратурнага квартала». Так суполка называлася да таго часу, пакуль Людміла Рублеўская працавала ў «ЛіМе»... Словам, ёсць што ўспомніць... 

22.07.2012. У «Літаратурнага прадмесця» ёсць традыцыя — перапіс усіх, хто прыйшоў на пасяджэнне суполкі. Першы запіс у тоўстым нататніку з’явіўся 17 снежня 2002 года. На пасяджэнні «Літаратурнага квартала» былі: Кацярына Чарнушэвіч, Наталля Дзянісава, Вольга Лемяшэўская, Святлана Канановіч і Аксана Спрынчан. Было вырашана збірацца па чацвяргах у 18 гадзін. 23 студзеня 2003 года. На пасяджэнне «Літаратурнага квартала» прыйшлі: Вікторыя Сотнікава, Віка Трэнас, Святлана Канановіч, Ігар Клепікаў, Павел Каспяровіч, Валеры Русельнік, Аляксей Яскевіч, Сяргей Патаранскі, Васіль Востры, Аксана Спрынчан, Наталля Кучмель і Усевалад Гарачка. Мастак Алег Карповіч зрабіў для «Літаратурнага квартала» эмблему, пад якой у «ЛіМе» друкаваліся творы сяброў суполкі. Усе пасяджэнні вёў я з Людмілай Рублеўскай. 

25.09.2013. «Кожную кнігу трэба пісаць так, нібы гэта твая лепшая і апошняя» — казаў Уладзімір Караткевіч. Трэба, але не заўсёды нашы жаданні супадаюць з нашымі магчымасцямі. І мы пішам кнігі, і яны ў нас (кажу не пра ўсіх) атрымліваюцца не лепшымі за папярэднія, а тым больш не апошнімі. Апошнімі і не трэба! Згадаўся паэт Сяргей Грахоўскі, які, калі я працаваў у «ЛіМе», сем гадоў усё прыносіў і прыносіў новыя вершы і казаў: «Гэта мае апошнія творы...» Памёр на 90-м годзе жыцця... 

13.04.2016. Нават тады, калі быў галоўным рэдактарам «ЛіМа» Анатоль Вярцінскі, беручы мае вершы да друку, загадчык аддзела літаратуры Юрась Свірка казаў: «Не ведаю, што тваё і калі пойдзе. Усё залежыць ад Гіля...» Наўрад усё пры Вярцінскім у «ЛіМе» залежала ад Гіля, а вось тое, што было пры Гілю, то сапраўды залежала ад яго. І не таму, што Мікола Сымонавіч нікому нічога не давяраў, а, наадварот, што ўсе яму давяралі. Ну, магчыма, не ўсе, але... Заведама слабае і халтурна-графаманскае не праходзіла ў друк. Ён чытаў усё сам. 

12.05.2018. У «ЛіМе» за 11 мая Вітаўт Чаропка напісаў пра мяне: «Віктар Шніп — моцны паэт з паэтычным камп’ютарам у галаве. Вершы ў яго нараджаюцца як замовы. Здаецца, ён іх вывучыў у дзяцінстве ад таямнічых гукаў вясковага сусвету і вось цяпер шчодра расказвае. А пасля знаёмства з яго дзённікавымі занатоўкамі я аднёс яго да своеасаблівай і такой рэдкай з’явы — лавец імгненняў і нават сноў. Сон пра Сыса, які жыве ў Вільні, магчыма, прарочы. Там ён можа сустрэцца з улюбёнымі Купалам і Багдановічам, ды і Барадулін неўзабаве далучыцца да іх. Сумаваць не будуць...» Прачытаўшы гэта пра сябе, я памацаў галаву. Камп’ютара не знайшоў. А вось выснову «лавец імгненняў і сноў» думаю скарыстаць, назваўшы так новую кнігу дзённікавага рамана. А можа, і не скарыстаю... 

20.02.2022. У найбліжэйшых нумарах часопіса «Полымя» будзе надрукавана амаль сорак старонак (на жаль ужо, як спадчына) успамінаў Міколы Мятліцкага пра газету «Літаратура і мастацтва».

Віктар ШНІП

Друкуецца ў газеце «Літаратура і Мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.