Вы тут

Лукашэнка: Беларусы, як ніхто іншы, гатовы размаўляць калі заўгодна і з кім заўгодна


Прэзідэнт Беларусі правёў вялікую нараду з Саўбезам і Саўмінам.


Тэма ваеннага канфлікту на Украіне стала тэмай чарговай нарады ў Аляксандра Лукашэнкі. На сустрэчу запрасілі больш за 50 чалавек: да членаў урада і Саўбеза далучылася экспертная супольнасць Беларусі. Такі шырокі склад удзельнікаў і новы фармат, па словах Аляксандра Лукашэнкі, абумовілі апошнія падзеі ў свеце, а галоўнае, іх спекулятыўная інтэрпрэтацыя ў СМІ і інтэрнэт-прасторы (асабліва ад апазіцыйных сіл) з домысламі і нахабнай хлуснёй.

Прэзідэнт на пачатку размовы адзначыў, што плануе дакладна раскласці падзеі ва Украіне і іх перадумовы. «Спачатку вернемся да вытокаў гэтага сур’ёзнага еўрапейскага канфлікту. Дай Бог, каб не перарос у планетарны. Ён пачаўся нават не ў 2014 годзе. Тады ён упершыню ўвайшоў у вострую ўзброеную фазу. Але што гэтаму папярэднічала...» — сказаў Прэзідэнт і фактычна правёў дэталёвы аналіз сітуацыі.

Пра палытычныя і эканамічныя перадумовы канфлікту

Па словах кіраўнік краіны, прычыны эскалацыі ваенна-палітычнай сітуацыі ў нашым рэгіёне — абсалютнае ігнараванне Захадам сістэмы бяспекі, нівеляванне сістэмы стрымлівання і проціваг, дасягнутых пасля распаду Савецкага Саюза, абясцэньванне міжнародных дагавораў і пагадненняў, узмоцненая мілітарызацыя, асабліва Польшчы, Украіны і Літвы, павелічэнне ваенных бюджэтаў ЗША, Украіны. На ўзроўні ўнутрыпалітычным сярод перадумоў канфлікту Прэзідэнт вызначыў прапаганду нацысцкіх ідэй на Украіне на фоне знішчэння рускай культуры, мовы, гістарычнай памяці.

«Трагічны вынік усяго гэтага мы бачым сёння ва Украіне. Ці хацела гэтага большасць украінскага насельніцтва? Не. Але майдан зрабіў сваю справу. Пры падтрымцы знешніх сіл быў учынены дзяржпераварот. Гэта прызналі нават на Захадзе. Пралілася кроў. У Данбасе пачалася вайна. Здрыганулася ўся Еўропа», — сказаў Аляксандр Лукашэнка і нагадаў пра ролю Беларусі ў міратворчых працэсах.

Ён успомніў прапановы выкарыстаць беларускіх вайскоўцаў у якасці міратворчага кантынгенту для таго, каб развесці канфліктуючыя бакі ў Данбасе, шэраг буйных ініцыятыў, накіраваных на перазапуск міжнароднага дыялогу па пытаннях еўрапейскай бяспекі («Хельсінкі-2»), заявы аб працягу выканання палажэнняў Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці, не выйшлі беларусы і з Дагавора аб адкрытым небе, Дагавора аб звычайных узброеных сілах у Еўропе.

«Расійскае кіраўніцтва таксама звярталася да ЗША і НАТА з прапановамі аб запуску адкрытага дыялогу па пытаннях бяспекі. Яго прапановы прама або ўскосна праігнараваныя. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін неаднаразова адкрыта заклікаў паважаць расійскія інтарэсы ў сферы бяспекі. Гэтыя заклікі засталіся не пачутымі, — расказаў кіраўнік краіны. — Украіну тым часам напампоўвалі зброяй і заахвочвалі да рэваншу ў Данбасе. Расцвілі экстрэмісцкія арганізацыі нацысцкага толку. А ў 2020-м пачалося разварушванне Беларусі. Спробу дзяржперавароту ў нас зрабілі па ўкраінскім сцэнарыі з актыўным падключэннем украінскіх нацыяналістаў і цэнтраў кібервайны, размешчаных ва Украіне».

