Вы тут

65,16% удзельнікаў рэферэндума ад унесеных у спісы прагаласавалі за змены ў Канстытуцыю


Папярэднія вынікі рэспубліканскага рэферэндуму па пытанню ўнясення змен і дапаўненняў у Канстытуцыю падвёў старшыня ЦВК Ігар Карпенка.


На адзінае пытанне бюлетэня «Ці прымаеце Вы змены і дапаўненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь?» станоўча адказалі 65,16% удзельнікаў рэферэндума ад унесеных у спісы, супраць — 10,07 %.

Агульная колькасць грамадзян, уключаных у спісы ўдзельнікаў рэферэндуму склала 6 мільёнаў 815 тысяч 667 чалавек. 

«У галасаванні прынялі ўдзел 78,63 працэнта — больш паловы грамадзян, унесеных у спісы для галасавання. Такім чынам, рэспубліканскі рэферэндум лічыцца адбыўшымся», — заявіў старшыня ЦВК.

Як паведаміў раней Ігар Карпенка, сёння а 10 гадзіне адбудзецца прэс-канферэнцыя Цэнтральнай камісіі, а выніковае пасяджэнне ЦВК запланавана на 3 сакавіка.

Марыя ДАДАЛКА


Наталля Цылінская: «Здароўе і сямейныя каштоўнасці»

Бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў, старшыня Беларускай федэрацыяй веласіпеднага спорту, член Канстытуцыйнай камісіі Наталля Цылінская прызналася, што ў дзень рэферэндума ў яе адначасова святочны і сур’ёзны настрой. Таксама яна расказала, якія артыкулы ў абноўленай Канстытуцыі лічыць найбольш важнымі: «Мне як спартсменцы вельмі важны артыкул, дзе адзначана, што кожны чалавек павінен сачыць за сваім здароўем. Каму акрамя мяне патрэбнае маё здароўе? Хто, акрамя мяне, будзе сачыць за маім здароўем? Вядома, калі трэба будзе мне дапамогуць, але лепш пазбегнуць тых сітуацый, калі мне патрэбная будзе дапамога. Гэта важна. Мне вельмі важна, што ў праекце Канстытуцыі пазначана, што шлюб — гэта саюз мужчыны і жанчыны. Я выхавана ў хрысціянскіх традыцыях і ў мяне ёсць пэўныя каноны. І дзяцей сваіх так выхоўваю».

Валерыя СЦЯЦКО


Святлана Любецкая: «Сёння як ніколі важна прымаць разумныя рашэнні і адказна ставіцца да таго, што адбываецца ў дзяржаве»

Старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Святлана Любецкая расказала, чым можна растлумачыць высокую цікавасць грамадзян да рэферэндуму. 

«Па-першае, гэта заканамерны вынік інфармацыйнай падтрымкі і шчыльнага суправаджэння падчас усяго перыяду падрыхтоўкі змяненняў і дапаўненняў у Асноўны закон. Па-другое, гэта сапраўдная рэакцыя на кансалідаваныя прапановы, якія зыходзілі ад прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. Яны аказаліся сугучныя меркаванню многіх, зразумелыя, сталі падставай прыйсці і выказаць сваю пазіцыю. І трэці фактар: сёння як ніколі важна прымаць разумныя рашэнні і адказна ставіцца да таго, што адбываецца ў дзяржаве. Магчыма, гэта нават інтуітыўная рэакцыя людзей на тое, каб забяспечыць спакойнае, стабільнае і разумнае жыццё», — сказала парламентарый. 

Таксама Святлана Любецкая звярнула ўвагу, што ўсе працэсы будуць даведзеныя да канца ў адпаведнасці з законам. «Спадзяюся, што пазітыўныя думкі і ідэі, аб якіх гаварылі практычна ўсе, знойдуць сваю рэалізацыю ў правілах нашага жыцця, якія мы так доўга абмяркоўвалі», — падкрэсліла яна. 

Валерыя СЦЯЦКО


Выніковае паседжанне ЦВК запланавана на 3 сакавіка


Патрыёты Беларусі: «Усё будзе і сёння, і заўтра ў Беларусі выдатна»

Сваімі ўражаннямі аб рэферэндуме і Канстытуцыйнай рэформе ў цэлым падзяліліся кіраўнікі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Патрыёты Беларусі». Мікалай Зарубіцкі падкрэсліў, што яго вельмі радуе згуртаванасць беларускага народа, якая назіраецца ў дзень рэферэндума. 

«У 2020 годзе, калі грамадства было падзелена, усім не хапала духу адзінства, а зараз мы бачым адваротнае. І літаральна ўчора, аддаючы свой голас на ўчастку, я стаў сведкам сітуацыі, якая вельмі мяне ўразіла. Назіральнікам і членам камісіі забаронена якім-небудзь чынам займацца агітацыяй, але сярод галасуючых перыядычна ўзнікаюць пытанні: чаму неабходна ўнясенне дапаўненняў і змяненняў у Канстытуцыю. І прыемна бачыць, калі простыя грамадзяне тлумачаць папраўкі, якія ўносяцца, і з усёй адказнасцю падыходзяць да вызначэння будучыні нашай рэспублікі», — расказаў ён. 

А яго калега, старшыня грамадскага аб’яднання «Патрыёты Беларусі» Сяргей Рачкоўскі падкрэсліў, што на ўчастках убачыў шмат шчаслівых людзей. 

«Усё будзе і сёння, і заўтра ў Беларусі выдатна. Грамадзяне нашай краіны спакойна выкажуць сваё меркаванне наконт прапанаваных змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю. Для мяне, напрыклад, важна, каб праўда пра нашых дзядоў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны засталася такой жа, як і цяпер, каб наша краіна развівалася, была такой жа мірнай і прыгожай», — адзначыў Сяргей Рачкоўскі.

Валерыя СЦЯЦКО


Раман Ніканаў: Дакумент, прадыктаваны ўмовамі часу

Дэпутат Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, сябра ГА «Белая Русь» Раман Ніканаў выказаўся наконт унясення дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь:

— Трэба пачаць з таго, што рэферэндум прадыктаваны законам часу. Змяняюцца сістэмы народных зносін, трансфармуюцца эканамічныя працэсы. Таму папраўкі ў Асноўны закон нашай краіны абумоўлены тым, што неабходна змяняць палітычную сістэму Беларусі. І трэба, нарэшце, дэкларыраваць тыя каштоўнасці, якія мы будзем абараняць. 

Арына КАРПОВІЧ


Удзел у рэферэндуме прынялі 78,61 працэнта грамадзян

Папярэднія вынікі яўкі на 20.00 на рэспубліканскім рэферэндуме па пытанню ўнясення змен і дапаўненняў у Канстытуцыю падвёў старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Ігар Карпенка. У краіне працавала 5510 участкаў. З іх 217 адкрытыя былі ў санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, бальніцах і іншых установах аховы здароўя і 12 у воінскіх частках.

Па словах Ігара Карпенкі, у Брэсцкай вобласці свае галасы аддалі 78,89 % грамадзян, унесеных у спісы, у Віцебскай вобласці — 81,12 %, у Гомельскай — 81,74 %, у Гродзенскай — 77,43 %. На Міншчыне яўка склала 79,46 %, на Магілёўшчыны — 82,94 %. У сталіцы свае галасы на рэферэндуме аддалі 71,37% грамадзян. 

«Зладжаны механізм узаемадзеяння ўсіх задзейнічаных асоб дазволіў правесці рэферэндум ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам без нейкіх здарэнняў. Сёння кожны грамадзянін праявіў сваю грамадзянскую пазіцыю. Меў магчымасць прыйсці на ўчастак і прагаласаваць», — адзначыў спікер.

Для параўнання Ігар Карпенка прывёў лічбы яўкі на трох мінулых рэферэндумах у Беларусі. У 1995 годзе свае галасы аддалі 65% беларусаў, больш 84% у 1996 годзе. Больш за 90% грамадзян прынялі ўдзел у рэферэндуме ў 2004 годзе.

Ад імя ЦВК Ігар Карпенка падзякаваў грамадзянам, што прынялі ўдзел у рэферэндуме. Асаблівыя словы падзякі ад яго прагучалі ў адрас членаў камісій па рэферэндуме, прадстаўнікоў праваахоўных органаў, ратавальнікаў і ўрачоў, якія забяспечвалі парадак на ўчастках.

«Зараз ідзе апрацоўка бюлетэняў. Як толькі мы атрымаем аператыўную інфармацыю ад абласцей і горада Мінска, будзем гатовы агучыць вам папярэднія лічбы па выніках рэферэндуму», — рэзюмаваў брыфінг старшыня ЦВК.

Марыя ДАДАЛКА


Назіральнікі з Італіі: «Гэты рэферэндум — народная кансультацыя» 

Незалежныя назіральнікі з Італіі Эмануэле Дэссі, Матэа Пэджа і Ігар Каміллі далі сваю ацэнку рэферэндуму: 

— Мы вельмі станоўча ацэньваем дадзены рэферэндум — гэта свабодная народная кансультацыя. У якасці незалежных назіральнікаў мы наведалі накалькі выбарчых аб’ектаў і ацанілі дэмакратычныя тэндэнцыі гэтага галасавання. Мы ўбачылі, што ўдзел у працэсе прымалі і палітычныя партыі краіны, і прафсаюзы, і грамадскія аб’яднанні. Намі было заўважана, што рэферэндуму папярэднічала вялікая палітычная, даследчая і аналітычная праца. 

Арына КАРПОВІЧ


Васіль Гурскі: Мы фарміруем імунітэт нашага грамадства да новых выклікаў і пагроз

Дырэктар Інстытута эканомікі НАН Беларусі Васіліь Гурскі адзначыў, што Беларусь — гэта краіна, грамадзяне якой ўмеюць прымаць важныя рашэнні:

— Сёння, 27 лютага, цудоўнае надвор’е і ў цэлым вельмі добры настрой. Сапраўды, гэта свята. Свята нашага беларускага менталітэту — мы павольна, мірна і абдумана вырашаем праблемы, якія паўстаюць на шляху нашага народа. Гэтаму рэферэндуму папярэднічалі шмат дыялогавых пляцовак, людзі разважалі і абмяркоўвалі. Мы, на мой погляд, прадэманстравалі ўсяму свету, як трэба спакойна працаваць і як узважана ўносіць змены ў Канстытуцыю. Далёка не ўсе краіны могуць пахваліцца такім разумным падыходам.

Калі казаць пра самі дапаўненні і змяненні, то сённяшняму рэферэндуму папярэднічала мноства экспертных сустрэч. Сустракаючыся з людзьмі і адказваючы на іх пытанні, мы, навукоўцы Акадэміі навук, пачыналі яшчэ глыбей разбірацца ў тэме — даходзілі да сутнасці з’явы. І я прыйшоў да высновы, што мы не проста прымаем комплекс пэўных змяненняў, а фарміруем імунітэт нашага грамадства ў адносінах да новых выклікаў і пагроз, адаптуем структуру нашай дзяржаўнасці. Тым самым, нашае грамадства становіцца больш трывалым.

Арына КАРПОВІЧ


Карпенка: у міжнародных назіральнікаў на рэферэндуме добрае ўражанне

Падводзячы вынікі сваіх сустрэч з міжнароднымі назіральнікамі, кіраўнік ЦВК сказаў: «Пакуль на ўсіх тых міжнародных назіральнікаў, з якімі мы сустракаліся, рэферэндум робіць добрае ўражанне. Нейкіх істотных заўваг па арганізацыі рэферэндуму або парушэння заканадаўства ў іх не было. Мы хочам дачакацца афіцыйных заключэнняў тых місій, якія ў нас сёння назіраюць.

