Вы тут

Беларусь гатова зрабіць усё магчымае для ўстанаўлення міру ва Украіне


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі канстатаваў, што ніхто з сусветных лідараў не гатовы гарантаваць яе прыняцце ў НАТА і накіраваць сваіх ваенных ва Украіну. Аб гэтым ён заявіў у відэазвароце да ўкраінцаў, паведаміла ТАСС. Паводле яго слоў, краіны НАТА не гатовы прадаставіць Украіне гарантыі бяспекі і прыняць яе ў альянс. «Хто гатовы даць Украіне гарантыю ўступлення ў НАТА? Шчыра: усе баяцца», — сказаў Уладзімір Зяленскі, які пазней агучыў прапанову Расіі аб перамовах.


Таксама стала вядома, што Зяленскі падпісаў указ аб усеагульнай мабілізацыі ў краіне. Акрамя таго ён падпісаў указ аб утварэнні стаўкі вярхоўнага галоўнакамандуючага. Раней Вярхоўная Рада зацвердзіла ўказ прэзідэнта Украіны аб увядзенні ваеннага становішча на ўсёй тэрыторыі краіны. Скажу шчыра, гэтыя хаатычныя дзеянні сведчаць пра агонію ўкраінскай улады, «шайкі з Банкавай» (вуліца ў Кіеве, дзе знаходзіцца Офіс прэзідэнта), як яе між сабой называлі самі ўкраінцы.

Расійскія ваенныя выступаюць гарантам сітуацыі. Вельмі важная навіна — міністэрства абароны Расіі пацвердзіла ўзяцце пад кантроль Чарнобыльскай АЭС, паведаміла БелТА. «Радыеактыўны фон у раёне атамнай электрастанцыі ў норме. Персанал АЭС працягвае абслугоўваць аб'екты АЭС у штатным рэжыме і адсочвае радыеактыўную абстаноўку, — падкрэсліў на брыфінгу афіцыйны прадстаўнік Мінабароны РФ генерал-маёр Ігар Канашэнкаў. — Сумесныя дзеянні расійскіх дэсантнікаў і ўкраінскіх ваеннаслужачых батальёна аховы АЭС па абароне станцыі з'яўляюцца гарантыяй таго, што нацыяналістычныя фарміраванні або іншыя тэрарыстычныя арганізацыі не змогуць скарыстацца існуючай у краіне абстаноўкай для арганізацыі ядзернай правакацыі».

Пасля стала вядома пра стасункі па ўкраінскім пытанні лідараў Расіі і Кітая. Уладзімір Пуцін праінфармаваў Сі Цзіньпіна аб гісторыі ўкраінскага пытання і ваеннай спецаперацыі на ўсходзе Украіны. Расійскі лідар адзначыў, што Злучаныя Штаты і НАТА доўгі час ігнаравалі разумныя апасенні Расіі ў галіне бяспекі, неаднаразова парушалі свае абавязацельствы і працягвалі ваеннае разгортванне на ўсходнім флангу. Сі Цзіньпін адзначыў: апошнім часам сітуацыя на ўсходзе Украіны перажывае імклівыя змены, што прыцягвае вялікую ўвагу міжнароднай супольнасці. «Неабходна адмовіцца ад менталітэту халоднай вайны, прымаць да ўвагі і паважаць законныя інтарэсы бяспекі ўсіх краін і шляхам перагавораў сфарміраваць збалансаваны, эфектыўны і ўстойлівы механізм еўрапейскай бяспекі», — заявіў Сі Цзіньпін. Ён адзначыў, што Кітай падтрымлівае Расію і Украіну ў вырашэнні пытання шляхам перамоваў.

Уладзімір Пуцін гатовы адправіць у Мінск на перамовы з Украінай дэлегацыю РФ. Аб гэтым паведаміў журналістам прэс-сакратар расійскага лідара Дзмітрый Пяскоў, паведаміла ТАСС. «У адказ на прапанову Зяленскага Уладзімір Пуцін гатовы накіраваць у Мінск расійскую дэлегацыю на ўзроўні прадстаўнікоў Міністэрства абароны, Міністэрства замежных спраў і Адміністрацыі прэзідэнта для перагавораў з украінскай дэлегацыяй», — адзначыў ён. Дзмітрый Пяскоў таксама паведаміў, што Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запэўніў расійскага лідара Уладзіміра Пуціна, што Мінск гатовы стварыць усе ўмовы для перагаворнага працэсу РФ і Украіны.

Са свайго боку Беларусь па-ранейшаму гатова зрабіць усё магчымае для ўстанаўлення міру ва Украіне. Аб гэтым заявіў журналістам прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз, каменціруючы магчымасць арганізацыі ў Мінску перагаворнага працэсу для ўстанаўлення міру ва Украіне, паведаміла БелТА. «Мы заўсёды казалі аб сваёй гатоўнасці зрабіць усё магчымае для ўстанаўлення міру ва Украіне, спынення кровапраліцця паміж брацкімі славянскімі народамі. Беларусь заўсёды выступала за вырашэнне любых пытанняў дыпламатычным спосабам і шляхам перамоваў», — сказаў Анатоль Глаз. Ён нагадаў аб вопыце работы трохбаковай кантактнай групы ў Мінску, калі ўсе бакі выказвалі толькі падзякі на адрас беларускага боку. Паводле слоў прадстаўніка МЗС, гэты вопыт красамоўна пацвярджае адказны падыход Беларусі да такіх рэчаў. «У бягучай жа сітуацыі сам бог загадаў нам зрабіць усё магчымае. У сувязі з гэтым, калі бакі дасягнуць дамоўленасці, мы будзем гатовы аказаць любое садзейнічанне і зрабіць усё, што ад нас залежыць», — падкрэсліў Анатоль Глаз.

Украіна павінна пайсці на перамовы з Расіяй, бо гэта прынясе больш дывідэндаў, чым эскалацыя канфлікту і ў выніку пройгрыш у вайне. Аб гэтым раней заявіў журналістам Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. І прапанаваў Мінск у якасці надзейнай пляцоўкі для перамоваў.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.