Вы тут

«Апала зорка, і на міг здалося мне, што гэта ты...». Як беларускія пісьменнікі прызнаваліся ў каханні


Вясна ў любую, самую трывожную, эпоху асацыіруецца з каханнем. Чыстым, пяшчотным, першым... У кожнага паэта і пісьменніка ёсць падобны сюжэт у творах, і ва ўсіх такіх сюжэтах ёсць хоць бы частка асабістага досведу аўтара. Бо кожнаму ж даводзілася калісьці прызнавацца ў каханні...

Давайце ўспомнім некаторыя такія прызнанні з беларускай літаратуры.


Ганна Рафаілаўна Какуева.

Марыў пра дачушку ад каханай

Пра жанчын у жыцці Максіма Багдановіча напісана шмат... Першым жа яго юнацкім каханнем лічыцца Ганна Рафаілаўна Какуева, сястра Максімавых таварышаў па Яраслаўскай гімназіі. «Ах, как умеете Вы, Анна, не замечать, что я влюблен...» Малады паэт прысвяціў ёй шмат сваіх шэдэўраў, у тым ліку цыкл «Мадонны» з дзвюх паэм, «У вёсцы» і «Вераніка».

Багдановіч быў частым госцем у гасцінным доме Какуевых, дзе моладзь бавіла час за музыкай, дэкламаваннем вершаў ці гульнёй у гарадкі і лапту. Прыгажуня Ганна вабіла вока... Нават на сваім дзіцячым здымку, які знаходзіўся ў доме. І ў Максіма, які рана страціў маці, нараджаецца самае дзіўнае прызнанне ў каханні:

Больш за ўсё на свеце жадаю я,

Каб у мяне быў свой дзіцёнак —

Маленькая дачушка-немаўляшка,

Аня Максімаўна, такая прыгожанькая,

Цёпленькая, мокранькая,

3 чорнымі валосікамі і броўкамі,

3 цёмна-карымі вочкамі,

А ручкі, як перацягнутыя ніткамі.

Зусім такая, як Вы,

Калі Вы былі маленькай дзяўчынкай.

Ганна Какуева паступіла ў кансерваторыю ў Пецярбургу, потым выйшла замуж за аднакласніка Максіма... Яе сын Мікалай Лілееў прыязджаў у Мінск на канферэнцыю, прысвечаную Багдановічу. Аня Максімаўна Багдановіч на свет так і не з'явілася, застаўшыся светлым прывідам з гісторыі беларускай літаратуры.

Ён прынёс ружы пад абстрэлам

У 1919 годзе адзін з рэдактараў «Звязды» Вільгельм Кнорын запрасіў на работу Максіма Гарэцкага. Потым рэдакцыя пераехала ў Вільню... Кола беларусаў, якія працавалі на адраджэнне нацыянальнай культуры, традыцыйна было цесным. Там Гарэцкі і пачуў пра маладую настаўніцу беларускай гімназіі Леанілу Чарняўскую, якая напісала зборнік твораў для дзяцей «Дзіцячыя гульні» і тады працавала над дзіцячай чытанкай.

Максім Гарэцкі з сям'ёй.

Гарэцкі прыйшоў да Леанілы на Вастрабрамскую, дзе яна жыла... Гэта было каханне з першага погляду. Брат Максіма Гарэцкага Гаўрыла так апісваў Леанілу: «Была яна вельмі прыгожая, з вялікімі сінімі-сінімі вачыма, якія свяціліся розумам, добразычлівасцю, прыхільнасцю, дабрынёю, спагадаю. Голас быў глыбокі, грудны, меладычны. Постаць зграбная, стройная. Каса пышная. Рухі павольныя, плаўныя. Беларуская мова чыстая, напеўная. Леаніла Чарняўская была выключна ласкавая, уважлівая, далікатная».

Прызнаннем у каханні сталі ружы. Прычым пісьменнік насіў іх на Вастрабрамскую пад кулямі — ішла Першая сусветная... Кветкі тыя відавочна былі для творцы сімвалічнымі — нездарма напісаную ў 1922 годзе драму ён назваў «Чырвоныя ружы». І ў дзень, калі з'явіўся да Леанілы з прапановай рукі і сэрца, у двары гэтак жа свісталі кулі, а ў руках закаханага свяціўся букет руж.

