Напярэдадні новага дачнага сезона размаўляем з дырэктарам РУП «Інстытут агародніцтва», кандыдатам сельскагаспадарчых навук Андрэем Чайкоўскім аб новых сартах і гібрыдах гародніны айчыннай селекцыі, глабальным пацяпленні і пра тое, што сёння рэальна вырасціць на сваіх «сотках».
— Андрэй Іванавіч, што сёння вырошчваецца ў нашай краіне ў прамысловым агародніцтве і ў агародніцтве непрафесійным? Ці вялікая розніца ў выбары агароднінных культур для вырошчвання, напрыклад, фермерамі і дачнікамі?
— Спецыфіка вытворчасці агародніны ў Беларусі ў тым, што прыкладна дзве трэці ўсіх аб'ёмаў агародніннай прадукцыі вырошчвае насельніцтва на прысядзібных і дачных участках. І толькі адна трэць вырабляецца ў прафесійным агародніцтве (сельгасарганізацыямі і сялянска-фермерскімі гаспадаркамі). Фермерамі ў адкрытым грунце вырошчваюцца чатыры культуры, якія займаюць 96—98 % аб'ёмаў іх вытворчасці — гэта капуста, буракі, морква і цыбуля. На астатнія 2-4 працэнты прыпадаюць у тым ліку таматы і агуркі. Сельгасарганізацыі спецыялізуюцца ўжо на шасці культурах: вышэйпералічаныя чатыры ў адкрытым грунце і таматы-агуркі ў зашклёных ацепленых зімовых цяпліцах. На асабістых участках — дачных і прысядзібных — спектр агароднінных культур значна шырэйшы. У прамысловым агародніцтве многія з гэтых культур не вырошчваюцца, таму што яны дрэнна паддаюцца механізацыі і не захоўваюцца так доўга, як так званая група баршчовага набору. Агароднікі робяць упор на часнок, рэзка-араматычныя, зяленіўныя, салатныя культуры, і ў цэлым на раннія сарты агародніны для ўжывання ў свежым выглядзе. У сувязі з гэтай спецыфікай і пабудавана работа інстытута.
Паколькі наша задача — у першую чаргу падтрымліваць прамысловае агародніцтва, асноўны ўпор мы робім на селекцыю і распрацоўку тэхналогій вырошчвання тых відаў агародніны, якія неабходныя сельгасарганізацыям. Але ўвесь час ідзе работа і па стварэнні новых сартоў, напрыклад, таматаў, агуркоў. А таксама больш рэдкіх культур, запатрабаваных насельніцтвам. Так, за апошнія 30 гадоў створана 25 сартоў і гібрыдаў тамата, 15 сартоў і гібрыдаў агуркоў, 17 — капусты, 8 сартоў рэпчатай цыбулі, 6 — буракоў і 5 — морквы. У апошнія гады выведзена таксама па адным сорце так званых малараспаўсюджаных відаў — вострага перцу, фізалісу, хрэну сунічнага, катрану, кропу, цыбулі-парэю, цыбулі-слізуна, шніт-цыбулі, батуна, рэдзькі, лобы, пастарнаку, базіліку, бабоў, календулы лекавай, эхінацэі пурпуровай, чуфы. Гэта ўжо — менавіта для дачнікаў.
— Давайце вернемся да больш распаўсюджаных культур, што вырошчваюцца на дачах і прысядзібных участках. Якія новыя сарты памідораў, перцу і агуркоў прапануюць беларускія селекцыянеры агароднікам у пачатку гэтага дачнага сезона?
— Сучасная канцэпцыя сусветнай лагістыкі гародніны дыктуе селекцыянерам пэўныя патрабаванні да новых сартоў. Лагістыка мае на ўвазе збор гародніны недаспелай, выкарыстанне спецыяльных гібрыдаў з высокімі паказчыкамі захавальнасці, часта на шкоду смакавым і пажыўным уласцівасцям. Таму нярэдка можна пачуць, што агародніна з супермаркетаў «пластыкавая» або «гумовая», што яе «немагчыма есці». У нас захаваны зыходны матэрыял — старадаўнія традыцыйныя сарты, і мы вядзём селекцыйную работу менавіта ў напрамку смакавых якасцяў. Калі асноўныя аб'ёмы вырошчвання агародніны — гэта дачныя і прысядзібныя ўчасткі, то людзям не прынцыпова, каб той жа памідор ці агурок захоўваўся паўгода, ім важнейшы яго смак. З іншага боку, мы не можам знаходзіцца ў баку ад сусветных тэндэнцый, бо ёсць яшчэ прамысловасць, якой патрэбныя сарты і гібрыды, што доўга захоўваюцца. Напрыклад, створаны гібрыд таматаў «Лежабок» для плёначных цяпліц летне-восеньскага абароту. Расліны вышынёй два метры, плады чырвоныя, сярэдняга памеру, 90-120 г, захоўваюцца 30-40 сутак. І нават застаючыся на кусце, захоўваюць шчыльнасць мякаці і вонкавы выгляд. Пры гэтым смакавыя якасці таматаў практычна не пацярпелі — мы выкарыстоўвалі гены лёжкасці больш мяккага характару, яны не так моцна пагаршаюць смак. З апошніх напрацовак, дзе ў аснову быў пастаўлены смак таматаў, я назваў бы, напрыклад, гібрыд «Лапа» — для аматараў буйных памідораў. Гэта высакарослы гібрыд для плёначных цяпліц, ён устойлівы да мясцовых хвароб. Плады чырвоныя, масай 180-250 г, на кісці 3-5 пладоў, а ўраджайнасць складае да 15 кілаграмаў на квадратны метр. Што датычыцца смакавых якасцяў, яны ацэньваюцца на 4,5—5 балаў па пяцібальнай шкале. З ранняспелых сартоў увагі агароднікаў заслугоўвае гібрыд «Зубраня» — ён спее на 3-5 дзён раней за іншыя буйнаплодныя аналагі. «Зубраня» — гібрыд куставога габітусу, гэтыя таматы можна вырошчваць і ў цяпліцах, і ў адкрытым грунце.
