Вы тут

Бацькаўшчына. У пошуках страчанага. Віртуальныя сустрэчы ў Навагрудку


Некалькі гадоў назад лёс звёў мяне з цікавым расійскім літаратарам Мікалаем Андрэевічам Чаркашыным... Вось і нядаўна ён пазваніў з Масквы. Пісьменнік-марыніст. Ваенны журналіст. Нарадзіўся на Гродзеншчыне, у Ваўкавыску ў 1946 годзе. Служыў у Ваенна-Марскім Флоце намеснікам камандзіра па палітычнай частцы на падводнай лодцы. І часта бывае ў Беларусі. Напісаў некалькі кніг, звязаных з ваеннай гісторыяй нашай Айчыны. У раманах Мікалая Андрэевіча дэталёва апісаны падзеі 1941 года на Гродзеншчыне. «Хацелася б хутчэй наведацца ў Навагрудак», — сказаў Мікалай Андрэевіч. Ён і раней не аднойчы прыязджаў на радзіму Адама Міцкевіча, добра ведае музей паэта. 


Наваградак Дом Адама Міцкевіча 1930-я гады.

Расказаўшы пра гэты званок навагрудскаму краязнаўцу, апантанаму збіральніку памяці пра класіка польскай літаратуры Міколу Гайбе, я пачуў у адказ: «Арганізуем сустрэчу з Мікалаем Андрэевічам, пакажам яму Навагрудак і Навагрудчыну літаратурную. Горад і наша старонка звязаны з імёнамі многіх пісьменнікаў. Тут і акрамя Міцкевіча імёнаў шмат цікавых. Была б магчымасць перанесціся віртуальна ў часіны іншыя, мы шмат каго сустрэлі б на вулках горада...»

Навагрудак. Рыначная плошча (пач. ХХ ст.)

Давайце і мы паспрабуем успомніць, хто ж з паэтаў, празаікаў, літаратуразнаўцаў мае дачыненне да старажытнага горада. Канешне ж, у Навагрудку хапае адрасоў, звязаных з імем Адама Міцкевіча. Пры мясцовым кляштары з 1751 па 1831 гг. дзейнічала дамініканская школа. У 1807 — 1815 гг. у ёй вучыўся аўтар «Пана Тадэвуша». Разам з Адамам Міцкевічам ў школе дамініканцаў вучыўся і Ян Чачот, будучы польскі паэт, збіральнік фальклора. Праз гады Ігнат Дамейка напіша пра двух легендарных вучняў: " Два нашыя студэнты Наваградскай школы з гадоў маленства добра ведалі літоўскі люд, палюбілі яго песні, прасякнуліся яго духам і паэзіяй, да чаго, вядома ж, прычынілася і тое, што малое мястэчка Наваградак не шмат чым адрознівалася ад нашых вёсак і засценкаў. Школьнае жыццё было хутчэй сельскае. Сябры хадзілі на кірмашы, царкоўныя ўрачыстасці, бывалі на сялянскіх вяселлях, дажынках і хаўтурах. У тыя школьныя часы ўбогая страха і народная песня распалілі ў абодвух першы паэтычны агонь. Адам хутка ўзнёсся да высокай сферы сваіх цудоўных твораў. Ян жа да смерці заставаўся верны роднай паэзіі..."

Па міцкевічаўскіх мясцінах і правядзе нас Мікола Гайба. Канешне ж, самая грунтоўная частка экскурсіі — у самім доме-музеі, які першапачаткова быў адчынены ў 1938 годзе. У гады Другой сусветнай вайны музей быў моцна пашкоджаны. І аднавілі гэты асяродак асветніцтва, культуры ўжо ў 1955 годзе. З 1989 па 1991 гг. правялі чарговую рэканструкцыю. А сучасны выгляд музей набыў у 2001 годзе. 

Навагрудак. Гара Міндоўга (пач. ХХ ст.)

У нашай экспазіцыі, фондах музея захоўваюцца некалькі тысяч экспанатаў, — расказвае Мікалай Гайба. — Вялікая калекцыя твораў выяўленчага мастацтва. Дарэчы, у нас заўсёды шмат наведвальнікаў... Гэта і ўражвае, і прымушае шукаць самыя розныя формы арганізацыйнай, даследчыцкай актыўнасці.

Разам з Міколам Гайбам, гуляючы па Навагрудку, згадваем і іншых літаратараў — ураджэнцаў старажытнага паселішча. У 1707 годзе тут нарадзіўся польскі паэт і каталіцкі прапаведнік, доктапр тэалогіі Юзаф Бака. Пасля і служыў у родным мястэчку місіянерам. Выдаў некалькі кніг духоўнай прозы на лацінскай і польскай мовах. Юзаф Бака — і аўтар двух зборнікаў вершаў. Пры жыцці да паэта ставіліся досыць крытычна, творы яго называлі «безгустоўшчынай». Быў і такі выраз: «Вершы а ля Бака». А ў канцы XIX — на пачатку XX стагоддзяў вырастала зацікаўленасць творчасцю Юзафа Бака. Сёння яго лічаць самым слынным паэтам позняга барока. Дарэчы, ва Уладзіслава Сыракомлі ёсць праграмны верш «Наследаванне Баку». 

