«Мой родны кут, як ты мне мілы!.. Забыць цябе не маю сілы!»
Як той казаў, у любой незразумелай сітуацыі звяртайся да класікі.
Чарговыя тамы серыі «Народная бібліятэка» выдавецтва «Мастацкая літаратура» прысвечаны Якубу Коласу. У першы том згодна з выбарам чытачоў увайшлі вершы і, зразумела, паэма «Новая зямля» — хрэстаматыя беларускага сялянскага жыцця. У другі том — яшчэ адна культавая паэма, «Сымон-музыка», і апавяданні. Калі «Новая зямля» часта цытуецца, то ў паэме «Сымон-музыка» дасюль знаходзяць патаемныя сэнсы... Дый нават ход стварэння быў цяжкі. Задумаў Колас яе яшчэ ў 1911-м, калі сядзеў у Пішчалаўскім замку, мінскай турме, за ўдзел у нелегальным настаўніцкім з'ездзе. Пасля выхаду на волю работа над гісторыяй таленавітага самавука Сымона дапамагала жыць: «Утрымаюся за яго, — значыць, не звар'яцею, не сап'юся, наогул, не пайду наніз, у падонкі, у паслугачы». Першыя часткі паэмы былі надрукаваныя ў 1917 годзе, ужо ў рэвалюцыйныя гады. Потым паэма дапісвалася... Яе філасофскі, сімвалічны характар, разважанні пра месца мастака ў грамадстве выклікалі шмат нападак вульгарызатарскіх крытыкаў. Коласа абвінавачвалі ў містыцызме, прапагандзе рэлігіі.
Ён пакутліва перапрацоўваў паэму...
А калі завяршыў работу над новай рэдакцыяй, у 1924-м рукапіс выкралі. Прычым гэта сапраўды дэтэктыўная гісторыя: калі Колас вяртаўся з Кіславодска, дручком выцягнулі з акна цягніка чамадан разам з рукапісам... Дасюль гадаюць — ці гэта быў выпадковы злодзей, які паляваў за рэчамі пасажыраў, або гэта была арганізаваная акцыя... Колас вельмі пераймаўся, перапрацаваны варыянт так-сяк аднавіў... Паэма ўбачыла свет у 1925 годзе.
Кніга недарэмна выдадзена ў серыі «Эксклюзіўная класіка». З аднаго боку, раман сапраўды культавы, яго нават уключаюць у сотню найлепшых сучасных раманаў, з другога боку, яго нельга рэкамендаваць да прачытання кожнаму. Гэта так званая альтэрнатыўная літаратура, дзе аўтар свядома раскрывае табіраваныя тэмы і часам шакуе чытача. «Асіная фабрыка» адразу зрабіла Іэна Бэнкса папулярным, а крытыкі пісалі, што гэта — раман-жах, раман-насланнё, яго ратуе чорны гумар, трохі сюрэалізму і паэтычнасць стылю. Гэткі кактэйль з «Уладара мух» Голдынга, «Заваднога апельсіна» Бёрджэса і «Алісы ў краіне цудаў» Кэрала. Чытаеш і, здаецца, бачыш трылер. Недарэмна Бэнкса называюць літаратурным Таранціна. Пустэльны шатландскі астравок. Дзюны, пясок, суровае мора... У старой сядзібе жыве сямнаццацігадовы Фрэнк Калдхейм са сваім дзівакаватым бацькам. Бацька — былы хіпі і вучоны-хімік, здаецца, калісьці выкладаў ва ўніверсітэце... Цяпер адгарадзіўся ад свету, займаецца незразумелымі эксперыментамі і змушае Фрэнка запамінаць усе вымярэнні інтэр'еру — якой вышыні стол, якога аб'ёму пакой... Ну і ўнушае, што Зямля — не шар, а стужка Мёбіуса. Ёсць яшчэ брат Фрэнка, які збег з псіхіятрычнай лячэбніцы, — былы студэнт-медык, ён звар'яцеў, убачыўшы агіднае анатаміраванне трупа, і ператварыўся ў садыста... Зрэшты, Фрэнк таксама заслугоўвае лячэбніцы. Ён блукае цэлымі днямі па востраве, забіваючы ўсялякую жыўнасць, і існуе ў свеце прыдуманай ім жорсткай рэлігіі. У яго ёсць Ахвярныя слупы, якія нібыта ахоўваюць востраў, а на гарышчы дома своеасаблівае свяцілішча — Асіная фабрыка, сюрэалістычны механізм, куды хлопец запускае жывых вос, рух якіх нібыта прадказвае будучыню... Фрэнк з дзяцінства помсціць свету за сваё калецтва, за непадобнасць да іншых. А потым аказваецца, што помсціць не было за што, і ўсё не такое, якім уяўлялася... А злачынствы ўжо ўчыненыя. «Цяпер выходзіць, што ўсю дарогу я быў блазнам... кожны з нас у сваёй асабістай фабрыцы можа лічыць, што калідор ужо абраны і пастка зачынілася, што мы рухаемся наканаваным маршрутам да таго ці іншага няўхільнага лёсу, — але дастаткова аднаго толькі слова, погляду, досыць спатыкнуцца, і залаты палац ператвараецца ў канаву пры плоце, а пацучыны лабірынт — у зялёную вуліцу. Канчатковы шлях ва ўсіх адзін, а вось маршрут — часткова той, што выбіраем, часткова наканаваны — у кожнага свой і змяняецца ў імгненне вока. Я думаў, мая пастка зачыніліся шмат гадоў таму, а аказваецца, увесь гэты час я толькі поўзаў па цыферблаце. І толькі цяпер рыпіць люк, толькі цяпер пачынаецца сапраўдны шлях».
Выданні для агляду прадстаўленыя кніжнай крамай «Акадэмічная кніга», Мінск, пр. Незалежнасці, 72.
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ
Прэв’ю: pixabay.com
Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.
Не выявіць ні секунды абыякавасці.