У якасці наглядальнікаў на рэферэндуме прысутнічаюць і прадстаўнікі цэнтрвыбаркамаў краін СНД. «Пакуль уражанне ў іх пазітыўнае. Абмен меркаваннямі ў асноўным будаваўся ў прафесійнай плоскасці — з пункту гледжання, як развіваць электаральны працэс, яго ўдасканальваць, на што зважаць».


Орда: Камісіі на рэферэндуме працавалі арганізавана і прафесійна

«Для нас рабочы дзень сёння не скончыўся. Як мы і планавалі, мы будзем прысутнічаць пры падліку галасоў. Гэта вельмі важны момант. У наглядальнікаў ёсць такое права, — сказаў Міхаіл Орда. — 43 тыс. наглядальнікаў на ўсіх участках без выключэння назіралі, як арганізаваны працэс галасавання».

Па ягоных словах, з першага дня датэрміновага галасавання адзначалася высокая яўка. «І сёння, у асноўны дзень, людзі ішлі цэлымі сем’ямі. Вельмі арганізавана, прафесійна працавалі камісіі, — падкрэсліў старшыня ФПБ.- Мы сёння будзем дапазна абагульняць інфармацыю з месц ад нашых наглядальнікаў. Заўтра ў нас будзе выніковая прэс-канферэнцыя, дзе зробім агульную заяву, дзе аб’явім высновы, якія мы зрабілі, і меркаванні».


Карпенка: Папярэднія вынікі рэферэндуму будуць агучаныя каля паўночы

Папярэднія вынікі рэферэндуму будуць агучаны каля поўначы — гадзіны ночы наступнага дня. Аб гэтым у эфіры АНТ паведаміў старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Ігар Карпенка, перадае БелТА.

«Дзень прайшоў зладжана, камісіі працавалі ў адпаведнасці з заканадаўствам. Нейкіх скаргаў на парушэнні заканадаўства пакуль мы не атрымалі», — сказаў Ігар Карпенка.

Паводле яго слоў, інфармацыі аб якіх-небудзь здарэннях пакуль не паступала.


У Беларусі закрыліся ўчасткі па галасаванні на рэферэндуме

Працавалі 5510 участкаў, у тым ліку 217 — у санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, бальніцах і іншых арганізацыях аховы здароўя, якія аказваюць медыцынскую дапамогу ў стацыянарных умовах, і 12 — у воінскіх часцях.

Участкі для галасавання былі адчыненыя з 8.00 да 20.00. Таксама было арганізавана галасаванне дома.

На рэферэндум было вынесена адно пытанне: ці прымаеце вы змены і дапаўненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь?


Вячаслаў Даніловіч: Акрамя правоў і гарантый, якія дае нам дзяржава, павінна быць адказнасць

Рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Даніловіч падкрэсліў, што падзеі 2020 года зрабілі наша грамадства палітычна сталым. Людзі нарэшце ўбачылі, што можа адбыцца, калі яны не будуць удзельнічаць у пазітыўнай стваральнай унутрыпалітычнай працы, не будуць удзельнічаць у выбарах, рэферэндумах, выказваць сваё меркаванне. 

«Мы павінны разумець і бачыць тое, што адбываецца вакол нас у свеце. Рэспубліка Беларусь гэта адзін з нямногіх стабільных астраўкоў у моры хаосу які, на жаль, у сучасным свеце разгортваецца. Мы гаворым аб тым, што мы павінны шанаваць тое, што маем. Не разбураць гэта, а ўдасканальваць і паляпшаць. Я думаю, гэты пасыл знайшоў водгук нашым грамадстве і таму такая высокая яўка на рэферэндуме», — сказаў ён. 

Вячаслаў Даніловіч акцэнтаваў увагу, што беларусы прывыклі бачыць рэальныя рэчы і рэальныя вынікі, а не проста ідуць на рэферэндум як на нейкае шоў:

«У нас ёсць пачуццё адказнасці. І пасля падзей 2020 года мы гаворым аб тым, што акрамя правоў і гарантый, якія дае нам дзяржава, павінна быць адказнасць за тое, што робіць кожны беларус і за той уклад, які ён уносіць у жыццё грамадства і дзяржавы». 

Валерыя СЦЯЦКО


Віктар Лісковіч: Трэба шанаваць тое, што мы маем. І набываць лепшае

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч канстатаваў, што грамадства было гатовае да правядзення рэферэндума. Па яго словах, пра гэта сведчыць колькасць людзей, якія прагаласавалі датэрмінова. 

«Той палітычны працэс, які сёння ідзе ў Беларусі, дынамічна развіваецца і засноўваецца на базе нашага мінулага. На ім будзе заснаванае далейшае развіццё ўсяго жыцця краіны ў цэлым і кожнага чалавека ў прыватнасці. Людзі былі неабыякавымі на этапе абмеркавання Асноўнага закона нашай краіны.

Усе былі неабыякавыя да таго, што мы робім, над якім дакументам працуем. У выніку ўсё гэта вылілася ў вынікі галасавання», — падкрэсліў ён. 

Віктар Лісковіч акцэнтаваў увагу на тым, што ў Асноўным законе людзі знайшлі адказы на пытанні, якія іх хвалявалі. Гэта, у першую чаргу, сацыяльныя гарантыі ў галіне медыцыны, адукацыі, сацыяльнай абароны. 

«Сёння мірнае неба, захаванне гістарычнай памяці, гісторыка-культурных каштоўнасцяў — гэта тое, чым мы ганарымся і тое, што сёння праслаўляе нашу краіну. Гэта ўсяляе ўпэўненасць у нашых людзей. І падзеі, якія сёння адбываюцца ў суседніх краінах, прымушаюць задумацца над тым, што лепш мір, чым снарады ў небе. Трэба шанаваць тое, што мы маем. І набываць лепшае. Тады мы будзем моцныя і ўвойдзем у будучыню, і перададзім нашым нашчадкам моцную аснову для развіцця нашай краіны», — канстатаваў Віктар Лісковіч. 

Валерыя СЦЯЦКО


Вадзім Ялфімаў: Асноўны закон — гэта нашы мэты і арыенціры ў развіцці

Палітолаг і журналіст Вадзім Ялфімаў адметнымі рысамі рэферэндуму назваў спакой і зразумеласць працэдур, якія існуюць. Ён акцэнтаваў увагу на тым, што праект змяненняў і дапаўненняў у Асноўны Закон быў эфектыўна прадстаўлены і растлумачаны. Таму, па яго словах, людзі свядома галасуюць за сваю будучыню, за свой спакой і стабільнасць незалежнай, самастойнай і квітнеючай Рэспублікі Беларусь.

«Дзякуй Богу мы зразумелі, што ідэалогія і практыка — рэчы ўзаемазвязаныя. Без ідэалогіі, ідэі, мэт наперад рухацца нельга. Наш Асноўны закон — гэта нашы мэты і арыенціры ў развіцці. І калі народ за гэта прагаласуе, то мы будзем рухацца ў правільным кірунку. Сёння тэорыя і практыка, ідэі і іх увасабленне павінны быць разам», — падкрэсліў Вадзім Ялфімаў. 

Валерыя СЦЯЦКО


На ўчастку ў Гомелі тым, хто ўпершыню галасавалі, уручалі падарункі

На ўчастках для галасавання створана адпаведная гістарычнай значнасці дня атмасфера. Пра гэта паведаміла назіральнік ад прафсаюзаў культуры Ала Федарэнка, перадае БелТА.

Ала Федарэнка запэўніла: на ўчастку № 22, які размешчаны ў будынку гасцініцы «Надзея» канстытуцыйны рэферэндум праходзіць у спакойным рэжыме. «У гэтым турыстычным кутку, а побач знаходзіцца і гасцініца „Гомельтурыст“, каток для аматараў фігурнага катання, добраўпарадкаваны сквер з Алеяй Герояў, жыццё ідзе сваёй чаргой у рытме выхаднога святочнага дня. І на ўчастках для галасавання створана адпаведная гістарычнай значнасці дня атмасфера. Гэта толькі спрыяла адчуванню датычнасці кожнага чалавека да таго, што адбываецца. Сітуацыя ў нас спакойная. Людзі яшчэ падыходзяць. Усё ідзе згодна з Выбарчым кодэксам. На ўчастку з 9.00 працавалі буфет, выставы-продажы, арганізаваны канцэрт. Тым, хто ўпершыню галасаваў, ад выбарчай камісіі ўручалі падарункі. Дзяцей удзельнікаў рэферэндуму, якія прыходзілі разам з бацькамі, частавалі прысмакамі», — распавяла яна.

Усяго ў Гомельскай вобласці ва ўстановах культуры створана 320 выбарчых участкаў. «На кожным з іх з раніцы былі адкрыты буфеты або кафетэрыі, выставы-продажы або дэгустацыі, арганізаваны інтэрактыўныя зоны і канцэртныя праграмы, — адзначыла Ала Федарэнка. — Яўка дастаткова высокая».

Усяго каля 1,6 тыс. назіральнікаў ад прафсаюзаў працуюць на рэферэндуме ў Гомельскай вобласці.


Вадзім Гігін: Лепш рэферэндум, чым вайна

Старшыня праўлення рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства «Веды» Вадзім Гігін выказаўся аб фінальным дні правядзення рэферэндума: 

— Я прагаласаваў у пятніцу, напярэдадні рэферэндуму. Жадаю адзначыць, што людзі ішлі на выбарныя ўчасткі актыўна. Сітуацыя, якая назіраецца ва Украіне, таксама стымулюе людзей. Нашы грамадзяне гавораць прама: «Лепш прыйсці на рэферэндум, чым ісці на вайну». Сваёй канстытуцыйнай рэформай мы мірным шляхам абнаўляем палітычную сістэму. Разуменне гэтага ёсць у пераважнай большасці грамадзян Беларусі. Я асабіста прагаласаваў за прыняцце змяненняў і ўнясенне дапаўненняў у Канстытуцыю, таму што папраўкі распрацоўваліся сумесна з нашымі грамадзянамі. Тысячы сустрэч, якія праходзілі па нашай краіне, дазволілі пераканацца, што ў Беларусі можна адкрыта выказваць свае погляды, нават шляхам гарачых дыскусій.

Таксама Вадзім Гігін выказаўся і аб сітуацыі ва Украіне:

— Зараз усталявалася даволі хісткая сітуацыя, таму даваць якія-небудзь прагнозы складана. Але мы бачым, што Захад раскручвае Украіну на працяг эскалацыі. Яны паднімаюць стаўкі і ўжо бразгаюць зброяй каля нашых межаў. Амерыка і яе саюзнікі цягнуць свет да чарговай вайны.


Ігар Марзалюк: Мы здзяйсняем стратэгічны крок у нашу незалежную суверэнную будучыню

Старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк даў ацэнку Рэспубліканскаму рэферэндуму, прысвечанаму ўнясенню змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю: 

— Мяне прыемна здзівіла, што ў Магілёве 26 лютага на выбарачных участках былі чэргі. Можна сцвярджаць, што зробленая намі праца прайшла не дарма. За два месяцы я аб’ехаў усю Беларусь і ўпэўнены, што вынікі мы атрымаем станоўчыя. Вельмі радуе, як наша насельніцтва рэагуе на падзеі гэтага дня. Я глыбока перакананы, што мы зноў дэманструем мудрасць, збалансаванасць, узважанасць падыходаў. Многія яшчэ не зразумелі, але адзінай воляй, адзіным парывам мы здзяйсняем стратэгічны крок у нашу незалежную суверэнную будучыню.

