Вы тут

Час сеяць праўду


Калі чалавек ашуквае мяне адзін раз — хай будзе сорамна яму, калі ён ашуквае мяне другі раз — хай будзе сорамна мне (Стывен Кінг). На кіеўскай вуліцы Банкаўская, здаецца, сораму няма. Як і прадказальных дзеянняў. Добра, што ёсць Беларусь. Можам дапамагчы ў пошуках будучыні.


Я спецыяльна прывёў цытату заходняга «экспЭрта». Бо ўсе іх філасофіі і тэорыі залатога мільярда, стаўленне да бессартавых людзей ужо даўно ў нашых мазгах і нашых сэрцах. Гуляюць па сваіх правілах на нашым полі. І не толькі медыйным. Але беларусы пакуль яшчэ не здалі Бацькава поле. Не далі засеяць пустазелле. За тое нас і дзяўбуць.

Мы правялі рэферэндум. Маўчанне. А як жа. У іх рэферэндумы не пагражаюць. У іх ладзяць фікцыю дэмакратыі. Нават пра скандальна вядомага Чэчку пісаць у заходніх краінах нельга. Добра ці дрэнна пісаць. Наогул ніяк нельга. Штраф.

Вы думаеце, калектыўны Захад цікавіць, ці ўлічылі ваша меркаванне? Іх нават не цікавіць меркаванне ўласных народаў. Маскавы генацыд гэта паказаў. Гета стварылі нават не патраціўшыся на калючы дрот. А ўся гэтая ковідная істэрыка паказала нашу ўразлівасць і кіравальнасць. Забыліся ўжо і не кідаемся адзін на аднаго — безмаскавыя. А як у жніўні перагрэліся ад пякельнага полымя хлусні... Добра, хоць астудзілі нашы галовы.

Зразумела, мы ж раней прывыклі крытыкаваць толькі навіны пра пасяўную. А тут такое. У крэматорыях спальваюць людзей з Акрэсціна. Ну верылі ж. Як зараз верыце фэйкам з Украіны. Нічога не памянялася. Але рэальнасць — іншая. На змену гару майданных пакрышак — гар адэскай трагедыі. Хатыні ХХІ стагоддзя. Палац прафсаюзаў і стаў тым самым сапраўдным крэматорыем — сімвалам «рэвалюцый гіднасці».

Не перакручвай, скажуць. Скажыце гэта радні загінулай горлаўскай мадонны і яшчэ 15 тысяч забітых на Данбасе. Скажыце гэта закатаваным у засценках СБУ. Змагароў і майданутых біць дубінкамі нельга — Гаага. А па-зверску знішчаць рускамоўных і па-славянску думаючых — можна. Ватнікі ж. Нацызм. І не трэба зараз моршчыцца ад бандэраўцаў. Усё пачынаецца ад маршаў з бчб-сцягамі і плачам па сініх нагах. А заканчваецца фосфарнымі бомбамі ў спальных кварталах.

Ёсць іншы свет. Мінскі. Беларускі. Палацавы. Не. Не па сцэнарыі заўсёднікаў Букінгемскага палаца. Па прыкладзе Палаца Незалежнасці ў Мінску. Дык і незалежнасць захаваць можна. Рэальны суверэнітэт. Без палацавых пераваротаў. Але сустракацца трэба без заморскіх прадзюсараў. Зразумела, Зяленскаму гэта складана зрабіць. Прывык па сцэнарыі працаваць. Час ужо пераходзіць і да імправізацыі. Улічваць новыя абставіны.

Зяленскі імправізуе. Нават часам занадта часта. Не, так. Ды не. Не так. Пакуль набіраліся гэтыя радкі, перагаворы пачаліся. Нягледзячы на пыху Кіева. Лукашэнка пераканаў прыехаць у Беларусь. Упрасіў. Цяпер беларусы дакладна ўдзельнічаюць у гэтым канфлікце. У якасці міратворцаў. Нездарма ж Аляксандра Лукашэнку ў «міратворца» занеслі. Кніга ў іх такая ёсць. Падтэкст, вядома ж, іншы. А зараз сапраўды. Зноў — міратворац. Гістарычная сустрэча на Эльбе была сяброўскай. Учарашняя сустрэча на Прыпяці — абнадзейлівай.

І зноў абралі найлепшы з магчымых варыянтаў. Абменьвацца меркаваннямі, а не ракетна-бомбавымі ўдарамі. Раней, дарэчы, па Прыпяці ляталі ракеты. Катары так называліся. Ці вернемся да такіх «ракет»? Гэта ўжо няхай рускія і ўкраінцы дамаўляюцца. Мы толькі зрабілі ўсё, каб такая неабходная сустрэча адбылася.

Нас крытыкуюць: пасееш — вецер, пажнеш — буру. Ну, ведаеце. Вятры нараджаюцца ў морах. Паўночнаатлантычныя вятры калісьці насамрэч «Буры ў пустыні» прыносілі. Гэта з амерыканскіх войн.

А мы? Так! Жаць умеем. І сеяць. У сэнсе — працаваць на зямлі. Засумавалі ўжо па сяўбе? Будзе яна абавязкова. А калі запросяць, то і на палетках украінскага Палесся. Мы сапраўды пустазеллем засяваць іх землі не будзем. Не ўмеем.

Яўген ПУСТАВОЙ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?