Вы тут

Што вядома пра расійска-ўкраінскія мірныя перагаворы ў Беларусі


28 лютага ў Гомельскай вобласці на Прыпяці — недалёка ад украінскай граніцы — адбыўся першы раўнд расійска-ўкраінскіх мірных перагавораў. Бакі на працягу пяці гадзін перагавораў вызначылі шэраг прыярытэтных мер, па якіх намеціліся пэўныя рашэнні, і раз’ехаліся для кансультацый у свае сталіцы. Тады ж стала вядома аб магчымасці правядзення ў бліжэйшыя дні новай сустрэчы, на гэты раз ужо на польска-ўкраінскай граніцы, перадае БелТА


Арганізацыя сустрэчы і роля «палітычнага тэрарыста»

Першапачаткова планавалася, што дэлегацыі Расіі і Украіны сустрэнуцца 27 лютага ў Гомелі. Туды ж прыбыла расійская дэлегацыя. Але што датычыцца накіравання ўкраінскіх перагаворшчыкаў, бакі прыйшлі да ўзаемаразумення толькі пасля тэлефоннай размовы ў гэты ж дзень прэзідэнтаў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Зяленскага. Змянілася і месца сустрэчы. Перагаворы праходзілі на беразе ракі Прыпяць. Дакладнае месца на той момант не называлася ў мэтах бяспекі, але паміж сабой арганізатары называлі яго «домік рыбака». Пазней высветлілася, што гэта вядомы комплекс, дзе знаходзіцца і дом, у якім часта спыняецца кіраўнік беларускай дзяржавы, бываючы ў тым рэгіёне.

Дарэчы, Прэзідэнт Беларусі на нарадзе 1 сакавіка падзяліўся цікавымі падрабязнасцямі аб арганізацыі перагавораў, адзначыўшы, што гэта цэлы трылер. «Вялікую ролю ва ўсталяванні кантактаў з Зяленскім, а, на маё здзіўленне, нам давялося для пачатку звязвацца па мабільнай сувязі, адыграў вядомы ўсім нам Яўген Шаўчэнка (народны дэпутат Украіны. — Заўвага БелТА). Я яго ўчора вымушаны быў назваць „палітычным тэрарыстам“. Ён цэлую ноч тарпедаваў усіх маіх памочнікаў, Службу бяспекі, — сказаў Прэзідэнт. — Але калі яму сказалі „ну колькі можна, хопіць, Прэзідэнт з табой пяць разоў размаўляў“, ён выйшаў на майго малодшага сына (Мікалай Лукашэнка. — Заўвага БЕЛТА) па тэлефоне. Аказваецца, некалі яны (на Прыпяці мы былі, запускалі калійны камбінат) абмяняліся тэлефонамі. Ён і яго знайшоў ноччу».

«Але я павінен сказаць: калі б не яго ініцыятыва, як ён сказаў, ад імя ўкраінскіх дэпутатаў, было б складаней. Менавіта яго званок. Ні па лініі МЗС, ні па лініі ваенных, а менавіта гэта лінія спрацавала. І мы каля 40-45 мінут з Валодзем Зяленскім абмяркоўвалі сітуацыю, — расказаў кіраўнік дзяржавы. — Цяжкая была размова. Ён нас лічыў агрэсарам. Але ў рэшце рэшт мы дамовіліся. І я яму сказаў: у Гомелі расійская дэлегацыя цябе чакае. Прыязджай. Вайна ідзе ў цябе. Спыні выступаць супраць, інакш усіх сабак спусцяць на цябе».

Хто ўдзельнічаў у перагаворах на Прыпяці і аб чым заявілі па выніках

Расійскую дэлегацыю на перагаворах узначаліў памочнік Прэзідэнта Уладзімір Мядзінскі. У яе склад таксама ўвайшлі намеснік міністра абароны, намеснік міністра замежных спраў Андрэй Рудэнка, старшыня камітэта Дзяржаўнай думы па міжнародных справах Леанід Слуцкі і Пасол Расіі ў Беларусі Барыс Грызлоў. Украінскі бок прадстаўляюць намеснік кіраўніка МЗС Мікалай Тачыцкі, міністр абароны Аляксей Рэзнікаў, саветнік кіраўніка Офіса прэзідэнта Міхаіл Падаляк, кіраўнік фракцыі «Слуга народа» Давід Арахамія, народны дэпутат Рустэм Умераў і першы намеснік кіраўніка ўкраінскай дэлегацыі ў трохбаковай кантактнай групе Андрэй Косцін.