З буйнаплодных сартоў перцу створаны гібрыд «Лада» — сярэдняспелы, для плёначных цяпліц, плод кубападобнай формы, сярэдняя маса яго — 130-180 г. Перцы сакавітыя і мясістыя: таўшчыня сценкі 6-7 мм, ураджайнасць — 5-6 кг з квадратнага метра. Яшчэ адна цікавая распрацоўка — гібрыд салодкага перцу «Кінжал». Плады жоўта-аранжавыя, даўжынёй каля 20 см, конусападобныя. Сярэдняя маса іх — каля 120 г, ураджайнасць — больш за 5 кг з квадратнага метра.
Па агурках хачу спыніцца на двух новых гібрыдах. Гэта «Духмяны», партэнакарпічны гібрыд карнішоннага тыпу для адкрытага грунту. Адрозніваецца хуткаспеласцю — першыя агурочкі можна збіраць ужо праз 40-45 дзён пасля пасеву. Зялёны плод даўжынёй 8-10 см, універсальнага прызначэння — і на стол, і ў загатоўкі. А таксама гібрыд «Пачастунак» — кароткаплодны партэнакарпічны гібрыд для ахаванага грунту, ураджайнасцю 15 кг на квадратны метр. Для загатовак ён не падыдзе, а вось у свежым выглядзе і ў салатах гэтыя агуркі вельмі смачныя. На ранні ўраджай лепш за ўсё вырошчваць рассадным спосабам. Характэрна, што гібрыд устойлівы да мучністай расы і перонаспарозу.
— Некаторыя дачнікі з недаверам ставяцца да гібрыдаў. Кажуць, што яны патрабавальныя да ўмоў вырошчвання і не даюць магчымасці атрымаць уласнае насенне. Што выбраць для сваіх «сотак» — сорт або гібрыд? І яшчэ адно пытанне: спыніцца на айчыннай селекцыі або аддаць перавагу высокаўраджайным еўрапейскім сартам?
— Сарты зручнейшыя ў тым плане, што аднойчы купіўшы насенне, дачнік можа ў далейшым атрымліваць пасяўны матэрыял самастойна. Бо дачнікі вырабляюць сартазмену не штогод, а ў сярэднім раз на 3-5 гадоў. З гібрыдамі прыйдзецца працаваць кожны год — весці картатэку ўпадабаных, купляць насенне. Калі казаць аб ураджайнасці, патэнцыял гібрыдаў вышэйшы, і пры стварэнні неабходных умоў гібрыды будуць больш прадукцыйныя, чым сарты. Але ў сорту ёсць патэнцыял адаптавацца да розных нестандартных умоў. І ў любым выпадку пры выкарыстанні сорту можна казаць аб атрыманні мінімальнага гарантаванага ўраджаю. Я параіў бы агароднікам набываць гібрыды для ахаванага грунту і сарты для адкрытага.
Што датычыцца пытання, айчынны або замежны пасяўны матэрыял выбраць, тут трэба ўлічваць наступнае. Айчынныя сарты ствараюцца ў нашых кліматычных умовах, выпрабоўваюцца ў плёначных цяпліцах і ў адкрытым грунце. Яны больш адаптаваныя да мясцовага клімату і да мясцовых рас узбуджальнікаў хвароб у параўнанні з імпартнымі. Можна купіць замежнае насенне, і, магчыма, вам пашанцуе — расліны будуць адчуваць сябе нядрэнна. Але калі браць статыстыку, у сярэднім з сотні замежных сартоў і гібрыдаў у нашых умовах прыжываецца менш за дзясятую частку.
