Вы тут

Сергеенка: Беларусі патрэбна свая тактыка для ўмацавання бачання гістарычнага мінулага


Беларусі патрэбна свая тактыка для ўмацавання бачання гістарычнага мінулага ў краіне і за яе межамі. Аб гэтым заявіў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергеенка на пасяджэнні Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы.


Распараджэнне аб стварэнні адмысловай структуры пры сваёй Адміністрацыі падпісаў месяц таму Прэзідэнт. Узначаліць савет Ігар Сергеенка, але функцыянаваць савет будзе на базе Нацыянальнай акадэміі навук. У склад структуры ўвайшлі вядомыя вучоныя ў галіне гуманітарных ведаў, аўтарытэтныя грамадскія дзеячы, прадстаўнікі палітычных партый, грамадскіх аб'яднанняў, экспертнай супольнасці, дзяржорганаў і арганізацый.

«Мяркуецца, што савет будзе вызначаць асноўныя напрамкі развіцця гістарычнай палітыкі ў нашай краіне, абмяркоўваць асобныя пытанні, якія датычацца перыядаў гісторыі, ацэнкі перыядаў гісторыі, вызначаць напрамак навуковых даследаванняў, — перадае словы Ігара Сергеенкі БелТА. — Увесь комплекс мерапрыемстваў будзе накіраваны ў першую чаргу на захаванне гістарычнай памяці, удакладненне асобных, магчыма, спрэчных момантаў у нашай гісторыі».

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта таксама адзначыў, што сёння гістарычная памяць беларусаў падвяргаецца атакам і разнастайным фальсіфікацыям. Прычым апаненты дзейнічаюць на перспектыву, спрабуюць дэзарыентаваць грамадзян, распаўсюджваецца шмат фэйкаў.

«І мы, вядома, павінны прапрацоўваць падыходы, вызначаць сваю тактыку для ўмацавання бачання гістарычнага мінулага не толькі ў нас у краіне, але і за мяжой», — сказаў Ігар Сергеенка.

Старшыня праўлення Беларускага таварыства «Веды» Вадзім Гігін падкрэсліў, што ў нашай краіне сёння асаблівая ўвага ўдзяляецца гісторыі: «Тут важна падкрэсліць: беларуская дзяржава не хоча палітызаваць гісторыю. Наадварот, мы хочам абараніць гістарычную навуку, выкладанне гісторыі ад фальсіфікацый, маніпуляцый, уплыву звонку».

Ён звярнуў увагу, што ў рэгіёне і ў свеце часта гісторыю спрабуюць выкарыстоўваць не для вывучэння падзей мінулага і выхавання грамадзяніна, а для таго, каб сутыкаць нацыі, распальваць грамадзянскую і сацыяльную варожасць.

Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў заявіў журналістам, што некаторыя перыяды нашай гісторыі недастаткова даследаваны і «прыватызаваны» іншымі дзяржавамі.

«Таму трэба аднавіць сваю гісторыю — сапраўдную, аб'ектыўную, без фальсіфікацый, праўдзівую. Наш народ мае найглыбейшыя гістарычныя карані, па сваёй значнасці не горшыя, чым любы еўрапейскі народ або дзяржава. Нашай гісторыяй можна і трэба ганарыцца», — сказаў Уладзімір Гусакоў.

Ён дадае, што стварэнне Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы мае вялікае значэнне для Беларусі і на яго базе мае быць выбудаваць гістарычную палітыку, ідэалагічную работу.

Намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай на пасяджэнні ў сваю чаргу падкрэсліў, што на ўроках гісторыі ў школах павінна давацца канкрэтная ацэнка падзеям, якія адбыліся. «Што датычыцца курса школьнай гісторыі, асабліва гісторыі Беларусі, у педагогаў, выкладчыкаў гісторыі ёсць пэўная патрэба ў канкрэтных ацэнках па пэўных гістарычных падзеях», — адзначыў ён.

Паводле яго слоў, напрыклад, Айчынная вайна 1812 года ў падручніку сусветнай гісторыі і падручніку гісторыі Беларусі ацэньваецца па-рознаму.

Яшчэ адзін прыклад прывёў старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк. Гісторык звярнуў увагу, што ў падручніках па гісторыі Беларусі расказваецца аб нацыянальных вызваленчых паўстаннях, але ці сапраўды яны былі арганізаваны беларусамі ці проста здарыліся на тэрыторыі краіны.

«Якія паўстанні сапраўды нашы, а якія проста былі фактамі на нашай тэрыторыі? Гэтыя моманты патрабуюць непрадузятага навуковага даследавання», — падкрэсліў дэпутат.

Прысутнічаў на савеце і першы намеснік міністра замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік, які расказаў пра дзейнасць МЗС па захаванні гістарычнай памяці. Так, ведамства вядзе работу па міжнародным прызнанні генацыду беларускага народа. Акцэнт прапануецца зрабіць на двухбаковых перагаворах, у першую чаргу з дружалюбнымі краінамі, а не на прасоўванні гэтай тэмы на міжнародных пляцоўках.

«Аб'ектыўна кажучы, аанаўская пляцоўка, як мы ўсе бачым, сёння ператварылася ў поле ідэалагічнага бою. І там ідуць дастаткова сур'ёзныя баталіі», — заявіў ён.

Дыпламат таксама адзначыў, што ў частцы захавання гістарычнай памяці беларускі бок таксама актыўна ўзаемадзейнічае з замежнымі дыяспарамі.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?