Арына КАРПОВІЧ


Пётр Пятроўскі: Рэферэндум — гэта цывілізаваны, мірны спосаб правядзення палітыкі

Палітычны аналітык, эксперт Цэнтра вывучэння і развіцця кантынентальнай інтэграцыі «Паўночная Еўразія» Пётр Пятроўскі выказаў упэўненасць, што беларусы скажуць «так» абноўленай Канстытуцыі. Асабліва на фоне падзей у паўднёвых суседзяў. 

«Усе цудоўна разумеюць, што рэферэндум — гэта цывілізаваны, мірны спосаб правядзення палітыкі. Так працуюць перадавыя дэмакратычныя дзяржавы, гэта найвышэйшы спосаб народаўладдзя. І надзяленне канстытуцыйным статусам Усебеларускага народнага сходу — гэта толькі ўзмацненне гэтага самага народаўладдзя. Такім чынам, людзі змогуць кантраляваць прыняцце стратэгічна важных рашэнняў. Гэта і пэўны механізм, які не дазволіць захапіць якім-небудзь чынам уладу іншымі галінамі ўлады. УНС — гэта рэальна новы орган народаўладдзя. Да гэтага ён быў кансультатыўным, цяпер ён будзе канстытуцыйны. І гэта фактычна „калектыўны Лукашэнка“, як я яго называю, дазволіць захаваць і развіць сацыяльна-эканамічную сістэму Рэспублікі Беларусь. Я лічу, што гэта толькі ўзмоцніць нашыя пазіцыі і яшчэ раз прадэманструе мірны шлях развіцця нашай краіны», — заявіў ён. 

Валерыя СЦЯЦКО


Па дадзеных на 18.00 яўка на рэспубліканскім рэферэндуме склала 74,86% 

У Брэсцкай вобласці прагаласавалі 75,92% выбаршчыкаў, у Віцебскай вобласці яўка складае 78,03 %, у Гомельскай — 77,46 %, у Гродзенскай — 74,82 %. На Міншчыне прагаласавалі 75,97% жыхароў, унесеных у спісы, на Магілёўшчыны — 76,98%. У Мінску свой голас на рэферэндуме аддалі 67,48 % грамадзян. 

Да брыфінгу ў ЦВК падключылася старшыня Мінскай абласной камісіі па правядзенні рэферэндуму Аксана ТАРАНДА. Яна расказала, што галасаванне ў рэгіёне праходзіць спакойна, арганізавана, у дзелавым рытме з захаваннем усіх норм заканадаўства. 

На 18.00 гадзін атрымалі бюлетэні ў вобласці 75,97% жыхароў, унесеных у спісы, што складае 863 317 чалавек.

«Жыхары вобласці актыўна прыходзяць на ўчасткі. Там створаны ўсе неабходныя ўмовы. Сёння ўсюды працуюць буфеты, прапануюцца канцэртныя праграмы. Для тых, хто галасуе ўпершыню, для імяніннікаў, ветэранаў прадугледжаны сюрпрызы і невялікія сувеніры. Радуе, што людзі прыходзяць сем’ямі, дэманструючы сваім дзецям прыклад грамадзянскіх паводзін», — адзначыла Аксана Таранада.

Па яе словах, сітуацыя на ўчастках на працягу дня была спакойная, і гэта могуць пацвердзіць больш за 8400 назіральнікаў, вылучаных ад працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый і шляхам падачы заяў.

У бальніцах створаны 19 участкаў, якія будуць працаваць да 20 гадзін. «Гэта звязаны з тым, што яны забяспечваюць галасаванне на даму людзей, што хварэюць на каранавірус. Урачы на машынах хуткіх дапамог паехалі да іх дамоў, каб уручыць бюлетэні для галасавання», — дадала спікер.

Старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Ігар КАРПЕНКА нагадаў, што ў 20 гадзін участкі зачыняцца і пачнецца падлік галасоў. У 22 гадзіне стане вядома канчатковая лічба яўкі, а пасля паўночы будуць агучаны папярэднія вынікі рэферэндуму.

Марыя ДАДАЛКА


Аляксей Дзермант: УНС змацоўвае ўсе галіны ўлады ў свайго роду палітычны маналіт

Старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі Наацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксей Дзермант расказаў, як асноўныя змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю паўплываюць на жыццё краіны. 

Найважнейшай карэкціроўкай палітычнай сістэмы эксперт назваў стварэнне новага органа — Усебеларускага народнага сходу. «Гэты орган павінен стабілізаваць нашу краіну ў выпадку непрадбачанай сітуацыі, стварыць умовы для таго, каб наш курс нельга было змяніць у выпадку каляровых рэвалюцый ці паліттэхналогій. Гэта па сутнасці, якар нашай дзяржавы на выпадак самых непрадбачаных абставін. Акрамя таго, мы ўводзім дадатковы элемент народаўладдзя, каб не страчваць сувязь паміж людзьмі, прадстаўнікамі розных груп, калектываў, грамадзянскай супольнасці. Каб яны праз гэты орган маглі ў аператыўным рэжыме даносіць найвышэйшаму кіраўніцтву тыя самыя рэчы, звязаныя з карэкціроўкай курсу. УНС будзе вызначаць стратэгічныя кірункі развіцця нашай краіны разам з прадстаўнікамі ад народа, дэпутатамі, прадстаўнікамі ўлады. Гэта змацоўвае ўсе галіны ўлады ў свайго роду палітычны маналіт», — растлумачыў Аляксей Дзермант. 

Таксама палітолаг звярнуў увагу на дапаўненні, звязаныя з каштоўнасцямі беларусаў. Па яго словах, сёння, калі ў свеце разгарнулася ідэалагічная, светапоглядная барацьба, неабходна ў Канстытуцыі замацаваць тое, што адлюстроўвае нацыянальную ідэалогію і светапогляд. «Гэта ўсё звязана з памяццю аб Вялікай Айчыннай вайне, гэта па сутнасці такі жэст антыфашызму і антынацызму. Мы паказваем, што мы нікому не дазволім займацца гістарычным рэвізіянізмам. Нашы традыцыйныя каштоўнасці — гэта сігнал усім тым, хто дэвальвуе паняцці традыцыйнай сям’і, хто хоча перавярнуць чалавечыя паняцці аб норме і маралі. Гэта сур’ёзны паказчык таго, што нам каштоўна, якія ў нас арыенціры, за што мы выступаем. Гэта ключавыя рэчы», — заявіў ён. 

Аляксей Дзермант падкрэсліў, што абноўленая Канстытуцыя не адмаўляецца ад таго, што было дорага нашай дзяржаве раней. Ён назваў праект Асноўнага закона лагічным, юрыдычна зразумелым маніфестам нашай дзяржавы.

Валерыя СЦЯЦКО


Тэнгіз Думбадзе: Будучыня залежыць ад гэтага рэферэндуму

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Тэнгіз Думбадзе прызнаўся журналістам, што вельмі засмучаны тым, што адбываецца ва Украіне. Карыстаючыся выпадкам, ён звярнуўся да ўсіх беларусаў, якія яшчэ не ўсведамляюць, што адбываецца ў свеце. 

«Трэба глядзець цвяроза, мы знаходзімся на той самай стадыі нашай найноўшай гісторыі, калі трэба рабіць правільны выбар. Будучыня залежыць ад гэтага рэферэндуму. Заўтра мы ў чарговы раз скажам усяму свету, што Беларусь — краіна якая праводзіць сваю незалежную палітыку. Мы заўсёды былі за мір і будзем за мір. І нам не абыякава ўсё, што адбываецца вакол нас. Сёння ў свеце вельмі няпростая сітуацыя. Я чалавек, які пабачыў шмат на сваім вяку, на 12 войнах пабываў, ведаю, што гэта не жарты. Таму сёння ў нас добры прыгожы дзень, і я хачу, каб беларусы яго ацанілі. Паверце, ад кожнага з нас залежыць, якім будзе сённяшні дзень і якім мы ўбачым заўтрашні», — падкрэсліў ён. 

Тэнгіз Думбадзе заявіў, што кожны, хто верыць у будучыню і жадае, каб яго дзеці жылі ў роднай краіне, павінен сёння зрабіць правільны выбар. 

«Шмат людзей, шмат спецыялістаў працавалі над гэтымі змяненнямі і дапаўненнямі. Яны вядуць толькі да лепшага. За мір, за Беларусь, за добрае шчаслівае заўтра», — адзначыў парламентарый. 

Валерыя СЦЯЦКО


Жыхары Мінскай вобласці актыўна прыйшлі на ўчасткі для галасавання

Дзевяць гадзін раніцы. Участак для галасавання ў Сеніцы. Ганна Іванаўна з мужам прыйшлі аддаць свой голас за мір, стабільнасць, за квітнеючую Беларусь. У іх двое дзяцей, унукі. Усе забяспечаны, дапамагаюць бацькам па меры магчымасці.

Галасуюць людзі розных узростаў — моладзь, пенсіянеры, жанчыны і мужчыны сярэдняга ўзросту. За першыя шэсць гадзін з пачатку адкрыцця участкаў у асноўны дзень рэферэндуму ў Мінскай вбласці ўдзел у галасаванні прынялі больш як 700 тысяч жыхароў. Усяго за працэсам галасавання сачылі
1674 назіральнікаў ад прафсаюзаў, палітычных партый, грамадскіх арганізацый.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ


Кацярына Дулава: Прычыніцца да гістарычнага факту не кожнаму даецца

Генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі, член Канстутыцыйнай камісіі Кацярына Дулава падзялілася сваімі пачуццямі і ўражаннямі ад удзелу ў такой гістарычнай падзеі як рэферэндум.

«Ёсць адчуванне свята. Для мяне гэта асаблівая падзея ў жыцці. Амаль год працы ў складзе Канстытуцыйнай камісіі — гэта каласальны вопыт, і чалавечы, і грамадзянскі, і палітычны. Для сябе я нават гэта называю такім этапам сталення. І я магу сказаць, што мне быў аказаны высокі гонар. Я адчуваю пачуццё гонару, што я датычная да такой гістарычнай падзеі ў жыцці нашай краіны. Я ведаю і ўсведамляю, за што я галасавала. Я разумею дакумент, з якім мы працавалі і які атрымаў усенароднае абмеркаванне, я гэта бачыла знутры. Дзень сёння цудоўны, і прычыніцца да гістарычнага факту не кожнаму даецца. І мы павінны гэта шанаваць і адчуваць», — сказала яна. 

Валерыя СЦЯЦКО


Іван Кубракоў: Сітуацыя поўнасцю кантралюецца 

Аб гэтым падчас брыфінгу заявіў міністр унутраных спраў. Акрамя таго, кіраўнік міліцэйскага ведамства паведаміў аб адзінкавых выпадках парушэння грамадскага парадку.

— Інфармацыя з заклікамі да супрацьпраўных дзеянняў, якая распаўсюджваецца праз інтэрнэт, была аператыўна апрацаваная супрацоўнікамі міліцыі, — адзначыў Іван Кубракоў. — Па ўсёй рэспубліцы затрыманы 14 чалавек. Хачу падзякаваць нашым грамадзянам: яны на гэтыя ўгаворы не паддаліся. Людзі актыўна ідуць на ўчасткі. Праблемных пытанняў няма. 

Вераніка КАНЮТА


Юрый Шаўцоў: Галоўнае — стварыць умовы для росту маладога пакалення

Дырэктар Цэнтра праблем еўрапейскай інтэграцыі, палітолаг Юрый Шаўцоў расказаў, што самае галоўнае ва ўсёй кампаніі па рэферэндуме. Паводле яго слоў, гэта стварэнне ўмоў для сацыяльнага росту маладога пакалення, якое ўваходзіць у самастойнае палітычнае жыццё. 

