Вы тут

Горкі вінаград. Чаму ліхаманіць Малдову?


Парламент Малдовы ўвёў у краіне рэжым надзвычайнага становішча тэрмінам на 60 дзён у сувязі з сітуацыяй ва Украіне. Такая пастанова была прынята на экстранным пасяджэнні, паведаміла ТАСС. Праект рашэння ў сваім выступленні перад дэпутатамі агучыла прэм'ер-міністр Наталля Гаўрыліца. Дакумент быў ухвалены аднагалосна, канстатаваў старшыня заканадаўчага органа Ігар Гросу. У вызначаны перыяд Камісія па надзвычайных сітуацыях зможа ўводзіць асаблівыя рэжымы перасячэння граніцы, перамяшчэння па краіне і выкарыстання паветранай прасторы. Таксама могуць забараняцца масавыя мерапрыемствы, высылацца з краіны асобы, якія ўяўляюць пагрозу грамадскаму парадку, каардынавацца работа СМІ і прымацца іншыя надзвычайныя меры. Паралельна надзвычайнае становішча дзейнічае ў галіне грамадскага здароўя, а таксама ў сферы энергетыкі. У эканоміцы калапс: краіна фактычна апынулася на мяжы дэфолту. Разгортваецца пратэсная хваля. Чаму ліхаманіць Малдову?


Жыццё ў доўг

Знешні доўг Малдавіі дасягнуў рэкордных паказчыкаў — каля 9 мільярдаў долараў, або 40 працэнтаў ВУП, паведаміла іz.ru. У прынцыпе такі ўзровень даўгавой нагрузкі лічыцца прымальным. Аднак сёлета ўлады рэспублікі зноў запланавалі заняць па максімуме. У 2022 годзе ўрад плануе пазычаць рэкордны аб'ём сродкаў — 962 мільёнаў долараў, з якіх $ 345 млн пойдуць на выплату ўжо наяўных даўгоў. Толькі на пагашэнне працэнтаў па ўзятых раней крэдытах кабмін выдзеліць каля $167 млн — рэкордную для Малдовы суму.

Як папярэдзіў экс-прэзідэнт рэспублікі Ігар Дадон, з-за рэкорднага аб'ёму знешніх пазык, якія плануе ўрад для вяртання даўгоў і пагашэння працэнтаў па ўзятых раней крэдытах, краіна рызыкуе сутыкнуцца з дэфолтам. «Доўг урада імкліва расце, а рызыкі дэфолту становяцца рэальнасцю для Малдовы», — напісаў Дадон у сваім тэлеграм-канале. На думку экс-прэзідэнта, да такога становішча краіну давялі ўлады: адсутнасць стымуляцыйнай эканамічнай палітыкі, росту бюджэтных даходаў і актывізацыі сектараў эканомікі кампенсавалі «беспрэцэдэнтнымі крэдытамі».

Як адзначыў Ігар Дадон, з-за таго, што Нацбанк ужо шосты раз павысіў базавую стаўку, узятыя ўрадам на ўнутраным рынку крэдыты падаражэлі больш чым на 60 працэнтаў. «Жыццё ў доўг ніколі не завяршаецца добра. Гэтая ўлада хутка сыдзе, але яе некампетэнтнасць і памылкі, здзейсненыя за апошнія месяцы, дорага нам абыходзяцца», — заявіў палітык.

На мяжы дэфолту

Эканоміку штурхае ў прорву і энергетычны крызіс, які разгарнуўся ў краіне восенню мінулага года. Пагадненне з «Газпрамам» падыходзіла да канца, а працягу перашкаджалі назапашаныя Кішынёвам даўгі. Расійская кампанія ў выніку папярэдзіла, што спыніць пастаўкі паліва з 21 студзеня, калі не атрымае авансавы плацеж да 20 студзеня. Па кантракце «Малдовагаз» абавязаны да 20-га чысла кожнага месяца аплачваць газ за папярэдні месяц і рабіць авансавы плацеж за бягучы месяц. Грошы на штомесячныя плацяжы «Газпраму» наскрабаюць з цяжкасцю і ў апошні момант.

Так, у студзені «Малдовагаз» аплаціў «Газпраму» аванс за газ за дзень да яго адключэння. Выплаты ў тэрміновым парадку сталі магчымыя дзякуючы таму, што парламент увёў у краіне надзвычайнае становішча тэрмінам на 60 дзён. «У мінулым «Газпрам» дазваляў назапашванне даўгоў за кароткі перыяд, пасля чаго Малдова выплачвала доўг. Цяпер кампанія паступіла больш жорстка, патрабуючы неадкладнай аплаты. І ўлада выкарыстоўвае гэты аргумент для дэманстрацыі таго, што, маўляў, «Газпрам» закручвае гайкі. Хоць у прынцыпе ў «Газпрама» ёсць для гэтага нагода: калі ў лістападзе ішло падпісанне кантракта, малдаўскі бок не заўсёды паводзіў сябе карэктна», — растлумачыў іz.ru малдаўскі палітолаг, эксперт Расійскага савета па міжнародных справах Карнэліў Чура.

