Вы тут

Што думаеш, тое і атрымліваеш. Як негатыўныя думкі пагаршаюць жыццё?


Існуе меркаванне пра тое, што Сусвет здольны прымаць і счытваць інфармацыю. Які пасыл чалавек нясе ў космас, тое і атрымлівае. Нездарма, людзі, якія заўсёды скардзяцца і знаходзяцца ў дрэнным настроі, так і не становяцца шчаслівымi. Вось чаму нельга думаць i казаць негатыўна. Свет не з’яўляецца жорсткім. Ён можа здавацца такім таму, што наша падсвядомасць і думкі настроены на негатыў. Праз гэта ў жыцці людзей можа адбывацца шмат няўдач. Бо, знаходзячыся пад уплывам негатыўных пачуццяў, чалавек схільны здзяйсняць неабдуманыя дзеяннi. Напрыклад, калі вы часта скардзіцеся на жыццё, то дрэнныя думкі вяртаюцца ў выглядзе непрыемных падзей, якія будуць пацвярджаць вашы словы, што ўсё сапраўды дрэнна. Але што будзе, калі ачысціць сябе ад негатыву і запоўніць свой розум тым, што ўсё будзе лёгка атрымлівацца і давацца? Калі ж вы дзякуеце Сусвету нават за тое, што маеце цяпер, вы атрымліваеце яшчэ больш станоўчага ў будучыні.


Праблемы стануць знікаць, жыццё напоўніцца шчаслівымі і пазітыўнымі момантамі. Калі вы ўсвядомiце, што вынік вашых няўдач — гэта негатыўныя думкі, то зробіце першы крок да змены свету вакол сябе. Сувязь думак і цела значна мацнейшая, чым мы разумеем. Менавіта нашыя думкі і перакананні спараджаюць адпаведныя эмоцыі, а не дзеянні іншых людзей. А эмоцыі ў сваю чаргу — адна з прычын дрэннага самаадчування — фізічнага знясілення. Кожны від эмоцый, якія мы адчуваем, праяўляецца ў пэўнай зоне нашага цела. Негатыўныя эмоцыі аслабляюць iмунiтэт, робяць наша цела безабаронным перад рознымі захворваннямі.

Так нашыя разбуральныя думкі правакуюць хваробы і праблемы. Гэта сігнал таго, што мы жывём няправільна. Як вынiк, неабходна запаўняць розум пазітыўнымі эмоцыямі і думкамі — і не пакідаць месца негатыву.

Не жадай іншаму зла. Таксама негатыўныя думкі і словы на адрас іншых людзей абавязкова вяртаюцца, але з яшчэ большай сілай. Напрыклад, адзін чалавек пажадаў іншаму, каб у таго было дрэннае самаадчуванне. Але ў такім выпадку трэба памятаць, што гэтыя жаданнi, накіраваныя на іншага чалавека, пасля могуць вярнуцца і да адрасанта. Гэта можа адбыцца ў любы час — праз пару дзён, тыдзень ці праз месяцы. Хутчэй за ўсё, чалавек ужо забудзе аб пасланым негатыве, але дрэнная энергія ўсё роўна вернецца і перашкодзіць яму, ускладніць жыццё. У такім выпадку, чалавек нават можа не зразумець, з-за чаго ў яго рэзка пагоршылася самаадчуванне. Ён можа зноў раззлавацца і пачаць думаць у негатыўным ключы: «Чаму ж усе здаровыя, а я захварэў?» Але тое, што мы пасылаем іншым, вяртаецца да нас зноў. І тады гэта можа быць ужо не звычайная хвароба, а нешта больш сур’ёзнае. Такая сітуацыя з часам можа ператварыцца ў замкнёнае кола, якое складана разарваць. Такім чынам, калі б людзi ведалі аб гэтым законе Сусвету, то змаглі б усцерагчы сябе ад хвароб, калецтваў і непрыемнасцяў. Выснова простая, але вельмі дзейсная — працуйце са сваім мысленнем і стаўцеся да навакольных так, як вы хочаце, каб паступалі з вамі!

Закон Сусвету: Не жадай іншаму таго, чаго не жадаеш сабе!