«Нешта падобнае было ў Беларусі ў канцы васьмідзесятых гадоў, калі ад актыўнай дзейнасці па ўзросце адыходзілі партызаны. Яны за пасляваенны час стварылі прамысловасць, здзейснілі вялізныя культурныя змены, заклалі той базіс, на якім развівалася наступнае пакаленне, пакаленне Лукашэнкі. Але сёння і яны ўжо ва ўзросце. І галоўнае, што нам трэба зрабіць — гэта нармальна інтэграваць маладых людзей, якія хочуць займацца палітыкай і дзяржаўным кіраваннем і праяўляць грамадскую актыўнасць. Вось наша кампанія па рэферэндуме мае галоўнай мэтай стварыць умову для росту маладому пакаленню», — заявіў ён. 

Валерыя СЦЯЦКО


Вадзім Лакіза: У нас ёсць гістарычны шанец узяць удзел у напісанні найноўшай гісторыі Беларусі

Дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза растлумачыў, у чым важнасць 15 і 54 артыкулаў Канстытуцыі, дзе падкрэслена неабходнасць захавання гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны. 

«Як гісторык я заўсёды падкрэсліваю, што ў нас сёння ёсць гістарычны шанец узяць удзел у напісанні найноўшай гісторыі Беларусі, гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Для мяне як для гісторыка адныя з самых галоўных артыкулаў — гэта 15 і 54, дзе закрануты пытанні, звязаныя з захаваннем гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны. Мы прапаноўвалі дапоўніць гэты артыкул яшчэ археалагічнай спадчынай. Бо ў нас гэтаму надаецца вялікае значэнне. Гераічныя старонкі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, усяго мінулага, якое ўздзейнічае на фармаванне гістарычнага светапогляду, нацыянальнай самасвядомасці — выключна важныя на сучасным этапе і ў будучыні. Таму што веданне гісторыі — гэта рух наперад», — сказаў ён. 

Валерыя СЦЯЦКО


Андрэй Савіных: Грамадства прачнулася

Старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных назваў абноўленую Канстытуцыю і рэферэндум першым крокам у рэфармаванні палітычнай сістэмы Рэспублікі Беларусь. 

«Абноўленая Канстытуцыя ўзмацняе баланс галін улады, узмацняе вельмі многія інстытуты, перш за ўсё палітычныя, інстытуты судовай улады, і ў канчатковым выніку гарантуе правы грамадзян, абараняе іх, захоўваючы пры гэтым традыцыйныя для беларускага грамадства каштоўнасці», — сказаў парламентарый. 

Саму падрыхтоўку змянняў і дапаўненняў у праект Канстытуцыі Андрэй Савіных назваў своеасаблівай маштабнай грамадскай кампаніяй, якая па вялікім рахунку была накіравана на павышэнне палітычнай культуры грамадства. «Грамадства прачнулася, стала задаваць пытанні: у якой краіне мы жывём, які дзяржаўны лад мы развіваем, якіх мэт мы хочам дасягнуць. І вось менавіта ў рамках гэтых дыялогавых пляцовак вельмі часта размова ішла нават не пра папраўкі, а перш за ўсё пра сэнс і накіраванне. нашай дзейнасці. І людзі атрымлівалі свае адказы. І гэта не магло не адбіцца на іх палітычнай і грамадзянскай актыўнасці», — падкрэсліў дэпутат.


Лілія Ананіч: Удзел у рэферэндуме – гэта абарона сваёй краіны

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Лілія Ананіч адзначыла, што яўка на рэферэндум дапаможа абараніць і краіну, і права кожнага грамадзяніна: 

— Я ўпэўненая ў тым, что сёння, ва ўмовах чарговай інфармацыйнай атакі, удзел кожнага грамядзяніна ў рэферэндуме — гэта абарона сваёй краіны. Радуе і актыўнасць, і настрой людзей. Рэферэндум у нашай краіне ўжо адбыўся, больш за 50% паспелі прагаласаваць. У гэты дзень мы разам вершым гісторыю нашай краіны — суверэннай, незалежнай Беларусі. Краіны, у якой народ заўсёды быў асновай палітыкі дзяржавы. І менавіта народ будзе развіваць нашу краіну далей. 

Беларусы шануюць сваю гісторыю. Трагедыя, якая разгарнулася з 1941 па 1945, а таксама ў пасляваенны час, факты генацыду беларускага народа, якія выявіліся — гэта ўсё прымусіла нас прысвяціць 2021 год распрацоўцы пласта заканадаўства аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму. Гэта наша фундаментальная каштоўнасць, аснова нашай ментальнасці —  пераемнасць пакаленняў, павага да гістарычнай памяці і праўды. Гэта тыя рэчы, якім ні цяперашняе, ні будучае пакаленне ніколі не здрадзяць. Бо менавіта гэта залог таго, што нашыя мамы ніколі не будуць плакаць. Упэўнена, гэтая норма заўсёды застанецца ў Канстытуцыі суверэннай Беларусі.

Арына КАРПОВІЧ


Ігар Карпенка: Абстаноўка на ўчастках спакойная

Яўка грамадзян на рэферэндум па стане на 16.00 склала 69,84%.

Інфармацыя на бягучы момант па рэгіёнах. У Брэсцкай вобласці ўдзел у рэферэндуме прынялі 71,24 % выбаршчыкаў, унесеных у спісы. У Віцебскай вобласці прагаласавалі 74,91 % грамадзян, у Гомельскай — 70,52 %, у Гродзенскай — 70,55 %. Па стане на 16.00 прагаласавала 69,41 % жыхароў Міншчыны, 74,04 % Магілёўшчыны. У Мінску свой выбар ажыццявіла 62,22 % грамадзян, унесеных у спісы. 

Як паведаміў старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Ігар КАРПЕНКА, абстаноўка на ўчастках спакойная. «У шэрагу рэгіёнах на ўчастках для галасавання ёсць чэргі, якіх-небудзь правакацый не зафіксавана, зваротаў грамадзян, звязаных з парушэннем арганізацыі працэсу галасавання на ўчастках у Цэнтральную камісію не паступала», — адзначыў кіраўнік Цэнтрвыбаркама.

Ігар Карпенка нагадаў, што галасаванне на рэферэндуме будзе працягвацца да васьмі гадзін вечара. Тыя, хто жадае прагаласаваць дома, яшчэ паспявае падаць заяўку ва ўчастковую камісію да 18.00. 

Вераніка КАНЮТА


Аляксей Талай: Канстытуцыя, рэферэндум — на карысць міру, любові, дабра на нашай зямлі

Член Канстытуцыйнай камісіі, параалімпіец, матывацыйны спікер Аляксей Талай падзяліўся, што ў дзень рэферэндума адчувае радасць і трапятанне ў сэрцы ад таго, што народ прымае такое важнае рашэнне. Сам рэферэндум ён назваў падзеяй гістарычнага маштабу. 

Фота з архіву.

«Я ўпэўнены, гэта пачатак вялікіх перамен. Яны прадыктаваныя нам неабходнасцю працаваць і пераглядаць свае нейкія пазіцыі, бачанні таго, што адбываецца ў свеце. І зыходзячы з гэтага ўдасканальваць сваю краіну ўнутры. Мы бачым у якім свеце мы жывем. Ніхто нас не пашкадуе, ніхто не дапаможа. Толькі самі з апорай на ўласныя рэсурсы, на ўласную нейкую мудрасць, канешне ж, з нашым кіраўніком дзяржавы, нам у гэтым плане пашанцавала. Мы гэта ўжо добра ўсвядомілі, прааналізавалі, зрабілі высновы, што магло б быць, калі б у краіне не было моцнага лідара, які ўмее можа здольны прымаць рашэнні ў складаны гістарычны момант. Тады ў 90-я і ў 2020 годзе, калі мы стаялі на мяжы ўзброенага дзяржаўнага перавароту. Толькі дзякуючы адзінству ўсіх сіл, мы вытрымалі», — падкрэсліў Аляксей Талай. 

Ён расказаў як падчас працы ў Канстутыцыйнай камісіі сустракаўся з людзьмі на мерапрыемствах, на прадпрыемствах, са студэнтамі. Усе члены Канстытуцыйнай камісіі выслухалі пажаданні грамадзян, многія з іх былі адлюстраваныя ў праекце Асноўнага закона. 

«Канстытуцыя, рэферэндум — на карысць міру, любові, дабра на нашай зямлі. Мы павінны захавацца і даць магчымасць жыць нашым дзецям нашым унукам. Сёння ў прыярытэце яны, нашы дзеці. Я працаваў ад душы, я інакш не магу. Гэта мая зямля, мая Айчына. Тут жывуць чацвёра маіх дзяцей. Я пастараўся зрабіць усё магчымае. І сёння мы бачым важныя новыя навелы, якія ўмацуюць нашу краіну. І мы працягнем свой шлях, будзем умацоўваць дабрабыт нашай любімай Рэспублікі Беларусь», — заявіў Аляксей Талай. 

Валерыя СЦЯЦКО


Дзмітрый Шаўцоў: У апошнія два гады ў ў нас з’явілася неабходнасць правесці Канстытуцыйную рэформу

Старшыня грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя ўрачоў», генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў падкрэсліў, што Канстытуцыйная рэформа спела ў беларускім грамадстве некалькі гадоў. 

«Шэсць гадоў таму гаварылася: мы прыйдзем да таго, што нам трэба будзе паступова ўносіць тыя ці іншыя змены ў Канстытуцыю. І апошнія два гады склалася такая сітуацыя, што мы саспелі і ў нас з’явілася неабходнасць правесці Канстытуцыйную рэформу. Тыя змены, якія былі ўнесены, і тая Канстытуцыя, якая зараз вынесена на рэферэндум, гэта абсалютна спелы дакумент. Тая Канстытуцыя якая ў нас дзейнічае — гэта абсалютна спелы дакумент, дзякуючы якому мы можам працаваць яшчэ і 10, і 20 і 50 гадоў. Але з улікам таго, што сёння 21-ае стагоддзе і Канстытуцыя, якая зараз уносіцца на рэферэндум, гэта ўжо апгрэйд той Канстытуцыі, якая ў нас ёсць», — сказаў ён. 

Валерыя СЦЯЦКО


Па стане на 14.00 у рэферэндуме прынялі ўдзел 61,91 % грамадзян 

Аб гэтым журналістам паведаміў старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Ігар КАРПЕНКА.

У Брэсцкай вобласці прагаласавала 63,08 % выбаршчыкаў, унесеных у спісы. У Віцебскай вобласці — 66,66 % грамадзян, у Гомельскай — 63,97 %, у Гродзенскай — 63,30 %. Яўка жыхароў Міншчыны на 14.00 склала 61,87 %, Магілёўшчыны — 64,69 %. Жыхары сталіцы пакуль галасуюць з вынікам 53,67 %.

Як канстатаваў кіраўнік Цэнтрвыбаркама, у цэлым па рэспубліцы ніякіх скаргаў і заўваг наконт парушэння заканадаўства аб рэферэндуме пакуль не паступала. 