16 ліпеня 1919 года Леаніла і Максім павянчаліся. Наперадзе было шмат шчасця і гора...

«Няма таго срэбра ядранай ночы, калі п'янілі галаву пышныя, сочныя, росныя ружы і стукала сэрца ад яе пагляду любага, глыбокага, даўгога і нешта важнае гаворачага...»

Напісаў верш, за які быў раскрытыкаваны

Гадоў пятнаццаць таму архівіст Віталь Скалабан знайшоў два невядомыя вершы Максіма Танка. Іх перадала Марыяна Мадорава, дачка вядомага рускага мастака Фёдара Мадорава.

Гісторыя гэтых вершаў такая... Падчас вайны Максім Танк нейкі час жыў у Максве, наведваў ЦК КП(б)Б, дзе сакратаром працавала юная прыгажуня Марыяна Мадорава. Танк быў жанаты, але жонка знаходзілася далёка, у эвакуацыі. Адносіны паміж юнай Марыянай і беларускім паэтам утварыліся, як сцвярджала Марыяна Фёдараўна, платанічныя, але з вялікай узаемнай сімпатыяй: «Самым благородным, самым близким, самым надежным человеком в моей жизни был Максим». На шмуцтытуле кнігі Генрыха Мана 8 кастрычніка 1942 года Максім Танк пакінуў верш:

«Мар'яне.

Ты папрасіла напісаць

Хоць пару слоў табе на памяць.

Ды словы ўсе агнём гараць:

На мармур кінь — яго апаляць,

Як апалілі сэрца мне...

А ты ўсё роўна не паверыш,

Што, нат і ў роднай старане,

Дзень без Цябе — днём будзе шэрым...».

Аўтограф другога верша, прысвечанага Марыяне Мадоравай, яна атрымала на аркушыку з вучнёўскага сшытка:

«Апала зорка, і на міг

Здалося мне, што гэта ты

Сярод сузор'яў залатых

Мільгнула у трыснік густы.

Я ў човен кінуў два вяслы,

Бярэмя снасцяў рыбака,

І, ўзняўшы ветразі, паплыў

Цябе і клікаць, і шукаць.

Але на гладзі вадзяной,

Аж па крутыя берагі,

Убачыў я перад сабой

Адны кругі, адны кругі.»

Марыяна Фёдараўна была ўпэўненая, што і гэты верш ніколі не друкаваўся. Але ён быў надрукаваны ў 1946 годзе ў № 7 часопіса «Беларусь», толькі без прысвячэння. І якраз трапіў пад прэс у сувязі з сумнавядомай пастановай ЦК ВКП(б) «О журналах «Звезда» и «Ленинград». Пачалі шукаць песімізм, упадніцтва і безыдэйнасць. Якуб Колас мусіў падпісацца пад артыкулам, надрукаваным у газеце «Літаратура і мастацтва» за 7 снежня 1946 года: «Вось верш Максіма Танка «Апала зорка»... Нотка безнадзейнасці, песімізму і ўпадніцтва гучыць у гэтым вершы. А нам гэтага не трэба; мы ў пачатку вялікай дарогі аднаўлення, перад намі шырокія далі. У нас ёсць сілы прыйсці да гэтых даляў, і няма нам падставы ўпадаць у безнадзейнасць».

Марыяна Мадорава выйшла замуж за генерала Патапава, які перажыў фашысцкі палон. Максім Танк уз'яднаўся з жонкай, Любоўю Асаевіч, з якой пражыў разам 56 гадоў.

Сцярпеў апёк кіпенем

Паэт Аркадзь Куляшоў быў вундэркіндам. Ужо ў пятнаццаць меў у творчым багажы паэтычны зборнік, а таксама верш «Алеся», які стаў папулярнай песняй. Але пра тую Алесю столькі ўжо напісана, паўтараць не будзем... А ўспомнім, як юны Куляшоў, які пераехаў у Мінск, прыйшоў у госці да Платона Галавача. Галавач быў жанаты з Нінай Вечар, прыгожай случчанкай. У той час у іх жыла сястра Ніны, Аксана. Дзяўчына таксама неверагоднай прыгажосці. Аркадзь пачаў заляцацца... Аксана ішла з імбрыкам з кіпенем... Ну і ў адказ на заляцанні плесканула юнаму кавалеру на нагу. Той адскочыў:

— Вар'ятка!