Як расказаў Міхаіл Падаляк, бакі вызначылі шэраг прыярытэтных тэм, па якіх намеціліся пэўныя рашэнні. Асноўнай мэтай перагавораў, паводле яго слоў, было абмеркаванне пытанняў спынення агню на тэрыторыі Украіны і баявых дзеянняў.

Кіраўнік расійскай дэлегацыі Уладзімір Мядзінскі сказаў: «Самае галоўнае, мы дамовіліся прадоўжыць перагаворны працэс. Знайшлі некаторыя пункты, па якіх можна прагназаваць агульныя пазіцыі».

Пракаменціраваў перагаворы і яшчэ адзін прадстаўнік расійскай дэлегацыі — Леанід Слуцкі. «Важна, што бакі адзін аднаго чуюць, — падкрэсліў дэпутат. — Украінская дэлегацыя была гатова слухаць і ўдзельнічаць у самым падрабязным абмеркаванні сутнасці пытанняў. Гэта вельмі і вельмі важна. Які будзе працяг, гэта пакажуць самыя бліжэйшыя дні».

Зрабілі больш, чым было магчыма

Як падкрэсліў напярэдадні Аляксандр Лукашэнка, Беларусь робіць усё магчымае, каб дапамагчы канфліктуючым бакам знайсці агульныя падыходы ў іх пазіцыях і спыніць кровапраліцце. «Мы, беларусы, як ніхто іншы гатовы размаўляць калі хочаце і з кім хочаце, ствараць тонкую ніць узаемнага даверу дзеля адной мэты — міру ў рэгіёне», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Праведзеная сустрэча, паводле папярэдніх ацэнак, усяляе асцярожны аптымізм. «Перагаворшчыкі проста малайцы. Яны зрабілі больш, чым было магчыма, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Яны бліскуча за 5 гадзін правялі сваю работу на першым этапе».

Прэзідэнт адзначыў, што яшчэ напярэдадні былі сумненні ў рэзультатыўнасці перагавораў, аднак іх удзельнікі з абодвух бакоў змаглі знайсці агульныя падыходы. «Ніхто: ні Зяленскі, ні Пуцін, ні тым больш я, уключаны ў гэты працэс, ніколі не чакалі, што яны вызначаць тэмы для перагавораў, пытанні і знойдуць агульныя падыходы. Што гэта значыць на звычайнай мове? Гэта значыць, што ёсць варыянты дамовіцца, але іх трэба ўзгадніць з кіраўніцтвам Расіі і Украіны, чым сёння і займаюцца перагаворшчыкі», — сказаў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, Уладзімір Мядзінскі праявіў сябе як выдатны перагаворшчык, аказаўся больш прафесійным за многіх дыпламатаў або ваенных. «Павінен адзначыць найвышэйшы прафесіяналізм украінцаў і расіян на перагаворах. Вось гэта ўсяляе нейкую ўпэўненасць, што перагаворы могуць завяршыцца спыненнем вайны. Але, паверце мне, усё залежыць ад украінскага боку. Калі яны не будуць слухаць тое, што ім падкідваюць амерыканцы і з Захаду, то вайна спыніцца», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ці можа Беларусь падключыцца да перагавораў

Такая магчымасць і гатоўнасць у выпадку неабходнасці ёсць. Гэта гучыць у заявах беларускіх афіцыйных асоб. Але, відаць, на цяперашнім этапе, пакуль гэта не патрэбна.

Міністр замежных спраў Уладзімір Макей 28 лютага заявіў журналістам, што Беларусь гатова ўнесці свой уклад у вырашэнне крызісу паміж Расіяй і Украінай. «Прэзідэнт Беларусі з самага пачатку сачыў за гэтым працэсам, цікавіўся ходам працэсу. Вядома ж, усе беларусы зацікаўлены ў тым, каб быў канкрэтны вынік. Беларускі бок не адыходзіць ад адказнасці, як спрабуюць гаварыць некаторыя крыніцы. Мы гатовы ўнесці свой уклад у вырашэнне крызісу. І гатовы, калі гэта будзе прымальна, і калі аб гэтым папросяць, гатовы ўдзельнічаць у адпаведным працэсе для таго, каб дасягнуць пазітыўны вынік», — сказаў кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства.

Аб гэтым жа заяўляла і прэс-сакратар Прэзідэнта Беларусі Наталля Эйсмант.