Старшыня Мінскай гарадской выбарчай камісіі Васіль ПАНАСЮК падрабязней расказаў аб тым, як галасуюць жыхары сталіцы. «У горадзе Мінску як пры адкрыцці ўчасткаў раніцай, так і ў ходзе галасавання па стане на часавы экватар электаральнага дня 14.00 істотных заўваг па рабоце камісіі не выяўлена, — адзначыў ён. — Звароты нашых грамадзян як у тэрытарыяльныя камісіі адміністрацыйных раёнаў Мінска, так і непасрэдна ў гарадскую камісію звязаны перш за ўсё з пытаннем аб прадастаўленні магчымасці прагаласаваць па месцы прыбывання, а не па месцы афіцыйнай рэгістрацыі. Таксама раздаюцца званкі і з рэгіёнаў рэспублікі. Датэлефанаваўшыся да нас, удакладняюць аб такой магчымасці грамадзян, якія зарэгістраваныя на іх тэрыторыях, просяць стварыць ім магчымасць прагаласаваць у горадзе Мінску, у тым ліку састарэлым бацькам. Мы максімальна карэктна тлумачым, якія патрэбна прадаставіць у дадзеным выпадку дакументы, і, зразумела, такая магчымасць для нашых грамадзян прадастаўляецца». 

Як расказаў Васіль Панасюк, стацыянарныя ўчасткі, арганізаваныя пры медыцынскіх установах, ужо завяршылі сваю асноўную работу і прыступілі да рэалізацыі заявак участковых камісій для стварэння магчымасці прагаласаваць мінчанам, якія знаходзяцца на амбулаторна-паліклінічным назіранні па месцы жыхарства. Старшыня Мінскай гарадской выбарчай камісіі звярнуў увагу на тое, што заяўку па магчымасці прагаласаваць дома, у тым ліку, калі нехта захварэў, неабходна размясціць званком ва ўчастковую камісію па месцы жыхарства не пазней за 18.00. 

— Усе пытанні, якія ўзнікаюць, вырашаюцца ў працоўным парадку, істотных пытанняў, якія маглі б паўплываць на ход рэферэндуму або яго вынікі, пакуль па Мінску не выяўлена, — канстатаваў Васіль Панасюк. — Дробныя пытанні вырашаюцца ў аператыўным парадку. 

Вераніка КАНЮТА


Выбаршчыкі ў Гродне станоўча ацанілі арганізацыю правядзення рэспубліканскага рэферэндума 

Школа № 28 горада Гродна, дзе размясцілася адразу некалькі ўчасткаў для галасавання, знаходзіцца ў адным з самых населеных жылых мікрараёнаў. У нядзелю сюды няспынна цягнуўся людскі ланцужок. Многія ішлі парамі, некаторыя — з дзецьмі. На ўваходзе людзі спыняліся, каб паслухаць канцэрт у выкананні вучняў школы. Затым разыходзіліся па сваіх участках.

Тут арганізаваны адразу тры ўчасткі з агульнай колькасцю выбаршчыкаў каля пяці тысяч чалавек. Каб не заблытацца, на ўваходзе дзяўчына падказвала, куды ісці. Але многія і так ведалі, бо кожны напярэдадні атрымаў паведамленне аб нумары ўчастка. Як, напрыклад, жыхарка мікрараёна Людміла, якая адразу накіравалася ў актавы зал. Дарэчы, яна па ходу руху заўважыла, што заўсёды ходзіць на выбары і заўсёды тут парадак і высокая культура. Усе ўчасткі знаходзяцца ў прасторных памяшканнях, для галасавання ўстаноўлена некалькі кабінак, На сталах — таблічкі з нумарамі дамоў і назвай вуліц. Вось і рэспубліканскі рэферэндум па пытанню ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь таксама праходзіць арганізавана, у штатным рэжыме. 

Па словах старшыні ўчастковай выбарчай камісіі Алёны Аляхновіч, такая сітуацыя захоўвалася і на працягу датэрміновага галасавання. Даволі значны наплыў выбаршчыкаў назіраўся ў пятніцу і суботу. Не менш актыўна людзі ідуць і ў нядзелю — асноўны дзень галасавання. Не мала і тых, хто не мае магчымасці наведаць выбарчы ўчастак, для іх арганізаваны выезд на дом. Не гледзячы на абставіны, людзі не хочуць застацца ўбаку ад выбарчай кампаніі і маюць намер выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. І гэта радуе, адзначыла старшыня камісіі. 

Можна было заўважыць, што многія, хто прыходзіў на ўчастак, віталіся з Алёнай Анатольеўнай. І не дзіва. Яна не толькі старшыня камісіі, але і дырэктар школы, дзе вучыліся многія сённяшнія выбаршчыкі. Нямала і бацькоў цяперашніх вучняў. «Людзі прыходзяць са сваімі дзецьмі, унукамі. Хтосьці паспявае пару слоў расказаць пра сябе, выказваюць падзяку за тое, як арганізаваны працэс галасавання», — зазначае старшыня камісіі. А гэта і канцэрт, які праходзіць у холе школы, і работа буфета. Трэба сказаць, што многія пасля галасавання завіталі сюды. І было дзеля чаго. Асартымент уражваў сваім дыяпазонам — ад салодкага печыва да далікатэсных мясных і рыбных блюдаў. 

Нагатаваць столькі смачнай ежы пастараліся работнікі камбіната школьнага харчавання. Алёна Аляксандраўна, якая абслугоўвала пакупнікоў, паведаміла, што карыстаюцца попытам рулеты, катлеты, дранікі, паўфабрыкаты, шашлыкі, расцягаі, чабурэкі, пірагі, рыбныя вырабы. 

Напрыклад, Вольга, якая прыйшла з дачкой Машай, выбрала сасіску ў цесце і кекс шакаладны. Яны якраз вярталіся з галасавання, дзе Маша апусціла мамін бюлетэнь ў урну. Па словах Вольгі, яна прыйшла на рэферэндум, бо адчувае свой доўг перад дзецьмі, якія, дарэчы, таксама вучацца ў гэтай школе.

Аб будучыні для сваіх дзяцей і ўнукаў распавяла і пенсіянерка Ганна Уладзіміраўна. Для яе важна, каб у нашай краіне было мірнае неба, спакойнае жыццё, упэўненасць у заўтрашнім дні, магчымасць рэалізаваць усе свае таленты і здольнасці. Новы Закон якраз і гарантуе такую магчымасць, лічыць жанчына.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара


Генадзь Давыдзька: Важна мець закон, які будзе ўзмацняць нашу дзяржаўнасць

Старшыня Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь», старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Генадзь Давыдзька заявіў, што кожнай краіне трэба мець Асноўны Закон, які будзе ўзмацняць дзяржаўнасць. 

«Мой прынцып — не трэба адкладаць на заўтра тое, што можна зрабіць сёння. Таму з вялікай радасцю я датэрмінова прагаласаваў за будучыню нашай краіны, змяненні і дапаўненні, якія ўвайшлі ў праект Канстытуцыі», — расказаў ён. 

Парламентарый падкрэсліў, што ўдзел у рэферэндуме — гэта магчымасць паўдзельнічаць у будучыні сваёй Радзімы, якая бывае не ў кожнага ў жыцці. «У кожнага ёсць магчымасць працаваць, плаціць падаткі, але месца працоўнаму подзвігу ёсць — гэта волевыяўленне за новую Канстытуцыю. Бо тыя, хто прыйдзе сёння галасаваць з унукамі, у будучым будуць успамінаць аб гэтай падзеі. Цяпер, калі мы бачым, што адбываецца ў свеце, нам так важна мець закон, які будзе ўзмацняць нашу дзяржаўнасць, сацыяльную актыўнасць дзяржавы, удзел грамадзян у кіраванні сваёй краінай — гэта вельмі важна», — канстатаваў Генадзь Давыдзька. 

Валерыя СЦЯЦКО


Назіральнік: за 10 хвілін галасавання на ўчастак прыйшлі 15 чалавек

За 10 хвілін галасавання на ўчастак прыйшлі 15 чалавек. Сваімі назіраннямі за ходам рэферэндуму падзяліўся назіральнік місіі СНД, член Камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па заканадаўстве і рэгламенце, старшыня камісіі Дзярждумы Федэральнага Сходу РФ па рэгламенце і забеспячэнні дзейнасці Віктар Пінскі, перадае БелТА.

«Для людзей важна прыйсці на рэферэндум. Гэта дэмакратычны працэс. Я быў на выбарчым участку ў Лідзе. 10 хвілін я там знаходзіўся і за гэты час прыйшлі каля 15 чалавек. Гэта было 11 гадзін дня. Гэта значыць людзі ідуць даволі актыўна», — заўважыў Віктар Пінскі.

Паводле яго слоў, важна, што людзі робяць гэта добраахвотна: ніхто не прымушае, ніхто не прывозіць, самі ідуць з задавальненнем. «Добра, што ёсць датэрміновае галасаванне. Гэта магчымасць выканаць усе санітарна-эпідэміялагічныя меры, каб у адзін дзень у адным памяшканні не сабралася вельмі шмат людзей», — дадаў ён.

«Наведваючы выбарчыя ўчасткі, я бачу, што ўсё арганізавана, камфортныя ўмовы», — адзначыў Віктар Пінскі.


Мар’яна Шчоткіна: Абноўленая Канстытуцыя — гэта наш вобраз будучыні

Кіраўнік прадстаўніцтва Пастаяннага камітэту Саюзнай Дзяржавы ў Мінску, саветнік старшыні грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Мар’яна Шчоткіна галоўнай асаблівасцю сённяшняга рэферэндуму назвала тое, што людзі прыходзяць галасаваць сем’ямі. Паводле яе слоў, гэта сведчыць аб тым, што беларусы зацікаўлены ў будучыні.

«Наша абноўленая Канстытуцыя — гэта наш вобраз будучыні. Вядома, мы жанчыны, заўсёды першым чынам думаем аб тым, каб былі стабільнасць і мірнае неба. Вядома, людзей хвалююць праблемы, вырашэнні якіх адлюстраваны ва ўсіх змяненнях, якія ўносяцца на рэферэндум. Гэта перш за ўсё мір і абароненасць. Другое — гэта, вядома, сацыяльны пакет. Трэцяе — гэта перспектыва развіцця і магчымасць удзельнічаць у кіраванні дзяржавай.

Прагаласаваўшы сёння і аддаўшы свой голас за змены, мы атрымліваем новую Канстытуцыю, якая гарантуе тое, што ніколі з тэрыторыі Беларусі не будзе ніякай агрэсіі. Мы атрымліваем абароненасць. І ў праекце Канстытуцыі прапісаны радок, што дзяржава гарантуе бяспеку насельніцтва пры вытворчасці электраэнергіі. Прапісана тое, што кожны чалавек будзе клапаціцца аб прыродных рэсурсах», — нагадала яна. 

Мар’яна Шчоткіна звярнула ўвагу, што пры той неспакойнай сітуацыі, якая зараз назіраецца ў свеце і ў суседняй Украіне, вельмі важна, каб прэзідэнтам быў моцны чалавек, які з’яўляецца патрыётам сваёй краіны: «Тое, што ўстанаўліваецца ўзроставы цэнз 40 гадоў і тое, што ў яго павінна быць грамадзянства Беларусі па нараджэнні, тое, што чалавек павінен 20 гадоў пражываць на тэрыторыі Беларусі і тое, што ён ніколі не меў грамадзянства іншых краін — гэта нам, людзям, пэўная гарантыя ў асобе Прэзідэнта. Тое, што два тэрміны, гэта таксама важна. Наш Прэзідэнт казаў, што ў цяперашніх умовах, гэта таксама правільна. 