Пасля працяглых перагавораў «Малдовагаз» і «Газпрам» падпісалі кантракт на пяць гадоў, прычым, як адзначалі ў расійскім канцэрне, практычна на ўмовах малдаўскага боку, але пры ўмове 100-працэнтнай аплаты бягучых плацяжоў. Але якім чынам краіна разлічыцца з ужо наяўным доўгам — незразумела. Гэта 709 мільёнаў долараў ($433 млн уласна доўгу плюс налічэнні за пратэрміноўку), якія рэспубліка наўрад ці аддасць на працягу найбліжэйшых месяцаў.

«Значыць, «Газпрам» можа альбо часова прыпыніць пастаўкі блакітнага паліва ў Малдову ці ўвогуле вымушаны будзе скасаваць раней заключаны доўгатэрміновы кантракт. Тады Малдова ў прамым сэнсе сядзе на галодную пайку, імпарт прыроднага газу з іншых краін надвор'я не зробіць, і яе эканоміка папросту зваліцца ў зацяжны штопар, у якім дэфолт наогул стане немінучым», — заўважыў іz.ru незалежны прамысловы эксперт Леанід Хазанаў.

Дэфолт Малдовы больш чым рэальны: пагасіць дзяржаўны доўг у кароткія тэрміны яна не зможа: папросту няма адкуль узяць грошы. «Даходаў бюджэту дакладна не хопіць, Еўрапейскі саюз, ЗША і Міжнародны валютны фонд яшчэ дзесяць разоў падумаюць, даваць Малдове пазыкі і гранты ці не: расплаціцца з імі ёй няма чым, бо прамысловасць слабая, з прыроднымі рэсурсамі тугавата, сельская гаспадарка нікому асабліва не цікавая», — лічыць Леанід Хазанаў. Адзіным выйсцем у гэтай сітуацыі можа стаць рэструктурызацыя запазычанасці, але і тое, калі на гэта будуць згодныя крэдыторы.

Вельмі балюча і страшна

У Малдове разгараецца не толькі эканамічны, але і сацыяльны крызіс. Пра гэта дэпутат парламента Малдовы (фракцыя Блока камуністаў і сацыялістаў) Уладзімір Аднасталка расказаў у эфіры YouTube-канала «Галоўны. Тур». «Крызіс ідзе, хата гарыць, як той казаў. Гэта факт. У адрозненне ад вас, у нас сітуацыя складаная ў эканамічным плане. У свеце няпроста. Але асабліва тое, што робяць нашы ўлады, адбіваецца на нас усіх», — заўважыў малдаўскі парламентарый.

Ён канстатаваў, што ў краіне вельмі высокая інфляцыя, і па гэтым паказчыку Малдова ў ліку лідараў у Еўропе. «У нас усё стала вельмі дорага. Настолькі дорага, што многія, шчыра прызнацца, перасталі купляць традыцыйныя прадукты харчавання. Гэта датычыцца неабароненых слаёў насельніцтва. А што да энергарэсурсаў, сітуацыя выйшла з-пад кантролю: кратнае павелічэнне цэн на энергарэсурсы — у чатыры разы літаральна за два месяцы, — заявіў Уладзімір Аднасталка. — Гэта вельмі балюча і вельмі страшна. Студзеньскія плацежкі прыйшлі з яшчэ адным павелічэннем. І многія цяпер сутыкнуліся з праблемай: есці або абаграваць дамы, аплачваць жыроўкі».

Сітуацыю, якая складваецца ў краіне, дэпутат звязвае з ліберальна настроенымі празаходнімі сіламі, якія прыйшлі да ўлады ў Малдове летась. «Мы гаворым аб заходніх СМІ, сетцы Сораса, рознага роду блогерах, так званай грамадзянскай супольнасці. Часам гэта банальныя лайдакі. Гэта спецыялісты гутарковага жанру, якія атрымліваюць па дзве тысячы еўра і больш. Гэта прыстойны заробак у Малдове. Іх задача — проста нагаварыць шмат і няпраўды, — адзначыў Уладзімір Аднасталка. — Адначасова з гэтым у нас медыяпрастора ў плане інтэрнэту таксама манапалізаваная з боку правых партый. У выніку гэтага ўсяго прыйшла тая ўлада, якая прыйшла».

Па словах дэпутата, замест таго каб узяцца за работу ў сферы эканомікі, улады пачалі сварыцца з суседзямі, у тым ліку Расіяй. Такі падыход адбіўся і на адносінах з Беларуссю. «У нас цэны на прадукты харчавання за апошні месяц павялічыліся на 21 працэнт. Гэта прадуктовая інфляцыя. Прамысловая інфляцыя куды большая. І з гэтым таксама трэба разбірацца. У выніку ўсяго ў нас у Малдове вельмі складаная сітуацыя. Пратэсны дух узмацняецца, пашыраецца», — падкрэсліў Уладзімір Аднасталка.