Прэзідэнт Беларусі мяркуе: перад тым, як разабрацца з Расіяй, неабходна было разбурыць так званы беларускі балкон. А калі ў жніўні 2020 года бліцкрыг у Беларусі праваліўся, пачалі душыць эканамічна.

«І тая Украіна, якую любіць кожны беларус, аказалася ледзь не ў фарватары антыбеларускай рыторыкі. Было абвешчана аб „кардынальнай змене сітуацыі ў беларуска-ўкраінскіх адносінах“ са спыненнем міждзяржаўнага дыялогу на вышэйшым і высокім узроўнях, спынена вяшчанне беларускіх інфармацыйных тэлеканалаў. Афіцыйны Кіеў падтрымаў калектыўны Захад у антыбеларускай рыторыцы і далучыўся да санкцый ЕС у адносінах да Беларусі. Неба Украіны закрылася для нашай авіяцыі», — канстатаваў факты Прэзідэнт.

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, украінскім бокам была ўведзена забарона на імпарт беларускай электраэнергіі, абмежавальныя меры на пастаўку асобных нашых тавараў, кропкавыя санкцыі для некаторых айчынных суб’ектаў гаспадарання, якія працуюць у сферы нафтаперапрацоўкі, пастаўкі калійных угнаенняў. Узмацніліся правакацыі на дзяржаўнай граніцы — з лістапада па студзень украінскімі сродкамі тройчы парушана паветраная прастора нашай краіны.

«А што адбывалася ў нашых заходніх суседзяў? У разы павялічыліся мерапрыемствы аператыўнай і баявой падрыхтоўкі з адпрацоўкай задач зусім не абарончага характару, як нас спрабавалі запэўніць, а менавіта наступальных дзеянняў. Паветраная разведка ўздоўж нашых граніц вялася з інтэнсіўнасцю 15 — 20 палётаў у тыдзень. Відавочна, у мэтах выкрыцця сістэмы супрацьпаветранай абароны і ацэнкі нашых магчымасцяў», — дадаў Прэзідэнт.

Пад выглядам вырашэння праблемы міграцыйнага крызісу ў сумежных краінах была створана групоўка войскаў нібыта для прыкрыцця межаў ад незаконнага перасячэння мігрантамі. Яе колькасць перавышала 30 тысяч чалавек, паведаміў дадзеныя Аляксандр Лукашэнка. Украіна ж падцягнула да нашай мяжы больш за 6 тысяч чалавек. Прэзідэнт сцвярджае, што на Украіне таксама ў той час пачаліся нападзенні на беларусаў з крадзяжамі і збіеннямі.

Рэакцыя саюзных сіл

«У сукупнасці ўсе гэтыя факты відавочна паказвалі на магчымую падрыхтоўку Захаду да агрэсіі супраць Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. У існуючай сітуацыі кіраўнікі дзяржаў Беларусі і Расіі прынялі рашэнне па праверцы сіл рэагавання Саюзнай дзяржавы, — акцэнтаваў кіраўнік краіны. — Праверка была заклікана пацвердзіць трываласць адносін дзвюх краін, рашучасць у адстойванні сваіх нацыянальных інтарэсаў. Дарэчы, пасля завяршэння вучэння расійскія войскі ўжо рыхтаваліся да выбыцця ў месцы пастаяннай дыслакацыі».

Па словах Прэзідэнта, «напампоўка» Украіны зброяй зашкальвала, штодня прыбывалі амерыканскія самалёты з грузам супрацьтанкавых і зенітных ракет, ВСУ значна павялічылі колькасць удараў па грамадзянскіх аб’ектах у Данбасе.