Адкуль бяруцца негатыўныя эмоцыі? Любыя негатыўныя эмоцыі і думкі ўзнікаюць пры неадпаведнасці нашых чаканняў з рэальнасцю.

Напрыклад, трывога — адмоўная эмоцыя, якая ўзнікае, калі чалавек незадаволены сабой або сваiм жыццём. Перажыванне гэтай эмоцыі робіць нас больш слабымі. І таму, калі мы часта трывожымся, то адчуваем ператамленне і заняпад энергіі.

Як быць? Займіцеся спортам. Калі вы трэніруецеся, ваш арганізм вылучае эндарфіны, якія паляпшаюць настрой. Больш абдымайцеся. Гэта прынясе задавальненне не толькі вам, але і таму, каго вы абдымаеце. Можаце з’есці плітку шакаладу, бо шакалад таксама паляпшае настрой. Узгадайце ўсе моманты свайго жыцця, калі вы былі вельмі шчаслівыя. І не турбуйцеся аб тым, што можа нават i не адбыцца. Не прымайце ніякіх важных рашэнняў, пакуль вы знаходзіцеся ў стане нуды. Калі вы адчуеце сябе лепш, зможаце аб’ектыўна ацаніць сітуацыю і прыняць правільнае рашэнне.

Нам трэба 8 абдымкаў на дзень, каб быць шчаслівымі.

Напрыклад, такое пачуццё, як рэўнасць, у пэўнай ступені ў стасунках — нармальная з’ява. Але толькі датуль, пакуль яна іх умацоўвае. Рэўнасць характэрна для тых, хто недаатрымаў бацькоўскай любові ў дзяцінстве, альбо той, хто неаднаразова сутыкаўся з падманам і здрадай. Такія людзі губляюць веру ў сябе, свае сілы і веру ў іншых.

Калi вы баіцеся быць падманутымі, калi вы баіцеся здрад, таму будзеце бачыць і шукаць іх там, дзе ніколі не было.

Як быць? Адкажыце сабе на пытанні: ці абгрунтаваныя мае падазрэнні? Партнёр дае падставы для рэўнасці? Калі так, прагаварыце свае меркаваннi. Калі прычын няма, не трэба іх выдумляць. Варта памятаць, што акрамя вас, у партнёра ў жыцці ёсць шмат іншых людзей і спраў. Таму і вам трэба ў момант рэўнасці ўспомніць аб сваім развіцці.

Уявім, зайздрасць — пачуццё сацыяльнае, паколькі яно ўзнікае, калі мы параўноўваем сябе з іншымі людзьмі. І кожны з нас перыядычна супастаўляе сябе, свае якасці і магчымасці з іншым чалавекам і яго дасягненнямі. Часам яна з’яўляецца матывацыяй для таго, каб большага дасягнуць і больш упарта працаваць. Але гэтае пачуццё можа выклікаць нянавісць да нейкага чалавека ці групы людзей, нежаданне з імі мець зносіны з-за саперніцтва. Зайздрасць можа істотна зменшыць якасць жыцця. 

Як быць? Па-першае, успамінайце свае станоўчыя якасці ці поспехі. Так вы выявіце, што насамрэч шмат чаго можаце, але з-за сталага параўнання з іншымі людзьмі, нават і не ўспаміналі пра свае добрыя якасці. Па-другое, галоўнае проціяддзе ад зайздрасці — узяць на сябе адказнасць. Усвядомце: усё, што адбываецца ў вашым жыцці — гэта вашых рук справа. Толькі вы адказныя за свае рашэнні і іх наступствы. Але існуе і адваротны бок медаля. Часам зайздрасць нават матывуе нас і дазваляе ўбачыць, чаго ж нам насамрэч не хапае, каб жыць так, як хочацца.

Думкі і рэальнасць — гэта розныя рэчы. I часта яны не супадаюць.

Страх — гэта пачуццё ўнутранай напружанасці, якое ўзнікае на фоне перажыванняў рэальнай або ўяўнай небяспекі. Менавіта таму на фоне страху развіваюцца псіхасаматычныя захворванні. Вы баіцеся захварэць, але на фоне страху хварэеце.