Аляксей Зарыцкі, Аркадзь Куляшоў і Аксана Вечар.

Але заляцанні не перарваў. Праўда, заваяваць прыгажуню было нялёгка. Як успамінала дачка Куляшова Валянціна, Аксана была старэйшай за Аркадзя і нядаўна разышлася са сваім грамадзянскім мужам Віктарам Нямірам. Той здрадзіў, а калі Аксана, даведаўшыся, вырашыла сысці, прыставіў да яе скроні пісталет: «Заб'ю!». Але тая не пабаялася, спакойна адвяла руку з пісталетам: «Я тут не застануся, і ты мяне не заб'еш»... Куляшоў быў упарты. А калі ўсё ж дайшло да прапановы рукі і сэрца — папярэдзіў: ніколі і нішто — ні каханне, ні сям'я, ні дзеці — не будуць для яго больш важным, чым яго праца, і што ні дзеля чаго жыццёвага ён не пойдзе на кампраміс з паэзіяй, бо «адчувае ў сабе талент, які лічыць неабходным рэалізаваць».

Падчас вайны Аксана Куляшова аказалася з двума дзецьмі ў эвакуацыі... Куляшоў доўга не мог даведацца, дзе сям'я. І вось што ўспамінала Валянціна Куляшова:

«Што ж да бацькі, дык ён быў такі шчаслівы, адшукаўшы сям'ю, што факту перапіскі з жонкай прысвяціў нават верш «Галубкі», напісаны з нагоды смешнага непаразумення. Неяк, калі да бацькі на перадавую прынеслі пошту і ён даведаўся, што яму «не пішуць», затое пішуць нейкаму невядомаму, бацька без вагання папрасіў, каб гэты ліст без адрасата аддалі яму, бо ён чакае ліст ад сваёй жонкі. Бацька не памыліўся — ліст быў да яго. А верш «Галубкі» — вось ён:

«Не сустрэліся ні разу

мы з табою за вайну,

А твае лісты з маімі

стрэчу мелі не адну.

Кожны раз на паўдарозе

сустракаюцца яны:

на вайну твой ліст імкнецца,

мой спяшаецца з вайны.

Праз дажджы ляцяць, праз буры,

Быццам тыя галубкі,

Не залежацца на пошце

Нецярплівыя радкі.

Толькі кінь лісток у скрыню,

Ён сваёй дарозе рад,

Дойдзе, знойдзе, не загіне,

Жыў бы толькі адрасат.

Так да нас лісты прывыклі,

хоць без адраса пусці,

Усё роўна ліст, як голуб, —

не саб'еш яго з пуці...»

Стварыў фальшывы дзённік

Іван Шамякін са сваёй будучай жонкай, Машай Кротавай, вучыўся ў адным класе. Калі абое паступілі вучыцца ў Гомель, каханне расцвіло па-новаму: «І раптам абпякло мяне — цуд! Прайшло два з палавінай гады, а я адразу пазнаў яе, падрослую, папрыгажэлую, не такую ўжо рыжую, у яркай крамнай сукенцы ў зялёны гарошак. Сэрца чамусьці пусцілася ў галоп».

Іван Шамякін з жонкай  Марыяй Філатаўнай.

Івану Шамякіну было ўсяго пятнаццаць гадоў. Як ён прызнаваўся, «з маёй закаханасцю звязана мая першая спроба пісаць прозу. На зімовых канікулах, седзячы ў лесе, у самотнай адзіноце, я сачыніў, менавіта сачыніў, дзённік. Выдумаў рамантычную гісторыю: маладая прыгожая жонка ляснічага (не было такой жонкі! была кабета сярэдніх гадоў з трыма дзецьмі, якую бачыў я ўлетку, калі адносіў нейкія паперы бацькавы) закахалася ў мяне (во герой!). Безумоўна, па просьбе яе ляснічы запрасіў мяне, студэнта, інтэлігента, на абед. І абед быў — як у раманах, я не ведаў, які відэлец, нож. Даўгі высокаінтэлігентны дыялог старонак на дзесяць. Размова пра жыццё і пра кнігі, у тым ліку і пра «Что делать?»