Чаму наступны раўнд перагавораў плануецца правесці на беларуска-польскай граніцы

Беларускі бок сапраўды зрабіў усё неабходнае для забеспячэння бяспекі перагавораў і забеспячэння камфорту ўдзельнікаў працэсу. Гэта было непасрэднае даручэнне кіраўніка беларускай дзяржавы. «У канчатковым выніку ўсё ўдалося, усё было арганізавана даволі добра. І калі мы развітваліся і з украінскай дэлегацыяй, і расійскай, яны выказвалі вялікую ўдзячнасць беларускаму боку за арганізацыю гэтага працэсу», — расказаў кіраўнік беларускага МЗС.

Чаму менавіта было вырашана перанесці перагаворы з Прыпяці ў іншае месца, не паведамлялася. Але можна меркаваць, што адыгрываюць ролю пытанні лагістыкі і, магчыма, бяспекі з украінскага боку.

Некаторымі падрабязнасцямі наконт гэтага падзяліўся Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка: «На жаль, ехалі (украінскія перагаворшчыкі. — Заўвага БЕЛТА) больш за суткі. Мы гарантавалі поўную бяспеку. Я выйшаў на Прэзідэнта Расіі. Дамовіўся з міністрам абароны Расійскай Федэрацыі, нашы ваенныя былі падключаны. Забяспечылі калідор з Кіева на Гомель. І там я павінен быў іх забраць верталётамі. Нічога падобнага. Паехалі „праз Амерыку, праз Германію“ ў Беларусь. Праз Львоў — у Польшчу. Званок: Аляксандр Рыгоравіч, не паедуць, калі вы не прапусціце натаўскі верталёт у Брэст, на якім яны ляцяць, — расказаў Прэзідэнт. — Ну што ж, давялося дазволіць палякам перасячы дзяржаўную граніцу і прывезці іх у аэрапорт Брэста, а адтуль забраць ужо нашымі верталётамі».

Калі і пры якіх умовах можа адбыцца сустрэча Пуціна і Зяленскага

Пакуль аб гэтым размовы няма, але не выключана, што ў выпадку паспяховага прадаўжэння перагаворнага працэсу сустрэча прэзідэнтаў Расіі і Украіны стане магчымай. Для гэтага неабходна папярэдне прапрацаваць дамоўленасці па ключавых пытаннях. Аб гэтым заяўляў кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што трэба аддаць належнае лідарам дзвюх краін за іх асабістую пазіцыю наконт перагаворнага працэсу, дзякуючы якой і адбылася сустрэча на Прыпяці. «Гэта заслуга Пуціна. Ён мог бы махнуць на гэтыя перагаворы і сказаць: „Ды пайшлі яны...“ Чарговы ж раз гэта. Але не адмахнуўся. Давай паспрабуем яшчэ раз (вырашыў ён. — Заўвага БелТА)», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«І, вядома, заслуга Прэзідэнта Зяленскага. Я не чакаў, што ён згадзіцца», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Як было адзначана, гэтыя перагаворы важныя як стартавая пляцоўка для магчымай сустрэчы двух прэзідэнтаў — Украіны і Расіі. І каб гэта сустрэча магла адбыцца, дэлегацыі абедзвюх краін павінны падрыхтаваць пытанні для абмеркавання, у тым ліку па такіх напрамках, як дэмілітарызацыя, дэнацыфікацыя. «І вось калі па гэтых пытаннях намеціцца прагрэс, я ўпэўнены, сядуць два прэзідэнты, кадзіла возьмуць і падпішуць гэтыя пагадненні — гэта я па-народнаму ўжо вам гавару», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Галоўнае, на яго думку, каб цяпер не сарваўся пачаты перагаворны працэс: «Вельмі магутныя сілы жадаюць сарваць гэты працэс. І дай бог, каб Зяленскі ўтрымаўся і яго каманда, і не скаціўся да злому перагаворнага працэсу».

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

«Меню» для вандроўніка

«Меню» для вандроўніка

У Гродзенскай вобласці турыстычны прадукт становіцца ўсё больш разнастайным.

Сям'я і дэмаграфія

Святаслаў Савіцкі: Сям’я — гэта і агульныя радасці, і агульныя клопаты

Святаслаў Савіцкі: Сям’я — гэта і агульныя радасці, і агульныя клопаты

Галоўны ўрач санаторыя «Беларусачка» у наступным годзе адзначыць паўвекавы юбілей сямейнага жыцця.