Асобна Мар’яна Шчоткіна падкрэсліла сацыяльныя гарантыі для інвалідаў, моладзі, пажылых людзей, прадугледжаныя ў праекце змяненняў і дапаўненняў у Кантстытуцыю. «Літаральна дзясяткі гадоў таму, калі мы прымалі праграмы аб безбар’ерным асяроддзі гэта было дастаткова няпроста. Але зараз у Канстытуцыі замацавана, што гарантуецца сацыяльная інтэграцыя інвалідаў, забяспечваецца сацыяльнае асяроддзе. Да нас, у Беларускі саюз жанчын, паступала шмат прапаноў, каб асобна былі прапісаны гарантыі для інвалідаў. Яны сёння ёсць. Наша бяспека ў будучыні — гэта наша моладзь. І тое, што ёсць артыкул, які гарантуе раскрыццё патэнцыялу моладзі, выхаванне моладзі азначае, што дзяржава зацікаўлена ў выхаванні моладзі. Цяпер часта ўзнікае пытанне, што такое патрыятызм. Патрыятызм нельга купіць у краме, яго нельга павесіць як пагон. Гэты духоўны стан чалавека павінен выхоўвацца з самага дзяцінства. І гэта залежыць і ад грамадства, і, найперш, ад бацькоў. Сацыяльны пакет пажылым грамадзянам прадугледжвае абарону. Гэта вельмі важна, што пры прыняцці паправак у Канстытуцыю кожны чалавек нашай краіны можа непасрэдна ўдзельнічаць у кіраванні», — сказала яна. 

Мар’яна Шчоткіна выказала ўпэўненасць, што беларускае грамадства актыўнае, і яно разумее, што сёння жыццё і лёс краіны і кожнага чалавека залежыць ад кожнага грамадзяніна. «Нельга сёння сядзець на канапе ці сядзець на кухні крытыкаваць нешта і не ўдзельнічаць у рэферэндуме. Ніхто не гаворыць як вы будзеце галасаваць, але ты павінен прыйсці на ўчастак і аддаць свой голас. Гэта нескладана, там усяго два пункты. Я перакананая, што людзі прагаласуюць за будучыню краіны — гэта надзвычай важна. Яшчэ раз ад нас, ад Беларускага Саюза жанчын я магу сказаць толькі адно, што для нас вельмі важна, каб заўтра мы былі ўпэўненыя ў будучыні сваіх дзяцей, сваіх унукаў, каб мы былі ўпэўненыя ва ўласнай будучыні. А гэта сёння залежыць ад кожнага з нас», — канстатавала яна. 

Валерыя СЦЯЦКО


Яўка выбаршчыкаў на рэферэндуме на 14.00 склала 61,91%

Яўка выбаршчыкаў на рэферэндуме на 14.00 склала 61,91%, паведаміў старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Ігар Карпенка, перадае БелТА.

Брэсцкая вобласць — 63,08%, Віцебская — 66,66%, Гомельская — 63,97%, Гродзенская вобласць — 63,30%, Мінская — 61,87%, Магілёўская — 64,69%, Мінск — 53,67%.

«У цэлым па рэспубліцы мы канстатуем, што пакуль скаргаў і заўваг па парушэнні заканадаўства аб рэферэндуме не паступала», — сказаў Ігар Карпенка.


Для працы на рэферэндуме акрэдытаваны 45 701 нацыянальны назіральнік

Па стане на 13.00 камісіямі па рэферэндуму акрэдытаваны 45 701 нацыянальны назіральнік. Аб гэтым паведамілі ў ЦВК, перадае БелТА.

Большасць назіральнікаў (32 524) прадстаўляюць грамадскія аб’яднанні: прафесійныя саюзы, якія ўваходзяць у ФПБ (9759), БРСМ (5217), «Белая Русь» (5029), Беларускі саюз жанчын (4269), Беларускі фонд міру (2720).

Палітычныя партыі накіравалі ў камісіі па рэферэндуме 2192 назіральніка, большасць з іх (1234) ад Камуністычнай партыі Беларусі. Ліберальна-дэмакратычная партыя накіравала 267 чалавек, Беларуская аграрная партыя — 233, Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя — 230, Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» — 37, Аб’яднаная грамадзянская партыя — 5.

Працоўныя калектывы накіравалі 3850 назіральнікаў, грамадзяне — 7135.


Генеральны пракурор Андрэй Швед: Не паддавайцеся на правакацыі і не ўдзельнічайце ў незаконных дзеяннях! 

— Сёння вельмі важны працэс у гісторыі нашай краіны. Ідзе рэферэндум, на якім нашы грамадзяне павінны вызначыцца са змяненнямі і дапаўненнямі ў Асноўны Закон. Абстаноўка на ўсіх выбарчых участках абсалютна спакойная і цалкам кантралюецца праваахоўнымі і іншымі дзяржаўнымі органамі. Разам з тым у асобных дэструктыўных Telegram-каналах стала распаўсюджвацца інфармацыя з заклікамі сарваць рэферэндум, знішчыць бюлетэні, выходзіць на ўсялякага кшталту незаконныя акцыі, мітынгі, пікеты. У адпаведнасці з законам, гэтыя дзеянні падлягаюць адміністрацыйнай, а ў пэўных выпадках, крымінальнай адказнасці. Адказнасць за іх непазбежна наступіць. Закон для ўсіх аднолькавы.

Вераніка КАНЮТА


Больш за 200 закрытых участкаў для галасавання працуюць ва ўстановах аховы здароўя

Больш за 200 закрытых участкаў для галасавання на рэферэндуме працуюць сёння ва ўстановах аховы здароўя, паведамілі БелТА ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.

«Механізм галасавання пацыентаў з COVID-19, якія знаходзяцца ў бальніцах, у нядзелю такі: члены камісіі, апрануўшы СІА (касцюмы, рэспіратары, шчыткі, пальчаткі), уваходзяць у чырвоную зону — аддзяленне ў стацыянары, дзе знаходзяцца пацыенты з каранавірусам. Галасаванне пацыентаў з COVID-19, якія знаходзяцца на амбулаторным лячэнні (па іх заяве), праводзіцца па месцы пражывання — да іх прыйдуць члены камісіі са скрыняй для галасавання», — расказалі ў прэс-службе.

Акрамя таго, арганізавана работа медработнікаў на ўсіх участках для галасавання.

Сёння таксама арганізавана дзяжурства ў арганізацыях аховы здароўя найбольш падрыхтаваных спецыялістаў, узмоцнены прыёмныя аддзяленні бальнічных арганізацый.


На ўчастку № 21 горада Мінска прагаласаваў ветэран Вялікай Айчыннай вайны. 

— Глядзіце, які сёння светлы дзень, — заўважыў ваенны журналіст, палкоўнік у адстаўцы Павел ЯРАШЭНКА. — Я прыйшоў аддаць свой голас за будучыню нашай роднай Беларусі, за такія ж светлыя дні. Некаторыя асобы спрабавалі і спрабуюць паквапіцца на наша светлае жыццё. Я, ветэран вайны, бачыў многае. Я прапоўз, можна сказаць, увесь Берлін і не бачыў там ні англічан, ні амерыканцаў, а яны цяпер кажуць, што гэта яны перамаглі фашызм. Хлусня! Савецкі салдат перамог гітлераўскую Германію!

 


Караеў: адчуваецца, што мы выбіраем сваё жыццё самі

Сёння на рэферэндуме адчуваецца, што мы выбіраем сваё жыццё самі. Такое меркаванне агучыў пасля галасавання памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, паведамляе БелТА.

Юрый Караеў. Фота: БелТА

«Усе тыя змяненні, якія прапанаваны для ўнясення ў Канстытуцыю, закранаюць сферы жыцця кожнага чалавека. Менавіта таму мы адзначаем небывалую актыўнасць грамадзян. Людзі ідуць без разнарадак, самі, спакойна, разгрупавана па днях», — адзначыў памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці.

Юрый Караеў падзяліўся, што прыйшоў аддаць свой голас менавіта сёння, у асноўны дзень галасавання, з-за атмасферы свята.

«На ўчастках спакойна, ціха, добразычлівая атмасфера, людзі ў добрым настроі. І надвор’е адпавядае нашаму святу. Адчуваецца ва ўсім, што мы выбіраем сваё жыццё самі. Нам ніхто нічога не дыктуе. Ёсць сувязь улады з народам», — дадаў памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці.

Ён таксама адзначыў, што абмеркаванне дапаўненняў і змяненняў у Канстытуцыю Беларусі было вельмі актыўным. І, на яго погляд, менавіта таму насельніцтва разумее неабходнасць зрабіць свой выбар.


Богдан: жанчын нашай краіны аб’ядноўвае любоў да Радзімы

Жанчын нашай краіны аб’ядноўвае любоў да Радзімы, заявіла старшыня камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, старшыня Беларускага саюза жанчын Алена Богдан, перадае БелТА.

Алена Богдан

«Усіх жанчын краіны аб’яднаў нават не рэспубліканскі рэферэндум, а любоў да сваёй Радзімы. У самыя цяжкія моманты жанчыны сапраўды станавіліся побач і падтрымлівалі пісьменныя, важныя для краіны ініцыятывы — вось як цяпер. Мы добра адпрацавалі ў перыяд палітычных хваляванняў 2020-га года, перад Усебеларускім народным сходам правялі вельмі важныя дыялогавыя пляцоўкі, якія дазволілі ўнесці і сфармуляваць у тым ліку і прапановы ў праект абноўленай Канстытуцыі. Больш за 3,9 тыс. жанчын з’яўляюцца цяпер назіральнікамі на выбарчых участках, з’яўляюцца членамі камісій», — сказала Алена Богдан.

Па яе словах, на рэферэндум беларусы прыходзяць цэлымі сем’ямі. «Гэта пераемнасць пакаленняў. Гэта тое, што мы паказваем сваім дзецям, якой павінна быць грамадзянская пазіцыя. І як сёння дзеці павінны прытрымлівацца прыкладу бацькоў для таго, каб прымаць важныя для краіны рашэнні. Вельмі кранальна, калі на ўчасткі прыходзяць сям’і трох-чатырох пакаленняў. Калі маладыя пары робяць выбар на карысць будучыні краіны. Для маленькіх дзяцей вельмі важна ўзяць і апусціць запоўнены бюлетэнь у скрыню для галасавання. Гэта і ёсць яднанне сям’і. Гэта наглядная падтрымка тых прапаноў, якія рабіў БСЖ па традыцыйным сямейным каштоўнасцям, па саюзу мужчыны і жанчыны, па дзяржаўнай падтрымцы сем’яў з дзецьмі», — дадала Алена Богдан.


Ігар Карпенка: У дзвюх абласцях рэферэндум адбыўся​

Пачаўся асноўны дзень галасавання на рэферэндуме па Канстытуцыі. Нашы карэспандэнты знаходзяцца ў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, таму валодаюць самай актуальнай інфармацыяй на бягучы момант. Сочым за вынікамі рэферэндуму ў рэжыме рэальнага часу. 

Нагадаем, у датэрміновым галасаванні на рэспубліканскім рэферэндуме прынялі ўдзел 42,93 % грамадзян, унесеных у спісы.

Як паведаміў старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Ігар КАРПЕНКА, на 10.00 раніцы 27 лютага прагаласавала 46,33 % грамадзян, уключаных у спісы. «Па дзвюх абласцях рэферэндум ужо адбыўся, — заявіў кіраўнік Цэнтрвыбаркама. — Гэта Гомельская вобласць, дзе працэнт тых, хто прагаласаваў, склаў 52,87 %. І Магілёўская вобласць — 50,03 %. На трэцім месцы па колькасці галасуючых знаходзіцца Віцебская вобласць (47,68 %)».

Вынікі галасавання на бягучы момант па іншых рэгіёнах рэспублікі. Брэсцкая вобласць — 46,71 %, Гродзенская — 45,44 %, Мінская — 46,2 %. Яўка па Мінску — 37,96 %.

