Вы тут

«Петрапаўлаўка» — мой якар з мінулага. Сабор св. Пятра і Паўла, г. Мінск


Выходжу з нетраў станцыі метро «Няміга», перасякаю пад мастом вуліцу і аказваюся побач са знаёмай брамкай. Залаціста-белы ў стылі барока будынак XVІІ стагоддзя з чырвоным дахам не надта падобны да класічнага храма — хутчэй нагадвае ён самавіты купецкі дом. Ды гэта і нядзіўна. Сабор святых апосталаў Пятра і Паўла быў узведзены на грошы мінскіх гараджан, большасць з якіх належала да купецкага саслоўя. І толькі дзве вежкі, увянчаныя зіхатлівымі праваслаўнымі крыжамі, якія выглядаюць так, нібыта іх дабудавалі ў самы апошні момант, згадаўшы пра сапраўднае прызначэнне будынка, не даюць памыліцца: перад намі — менавіта храм. Прычым самы старэйшы з тых, якія захаваліся ў Мінску з мінулых часоў.


Паводле старадаўніх традыцый, ніводны будынак не мог быць вышэйшым за царкоўны шпіль. Дамінаванне над храмам, Домам Бога, — справа грахоўная, яскравае сведчанне чалавечай ганарыстасці. І я з сумам гляджу на Петрапаўлаўскі сабор, літаральна заціснуты сёння паміж сучаснымі шматпавярховікамі з навіслымі над вуліцай лоджыямі, яркімі магазіннымі вітрынамі, аўтамабільнымі паркоўкамі і вынесенымі на вуліцу столікамі кавярняў.

Але тут я міжволі згадваю прыпавесць, якую некалі пачула ад майго духоўніка. Гэта быў аповед пра згублены нацельны крыжык. Крыжык упаў з парванага ланцужка на зямлю, у кучу смецця, і некалькі стагоддзяў ляжаў там, страчаны і ўсімі забыты. Але аднойчы, пракладаючы новую дарогу, людзі знайшлі яго і, разумеючы сапраўдную каштоўнасць гэтай рэчы як артэфакта даўніны і сімвала веры, аднеслі ў найбліжэйшы храм. І крыжык быў урачыста змешчаны каля галоўнай храмавай святыні — абраза Маці Божай.

Не проста так, пэўна, здарылася, што Петрапаўлаўскі сабор перажыў стагоддзі, напоўненыя войнамі, паўстаннямі, рэвалюцыямі і рознымі іншымі катаклізмамі. І няхай сёння ён выглядае паміж шматпавярховымі глыбамі сучасных дамоў як згублены нацельны крыжык сярод смецця, я веру, прыйдзе час сапраўднай рэстаўрацыі пачуццяў, і на гэтай вуліцы сабор, крыжамі сваімі скіраваны ў Нябёсы, зноў будзе самым высокім будынкам.

Я памятаю «Петрапаўлаўку» яшчэ з савецкіх часоў. Студэнтка, што прыехала ў сталіцу з правінцыі вучыцца на факультэце журналістыкі, я глядзела тады на свет шырока расплюшчанымі, здзіўленымі вачыма. Мінск падаваўся незвычайна прыгожым, хоць і нязвыкла-чужым. Але аднойчы, гуляючы па цэнтры сталіцы, я наблізілася да зачыненага для вернікаў храма, на сцяне якога красавалася шыльда пра тое, што дадзены археалагічны помнік ахоўваецца дзяржавай. Тут знаходзіўся гарадскі архіў. Але недзе ўнутры сябе ў той час я нібыта адчула глухі ўдар старадаўняга царкоўнага звона. Ці, можа, тое быў удар майго сэрца, якое хацела, каб я затрымалася каля гэтых сцен... Гэткі стан прынята называць іншаземным словам «дэжавю», але насамрэч, думаю, гэта праява генетычнай памяці. Прайшлі гады, і я выпадкова даведалася пра тое, што Петрапаўлаўскі сабор мае дачыненне да маіх продкаў. І што гісторыя нашага роду, якую я ведала толькі са слоў бацькі, больш багатая на падзеі...

З купецкага роду

Год, у які Гасподзь паклікаў да сябе майго бацьку, выдаўся яблычным. Плады цягнулі да зямлі галіны старых яблынь у двары Інстытута анкалогіі, і бацька, гледзячы на іх з акна сваёй палаты, цяжка ўздыхаў: «У мяне на дачным участку яблынька ўпершыню будзе пладаносіць, а я — тут»... У апошні час яго, былога афіцэра свецкай Арміі, усё больш цягнула да зямлі. Ён адчуваў незвычайную асалоду, удыхаючы мядовы пах веснавой глебы альбо прэлы водар восеньскай лістоты. Зямля беларуская, нібыта каханая жанчына, вабіла, прыцягвала, выклікала слёзы замілавання і словы шчырых прызнанняў у любові ў чалавека, які амаль усё жыццё лічыў сябе на Беларусі нетутэйшым.