«У існуючым становішчы я папрасіў Пуціна пакінуць частку сіл для прыкрыцця Гомельскага кірунку. Сярэдзіна нашай мяжы з Украінай — непраходныя гушчары і багна. Брэсцкі кірунак ёсць чым прыкрыць. На Гомельскім кірунак у сувязі з тым, што мы ніколі не збіраліся ваяваць з Украінай, ніколі не дыслацырывалі ўзброеныя сілы», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў, што ў гэты час Украінай да граніцы былі падцягнуты ракетныя ўзбраенні. З-за ўзмацнення ваеннай актыўнасці Узброеных сіл Украіны і аднаўлення баявых дзеянняў па лініі судакранання бакоў кіраўнікі ДНР і ЛНР папрасілі ваеннай дапамогі ў Расійскай Федэрацыі.

«Расіі не пакінулі выбару. Я ў гэты час разумеў, што з намі можа быць, але мы не ўцягваліся ў канфлікт. Нікога не правакавалі. Для мяне важна было прыкрыць паўднёвую дзяржаўную мяжу. І вы ведаеце, Прэзідэнтам Пуціным прынята рашэнне аб правядзенні спецыяльнай ваеннай аперацыі ў Данбасе. Натуральна, меркавалася выкарыстанне групоўкі войскаў, якая засталася на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. І мяне ён аб гэтым інфармаваў у пяць гадзін раніцы 24 лютага», —сказаў кіраўнік краіны. 

Як ён дадаў, вечарам 23 лютага перад прыняццем такога рашэння наша разведка знайшла на тэрыторыі Украіны ў непасрэднай блізкасці ад беларускай мяжы некалькі зенітных і ракетных дывізіёнаў, якія рыхтаваліся для нанясення ўдару па расійскіх войсках у раёнах засяроджвання на нашай тэрыторыі і ў тым ліку па нашых аб’ектах. 

«Адначасова з абвяшчэннем рашэння на правядзенне аперацыі Расіяй быў нанесены папераджальны ўдар па гэтых пазіцыях, каб прадухіліць свае страты і ўздзеянне на Беларусь. Калі б гэта не зрабілі, тыя ракеты прыляцелі бы ў Гомель і Мазыр», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Сёння спецаперацыя ва Украіне праводзіцца расіянамі на пяці напрамках: з Крыма, Данецка, Луганска ў напрамку Кіева, Чарнігава, Харкава, расказвае кіраўнік краіны.

«Пры гэтым беларуская армія ніякага ўдзелу ў баявых дзеяннях не прымала і не прымае. Мы можам даказаць гэта каму заўгодна. Але ўчора і амерыканцы прызналі, што не бачаць, каб нашы ўзброеныя сілы прымалі ўдзел у гэтай аперацыі, і каб рыхтаваліся да ўдзелу ў гэтай аперацыі. Гэта ў адказ на заявы нашых беглых мярзотнікаў, якія разгарнулі кампанію па ўсёй Беларусі, што заўтра пэўныя часці будуць уведзеныя на тэрыторыю Украіны. Ніякіх мной рашэнняў не прымалася. І без майго рашэння часці не могуць быць выведзеныя нават з казармы», — запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Па яго словах, расійскае кіраўніцтва ніколі і не ставіла перад беларускімі ўладамі гэтае пытанне— у іх хапае і сваёй зброі, і людскіх рэсурсаў, і вайсковага майстэрства.

«Мы і надалей не збіраемся ўдзельнічаць у гэтай спецаперацыі на Украіне. Няма такой неабходнасці. Мы прыкрываем дзяржаўную граніцу ад Брэста да Мазыра для прадухілення пранікнення ў краіну радыкалаў і зброі. Я ўчора кіраўніку Генеральнага штаба генералу Гулевічу паставіў задачу — не прасі бога, калі да нас пранікне хоць адна дыверсійная група з боку Украіны», — сказаў кіраўнік краіны.