Па словах Ігара Карпенкі, на ўчастках працуе каля 45 тысяч нацыянальных назіральнікаў. «Усе ўчасткі працуюць у штатным рэжыме, — падкрэсліў ён. — Можна меркаваць, што асноўная плыня выбаршчыкаў будзе крыху пазней».
На тэрыторыі краіны створана 5510 участкаў для галасавання на рэферэндуме па Канстытуцыі. Выканаць свой грамадзянскі абавязак змогуць і тыя беларусы, якія ў цяперашні момант знаходзяцца ў бальніцах і іншых арганізацыях аховы здароўя, а таксама ў санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку. Сваё права выбаршчыкаў рэалізоўваюць і ваеннаслужачыя на базе вайсковых часцей.

Нагадаем, сёння ў асноўны дзень галасавання, участкі працуюць да 20.00.

Вераніка КАНЮТА


Андрэй Лук’яновіч: Адназначна, карэкціроўкі патрэбныя

Андрэй Лук’яновіч, намеснік камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны — начальнік авіяцыі палкоўнік:

— Я галасую за паступовае і паступальнае развіццё дзяржавы. Нішто не стаіць на месцы, усё развіваецца. Асноўны Закон нашай дзяржавы патрабуе пэўных зменаў у сувязі з абстаноўкай, якая мяняецца, асабліва вакол нашай краіны.

Адназначна, карэкціроўкі патрэбныя. Новы варыянт Канстытуцыі прайшоў апрабацыю на шматлікіх дыялогавых пляцоўках, улічылі меркаванні ўсіх. Усе, хто хацеў, выказаўся ў канструктыўным рэчышчы. Калі зерне здаровага сэнсу ў прапановах было, яго ўключылі ў Асноўны Закон краіны. Цяпер мы атрымалі вельмі вывераны, дакладны дакумент, які, думаю, ёсць сэнс падтрымаць для таго, каб наша краіна развівалася далей.


Міжнародны назіральнік з Германіі: на ўчастках для галасавання пісьменна выбудаваная ўся праца 

На ўчастках для галасавання пісьменна выбудаваная ўся праца. Такім меркаваннем з БелТА падзяліўся  міжнародны назіральнік з Германіі Хайнц-Рудольф Вемаер, які працуе сёння на ўчастках для галасавання ў Магілёве.

Хайнц-Рудольф Вемайер. Фота: БелТА

«Я ўжо паспеў пазнаёміцца з працай некалькіх участкаў. Агульнае ўражанне — вельмі станоўчае. Настрой у людзей радасны і святочны. Праца на ўчастках для галасавання пабудаваная вельмі пісьменна — усё адпавядае тэхнічным нормам. Заўваг няма. Вельмі радуе вялікая ўвага насельніцтва да рэферэндуму. Людзі ўжо прыходзяць галасаваць, нягледзячы на тое, што яшчэ толькі раніца і выходны дзень», — падзяліўся міжнародны назіральнік.

Як распавёў Хайнц-Рудольф Вемайер, у якасці назіральніка ён выступае ўпершыню. «Я прыехаў па рэкамендацыі беларускага пасольства ў Берліне. Я не змог адмовіцца ад такой прапановы. Сёння гістарычна важны для Беларусі момант. І ўсе мы спадзяемся, што дзякуючы гэтаму жыццё ў краіне стане яшчэ лепш, — адзначыў ён. — Мяне заўсёды цешыла ў Беларусі сацыяльная накіраванасць дзяржаўнай палітыкі, блізкія кантакты паміж урадам і насельніцтвам. Вельмі важна, каб жыццё працягвала ісці мірна і спакойна. Я рады, што змог прыехаць і паўдзельнічаць у такім знакавым для Беларусі і яго народа падзеі».

Міжнародны назіральнік адзначыў і высокую культуру беларусаў. «Я прыехаў сюды, таму што вось ужо 30 гадоў падтрымліваю адносіны паміж Беларуссю і Германіяй. Асабліва паміж Вітэнбергам і Магілёвам — гэта Гарады-пабрацімы. Наша моладзь, пажылыя людзі, турысты і спецыялісты розных напрамкаў любяць прыязджаць у Беларусь, у нас трывалыя грамадзянскія адносіны. І спрыяе гэтаму агульная высокая культура беларусаў», — падзяліўся Хайнц-Рудольф Вемаер.

Участак для галасавання № 4, дзе зараз працуе міжнародны назіральнік, размясціўся ў політэхнічным каледжы ў Магілёве. Тут у спісы для галасавання ўнесены больш за 1,8 тыс. выбаршчыкаў. Як распавяла старшыня камісіі Святлана Казлова, раніца на ўчастку пачалася дынамічна. «Нягледзячы на тое што ўчасткі сёння працуюць да самага вечара, выбаршчыкі сталі прыходзіць з самага адкрыцця ўчастка. Сёння асаблівы дзень у жыцці нашай краіны. І вядома, адчуваецца адказнасць — для нас важна, каб рэферэндум прайшоў як трэба, каб людзі былі задаволеныя наведваннем участка. Для гэтага ў нас створаны ўсе неабходныя ўмовы: зручнае размяшчэнне, захаванне супрацьэпідэмічных мер, абсталяваная безбар’ернае асяроддзе. Рэферэндуму папярэднічала вялікая праца, але настрой ва ўсіх на ўздыме, як у членаў камісіі, так і тых, хто галасуе», — адзначыла яна.

Савіных: Рэферэндум — гэта адпраўны пункт усёй рэформы палітычнай сістэмы краіны

Андрэй Савіных, старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў: 

Андрэй Савіных.

— Свет уступіў у перыяд сур’ёзнай трансфармацыі. Мы ўсе кажам, што выступаем за развіццё шматпалярнага свету.

Гэта азначае, што старая ідэя глабалізацыі, згодна з якой усе краіны будуць жыць па адных законах і ў кожнай краіны будзе права на развіццё і дабрабыт, не спрацавала Яе нават не спрабавалі рэалізоўваць у жыццё. Калектыўны Захад увесь гэты час развіваў іерархічную сістэму, якая харчавалася за кошт рабавання перэферый, у тым ліку і нас, трэба аддаваць сабе справаздачу ў гэтым. І мы падышлі да перыяду, калі глабальная сістэма аказалася банкротам і стала развальвацца. Сёння фарміруецца шматпалярны свет. Але трэба разумець, што пераход ад адной фармацыі да другой — заўсёды перыяд нестабільнасці, перыяд выпрабаванняў. Мы бачым павелічэнне колькасці ваенных канфліктаў. Мы бачым, як надыходзячы злом глабальнай эканомікі і нарастаючы фінансавы крызіс прыводзяць да таго, што санкцыі становяцца нармальнай з’явай у міждзяржаўных адносінах, у эканамічнай сферы. Сёння гэта агульная норма, санкцыі прымяняюцца не толькі ў адносінах да Беларусі, але і да іншых краін. Па сутнасці, гэта перадзел рынкаў і зон уплыву.

Мы бачым і інфармацыйную вайну практычна ва ўсім свеце, калі краіны-канкурэнтны дэманізуюцца, калі прапаганда адрываецца ад рэчаіснасці, ствараючы новую параленьную рэчаіснасць.

На гэтым фоне здольнасць грамадства рэальна разумець, што адбываецца ў свеце, здольнасць кансалідавацца на сумесных уяўленнях аб агульнай будучыні і здольнасць выпрацаваць адзіныя пазіцыі і іх абараніць з’яўляецца не проста фактарам дабрабыту краіны, а ўмовай выжывання. І, на мой погляд, мы пачалі гэты вельмі сур’ёзны працэс. У Беларусі за апошнія дзесяцігоддзі з’явіліся пэўныя сацыяльныя дыспрапорцыі, праблемы, якія трэба вырашаць. Але вырашаць іх трэба ў кіраваным рэжыме з удзелам усяго грамадства, з улікам меркавання большасці і асноўных сацыяльных груп. Падрыхтоўка абноўленага праекта Канстытуцыі з’яўляецца адпраўным пунктам гэтага працэсу. 

З Канстытуцыі ўсё пачынаецца, але Канстытуцыяй не заканчваецца. Рэферэндум — гэта адпраўны пункт усёй рэформы палітычнай сістэмы краіны. Без гэтага пункту адліку далейшы рух наперад будзе немагчымы. 

У Палаце прадстаўнікоў мы ўжо абмяркоўвалі, што трэба будзе вельмі сур’ёзна дапрацаваць і перагледзець 28 асноўных законаў. Гэта і Закон аб парламенце, аб Савеце Міністраў, аб палітычных партыях, аб грамадскіх аб’яднаннях. Трэба будзе распрацаваць два новыя законы, магчыма больш. Гэта Закон аб Усебеларускім народным сходзе і Закон аб грамадзянскай супольнасці. У выніку гэтага працэсу, параметры якога прапісаны ў пераходным этапе ў праекце Канстытуцыі, Беларусь атрымае новую палітычную сістэму. Я спадзяюся, што яна будзе больш адаптаваная да сучасных умоў і будзе адпавядаць патрэбам развіцця беларускага грамадства і беларускай дзяржавы ў гэты складаны перыяд.


Орда: кожны павінен адказваць не толькі за сябе і сваю сям’ю, але і за краіну

Сёння кожны павінен адказваць не толькі за сябе і сваю сям’ю, але і за краіну, заявіў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда, перадае БелТА.

«Я б звярнуўся да традыцый і гісторыі беларускай сям’і. У беларускай сям’і заўсёды вельмі шмат працы. І калі ты не працаваў, то не мог прыйсці з лыжкай да стала», — сказаў Міхаіл Орда.

Старшыня ФПБ падкрэсліў, што Беларусь — гэта адна вялікая сям’я. «Працаўнік — чалавек, які ідзе кожны дзень працаваць, стварае прадукт, даброты для сябе, зарабляе грошы і аддае частку на сацыяльныя праграмы, на развіццё сваёй дзяржавы. А хтосьці сёння можа сабе дазволіць жыць за кошт кагосьці. Гэта несправядліва. Мы хочам, каб у нас было справядлівае грамадства. А для гэтага трэба, каб усе працавалі не толькі на сябе, але і на агульнае, на развіццё краіны. Гэты пасыл у праекце Канстытуцыі вызначальны. Ты сёння адказваеш за сябе, сваю сям’ю і краіну», — адзначыў ён.

Субоцін: галасую за росквіт і паступальнае развіццё Беларусі

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін прагаласаваў на рэферэндуме ў Віцебску на ўчастку для галасавання № 16, перадае БелТА.

Аляксандр Субоцін

Кіраўнік вобласці прыйшоў на ўчастак да адкрыцця, разлічваючы на невялікую колькасць выбаршчыкаў, аднак віцябляне яго ўжо апярэдзілі, і Аляксандру Субоціну нават прыйшлося пастаяць у чарзе. «Нечакана і прыемна, што так атрымліваецца. Прыемна, што ўдалося ўскалыхнуць у людзях пачуццё грамадзянскай свядомасці. Асабіста я на рэферэндуме галасую за — за Беларусь, яе росквіт, паступальнае развіццё і лепшую будучыню нашай краіны», — сказаў старшыня аблвыканкама.

Кіраўнік вобласці таксама распавёў, што ў гэты дзень, 27 лютага, спаўняецца 220 гадоў Віцебскай губерні, і галасаванне ў асноўны дзень рэферэндуму становіцца асабліва сімвалічным, бо кожны жыхар вобласці робіць выбар будучага Віцебшчыны, імкнецца для сябе і сваіх дзяцей.