Навагрудак. Курган Міцкевіча 1930-я гады

З горадам Міцевіча звязаны і лёс беларускага паэта Алеся Бажко (1917 — 2013), які ў 1936 — 1938 гг. вучыўся ў музычным інстытутам імя Станіслава Манюшкі ў Навагрудку. Пасля яго заканчэння малады чалавек паступіў у Варшаўскую кансерваторыю. Вучоба была спынена з пачаткам Другой сусветнай вайны. Алесь Бажко вярнуўся на Карэліччыну і некаторы час працаваў дырэктарам Мірскага раённага дома культуры. 

Яркая фігура сярод навагрудскіх літаратараў — пісьменнік-мемуарыст Ігнацій Яцкоўскі (1800 — 1873). Працаваў адвакатам. У час паўстання 1830-1831 гг. дзейнічаў разам з навагрудскімі паўстанцамі. Ваяваў у складзе 13-га уланскага палка атрада Г. Дэмбінскага. Пасля паражэння паўстання хаваўся ў Кракаве. У 1833 г. з Трыеста выехаў ў Паўночную Амерыку. Праз некаторы час пераехаў у Лондан. Кіраваў польскай друкарняй і кнігарняй у прыгарадзе Лондана — Тотэнхеме. У 1857 годзе атрымаў дазвол вярнуцца на радзіму. Жыў пад Навагрудкам. Пісаў і друкаваў публіцыстычныя артыкулы, нарысы ўспамінаў, вершы. Аўтар публіцыстычных кніг «Палітычныя творы» (Лондан, 1853), «Трохгадовае знаходжанне на Усходзе» (Лондан, 1857). У мемуарах «Аповесць з майго часу, або Літоўскія прыгоды» (першае выданне выйшла ў Лондане ананімна ў 1854 годзе), дзе змясціў верш «Зайграй, зайграй, хлопча малы...» разам са звесткамі пра яго аўтара — Паўлюка Багрыма. 

Навагрудак. Руіны замка (пач. ХХ ст.)

У 1867 годзе ў Навагрудку нарадзіўся рускі філосаф, юрыст, журналіст, публіцыст, літаратурны крытык Сямён Лур’е. Працаваў часопісе «Русская мысль», газеце «Русские ведомости». Друкаваўся ў часопісах «Историческое обозрение», «Восход», «Мир искусства», іншых выданнях. У 1919 годзе эмігрыраваў у Францыю. 

... — Здаецца, якое дзесяцігоддзе ні вазьмі — паўсюль па часе раскіданы літаратурна-краязнаўчыя памяткі, — гаворыць наш гід Мікола Гайба. — Мяркуйце самі... Мемуарыст Фёдар Еўлашоўскі ў шаснаццатым стагоддзі служыў падсудкам навагрудскага земскага суда. Па дарозе ў Гродна ў адной з блізкіх да мястэчка вёсак спынілася з-за хваробы славутая пісьменніца, драматург Францішка Уршуля Радзівіл. Яе прывезлі ў бальніцу ў Навагрудак, дзе яна і памерла. У Навагрудку служыў ваяводам князь Юзаф Аляксандр Яблонскі. Пятнаццаць гадоў служыў — з 1755 па 1772 гады. Гісторык, бібліёграф, перакладчык, паэт. Літаратарам быў і другі навагрудскі ваявода — Мікалай Хрыстафор Халецкі. Ён служыў раней за Яблонскага — у 1650 — 1653 гг. На цэлае стагоддзе раней. Яго першы літаратурны твор — панегірык гетману Яну Замойскаму быў надрукаваны ў Францыі ў 1606 годзе. Халецкі — аўтар многіх навуковых трактатаў, гістарычных даследванняў. Імёнаў можна згадваць безліч... У Навагрудку скончыў гарадское вучылішча яшчэ задоўга да Першай сусветнай вайны паэт, сатырык, гумарыст Анатоль Дзяркач.

... А колькі пісьменнікаў сюды прыязджалі напрыканцы XX — у пачатку XXI стагоддзя?!. Рускія, беларускія, польскія... Імёны шмат каго з іх можна ўзнавіць, зазірнуўшы ў кнігу наведвальнікаў Дома-музея Адама Міцкевіча. А будзеце мець крыху болей часу — зазірніце яшчэ і ў Навагрудскі краязнаўчы музей. І там не абыйшлося без памятак літаратурна-краязнаўчых...

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Паштоўкі з калекцыі Уладзіміра ЛІХАДЗЕДАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».