Як быць? Калі чалавек адчувае пастаянны страх і неспакой, неабходна ўявіць сабе сітуацыю, у якой увесь страх спраўдзіўся. Задайце сабе пытанне: «Што будзе, калі мой страх усё ж спраўдзіцца?» У большасці выпадкаў гэта дапамагае ўсвядоміць, што жыццё на гэтым не заканчваецца. Таму жывіце тут і цяпер. Калі вы выяўляеце, што думаеце пра мінулае ці будучыню, вяртайце сябе ў сучаснасць. Страх пацярпець няўдачу (ці які-небудзь іншы) — гэта страх адносна будучыні. У гэтым выпадку мы захопленыя турботамі аб тым, што можа здарыцца. Таму, адганіце ўсе здагадкі. Не ўспамiнайце мінулыя памылкі і няўдачы.

Вашы думкі і вашае выпраменьванне фарміруюць вашу рэальнасць.

Важна: поспех прыцягваецца праз пазітыўнае мысленне.

Злосць. Калі мы злуёмся, у нашым арганізме павялічваецца ўзровень адрэналіну, а мы ізноў перажываем гэтыя непрыемныя адчуванні.

Як быць? Псіхолагі лічаць, што ва ўсіх ёсць магчымасць бачыць добрыя ці кепскія бакі ў кожнай сітуацыі. Таму толькі мы самі вырашаем: на што акцэнтаваць сваю ўвагу, — хвалявацца або назапашваць досвед. Навучыцеся кожную раніцу праграмаваць, што дзень пройдзе выдатна. Так вы часцей будзеце адчуваць сябе больш шчаслівымі і знаходзіцца ў добрым настроі.

Наш розум мае дзіўную сілу і можа практычна беспамылкова выконваць тое, на што мы сябе наладжваем. Улічваючы гэта, старайцеся зараджаць сябе добрай «дозай» пазітыву і глядзець на рэчы са станоўчай пазiцыi.

Вось невялікая прытча, якая дапаможа зразумець, як нашы думкі намі валодаюць і ўплываюць на паводзіны.

Аднойчы чалавек не змог знайсці свайго кашалька. Ён абшукаў увесь дом, і вырашыў, што кашалёк скраў хтосьці з тых, хто прыходзіў да яго. Ён пачаў успамінаць, хто ж бываў у іх у апошнія дні. І нарэшце вырашыў, што злодзеем быў суседскі сын. Хлопчык якраз забягаў да іх перад тым, як знік кашалёк. Але прамых доказаў не было, таму чалавек не мог проста пайсці да суседа і запатрабаваць свае грошы назад. Але кожны раз, сустракаючы хлапчука, ён пераконваўся ў сваіх падазрэннях. Ён бачыў, што хлопчык паводзіць сябе вельмі падазрона: бянтэжыцца, імкнецца хутчэй пайсці, хавае вочы. Карацей, усё ў ім выдавала злодзея: жэсты, погляд, рухі.

Хлапчук выглядаў усё больш вінаватым, паводзіў ён сябе вельмі спалохана. Чалавека гэта ўсё больш і больш злавала. Нарэшце ён вырашыў, што пойдзе да суседа і выкажа ўсё як ёсць.

Але тут яго паклікала жонка і сказала: «Паглядзі, што я знайшла пад ложкам». І яна працягнула яму яго зніклы кашалёк. Калі на наступны дзень чалавек сустрэў суседскага хлапчука, той ужо зусім не быў падобны на злодзея. Усе яго рухі і жэсты казалі аб тым, што гэта — добры хлопчык. 

Не дазваляйце негатыўным думкам узяць кантроль над вашым розумам. Навучыцеся імі кіраваць i вы станеце маральна мацнейшымі. Прыміце рашэнне заўсёды думаць пазітыўна і ў любых сітуацыях бачыць толькі добрыя бакі. Гэта адназначна палепшыць ваша эмацыянальнае і фізічнае здароўе. 

Псiхолаг Алена ШАЎЧЭНКА

Фота: рexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?