Па яго словах, сёння разгорнуты дзесяць батальённа-тактычных груп для ўзмацнення паўднёвай мяжы, прывялі ў гатоўнасць сродкі СПА, каб не дапусціць удараў у спіну расійскім войскам. 

«Міністр абароны далажыў мне аб гатоўнасці да прыкрыцця і заходняй граніцы яшчэ пяццю батальёнамі. Па-іншаму не можам. Мы ўвесь час чакаем правакацый ад заходніх партнёраў то ў палітыцы, то ў эканоміцы, то ў ваеннай сферы. Цяперашняя сітуацыя, як гэта ні сумна, стала прамым вынікам безразважнай палітыкі Захаду, накіраванай на прадушванне сваіх інтарэсаў у шкоду бяспецы іншых», — звярнуў увагу кіраўнік краіны.

Пасля яшчэ раз на карце прысутным Аляксандр Лукашэнка растлумачыў тактыку абароны граніц на паўднёвым кірунку.

«Вось глядзіце, Мазырскі і Гомельскі кірунак. Тут заставаліся часці Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі. Я іх папрасіў застацца на паўднёвым усходзе. Мы батальёнамі і тактычнымі групамі гэту частку граніцы на паўднёвым захадзе прыкрылі пяццю батальёнамі. У нас ёсць дэсантна-штурмавыя брыгады Брэсцкая і Пінская. Мы гэтыя часці ўкамплектавалі наймацнейшым чынам, тут закрыліся. А тут (на поўдні — „Зв.“) у нас было адкрыта — і засталіся расійскія Узброеныя сілы», — тлумачыў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, украінскія вайскоўцы рыхтавалі ракетныя ўдары па тэрыторыі Беларусі, а расійскія разведчыкі і пэўныя ўкраінскія інфарматары пацвярджалі гэту інфармацыю.
«Літаральна за шэсць гадзін да пуску ракет расіяне нанеслі ўдар па гэтых пазіцыях. У момант уступлення расіян на Украіну мы гэтыя пазіцыі ўжо не бачылі. Таму я кажу, што былі пускі з тэрыторыі Беларусі і расказаў, па якіх кропках мы наносілі ўдар», — паведаміў кіраўнік краіны.

Прэзідэнт адмаўляе фэйкі аб тысячах загінуўшых расіян на Украіне. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што сёння на тэрыторыі Беларусі размяшчаюцца параненыя расійскія салдаты: «Не трэба крычаць там пра тысячы загінуўшых. Мы гэтага не бачым. Сёння за ўвесь перыяд мы пралячылі каля 160-170 параненых. Ніякай масавай гібелі ўзброеных сіл Расіі няма».

Кожную раніцу пра лячэнне салдат Прэзідэнту дакладвае міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч. «Мы лячылі і будзем лячыць гэтых хлопцаў — у Гомелі, Мазыры і ў нейкім раённым цэнтры. Заўсёды ў любой вайне ратавалі раненых», — акцэнтуе Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадвае, што расіяне наносяць удары кропкава, каб не пацярпела простае насельніцтва.

«Самая небяспека ў тым, што расіяне зараз дзейнічаюць хірургічна. Калі батальён вядзе бой і камбат бачыць, што гінуць яго хлопцы, ён будзе на „хірургію“ глядзець?! Ён з усіх відаў зброі знясе тое месца, адкуль ідзе агонь. Таму я Зяленскаму сказаў: „Самае страшнае, калі расіяне цярпець-цярпець будуць, а пасля пяройдуць, як амерыканцы, да „каўровых бамбардзіровак“, калі будзе знішчацца ўсё. Ты не паспееш нават з Украіны збегчы“. Трэба аддаць належнае — расіяне пакуль праводзяць аперацыю хірургічна», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў намаганні Беларусі для ўсталявання міру на Украіне і дадаў: сёння робіцца усё, што ў нашых сілах, каб дапамагчы канфліктуючым бакам знайсці кропкі судакранання ў іх пазіцыях і спыніць кровапраліцце. «І мы, беларусы, як ніхто іншы, гатовы размаўляць калі заўгодна і з кім заўгодна, ствараць тонкую нітку ўзаемнага даверу дзеля адной мэты — міру ў рэгіёне», — запэўніў Прэзідэнт.