Прапіска ў іншым горадзе, галасаванне дома: як ва ўчастковай камісіі ў Віцебску вырашаюць гэтыя пытанні​

У Віцебску на ўчастак для галасавання № 54 звяртаюцца не толькі жыхары абласнога цэнтра, але і прапісаныя ў іншых населеных пунктах Беларусі, а таксама маларухомыя, пажылыя грамадзяне з просьбай арганізаваць надомнае галасаванне. Як вырашаюцца такія пытанні, расказала БелТА старшыня ўчастковай камісіі Ірына Лашакова.

На ўчастку зарэгістраваныя больш за 1,7 тыс.чалавек. З аўторка па пятніцу амаль траціна з іх пабывала на ўчастку для галасавання, які знаходзіцца ў віцебскай сярэдняй школе № 45, каб зрабіць свой выбар на рэферэндуме. У цэлым у працы камісіі і ў саміх выбаршчыкаў не было ніякіх праблем і заўваг. Аднак аказалася, што акрамя спісачнага складу выбаршчыкаў на ўчастак прыходзяць і людзі, прапісаныя ў іншых гарадах, але якія пражываюць у Віцебску. «Па ўважлівай прычыне і ў рамках выбарчага заканадаўства такія грамадзяне могуць галасаваць не па месцы прапіскі. Мы стэлефаноўваемся з тымі ўчасткамі для галасавання, дзе гэтыя людзі замацаваныя, і просім адмацаванне, каб яны маглі зрабіць свой выбар на ўчастку ў Віцебску. Такія пытанні мы вырашалі на працягу 10 хвілін. Да нас ужо звярталіся грамадзяне, якія прапісаныя ў Брэсце і Мінску», — распавяла Ірына Лашакова, якая з’яўляецца яшчэ і дырэктарам школы.

26 лютага на ўчастак № 54 як раз прыйшоў адзін такі малады чалавек, якому спатрэбілася дапамога старшыні камісіі. Ён прапісаны ў Сенненскім раёне, а ў Віцебску служыць у войску. Старшыня камісіі звязалася з участковай камісіяй на малой радзіме хлопца, і пытанне вырашылася на яго карысць.

У гэтую ўчастковую камісію з пачатку датэрміновага галасавання звярнуліся 13 чалавек, якія пажадалі па розных прычынах прагаласаваць дома. «Па большай частцы гэта інваліды-калясачнікі. У зімовы перыяд ім складаней дабірацца да школы, а летам яны самі без праблем прыбылі б на ўчастак для галасавання, таму што ў нас арганізавана для іх безбар’ернае асяроддзе. Таксама дома імкнуцца галасаваць тыя, хто асцерагаецца апынуцца ў грамадскіх месцах з-за эпідэміялагічнай сітуацыі. У нас на ўчастку арганізавана выязная брыгада, якая забяспечаная ўсімі неабходнымі індывідуальнымі сродкамі абароны і спецыяльнай урнай для галасавання», — падзялілася Ірына Лашакова.

Старшыня ўчастковай камісіі адзначыла высокую яўку выбаршчыкаў на датэрміновым галасаванні ў першыя чатыры дні, і сёння яна не памяншалася. У іх ліку былі і выпускнікі СШ № 45. «Прыемна бачыць нашых хлопцаў, якія прыходзяць, каб выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. Галасуюць выбаршчыкі і цэлымі сем’ямі, бабулі прыходзяць з унукамі. Многія бацькі нашых вучняў кажуць, што прыйдуць і ў асноўны дзень, каб паглядзець, як іх дзеці будуць выступаць з рознымі творчымі нумарамі, а заадно падсілкавацца ў буфеце, дзе будзе арганізаваны гандаль. Настрой у насельніцтва добразычлівы, стаўленне станоўчае. Відаць, што людзі ўспрымаюць гэту падзею як важнае не толькі для краіны, але і для сябе. Многія віншуюць нас са святам, і становіцца зразумела, што рэферэндум для іх стаў вельмі ўрачыстай і значнай падзеяй», — распавяла дырэктар школы.

Аб працы ўчастковай камісіі адгукнулася і назіральнік на гэтым жа ўчастку. «Праца камісіі абсалютна празрыстая і адпавядае пастаўленым перад членамі камісіі задачам. Я не заўважыла ніякіх парушэнняў. Не магу не сказаць, што выбаршчыкі прыходзяць на наш участак у добрым настроі, а сябры камісіі заўсёды вельмі добразычлівыя, умеюць стварыць камфортную атмасферу. Прыемна, што за ўсе дні выбаршчыкі пакінулі пасля сябе толькі добрае ўражанне», — распавяла Таццяна Голубева, якая ўпершыню прымае ўдзел у падобным грамадска-палітычным мерапрыемстве ў якасці назіральніка.


Карпенка аб рэферэндуме: мне здаецца, што яўка будзе дастаткова высокай

Мне здаецца, што яўка на рэферэндуме будзе дастаткова высокай. Пра гэта заявіў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Ігар Карпенка, паведамляе БелТА.

«Не хацеў бы будаваць нейкія прагнозы, але, мне здаецца, што яўка будзе дастаткова высокай», — сказаў Ігар Карпенка.

Паводле яго слоў, аб гэтым можна меркаваць па актыўнасці грамадзян падчас датэрміновага галасавання. Акрамя таго, на ўчастках арганізавана культурная праграма.

Кіраўнік ЦВК падкрэсліў: «Людзі свой выхадны плануюць правесці з карысцю для сябе і для грамадства».


Апячатванне скрыні ў Мінску на ўчастку для галасавання № 59 у ДУА «Сярэдняя школа № 164 г. Мінска»


ЦВК пракаментаваў фэйк пра ўкідванне бюлетэняў для галасавання

ЦВК пракаментаваў фэйк пра ўкідванне бюлетэняў для галасавання, паведамілі БелТА ў Цэнтрвыбаркаме.

«Напярэдадні вечарам шэраг дэструктыўных Telegram-каналаў распаўсюдзіў інфармацыю, што членамі камісій па рэферэндуме падрыхтаваны для ўкіду бюлетэні для галасавання. На распаўсюджаных у сеткі фотаздымках выразна відаць, што копіі бюлетэні надрукаваныя на звычайных белых аркушах А4. Разам з тым сапраўдны бюлетэнь мае пэўныя ўзроўні абароны і яго падробка немагчымая: адваротны бок афарбаваны і мае ахоўныя надпісы», — распавялі ў ЦВК.

У Цэнтрвыбаркаме падкрэслілі: «улічваючы, што навіна размешчаная на дэструктыўных Telegram-каналах, адміністратары якіх знаходзяцца ў Польшчы і Літве, можна зрабіць выснову, што чалавек, які падрыхтаваў гэтыя копіі і распаўсюдзіў навіну, не валодае рэальнай абстаноўкай аб ходзе правядзення рэферэндуму і прынятых мерах бяспекі».

ЦВК заклікае грамадзян не паддавацца на правакацыі і давяраць толькі афіцыйным крыніцам, а асобам, якія распаўсюдзілі фэйкавую інфармацыю, ЦВК рэкамендуе прыбыць у Беларусь і наведаць участкі для галасавання, дзе можна ўжывую ўбачыць, як выглядае сапраўдны бюлетэнь.


Каля 100 валанцёраў БРСМ будуць працаваць на ўчастках для галасавання ў Магілёве

Каля 100 валанцёраў БРСМ будуць задзейнічаныя на ўчастках для галасавання ў Магілёве, распавёў БелТА першы сакратар гарадскога камітэта ГА «БРСМ» Сяргей Чычоў.

Валанцёры руху «Добрае сэрца» будуць дапамагаць пажылым людзям і людзям з абмежаванымі магчымасцямі, якія будуць прыходзіць на ўчасткі для галасавання. «Хлопцы прайшлі навучанне ў онлайн-фармаце і гатовыя дапамагчы ўсім, хто будзе ў гэтым мець патрэбу», — сказаў першы сакратар гаркама.

Падчас навучання валанцёры прайшлі псіхалагічныя трэнінгі і адпрацавалі магчымыя сітуацыі. Напрыклад, як правесці невідушчага або слабавідушчага чалавека да кабінкі галасавання і іншыя. «Усе механізмы выразна адпрацаваны. Нашы валанцёры не ў першы раз будуць працаваць на электаральнай кампаніі. І такая дапамога дакладна не будзе лішняй», — падкрэсліў Сяргей Чычоў.

Падчас рэферэндуму ў Магілёве будуць працаваць 149 участкаў для галасавання.


У Беларусі праходзіць рэферэндум па Канстытуцыі, паведамляе БелТА.

На тэрыторыі Беларусі ўтворана 5510 участкаў для галасавання на рэспубліканскім рэферэндуме, у тым ліку 217 у санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, бальніцах і іншых арганізацыях аховы здароўя, якія аказваюць медыцынскую дапамогу ў стацыянарных умовах, і 12 у воінскіх часцях.

Сёння ўчасткі для галасавання будуць адкрыты з 8.00 да 20.00.

Уладальнікі ID-картак або біяметрычных пашпартоў гэтак жа, як і ўладальнікі звычайных пашпартоў, могуць прагаласаваць на рэферэндуме. Акрамя таго, для галасавання можна выкарыстоўваць і пенсійнае пасведчанне, пасведчанне інваліда, калі там ёсць фатаграфія, студэнцкі білет, пасведчанне дзяржаўнага служачага, а таксама прад’явіць даведку, калі яна выдадзена органам унутраных спраў узамен страчанага пашпарта або ID-карткі.

Калі грамадзянін зарэгістраваны ў адным месцы, а пражывае ў іншым, ён павінен пацвердзіць сваё пражыванне на тэрыторыі гэтага ўчастка. Неабходна прад’явіць дагавор найму жылога памяшкання, які зарэгістраваны ва ўстаноўленым парадку, або іншы дакумент. На падставе такога дакумента камісія можа ўключыць грамадзяніна ў спіс для галасавання. Але пры гэтым яго трэба будзе выключыць са спіса для галасавання па асноўным месцы пражывання.

На галасаванні створаны ўсе неабходныя ўмовы для захавання санэпідпатрабаванняў, прадпісаных Міністэрствам аховы здароўя ў рамках барацьбы з распаўсюджваннем COVID-19. Гэта падбор адпаведных памяшканняў, што дазволілі б забяспечыць і дыстанцыю, і развядзенне патокаў грамадзян, якія ўдзельнічаюць у галасаванні, а таксама праветрыванне, прыбіранне, дэзынфекцыя, наяўнасць антысептыкаў, сродкаў індывідуальнай аховы на ўчастку. Па аналогіі з прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года прынята рашэнне зняць пярэднія шторкі ў кабінах для галасавання. У грамадзян з СOVID-19, якія лечацца дома, таксама не ўзнікне праблем пры галасаванні на рэферэндуме. Такі грамадзянін павінен звярнуцца ў сваю камісію і заказаць галасаванне дома.

На рэферэндум вынесена адно пытанне: ці прымаеце вы змяненні і дапаўненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь?

Паставіць сваю адзнаку ўдзельнікі рэферэндуму павінны будуць у адным з двух квадратаў — адпаведна «за» або «супраць». Прычым знак у адным з квадратаў можна ставіць абсалютна любы. Калі адзнака будзе пастаўлена ў двух квадратах або не пастаўлена ні ў адным, то такі бюлетэнь будзе прызнаны несапраўдным.

Рэферэндум праводзіцца шляхам усеагульнага, свабоднага, роўнага і тайнага галасавання. Права ўдзельнічаць у ім маюць грамадзяне, якія дасягнулі 18 гадоў. Кожны ўдзельнік рэферэндуму галасуе асабіста.

Рэферэндум лічыцца праведзеным, калі ў ім прыняло ўдзел больш за палову грамадзян, унесеных у спісы для галасавання.

Фота БелТА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.