Вы тут

Як праходзіць датэрміновае галасаванне на адным з участкаў Жодзіна


У Жодзіне створана 20 участкаў для галасавання на рэферэндуме. Лагойскі выбарчы ўчастак № 13 месціцца ў будынку новай дзіцячай паліклінікі, якую днямі адкрылі.


— Чаму менавіта Лагойскі? — запыталася я ў старшыні ўчастковай выбарчай камісіі Аксаны Тушынскай.

— Усё проста. Непадалёку знаходзіцца вуліца Лагойская, і частка яе жыхароў будзе галасаваць менавіта тут, — растлумачыла Аксана Віктараўна. — Усяго ў нас зарэгістравана 1275 выбаршчыкаў — жыхары прыватнага сектара і новага мікрараёна, дзе пабудавана шмат жылых дамоў, пражывае вялікая колькасць шматдзетных, маладых сем'яў. Людзі актыўна ідуць выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. Трыццаць адзін чалавек будзе галасаваць упершыню. Ім падрыхтавалі імянныя паштоўкі, блакноты, ручкі.

На ўчастку выконваюцца ўсе прафілактычныя супрацьковідныя меры: антысептык, пальчаткі, маскі. Уладкавана адна урна для датэрміновага галасавання і кабінка без шторак, каб туды паступала свежае паветра падчас праветрывання памяшкання. У асноўны дзень галасавання, 27 лютага, участак будзе перанесены ў прасторнае фае новай дзіцячай паліклінікі з прыгожым вадаспадам.Там будуць уладкаваны тры кабінкі і адна кабінка для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Уваход у будынак абсталяваны пандусам, у памяшканні створана безбар'ернае асяроддзе. Людзі са слабым зрокам змогуць скарыстацца лупай, шрыфтам Брайля.

— Грамадзяне ведаюць, для чаго яны сюды ідуць. Кіраўнікамі горада, арганізацый і прадпрыемстваў у калектывах была наладжана работа дыялогавых пляцовак, сустрэч, дзе ім растлумачылі ўсе нюансы галасавання, адказалі на пытанні, якія іх цікавілі, пракансультавалі, — кажа Аксана Тушынская.

— Найбольш грамадзяне прыходзяць у другой палове дня па дарозе з работы дамоў. На БелАЗе, напрыклад, многія працуюць да 16.00. Забіраюць дзяцей з дзіцячага сада і прыводзяць сюды малых. Дзеці ведаюць, што тут адкрылася новая паліклініка, могуць пагуляць на пляцоўцы, абсталяванай рознымі атракцыёнамі.

Датэрміновае галасаванне праходзіць з 22 да 26 лютага з 10.00 да 14.00 і з 16.00 да 19.00. Падчас перапынку урна запячатваецца, заклейваецца проразь для бюлетэняў. Увесь працэс завяраецца старшынёй і членам камісіі ў прысутнасці назіральніка. Урна змяшчаецца ў сейф і знаходзіцца пад аховай дзяжурнага міліцыянера.

У сярэднім штодзень галасуе пяць — сем працэнтаў грамадзян. Па даных на сярэдзіну чацвярга прагаласавала каля 20 % ад агульнай колькасці зарэгістраваных выбаршчыкаў.

Пенсіянерка Ганна Іванаўна прыйшла аддаць свой голас разам з мужам Валерыем Аляксеевічам.

— Я інвалід, таму мне прасцей прагаласаваць датэрмінова, у спакойнай абстаноўцы, паколькі 27 лютага будзе шмат людзей. Я аддаю свой голас за мір, стабільнасць, спакой у краіне, — кажа жанчына.

— У мяне вельмі шчыльны рабочы графік, у нядзелю я працую, — адзначае Святлана. —Сумясціць работу, асабістыя справы і галасаванне цяжка. А галасаванне — гэта справа дзяржаўнай важнасці.

Юля прыйшла аддаць голас за змяненні і дапаўненні, што ўнесены ў праект новай Канстытуцыі.

— Калі мы будзем разам, мы будзем сілай, зможам з упэўненасцю ісці ў будучыню, лічыць дзяўчына.

Падчас датэрміновага галасавання заўвагі і скаргі на работу ўчастковай камісіі ад грамадзян не паступалі, запэўніла назіральнік ад Жодзінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў навукі і адукацыі Алена Ахрамовіч. Парушэнняў з боку членаў камісіі назіральнікамі таксама выяўлена не было.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».