Толькі перад самай смерцю ён услед за мною ўпэўніўся, што памыляўся, лічачы сябе карэнным расіянінам. Ды і сапраўды, што мог ведаць аб далёкіх продках сваіх выхаванец сувораўскага ваеннага вучылішча, які з цяжкасцю прыгадваў нават імя прадзеда!

Мой бацька, Масляніцын Аляксандр Аляксандравіч, быў ваенны сірата. Нарадзіўся ў старажытным Ніжнім Ноўгарадзе, у тыя часы горадзе Горкім. Маці яго, Таццяна з роду Патапавых, была вясковай жанчынай. Бацька, гараджанін, цясляр, таксама Аляксандр Аляксандравіч, хадзіў па вёсках у пошуку падпрацоўкі. Здавалася, што і продкі іх заўжды жылі гэтак жа, па-пралетарску. Аднак нехта са сваякоў настойліва сцвярджаў: Масляніцыны за царом былі купцамі. Не надта важнымі, не надта ўдалымі. Яны скаціліся да ўзроўню беднасці яшчэ да рэвалюцыі. Магчыма, гэта пазней і выратавала ім жыццё.

Вайна забрала майго дзеда тады, калі бацьку было толькі шэсць гадоў. Бабулі дзед, відаць, не шмат падрабязнасцяў пра свой род распавядаў. Час быў такі. Пра дзеда бацька ведаў наогул мала. Верагодна, гэты чалавек быў веруючым, бо ў сям'і дапускаў знаходжанне іконы. І гэта пры тым, што бабуля мая Таццяна ўпершыню завітала ў царкву толькі падчас вайны, калі дзеда прызвалі на фронт. Яна не ўмела нават маліцца, і ад свайго малодшага сына, майго бацькі, утойвала на ўсякі выпадак, што ён быў хрышчаны па волі дзеда. Бацька даведаўся пра тое ўжо ў сталым узросце ад старэйшай сястры, Веры. Усяго іх у сям'і было трое — Вера, Барыс і Аляксандр. Дарэчы, бабуля Таццяна нядоўга заставалася верніцай. Прыйшла на дзеда «пахаванка», і яна ў адчаі выкінула з дома ікону — «Няма Бога, калі не абараніў мужа!» Быццам бы ікона тая не знікла — сваякі не далі, і пасля зноў вярнулася на сцяну, аднак за ўчынак свой бабуля панесла пакаранне. Яна паволі ўцягнулася ў моцныя напоі. Я памятаю яе жанчынай за 60 гадоў з абвіслым тварам, для якой самай вялікай радасцю ў жыцці было трапіць на чыёсьці вяселле ці юбілей, дзе «ракой цячэ гарэлачка»...

«Мы — рускія, мы — з самых нізоў, каб не савецкая ўлада, пэўна, былі б нават непісьменнымі», — у гэтым бацька быў ўпэўнены. І калі я раптам на схіле яго жыцця расказала яму рэальную гісторыю нашага роду, быў уражаны звыш меры, бо цяжка, неверагодна цяжка згадзіцца ў душы на змену перакананняў.

Храм і млыны

Прозвішча наша — Масляніцыны — з тыпова рускім канчаткам. Яно мусіла гучаць спачатку як Масленіцы, або Маслянкі (менавіта так называецца народнае свята Масленіца па-беларуску). Зусім нечакана да маіх пошукаў далучыўся вядомы мінскі археолаг Пятро Русаў. Ён сказаў, што сапраўды такі род — купецкі — на Беларусі існаваў. І не проста дзесьці, а ў Мінску.

У сярэднявечных дакументах, якія захаваліся ў нашым гістарычным архіве, ёсць нямала ўпамінанняў пра мінскіх гараджан Маслянак. Адзін з іх — купец Андрэй Іванавіч, пэўны час выконваў абавязкі мінскага бургамістра. Праваслаўны і глыбока веруючы чалавек, разам з жонкай сваёй Марыяй Філіпаўнай ён шмат ахвяраваў на храмы і манастыры. Мемарыяльныя пліты з іх імёнамі ўмураваныя ў заходнюю сцяну Петрапаўлаўскага сабора.

Сапраўдным рыцарам праваслаўя быў таксама больш малады прадстаўнік роду — Васіль Андрэевіч Маслянка, магчыма, ён даводзіўся бургамістру Маслянку сынам. Гэты чалавек дабіўся ад караля Жыгімонта ІІІ Вазы спецыяльнага прывілея на пабудову на ўласнай зямлі на рэках Свіслачы і Пярэспе двух млыноў, частка даходу ад дзейнасці якіх мусіла ісці на патрэбы Мінскага шпітальнага брацтва. І гэта быў не проста ўчынак, гэта быў своеасаблівы подзвіг чалавека ў імя сваёй веры.