«Сустрэча ўнушае асцярожны аптымізм»

Кіраўнік краіны падзяліўся, што было няпроста арганізаваць расійска-ўкраінскія перагаворы на беларускай зямлі. Вялікую ролю для ўстанаўлення кантактаў з Уладзімірам Зяленскім сыграў дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Яўген Шаўчэнка.

«Менавіта яго званок спрацаваў, і мы каля 40-45 хвілін з Валодзем Зяленскім абмяркоўвалі сітуацыю. Складаная была размова. Ён нас лічыў агрэсарам. Але мы дамовіліся. Я яму сказаў: » У Гомелі расійская дэлегацыя цябе чакае. Прыязджай. Вайна ідзе ў цябе. Канчай выступаць супраць, бо ўсіх сабак спусцяць на цябе«, — пераказаў размову Аляксандр Лукашэнка.

Для дастаўкі дэлегацыі было неабходна прапусціць у Брэст натаўскія верталёты, на якіх яны ляцелі. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што сцішыў свой гонар — дазволіў палякам перасекчы дзяржаўную мяжу і прывезці ўкраінцаў у аэрапорт Брэста. З яго ўжо беларускія верталёты перавезлі дэлегатаў у Гомельскую вобласць.

«Учарашняя сустрэча па папярэдніх ацэнкаў дыпламатаў унушае асцярожны аптымізм. Бакі дамовіліся працягнуць дыялог на беларуска-польскай граніцы. Ацэньваючы гэтыя перамовы, я хачу сказаць: перамоўшчыкі малайцы. Зрабілі больш, чым было магчыма. Ніхто: ні Зяленскі, ні Пуцін, тым больш я ніколі не чакалі, што яны вызначаць тэмы, пытанні для перагавораў і знойдуць кропкі судакранання», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён дадаў, простымі словамі гэта значыць, што ёсць варыянты дамовіцца. Але іх належыць узгадніць з кіраўніцтвам Украіны і Расіі. Гэтым зараз і займаюцца перагаворшчыкі. 

«Гэта ўсяляе пэўную ўпэўненасць, што гэтыя перагаворы могуць скончыцца спыненнем вайны. Але ўсё залежыць ад украінскага боку. Калі яны не будуць слухаць тое, што ім падкідваюць з захаду і амерыканцы, вайна спыніцца», — мяркуе Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў, што мы і далей, неглядзячы на складанасці і санкцыі, будзем трымацца міралюбівай лініі.

Каментарый у тэму

Віктар Гулевіч, начальнік Генеральнага штабу Узброеных Сіл — першы намеснік міністра абароны Беларусі:

— Магу са стопрацэнтнай гарантыяй сказаць, што нашых ваеннаслужачых на тэрыторыі Рэспублікі Украіна няма. Усе нашы ваеннаслужачыя выконваюць задачы толькі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. У любым выпадку мы адсочваем, аналізуем абстаноўку, што складваецца. Улічваем словы сакратара НАТА Енса Столтынберга, што будуць прыводзіцца ў павышаную ступень гатоўнасці сілы першачарговага задзейнічання. Гэта вялікая групоўка, якая можа знаходзіцца на мяжы з нашай рэспублікай.

Па словах Віктара Гулевіча, складаная знешняя абстаноўка мабілізавала весь асабовы склад Узброеных Сіл Беларусі і нават дробныя парушэнні зменшыліся.

«Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь заўсёды ў гатоўнасці абараніць суверэнітэт нашай краіны. Зыходзячы з гэтага, мы не маем ніякіх агрэсіўных планаў у адносінах да сумежных краін. У першую чаргу нам важная ахова нашых граніц і тэрытарыяльнай цэласнасці», — рэзюмаваў Віктар Гулевіч.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».