Наіўная гісторыя сачынялася для Машы, каб узняць, як кажуць сёння, свой імідж у яе вачах: во які я герой! На мяне нават замужняя жанчына кінула вока! Праўда, доўга вагаўся: паказваць ці не паказваць сваё сачыненне. Падрыхтаваў яе вусна і потым паказаў запаветны сшытак. На чарговым спатканні яна маўчала, і я ад нецярпення чапляўся нагамі за гнілыя дошкі тратуара.

— Прачытала?

— Прачытала.

— І што?

Маша характерна зморшчылася, прыплюснуўшы свае шырокія, што азёры, вочы.

— Цалаваўся ты з ёй?

— Ну што ты! За каго ты мяне лічыш! Я ўвесь час думаў пра цябе.

— Манюка ты.

— Ты не верыш мне?

— Веру, веру...

Але бачыў, адчуваў, што Маша іранізуе, вельмі тонка. Пасля, праз паўтара года, яна з вясёлым смехам прызналася, што не паверыла ніводнаму слову з таго, што было ў тым дзённіку. Больш такіх дзённікаў я не пісаў. Занатоўваў толькі праўдзівыя падзеі і думкі».

Аддаў ёй сваю футболку

У аповесці Уладзіміра Караткевіча «Лісце каштанаў», якую ўсе даследчыкі лічаць у вялікай ступені аўтабіяграфічнай, распавядаецца пра каханне падлеткаў, чыё дзяцінства прыйшлся на вайну. Васілька Стасевіч сустракае Нонку Юніцкую, «дзяўчо год пятнаццаці. Схілілася, пачэсваючы вельмі доўгія, падрапаныя ногі шакаладнага колеру, пасля пацерла каленкам аб каленка, ускінула галаву — чорна-бурыя валасы цяжкай хваляй шыбанулі назад — і ўсміхнулася мне, і я ўбачыў цёмна-сінія вочы з ненатуральна велічэзнымі, па-вар'яцку вясёлымі чорнымі зрэнкамі».

Узнікае першае, светлае і чыстае, пачуццё... І вось як герой яго выказвае:

«На горад спускалася сутонне. Апошнія залацістыя адбіткі клаліся на муры дамоў. Вокны таямніча міргалі насустрач захаду: нібы тлелі, згасалі і зноў тлелі ў гусцеючым прысмерку тысячы жаўтавата-зялёных кашэчых зрэнак. 3 паркаў па правым баку пачало павяваць вільготнай прахалодай. Танюткі галасок нейкай птушкі далятаў адтуль, нібы настойліва і журботна скардзіўся на нешта.

— Ціў-ціў-ціў-ці-і-іуў.

Я даткнуўся да яе рукі і адчуў, што яна пайшла гусінай скурай, адчуў нават, што валосікі ля лакцявых сугібаў натапырыліся ад холаду. І страшэннае шкадаванне ахапіла мяне... Я зняў з сябе футболку.

— Чакай.

Калі яна ўзняла рукі, нібы здаючыся, а я пачаў надзяваць на яе маю выгаралую, мабыць, здорава прапыленую транціну, калі я міжволі кранаўся яе рук і, прасоўваючы галаву, правёў рукамі па чорна-бурых цяжкіх валасах, па плячах, па спіне — пачуццё найглыбейшага замілавання і шчасця ахапіла мяне з такою сілай, што я ледзь не заплакаў».

Для Караткевіча гэта вельмі істотна: ён неаднойчы нагадваў, што беларусы кажуць не «я яе кахаю», а «я яе шкадую». Пісьменнік бачыў у гэтым народную мудрасць. Літаратуразнаўцы пакуль не высвелілі, хто быў прататыпам Нонкі Юніцкай, але сыходзяцца на тым, што прататып рэальны. У лісце ад 5 лютага 1957 года да сябра Юрыя Гальперына Караткевіч прызнаецца: «Я дважды любил взаимно — одна уехала. Другая умерла». Мяркуюць, што тая, што з'ехала — і была Нонка...

Прызнавайцеся ж у каханні па-беларуску!

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.