Ён упэўнены, што калі б у Беларусі ў 2020 годзе не ўдалося ўтрымаць краіну, то ўсё магло б быць яшчэ горш, чым у Малдове цяпер. «Трэба аддаць належнае беларускаму народу і кіраўніцтву, што здолелі ўтрымаць сітуацыю», —
адзначыў малдаўскі дэпутат. Парламентарый падкрэсліў, што ў Беларусі вырабляецца і экспартуецца шырокая гама тавараў: ад прадуктаў харчавання да прамысловых вырабаў, у той час як у Малдове ад былых прадпрыемстваў часта засталіся толькі каркасы, крызіс закрануў таксама мясную, малочную вытворчасці.

Уладзімір Аднасталка заўважыў, што ў Беларусі часам нават не задумваюцца пра тыя перавагі, якія маюць: «У вас цудоўныя цэны на камунальныя паслугі. Вы не ведаеце, што такое, калі зарплата двух дарослых членаў сям'і меншая, чым агульны рахунак за камуналку ў зімовы месяц. «Гэта павальна цяпер адбываецца. І не ў старых, у якіх маленькія даходы, а ў людзей сярэдняга ўзросту».

Вотум недаверу

Камуністы і сацыялісты, якія ўтвараюць палітычны блок у парламенце Малдавіі, аб'явілі аб намеры выказацца за вотум недаверу ўраду рэспублікі. «Гэты ўрад павінен пайсці ў адстаўку. Мы пачнём кансультацыі з грамадзянамі і правядзём унутраную і знешнюю ацэнку ўлады ў Малдове. Мы выкарыстоўваем шмат інструментаў, легальных і канстытуцыйных, каб змаглі выказацца людзі, кіраўніцтва дзяржустаноў», — заявіў дэпутат Улад Батрынча. З пачатку года ў Малдавіі праходзяць акцыі пратэсту. Грамадзяне выступалі за адстаўку прэзідэнта Маі Санду і ўрада. «Гэтая ўлада не займалася вырашэннем праблем у краіне, не мае досведу ні ў адной з абласцей, нам кампенсуюць рост тарыфу нашымі ж грашыма з бюджэту», — заявіла грамадзянская актывістка Мая Лагута.

Як заўважыў іz.ru малдаўскі палітолаг Аляксандр Карыненка, у такой сітуацыі разумна патрабаваць адстаўкі ўрада. «Крызіс за крызісам уганяе насельніцтва ў нерэальную галечу, — адзначыў эксперт. — Рэйтынг кіраўніка кабміна ў межах статыстычнай хібнасці. Міністры ў нас служаць громаадводамі. Калі сітуацыя напаліцца, у якасці ахвяры і казла адпушчэння Гаўрыліцу адправяць у адстаўку. Але я не думаю, што ў краіне нешта зменіцца, улічваючы дэфіцыт кадраў ва ўладзе».

Крызіс, які цяпер адбываецца ў Малдавіі, — прамое наступства курсу на ўступленне ў Еўрапейскі саюз, перакананы палітычны эксперт Аляксандр Дудчак. «Першапачаткова выклікалі сумневы вынікі выбараў, па выніках якіх Мая Санду прыйшла да ўлады, — заўважыў ён. — Не ведаю, якія адэкватныя людзі маглі падтрымліваць так званы еўрапейскі вектар, калі пад носам прыклад Украіны».

Празаходні ўрад дзейнічае ў Малдове са жніўня мінулага года. «За гэты час выраслі ў тры разы тарыфы на газ, і сітуацыя не зменіцца да лепшага. Падаражэлі хлеб і праезд у аўтобусах. Ніякіх сур'ёзных зрухаў па барацьбе з распаўсюджваннем каранавіруса і наступствамі пандэміі не адбылося. Не здарылася нічога такога, што б спрыяла выпрацоўцы адзінага падыходу да ўзаемадзеяння з насельніцтвам, да яго аб'яднання, а не далейшага раз'яднання, — лічыць прафесар НДУ «Вышэйшая школа эканомікі», кіраўнік аддзела чарнаморска-міжземнаморскіх даследаванняў Інстытута Еўропы РАН Кацярына Энціна. — Цяперашні ўрад правакуе далейшы раскол малдаўскага грамадства. На думку вучонай, малдаўская ўлада спрабуе вырашэнне ўсіх бед ускласці на плечы насельніцтва. Але бясконца так працягвацца не можа.

Тым часам стала вядома, што ў Кішынёве выстройваюцца доўгія чэргі па сацыяльны хлеб. Людзі займаюць месцы яшчэ да світання. Адпускаюць не больш чым тры боханы ў адны рукі. «Больш не даюць, відаць, каб усім хапіла. Многія маюць патрэбу», — адзначыў тэлеканалу «МІР-24» жыхар Кішынёва Дзмітрый Чэкан. «Звярніце ўвагу, колькі хлеба прывезлі і колькі людзей маюць патрэбу ў гэтым хлебе. Альбо булачных мала, альбо нас, бедных, шмат. Дзяржава думае аб гэтым?» — узрушана заўважыў яшчэ адзін жыхар малдаўскай сталіцы. Адказ відавочны. Каментарыі тут пэўна залішнія.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.