Насамрэч, кароль Жыгімонт ІІІ Ваза, заўзяты католік, выхаванец езуітаў, выношваў планы прымусовага акаталічвання ўсіх сваіх падданых, якія дагэтуль католікамі не былі. Пасля трэба было чакаць і ўсеагульнага апалячвання. Першым крокам у дадзеным накірунку стала заключэнне ў 1596 годзе Берасцейскай царкоўнай уніі. Заяўлялася, што саюз розных хрысціянскіх канфесій узмоцніць краіну. Але аказалася інакш. Праваслаўным, якія згадзіліся на ўнію, з усіх адзнак іх веры пакінулі толькі мову богаслужэнняў. Уніяцкія храмы (ранейшыя праваслаўныя цэрквы) мусілі ператварыцца ў нейкі прыдатак да касцёлаў. Каталіцызм жа абвясцілі дзяржаўнай рэлігіяй.

Трэба адразу сказаць, што далёка не ўсе праваслаўныя згадзіліся на такія ўмовы саюзу. А іх лідары — духоўныя і свецкія асобы — нават пакінулі Берасце, калі даведаліся пра ўсе акалічнасці ўніі. У выніку распачаліся ганенні за веру.

Вышэйшыя дзяржаўныя пасады для праваслаўных былі забароненыя, амаль немагчыма стала трапіць у магістрат. Даводзілася толькі згадваць тыя часы, калі кіраўніком у горадзе быў Андрэй Маслянка. Цяпер яго адзінаверцам ужо не выдавалі дазволаў на занятак тым ці іншым відам рамяства і нават гандлем. А ў рамеснікаў і купцоў, якія ўжо мелі такія дазволы, іх нярэдка адбіралі. Каталіцкае і ўніяцкае духавенства нахабна захоплівала зямельныя ўладанні праваслаўных манастыроў, самі манастыры і храмы. Але ніхто не мог забараніць багатым сем'ям будаваць на ўласных землях дамавыя цэрквы, і гэтым скарысталіся мінскія праваслаўныя. Яны заявілі пра стварэнне Шпітальнага брацтва, якое зоймецца лячэннем хворых гараджан і будзе дзейнічаць на базе царквы ў гонар апосталаў Пятра і Паўла.

Царкву пачалі будаваць у 1611 годзе на зямлі, якую падарыла брацтву княгіня-падзвіжніца Еўдакія Сцяцкевіч. 52 праваслаўныя мінскія сям'і сталі заснавальнікамі і ахвяравальнікамі Петрапаўлаўскага храма, шпіталя, а пасля і мужчынскага манастыра, які крыху пазней узнік там жа (манахі прынялі на сябе галоўны клопат пра шпітальных пацыентаў). Брацтва дарэмна дабівалася ад магістрата, у якім у гэты час ужо не было іх адзінаверцаў, дазволу на пабудову для ўласных патрэб млына. Праблему вырашыў у 1619 годзе Васіль Маслянка. Невядома як, але яму ўдалося атрымаць дазвол на млынарскую дзейнасць ад караля, і млыны запрацавалі, прыносячы прыбытак не толькі сям'і самога прадпрымальніка, але і Петрапаўлаўскаму брацтву. Ці варта здзіўляцца, што яшчэ адзін з Маслянкаў стаў святаром Петрапаўлаўскай царквы...

Нашчадкі маіх продкаў, купцоў Маслянкаў, пакінулі Мінск у сярэдзіне XVІІ стагоддзя, падчас казацкай вайны Багдана Хмяльніцкага. Яны падтрымалі казакоў, у якіх бачылі змагароў за веру, і пасля вымушаныя былі ратавацца ад непазбежнай расплаты. Адзін з іх займаўся тым, што перавозіў па рэках грузы. На яго судне сямейства Маслянкаў і скіравалася ў далёкі шлях да невядомага. Аселі яны, у рэшце рэшт, на Волзе, у горадзе Ніжнім Ноўгарадзе...

Ці было заканамерным неасэнсаванае вяртанне на Беларусь майго бацькі, аднаго з іх нашчадкаў? Я не ведаю адказу на гэтае пытанне, як не ведаю пакуль што іншых імёнаў маіх продкаў Маслянкаў. Але чарговы раз апынаючыся каля сцен Петрапаўлаўскага сабора, міжволі распраўляю плечы. Гэта мой якар з мінулага, гэта мой храм. Гэта храм маіх нашчадкаў.

Ірына МАСЛЯНІЦЫНА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.