— Чаму сёння беларускія селекцыянеры так актыўна заняліся салодкім перцам — у сувязі з пацяпленнем клімату? І ў цэлым, як змяняецца звыклы склад агароднінных культур з прычыны таго, што клімат мяняецца?
— Паступовае пацяпленне клімату — гэта тэндэнцыя, якая назіраецца ў нашай краіне з 1991 года. За 30 гадоў тэмпература глебы вырасла на некалькі градусаў. І гэта сапраўды ўплывае на агратэхніку і склад культур. З аднаго боку, павышаюцца агракліматычныя рэсурсы, з другога, даводзіцца выкарыстоўваць больш засухаўстойлівыя культуры — агароднінную і спаржавую фасолю, бахчавыя, гарбузовыя культуры, кукурузу салодкую.
У сувязі з пацяпленнем клімату сяўба ссоўваецца на больш раннія тэрміны, уборка — на пазнейшыя. То-бок можна выкарыстоўваць сарты больш працяглага вегетацыйнага перыяду. Пры гэтым ёсць традыцыйныя для нашай культуры віды і сарты агародніны, якія ў гэтыя новыя тэрміны вырошчваць становіцца праблематычна. Прыходзіцца высейваць іх у больш раннія тэрміны, калі вільготнасць глебы і паветра, тэмпература аптымальныя для сяўбы. А значыць, і паспяванне надыходзіць трохі раней, чым патрабуецца. І прадукцыя альбо менш захоўваецца ў халодны перыяд, альбо перастойвае на градках — і замест тэхналагічнай спеласці надыходзіць біялагічная. А гэта іншы біяхімічны склад, што таксама адбіваецца на лежкасці. У якасці прыкладу можна ўзяць белакачанную капусту. Яе пазнейшыя сарты трэба ссекчы, калі тэмпература паветра апусцілася ніжэй за +5 градусаў Цэльсія і стабілізавалася на дадзенай адзнацы. У нашы дні гэта лістапад. Каб падгадаць да лістапада, высаджваць расаду варта досыць позна, калі ўжо занадта горача, глеба недастаткова вільготная і трэба акцэнтаваць увагу на паліве. Акрамя таго, у сувязі з пацяпленнем клімату кожны год прыходзяць экстрэмальная спякота і засухі, і без якаснага паліву ўсё больш складана атрымаць ураджай агародніны.
— Што б вы ў гэтай сувязі параілі агароднікам?
— Сёння ў крамах прадстаўлены шырокі асартымент паліўных сістэм. Ёсць устаноўкі для кропельнага паліву і для дажджавання, прадстаўлены малыя тэхнічныя рашэнні, і яны не настолькі дарагія, каб дачнік не мог дазволіць іх сабе. Калі мэта — не проста «пакорпацца ў агародзе для душы», а атрымаць ураджай якаснай сакавітай агародніны, без сістэмы паліву цяпер, бадай, не абысціся. Іншы шлях — выбар новых сартоў звыклых культур, больш адаптаваных да тых умоў, якія мы маем. Трэба сказаць, што падбіраць сарты варта пад свой рэгіён — у Віцебскай вобласці, напрыклад, вегетацыйны перыяд пакуль яшчэ не занадта доўгі, а ў паўднёвых абласцях краіны ён ужо разбіваецца на дзве часткі. Пры дапамозе ранніх хуткаспелых сартоў можна атрымаць прадукцыю ў сярэдзіне лета, і потым падабраць сарты і гібрыды, каб увосень сабраць агародніну на захоўванне і загатоўкі. Для захоўвання можна падбіраць такія віды агародніны, як, напрыклад, радыскавыя культуры. На поўдні Беларусі ўжо магчымы другі збор радыскі, дайкона, рэдзькі чорнай і белай, лобы, пекінскай капусты, морквы. Трэці кірунак работы для дачнікаў (калі з нейкіх прычын паліў арганізаваць цяжка) — увядзенне новых, засухаўстойлівых культур. Напрыклад, тых жа бахчавых і гарбузовых. А таксама змена тэхналогій вырошчвання культур — салодкі перац, таматы і баклажаны ў Беларусі ўжо можна расціць у адкрытым грунце. Але тут ёсць свае «падводныя камяні» — у прыватнасці, баклажаны стаяць па смакавых якасцях на першым месцы для каларадскага жука, бульба — на другім. Але засцярогу хімічнымі прэпаратамі на прысядзібных участках я не раіў бы. У сельгасарганізацый і фермераў ёсць магчымасць правесці яе якасна і бяспечна — у іх маюцца спецыялісты з профільнай адукацыяй, ёсць рэгламенты і кантроль якасці. Агароднікам варта засяродзіцца на больш экалагічных метадах засцярогі — ручным зборы насякомых і выкарыстанні нятканага покрыўнага матэрыялу.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.